Вы тут

Чым сёлета прываблівалі беларускія санаторыі?


З кожным годам айчынныя санаторыі карыстаюцца ўсё большым попытам як у саміх беларусаў, так і ў нашых суседзяў. Сёлетняя статыстыка сведчыць, што па колькасці адпачывальнікаў 2023 год дасягне і нават перавысіць самы пікавы ў гэтых адносінах 2019-ы. Пры гэтым санаторыі паступова губляюць імідж месца адпачынку для людзей сталага веку. У прыватнасці, здраўніцы, размешчаныя на возеры Нарач, прывабліваюць аздараўленчымі праграмамі турыстаў, якія раней выбіралі курорты Турцыі і Егіпта. Увогуле, такі кірунак, як СПА-турызм выхаднога дня, набірае ўсё большую папулярнасць у беларусаў.


100-працэнтная загрузка летам

Фота: pexels.com

Ужо становіцца традыцыяй, што летні перыяд пераўтвараецца ў сапраўды гарачую пару для айчынных здраўніц. Вось і мінулым летам запоўнены яны былі цалкам, а набыць пуцёўку нават вясной на летнія месяцы ўжо было немагчыма.

— Па выніках летняй аздараўленчай кампаніі санаторна-курортны комплекс працаваў стабільна і быў запатрабаваным, — адзначае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі. — Па аператыўных даных, за 9 месцаў мы выходзім на сярэднюю запаўняльнасць па годзе ў 84%, што адпавядае той высокай лічбе, якая была ў самым паказальным і запатрабаваным 2019-м.

З пачатку года ў беларускіх санаторыях прайшлі аздараўленне і лячэнне 1 мільён 172 тысячы чалавек. Выручка ад рэалізацыі паслуг склала 802 мільёны рублёў, што перавышае паказчык за аналагічны перыяд мінулага года на 22%. Станоўчая дынаміка назіралася і па экспарце паслуг: у Беларусі адпачылі 166 тысяч замежнікаў, што на 17% больш, чым летась. У нашай краіне яны пакінулі больш за 240 мільёнаў рублёў, што больш чым на 31% за леташні паказчык.

Каля трэці адпачывальнікаў — госці з суседніх краін

Што датычыцца замежнікаў, то яны складаюць каля 30% адпачывальнікаў у нашых здраўніцах. Пераважная большасць замежных гасцей — 90% — з Расіі.

— Іх прываблівае ў першую чаргу прыродны патэнцыял беларускіх санаторыяў і вынікі аздараўлення і лячэння. Сюды прыязджаюць, каб атрымаць унікальную паслугу, якую нельга атрымаць ні ў якім іншым месцы. У беларускіх санаторыях захаваліся методыкі лячэння з выкарыстаннем пераважна прыродных лячэбных фактараў. На тэрыторыі нашых 102 санаторыяў сёння функцыянуе больш за 90 свідравін з мінеральнай вадой: па сутнасці, кожны санаторый мае свой унікальны прыродны патэнцыял. Прымяняюцца і розныя методыкі з выкарыстаннем лячэбнай гразі. Сёння яе атрымліваюць усяго толькі з пяці вадаёмаў Беларусі. А увогуле, зарэзервіравана каля 100 азёр, гразі якіх могуць выкарыстоўвацца з лячэбнай мэтай. Усё гэта дае станоўчыя вынікі лячэння, і ў нас высокі працэнт паўторных кліентаў, у некаторых санаторыях ён перавышае 70–80%. Гэта сведчанне таго, што людзі прыязджаюць па вынік, — расказаў Генадзь Балбатоўскі.

Дарэчы, пераважную большасць пуцёвак — 80% — санаторыі рэалізоўваюць самастойна праз аддзелы маркетынгу, і толькі 20% — праз турыстычныя арганізацыі і выставачныя пляцоўкі.

— Устойлівы попыт існуе, пра што сведчыць і глыбіня продажаў. На кастрычнік ужо забраніравана больш за 85% месцаў, лістапад — больш за 78%, снежань — 56%, на навагоднія святы — 83%. Прагноз станоўчы, мяркую, па годзе мы выйдзем на сярэднюю запаўняльнасць у 80%, — прывёў лічбы Генадзь Балбатоўскі.

90 рублёў за суткі

Сярэдні кошт за 9 месяцаў склаў 90 рублёў за месца ў суткі ў стандартным нумары. У снежні мінулага года гэта каштавала 
86 рублёў, адпаведна рост цэн склаў 5%. 

У асенне-зімовы перыяд росту цэн не плануецца, наадварот, некаторыя здраўніцы даюць зніжкі. А вось на навагоднія святы цэны ў параўнанні з мінулагоднімі вырастуць на 10%. Калі летась суткі ў святочныя дні абыходзіліся ў сярэднім у 93 рублі, то сёлета — каля 110 рублёў.

Яшчэ адна тэндэнцыя — сярэдні ўзрост наведвальнікаў санаторыяў зніжаецца. 

І сёння яны ўсё меней асацыіруюцца з месцам для адпачынку пажылых людзей.

— Санаторыі «Прыазёрны» і «Спадарожнік» летась і сёлета прывабілі турыстаў, якія раней наведвалі курорты Турцыі і Егіпта, а гэта маладое пакаленне. Санаторыі прапаноўваюць розныя віды паслуг для рознай аўдыторыі. Гэта сямейны адпачынак, пуцёўкі выхаднога дня, СПА-турызм, — прыводзіць прыклады суразмоўнік.

Для гэтага патрабуецца пастаяннае абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. За 9 месяцаў бягучага года здраўніцы на гэта выдаткавалі 85 мільёнаў рублёў. Прычым штогод гэта лічба расце прыкладна ў 1,5 раза. 

Летась за год укладзена 84 мільёны рублёў, у 2021 годзе — 76. Але самай істотнай лічба была ў перыяд пандэміі, калі большасць аздараўленчых устаноў не прымалі гасцей і праводзілі маштабныя рамонты, — 128 мільёнаў рублёў.

Дзе адпачыць дзецям?

За межамі Беларусі маецца 5 санаторыяў, дзе летась адпачылі 6,5 тысячы беларусаў. Тры з іх знаходзяцца ў Туапсэ, Сочы і Крыме, і праблем з іх функцыянаваннем няма. Два санаторыі знаходзяцца ў Літве і Латвіі. Здраўніца ў Друскінінкаі працуе стабільна, там праходзяць аздараўленне як беларускія дзеці з бацькамі, так і грамадзяне ЕС.

— Штоквартальна туды выязджаюць дзіцячыя групы і дзеці з бацькамі пры наяўнасці віз. У перыяд асенніх канікул на аздараўленне паедуць чарговая дзіцячая група і дзеці з бацькамі. Як вядома, МЗС Літвы адмаўляе ў выдачы віз нават дзецям-інвалідам. Вядзецца свабодная рэалізацыя пуцёвак для грамадзян Еўрасаюза. Мы спадзяёмся на аднаўленне выдачы віз, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі. — Што датычыцца беларускага санаторыя ў латвійскай Юрмале, то ён пакуль зачынены, а мінімальны штат супрацоўнікаў забяспечвае захаванасць маёмасці.

Дарэчы, падчас дзіцячай аздараўленчай кампаніі гэтым летам быў цалкам задаволены попыт. Планавалася аздаравіць 377 тысяч юных беларусаў, але ахвотных аказалася яшчэ больш. У выніку ў лагерах пабывалі 388 тысяч дзяцей. Перавыкананы план і па аздараўленні сацыяльна неабароненых катэгорый — дзяцей-сірот (на 11%) і дзяцей-інвалідаў (на 20%). На дзіцячае аздараўленне з бюджэту быў выдаткаваны 61 мільён рублёў, які пайшоў на датацыі і патанненне кошту пуцёвак.

А з 29 кастрычніка стартуе чарговая дзіцячая аздараўленчая кампанія, на якую з бюджэту выдаткавана больш за 2 мільёны рублёў. Мяркуецца, што падчас асенніх канікул у лагерах пабываюць 69 тысяч дзяцей.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.