Вы тут

Лоеўскія дэпутаты прымаюць ўдзел у добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка


У Лоеве сёння — у фінальнай стадыі праект па стварэнні варкаўт-пляцоўкі «Для ўсёй сям’і», якая размесціцца ў цэнтры гарпасёлка. Стварэнне менавіта гэтага аб’екта прапанавалі да ўдзелу ў другім сезоне рэспубліканскага конкурсу маладзёжных ініцыятыў. Праект лоеўскай моладзі — адзін з пераможцаў. Увогуле ж, сёння жыхары раёна, улады, дэпутаты гатовы разам брацца за ажыццяўленне самых розных праектаў. Што ўжо зроблена, змагла ацаніць карэспандэнт «Звязды».


Папулярнае ў маладых падчас урачыстых выязных рэгістрацый шлюбаў «Сямейнае дрэва» — сёння любімая фотазона лаяўчан

Як увасобіць у жыццё ідэю не толькі жаданую, але і сацыяльна значную для свайго населенага пункта? Моладзь Лоеўшчыны сёння можа смела пераймаць вопыт дэпутатаў раёна. У цэнтры Лоева сучасныя вулічныя трэнажоры для заняткаў спортам на свежым паветры з’явіліся дзякуючы сумеснай рабоце Лоеўскага раённага Савета дэпутатаў і жыхароў гарадскога пасёлка.

Грамадскія ініцыятывы, накіраваныя на папулярызацыю спорту, здаровага ладу жыцця і актыўнага сямейнага адпачынку, увогуле на добраўпарадкаванне свайго населенага пункта — адны з самых папулярных сярод жыхароў раёна.

— Увасобіць ідэі ў жыццё ўдаецца дзякуючы сумесным намаганням, — падкрэсліла старшыня Лоеўскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Пастухова.

Штогод звыш шасці тысяч турыстаў знаёмяцца з гісторыка-культурнай спадчынай Лоеўшчыны. Асабліва папулярная ў гасцей гарадскога пасёлка тэрыторыя набярэжнай, знакамітая цэнтральная плошча Лоева, алея Герояў і музей «Бітвы за Днепр» і адкрытая пляцоўка баявой тэхнікі каля набярэжнай.

Між тым тут жа, у цэнтры гарпасёлка, праходзяць урачыстыя выязныя рэгістрацыі шлюбаў жыхароў не толькі Лоеўскага раёна, але і суседніх.

— Алея Герояў, манумент Славы — асаблівае месца для жыхароў і гасцей Лоева. Да гэтага часу захоўваецца традыцыя, калі маладыя пасля рэгістрацыі шлюбу тройчы аб’язджаюць плошчу і аддаюць даніну павагі героям-вызваліцелям, — дадае Ірына Мікалаеўна.

Сіламі яе каманды дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў каля гарадскога цэнтра культуры Лоева «расце» і цешыць вока сямейнае дрэва. Такі падарунак за ўласныя сродкі народныя абраннікі зрабілі жыхарам раёна да Дня горада год таму. На арыгінальнай каванай кампазіцыю замочкі пакідаюць маладыя. Дрэва, дарэчы, па замове дэпутатаў зрабіў вядомы жыхар Лоева — былы ўрач-хірург, які цяпер займаецца аўтарскай коўкай.

Трэнажоры для заняткаў спортам на свежым паветры з’явіліся дзякуючы намаганням дэпутатаў і жыхароў Лоева

— Лоеўскі раённы Савет дэпутатаў значную ўвагу ўдзяляе патрыятычнаму выхаванню, захаванню гісторыка-культурнай спадчыны. Мы прымаем актыўны ўдзел у дыялогавых пляцоўках, прысвечаных гэтай тэматыцы. Сумеснымі намаганнямі органаў улады, дэпутатаў і мясцовых жыхароў музей пад адкрытым небам на набярэжнай і інфраструктура навокал падтрымліваецца ў належным стане. Цяпер дэпутаты райсавета адобрылі ініцыятыву жыхароў Лоева ў арганізацыі суботніка, прымеркаванага да 80-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Хацелася да свята абнавіць знешні выгляд ваеннай тэхнікі музея пад адкрытым небам. Дапамогу нам аказаў у тым ліку ваенны камісарыят Гомельскай вобласці і грамадскае аб’яднанне «Белая Русь», — адзначыла старшыня Лоеўскага раённага Савета дэпутатаў.

Хоць маленькімі крокамі, але таксама наперад, да сваёй мары — ажыццявіць патрыятычныя праекты, добраўпарадкоўваць родны сельскі Савет, ідуць актывісты і на вёсцы. 

Сёлета ў сельскіх населеных пунктах удалося ўвасобіць у жыццё дзве грамадскія ініцыятывы.

— Мясцовыя жыхары вёскі Глушэц Бывалькаўскага сельсавета адрэстаўрыравалі мемарыял і брацкае пахаванне воінаў-землякоў, добраўпарадкавалі прылеглую тэрыторыю, — звярнула ўвагу Ірына Пастухова. — У вёсцы Мохаў Каўпенскага сельсавета дзякуючы грамадскай ініцыятыве адноўлены помнік былому дырэктару Мохаўскай сярэдняй школы, ветэрану Вялікай Айчыннай, які прайшоў усю вайну, меў высокія дзяржузнагароды за перамогу над фашызмам, — Мікалаю Мікалаевічу Шаталаву, — дадае дэпутат.

Дарэчы, у гэтай грамадскай ініцыятыве вяскоўцаў Мохава падтрымалі кіраўніцтва Лоеўскага раёна, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, старшыня Каўпенскага сельвыканкама Людміла Прымак, дырэктары школ Лоеўшчыны, ветэраны педагагічнай працы.

Дэпутаты Страдубскага сельскага Савета дэпутатаў цяпер рыхтуюцца падтрымаць ініцыятыву ў пасёлку Суткова: вясковую існуючую гульнявую зону дапоўняць спецыялізаванай дзіцячай пляцоўкай. Першым за справу ўзяўся дэпутат Страдубскага сельскага Савета дэпутатаў, ляснічы Лоеўскага доследнага лясніцтва ДЛГУ «Лоеўскі лясгас» Сяргей Асташоў. Сам шматдзетны бацька, дэпутат прымае актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні сваёй малой радзімы. З піламатэрыялаў сваімі рукамі ён зрабіў невялікую дзіцячую гульнявую зону. Бацькі вельмі ўдзячныя свайму земляку. Цяпер жа дэпутаты Страдубскага сельскага Савета дэпутатаў вырашылі падтрымаць Сяргей Асташова і таксама паўдзельнічаць у далейшым добраўпарадкаванні тэрыторыі пасёлка.

Між тым цяпер на вялікую радасць жыхароў Лоеўшчыны раённым Саветам дэпутатаў распрацавана грамадская ініцыятыва па адкрыцці першай у раёне рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Увасобіць ідэю плануецца не ў райцэнтры, а на вёсцы — на тэрыторыі Бывалькаўскага сельсавета. Гэты праект ад Лоеўскага раёна будзе заяўлены на конкурс грамадскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.