Вы тут

80 гадоў пад мірным небам


Гарадскі пасёлак Лёзна ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў першым райцэнтрам на Віцебшчыне, які Чырвоная Армія вызваліла ад ворага. Прарваць умацаваныя пазіцыі нямецкіх акупантаў атрымалася 8 кастрычніка 1943 года, жорсткія баі за гэтую зямлю працягваліся да 10 кастрычніка.


Фота: БелТА

Урачыстыя мерапрыемствы напярэдадні знакавай даты пачаліся з шэсця пакаленняў, у якім узялі ўдзел каля дзвюх тысяч чалавек. Кіраўніцтва паўночнага рэгіёна, прадстаўнікі арганізацый і працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў і моладзь прайшлі па цэнтральнай вуліцы Леніна, многія — з партрэтамі сваіх герояў-вызваліцеляў. На цэнтральным воінскім пахаванні адбыўся мітынг у гонар салдат і афіцэраў, якія змагаліся за незалежнасць раёна. Менавіта ў Лёзне ў паўночным рэгіёне далі старт святочным падзеям, звязаным з 80-й гадавінай вызвалення Віцебшчыны.

«Болем у сэрцы адгукаецца памяць аб загінулых на фронце і закатаваных акупантамі мірных жыхарах. Тысячы воінаў, сыноў розных народаў былога Савецкага Саюза вызвалялі Лёзненшчыну. Больш за 32 тысячы з іх навечна засталіся ў гэтай зямлі. Пошукавыя атрады ўсё яшчэ знаходзяць новыя пахаванні загінулых герояў, устанаўліваюць іх імёны. Дзеючая армія, фронт, тыл, партызанскія брыгады імя Данукалава і «Лёзненская» — усюды ваявалі ўраджэнцы Лёзненскага краю. Пяцёра — Іван Авекаў, Цімафей Горнаў, Ігнат Мацкевіч, Сяргей Чарапнёў, Іван Янушкоўскі — былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. А двое — Віктар Ландычэнка і Пётр Саўцін — сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Амаль дзве тысячы ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі», — адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр СУБОЦІН. Ён падзякаваў ветэранам, пакаленням працаўнікоў лёзненскай зямлі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёна.

У рамках святкавання гарпасёлкам 80-годдзя з дня вызвалення базавай школе № 2 прысвоілі імя лётчыка, Героя Савецкага Саюза Івана Авекава. Лётчыкам 252-га знішчальнага авіяцыйнага палка ён стаў у 21 год. Адпраўляўся ў разведку з паветра, штурмаваў аўтакалоны і аэрадромы праціўніка, ахоўваў паветраную прастору і суправаджаў у тыл ворага айчынныя бамбардзіроўшчыкі і штурмавікі. На рахунку капітана да сакавіка 1942-га было ўжо 178 баявых вылетаў. Камандзір авіяцыйнай эскадрыллі капітан Іван Авекаў загінуў у авіякатастрофе 17 красавіка 1943 года ў Ліпецкай вобласці. Пахаваны ў брацкай магіле ў горадзе Данкове. Памяць аб бясстрашным лётчыку захоўвае калектыў школы. У музейнай экспазіцыі герою прысвечаны асобны стэнд, а цяпер на сцяне ўстановы адукацыі з'явілася мемарыяльная дошка ў яго гонар. Нашчадкаў Авекава ўдалося знайсці ваеннаму кіраўніку ўстановы па інтэрнэце: сваякі расказалі інтэрв'ю ў відэаматэрыялах пра лётчыка. Яны перадалі ў школьны музей фотаздымкі і ўзнагародныя лісты.

«У нашым раёне праводзіцца вельмі вялікая работа па ўвекавечанні памяці нашых герояў. Лёзненская зямля багатая на знакамітых землякоў. Іх імёны ўвекавечаны на Алеі славы ў самым цэнтры гарадскога пасёлка. Імёны кіраўнікоў, якія дасягнулі высокіх вытворчых паказчыкаў, сёння ўвекавечаны на адміністрацыйных будынках», — падкрэсліў старшыня Лёзненскага райвыканкама Іван ФЁДАРАЎ.

Часткай свята стаў і міжнародны маладзёжны форум, які стартаваў з аўтапрабегу. Удзельнікаў праекта ад Беларусі і Расіі аб'яднаў адкрыты дыялог, падчас якога былі падпісаны рэгіянальныя дагаворы аб супрацоўніцтве.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.