Вы тут

Лукашэнка: «Будзем загадзя рыхтавацца да абароны сваёй Радзімы на напрамках верагодных атак на нашу дзяржаву»


Пятніцу Першы правёў у першым рэгіёне. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць наведаў навучальны аб’ект Міністэрства абароны «Вузел супраціўлення». Кіраўніку дзяржавы паказалі варыянты інжынернага абсталявання вузла супраціўлення Кобрынскага ўмацаванага раёна і яго магчымасці. 


Для чаго патрэбны ўмацаваныя раёны

Міністр абароны ў сваім дакладзе заўважыў, што ў Беларусі ёсць вялікі гістарычны досвед будавання ўмацаваных раёнаў. Іх узводзілі спачатку ў 1930-я гады, затым ў 1940-1941-м гадах перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Але пры іх стварэнні не былі ўлічаны шматлікія важныя аспекты. На жаль, ў 1941-м годзе яны сваю ролю не выканалі. Гэты вопыт, як і вопыт сучасных баявых дзеянняў, быў улічаны пры стварэнні ўмацаваных раёнаў цяпер. 

Як падкрэсліў у сваім дакладзе камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Уладзімір Белы, ваенна-палітычная абстаноўка вакол Беларусі застаецца напружанай. Па яго словах, гэта сведчыць аб тым, што прымяненне ваеннай сілы па-ранейшаму з’яўляецца адным з асноўных інструментаў, якім карыстаюцца для дасягнення палітычных і эканамічных мэт. Уладзімір Белы адзначыў, што падзеі ва Украіне паказваюць, што на напрамках, дзе загадзя абсталяваны вузлы супраціўлення, абарона найбольш устойлівая перад наступальнымі сіламі праціўніка. 

«Адным з фактараў забеспячэння надзейнай абароны з’яўляецца стварэнне ўмацаваных раёнаў. Іх асноўнае прызначэнне — прыкрыццё найбольш важных у аператыўна-тактычных адносінах раёнаў і верагодных напрамкаў дзеянняў праціўніка з мэтай адбіцця наступлення пераважаючых сіл праціўніка і стварэння ўмоў для дзеянняў нашых войскаў», — падкрэсліў Уладзімір Белы.

Прэзідэнту паказалі месцы размяшчэння асабовага складу, камандна-назіральны пункт камандзіра роты, гаспадарчы блок. Знаёмячыся з пазіцыямі мотастралковага аддзялення, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніякай паказухі быць не павінна. «Нават калі перакананыя, што ні з кім ваяваць не будзем, за паказуху, як за дзедаўшчыну, жалезабетонна спытаем», — папярэдзіў ён. Як далажылі Галоўнакамандуючаму, на базе вузлоў супраціўлення для мотастралковых рот будуць арганізаваны двухтыднёвыя заняткі.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў наяўныя на ўзбраенні і перспектыўныя сродкі для вядзення контрбатарэйнай барацьбы, сродкі сувязі. «Контрбатарэйная барацьба — пытанне пытанняў. Таму, зыходзячы з вайны ва Украіне, калі мы бачым, што чагосьці не хапае, вы павінны дакладна сказаць, што нам трэба гэта, гэта, гэта. Таму што без умення весці контрбатарэйную барацьбу на сучаснай вайне ваяваць немагчыма», — адзначыў Галоўнакамандуючы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў асаблівую ролю беспілотнікаў рознага тыпу пры вядзенні баявых дзеянняў і неабходнасць абавязковага аснашчэння падраздзяленняў сучаснымі сродкамі сувязі. Прэзідэнту таксама паказалі комплексныя заняткі з узмоцненай мотастралковай ротай з выкарыстаннем элементаў вузла супраціўлення.

****
Размова Прэзідэнта з журналістамі падчас наведвання ваеннага аб’екта доўжылася больш за гадзіну. Кіраўнік краіны, як заўсёды, трапна і шчыра даў ацэнку сучаснаму парадку дня, у якім бяспека займае адно з самых важных месцаў 

У нас ёсць магчымасць нанесці праціўніку непрымальны ўрон 

Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне будзе нямала такіх пунктаў, як той, які пабачылі. «Мы ў мірны час адпрацуем усе мерапрыемствы для таго, каб загадзя ў выпадку атрымання сігналу аб тым, што суседзі нашы дрэнна сябе паводзяць, заняць гэтыя пункты», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, гэтыя вузлы ўмацавання павінны быць як мінімум цяжка праходнымі для праціўніка. «Будзем загадзя рыхтавацца да абароны сваёй Радзімы на напрамках верагодных атак на нашу дзяржаву», — сказаў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, падобныя лініі абароны арганізаваны з улікам сучасных войн, у тым ліку ва Украіне, і рэкамендацый ПВК «Вагнер». 

Сувязь, разведка, беспілотнікі, ударныя беспілотнікі ў тым ліку, і актыўная абарона — усё гэта, па словах Галоўнакамандуючага, абарона нашай дзяржавы. «Мы не нарошчваем Узброеныя Сілы каля граніц Польшчы і краін Балтыі, каб іх атакаваць. Але, абараняючыся, мы гэта будзем рабіць актыўна, каб у любы момант перайсці ў наступленне, калі для гэтага будзе неабходнасць», — сказаў ён. Пры гэтым, як заўважыў Прэзідэнт, гаворка не ідзе пра больш магутную зброю. «Мы не будем купляць тысячы танкаў. Але ў нас ёсць магчымасць, як заўсёды, нанесці праціўніку непрымальны ўрон. І перш чым нападаць на Беларусь, ён падумае, што адказ будзе такі, які для іх непрымальны. Вось трэніруемся. Нічога надзвычайнага тут няма», — адзначыў ён. 

«Вайну ва Украіне трэба спыніць. Бо будзе горш»

Журналісты звярнулі ўвагу, што ў нядаўна прадстаўленым ваенным бюджэце ЗША не знайшлося месца для ваеннай дапамогі Украіны. Яны пацікавіліся меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі, які гэта можа быць сігнал для Кіева. Па словах Прэзідэнта, сэнс гэтага сігнала: «хлопцы, хутчэй і маштабней наступайце і пабольш туды моладзі кідайце». 

«Гэта ўжо не сігнал, гэта ўжо канкрэтнае дзеянне: «забівайце больш украінцаў», — падкрэсліў ён. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, украінскія узброеныя сілы ўвязлі ў сваім контрнаступленні. «Рух ёсць туды-сюды. За высоткі ваююць. Бывае, што ўкраінцы гэтыя вышыні захопліваюць з раніцы, да вечара іх расіяне выбіваюць. Таму вельмі складана гэты „контрнаступ“ ажыццяўляўся. Першы этап праваліўся, цяпер яны рыхтуюць другі этап (пазначылі 4-8 тыдняў)», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што амерыканцы прыспешваюць украінцаў, бо ўладам ЗША гэтая вайна аўтарытэту не дае. «Тут трэба нейкая перамога. Трэба амерыканцам нешта пакласці на стол, каб выйграць. Таму прыспешваюць. Шукаюць новыя варыянты, аж да спынення падтрымкі Уладзіміра Зяленскага», — сказаў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Уладзімір Зяленскі ў сваіх адносінах з заходнімі краінамі паводзіць сябе абсалютна правільна, просячы ў іх дапамогі. Прэзідэнт нагадаў, што баявыя дзеянні рыхтаваліся не адзін год, ЗША вызначылі Украіну ахвярай, паабяцаўшы ёй максімальную падтрымку фінансамі і тэхнікай. «Зяленскі паступіў няправільна, калі пагадзіўся. Ён да апошняга ўкраінца ваюе, а яны тое, што абяцалі, ці несвоечасова робяць ці не даюць тое, што абяцалі. Ці даюць стар’ё, гэта натуральна, трэба ж утылізаваць усё гэта. Зяленскі задае пытанне „як жа так?“. І захад (еўрапейцы і асабліва амерыканцы — гэты калектыўны захад) яны не выконваюць дамоўленасці, якія далі Зяленскаму. А ён едзе і ад іх патрабуе. Правільна ён робіць? Правільна», — выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым, як заўважыў беларускі лідар, Уладзімір Зяленскі разумее, што заходнія партнёры яго кінулі.Па словах Прэзідэнта, як бы Еўропа і Амерыка ні дэманстравалі, што яны адзіныя, ніякага адзінства няма. «Еўропа ваяваць не хоча. Еўропа не хоча, каб гэты канфлікт разрастаўся. Амерыканцы далёка, яны думаюць, што адседзяцца за Атлантыкай», — сказаў ён. 

Пры гэтым, як заўважыў Прэзідэнт, ЗША пастаўляць ва Украіну старую тэхніку, якую трэба ўтылізаваць, і выкарыстоўваюць гэту краіну як палігон. «Тое, што ЗША трэба там выпрабаваць, яны выпрабоўваюць. І нават вар’яты- еўрапейцы гавораць аб тым, што гэта самая танная вайна», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ва Украіне ўжо больш за паўмільёна загінулых, моладзь збегла, каб не ваяваць. 

«У чарговы раз кажу: трэба спыніцца, бо будзе горш. Ужо палякі гатовы прыхапіць захад Украіны. Расіяне ўжо па ўсіх напрамках вядуць актыўную абарону. Яны ўжо атакуюць. Украінцам ваяваць няма чым. А нават калі ёсць, яны не могуць гэтую сілу стрымліваць. Таму зараз трэба спыніцца, у адваротным выпадку, ніхто на гэту тэму размаўляць не будзе, ні з украінцамі, ні з захадам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Зноў, дурні, думаюць, што за акіянам адсядзяцца»

Прадстаўнікі СМІ звярнулі ўвагі, што ў інтэрнеце актыўна распаўсюджваецца відэа з «Абрамсамі» ў Клайпедзе. «На ваш погляд, да чаго рыхтуюцца нашы суседзі», — спыталі журналісты.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў яго складваецца ўражанне, што амерыканцы штурхаюць Расію да прымянення самай страшнай зброі. «Гэта ўзбройванне Уладзіміра Зяленскага і яго арміі, аснашчэнне ракетамі далёкага радыусу дзеяння. Няхай нават на глыбіню 300 кіламетраў. Вы ўяляеце: на глыбіню 300 кіламетраў магутныя ракеты будуць цэліць у расійскую тэрыторыю. Вы што, думаеце, Прэзідэнт Расіі і ваенныя будуць на гэта спакойна глядзець?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. Па яго словах, гэта эскалацыя прывядзе да таго, што расіяне дастануць «чырвоную кнопку». «А яшчэ адна такая атака на глыбіню — і адказ будзе каласальным. Інакш навошта такая зброя?», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што амерыканцы штурхаюць еўрапейцаў у гэты бок і адначасова штурхаюць расіян да прымянення крайняй зброі. Вось у чым небяспека. «Зноў, дурні, думаюць, што за акіянам адсядзяцца. Яны ўцягнуць увесь свет у гэтую цяжкую вайну, — канстатаваў ён. — А тое, што яны танкі там выгружаюць, іх жа трэба недзе выгружаць. А літоўцы ж павінны разумець, што яны ад гэтага нічога не атрымаюць. Яны (амерыканцы.- Зв.) іх проста выкарыстоўваюць. Мы гэта ўсё бачым. І спакойна рыхтуемся да таго, каб працаваць супраць гэтых танкаў». — Мы проста рыхтуемся, для таго, каб быць гатовымі адбіць любыя спробы нападзення на нашу тэрыторыю«.

Халуі на шворцы ў Вашынгтона

Падчас размовы Прэзідэнта з журналістамі ўздымаліся не толькі ваенныя, але і грамадска-палітычныя тэмы, пытанні адносінаў з суседзямі. Прадстаўнікоў СМІ цікавіла, ці могуць вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы змяніць рыторыку ў адносінах Мінска і Варшавы. 

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што зараз немагчыма сказаць, якую палітыку ў адносінах да Беларусі і Расіі будуць праводзіць пераможцы выбараў у Польшчы. «Надзея заўсёды ёсць. Гэтыя зразумела як сябе паводзяць і будуць паводзіць, а як будуць паводзіць тыя — надзея нейкая ёсць, што яны ўсё ж такі галаву ў рукі возьмуць і будуць працаваць на тое, каб наладзіць адносіны. Дарэчы, такой пазіцыі прытрымліваюцца і дыпламаты Польшчы, і ў тым ліку якія працуюць у нас. Яны, трэба аддаць ім належнае, малайцы, разумеюць, што адбываецца. Але таксама — рукі апусцілі, чакаюць выбараў і кажуць: „Калі новыя сілы прыйдуць да ўлады, то ёсць надзея, што будзе нейкая перазагрузка“. На гэта можна спадзявацца. Але вы ж бачыце: мы ні на што не спадзяёмся, мы па максімуме рыхтуемся да горшага варыянта. Рыхтуйся да горшага, будзе лепшае — добра», — адзначыў ён. 

У працяг тэмы беларускі лідар раскрыў інсайд. Ён расказаў, чым адрозніваюцца кіруючая ў Польшчы партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) і іх апаненты партыя «Грамадзянская платформа» Дональда Туска. «Дональд Туск — гэта праеўрапейскі палітык. „Апісаная“ гэта ПіС, Дуда, Маравецкі — халуі Вашынгтона, загразлі вушы, на шворцы знаходзяцца ў Вашынгтона», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што еўрапейцам вайна не патрэбна. Таму, ёсць надзея, што Дональд Туск, будучы праеўрапейскім палітыкам, будзе дзейнічаць у інтарэсах Еўропы. «А гэтыя — зразумела. Яны хочуць быць, калі не пупам, то хаця б пупком усёй планеты. Яны ўзбройваюцца, яны ўжо ўсіх напружылі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што зараз у польскіх улад назіраюцца напружаныя адносіны з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі. 

«Гэтыя Дуды-Маравецкія ўжо прама заяўляюць, што яны зменяць свет — цытата. Слухайце, яны зменяць свет. Гэта поўнасцю падкантрольныя, на шворцы халуі Вашынтона, сённяшнія ўлады Польшчы. Яны пагразлі ў гэтым, шляху назад няма. Хаця, я іх ведаю даўно, яны могуць развярнуцца. Але амерыканцы не дурні, яны іх павязалі намертва. Таму палітыка іх для нас зразумелая. Гэта будзе праамерыканская палітыка. Варшава будзе апорай ЗША», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Цяперашнія рознагалоссі паміж Польшчай і Украінай ён назваў правалам Варшавы. Па яго словах, адзіны выхад для польскіх улад — «зашыць рот і маўчаць». Але перад выбарамі гэта немагчыма, у электральную кампанію трэба нешта рабіць. І, як заўважыў беларускі лідар, палякі робяць памылку за памылкай, але ўсё роўна лічаць, што Амерыка ім усё дасць. Але па словах Аляксандра Лукашэнкі, для польскіх уладаў вялікая рызыка рухацца ў адным напрамку бо і ў ЗША са зменай кіраўніцтва можа змяніцца пазіцыя. 

Беларускі лідар заўважыў, што малаверагодна, што Дональд Туск кардынальна зменіць знешнюю палітыку Польшчы. «Туск не будзе за Еўропу і супраць Амерыкі. Але прынамсі, думаю, што бегчы, як гэта робяць гэтыя апісаныя пісаўцы, за амерыканцамі, ён не будзе. Не будзе. Гэта ўсё ж такі еўрапейскі чалавек», — заявіў ён.

«Мы не хочам, каб палякі лічылі нас чужымі людзьмі»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што неаднаразова казаў, што ён катэгарычна падтрымлівае існаванне Еўрапейскага саюза. Па яго словах, гэта адна з апор існавання нашай планеты. «Калі рухне Еўрапейскі саюз — будзе горача ўсім, — падкрэсліў ён. — Але вельмі спадзяюся, нутром чую, што Германія і ў цэлым Еўропа, Францыя таксама паварочваюцца ў наш бок. Калі будзе новая ўлада ў Польшчы (думаю, што яны не дурні, з боку паназіралі), яны ў гэтым кірунку разварот зробяць. А ўсё астатняе — гэта балбатня. Яны ж ужо кажуць: „Не было б Лукашэнкі, нам трэба было б яго прыдумаць“. Аказваецца, Лукашэнка стаў у іх адным з камянёў спатыкнення, спрэчак, пунктаў перасячэння ў іх унутрыпалітычнай барацьбе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што праблемы ў адносінах Беларусі і Польшчы кіраўніцтва суседняй краіны выкарыстоўвае ў сваіх папулісцкіх мэтах. Самы яркі прыклад — міграцыйны крызіс. Ён нагадаў, што палякі нядрэнна зараблялі на міграцыйных патоках. «Па міграцыі якія да нас пытанні? Мы свята захоўвалі тут пазіцыю, не пускаючы мігрантаў. Але яны адмовіліся працаваць з намі па міграцыі», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым з мігрантамі польскі бок паступае самым бязлітасным чынам.«Яны ж забіваюць іх і выкідваюць на нашу тэрыторыю. Вось такая ў іх «дзярмократыя», — канстатаваў беларускі лідар.

Па словах кіраўніка дзяржавы, вакханалія вакол выбараў у Польшчы натуральная. Хто прыйдзе там да ўлады — залежыць ад польскага народа. Аляксандр Лукашэнка расказаў, у чым адзінае ўмяшанне Беларусі ў выбары ў Польшчы: «Мы не хочам, каб палякі лічылі нас чужымі людзьмі, ворагамі. Мы гэтага не хочам. Ніколі не ставілі сваёй мэтай абвастраць з імі адносіны. Нам гэта не патрэбна». Ён падкрэсліў, што ў Беларусі жыве шмат палякаў, якія добра сябе адчуваюць у нашай краіне. «Я абсалютна інтэрнацыяльны чалавек. І я не хачу, каб палякі думалі: „вось Лукашэнка вораг Польшчы“. А яны ж (польскія ўлады) так гэта даносяць. „А Лукашэнка — Прэзідэнт Беларусі, значыць, і беларусы такія“. Я вось гэтага не хачу. І ў гэтым маё ўмяшанне ў выбары ў Польшчы, калі гэта можна назваць умяшаннем», — заявіў беларускі лідар. Ён таксама звярнуў увагу, што Беларусь цалкам адкрытая для палякаў і іншых еўрапейцаў краіна. Аляксандр Лукашэнка назваў «глупствам несусветным» фэйкі аб тым, што ў Беларусі службы бяспекі вярбуюць палякаў, літоўцаў і латышоў. Прычым самі людзі, якія прыязджаюць у Беларусь па бязвізеу, кажуць, што ніякай вярбоўкі ў Беларусі і блізка няма. Па словах беларускага лідара, еўрапейскія палітыкі ўжо не могуць прыдумаць нічога істотнага, каб стрымліваць людзей, якія хочуць прыехаць у Беларусь і прыязджаюць. 

«Не хачу, каб палякі думалі, што тут жывуць іх ворагі. Мы былі для іх добрымі суседзямі і будзем. А гэтыя Дуды-Маравецкія — людзі часовыя», — падсумаваў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ўсе палітыкі прыходзяць і сыходзяць, і галоўнае ў гісторыі варты след пакінуць. 

«Няхай нават не разлічваюць разгайдаць Беларусь»

Большую актуальнасць для беларусаў мае свая электаральная кампанія, якая пачынаецца ў Беларусі літаральна праз некалькі месяцаў. Журналісты пацікавілся, што думае Прэзідэнт наконт заяў аб нібыта прадвызначанасці вынікаў выбараў. 

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што дзяржава не ўтойвае свайго намеру ўплываць на выбарчы працэс. Але толькі ў той частцы, якая датычыцца работы з людзьмі, растлумачэння выбаршчыкам, чаго на самой справе варты той ці іншы кандыдат, «каб ніякія мярзотнікі не змаглі скарыстацца сітуацыяй». Акрамя таго, мясцовыя органы ўлады так ці інакш будуць задзейнічаны ў арганізацыі выбарчага працэсу, бо ЦВК не валодае дастатковай штатнай колькасцю супрацоўнікаў для гэтага. Па словах кіраўніка дзяржавы, усе разумеюць, што ўлада ёсць улада і ўдзельнічаць у выбарчым працэсе будзе. 

Прэзідэнт выключыў якія-небудзь спробы націску на выбаршчыкаў: «Людзей трэба прасіць, ім трэба расказваць. І ў гэтым заключаецца роля кіраўнікоў палат парламента, губернатараў, усёй вертыкалі ўлады — данесці праўду да людзей».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць забеспячэння пераемнасці ў парламенце. «Нам вопыт патрэбны. Нельга, каб усіх змялі, прыйшлі новыя і год-паўтара (я ж працаваў у парламенце) не будуць ведаць, у якія дзверы зайсці», — сказаў Прэзідэнт.Таму, па яго словах, у парламенце пасля выбараў павінна заставацца 25-30 працэнтаў людзей, якія ўжо маюць досвед гэтай работы.

Журналісты пацікавіліся, ці ёсць верагоднасць таго, што пры ўмяшанні краін Захаду на выбарах паўторацца падзеі 2020 года. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што паўтарэнне тых падзей немагчыма. Па яго словах, у Беларусі ўжо не вераць у добрыя намеры калектыўнага Захаду. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2020 годзе за праведзеныя дэмакратычныя выбары — на Захадзе нікто «дзякуй» не сказаў. «Цяпер мы з імі гульні на поліе дэмакратыі ладзіць не будзем. Мы будзем падыходзіць выключна са сваіх пазіцый. Таму што мы ўбачылі, што гэта за «дэмакратыя», — заўважыў ён. Акрамя таго, вопыт, атрыманы падчас электральнай кампаніі 2020 года, будзе ўлічаны і пры гэтай выбарчай кампаніі.

«Няхай нават не разлічваюць разгайдаць Беларусь. Мы гэтага не дазволім. У тым ліку і таму, што ёсць вы, і за вас я нясу персанальную адказнасць. Я маю на ўвазе — прыхільнікі, якія зрабілі стаўку на Прэзідэнта, у тым ліку і сілавікі. Я за вас адказваю, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І я, і ўсе мы нікому не дазволім краіну разгайдаць. Гэта наша краіна. Тыя, хто разгойдвае, ведаюць, да чаго гэта прывядзе».

Кантроль за падтрымкай шматдзетных сем’яў і фонд Першага

Не абышлося і без вострых сацыяльных тэм. На гэтым тыдні ў судзе пачаўся разгляд рэзананснай крымінальнай справы — бацькоў абвінавачваюць у жорсткім забойстве іх трохгадовага сына. Хлопчык амаль з нараджэння падвяргаўся насіллю з боку бацькоў, галадаў. Асацыяльная сям’я была шматдзетнай, але дзеці гэтым бацькам былі патрэбныя толькі дзеля адпаведных выплат. У студзені 2023 года ў прысутнасці іншых дзяцей муж і жонка нанеслі мноства ўдараў трохгадоваму хлопчыку, ад чаго ён памёр. Журналісты пацікавілся ў Прэзідэнта, як кантраляваць, на што шматдзетныя бацькі трацяць грошы і ці сапраўды яны заўсёды ідуць на патрэбы дзяцей. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пра гэтую сітуацыю, безумоўна ведалі і ўрачы, і суседзі і навакольныя. Але прынцып «мая хата з краю» прывёў да трагедыі. Таму, па словах Прэзідэнта, вельмі важная роля грамадства, якое не павінна быць абыякавым да таго, што адбываецца вакол, і своечасова рэагаваць, прымаць меры. Ён падкрэсліў, што дзяржава будзе падтрымліваць шматдзетныя сем’і, бо неабходна паляпшаць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне. Але трэба выбудаваць сістэму такім чынам, каб дапамога была адраснай — на дзяцей. І ў гэтым сэнсе трэба арганізаваць кантроль за мэтавым выкарыстаннем такой дапамогі.

«Якая гэта будзе сістэма, шчыра кажучы, я не ведаю. Гэта няпростая будзе работа, і сістэму гэту распрацаваць будзе складана. У гэтым нам павінны дапамагчы людзі на месцах. Але гэта трэба рабіць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, неабходна выпрацаваць такую схему, каб мясцовая ўлада ведала кожную сям’ю, а з гэтым бываюць праблемы. «Калі б мы, атрымаўшы інфармацыю, убачылі б, што гэта алкашы і яны, атрымаўшы дапамогу, яе прап’юць, то мы б ужо самі кармілі гэтых дзяцей, апраналі, у школу адпраўлялі і вучылі там», — дадаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што дзеці павінны расці ў нармальных сем’ях, бо, на жаль, як паказвае практыка, у асацыяльных сем’ях часцей за ўсё вырастаюць асацыяльныя элементы, злачынцы. 

Па просьбе прадстаўнікоў СМІ Аляксандр Лукашэнка раскрыў яшчэ адзін інсайд, які тычыцца фонда Першага. Ён расказаў, што гэта перш за ўсё, дабрачынны фонд, які дазволіць сабраць сродкі ў адным месцы і дапамагаць тым, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу. «Я, можна сказаць, сваё імя туды аддаў — фонд Першага, каб мы маглі сабраць нейкія грошы і дапамагчы тым, хто мае патрэбу. Гэта галоўная яго задача», — дадаў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, і чаму Фонд з’явіўся. Па яго словах, пасля закрыцця шэрагу фондаў і арганізацый, якія пад выглядам дабрачыннасці займаліся палітыкай і спрабавалі ў 2020 годзе разгайдаць краіну, аказалася цяжка займацца дабрачыннасцю. «Тыя, хто нам дапамагаў і хоча дапамагчы, — юрыдычна не могуць. Тады я кажу: давайце пад эгідай Прэзідэнта створым гэты фонд, адкрыты абсалютна, каб людзі, якія ў гэты фонд уносяць сродкі, разумелі, куды ідуць гэтыя грошы», — сказаў беларускі лідар. Ён канстатаваў, што гэта прынцыпова павінен быць абсалютна адкрыты фонд. Пакуль фонд не пачаў актыўную дзейнасць: на яго рахунку пакуль адсутнічаюць паступленні, яшчэ няма кіраўніка і гэтак далей. Аляксандр Лукашэнка, таксама звярнуў увагу, што ў фондзе, які працуе пад патранатам Прэзідэнта, сродкі гарантавана раскрадзены не будуць. 


У тэму

Асноўная задача — забяспечыць мір на тэрыторыі нашай дзяржавы

Міністр абароны Віктар Хрэнін у размове з журналістамі нагадаў, што ў пачатку года Прэзідэнтам была пастаўлена задача яшчэ раз прааналізаваць, як арганізавана абарона краіны, і ўлічыць пры гэтым формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў у суседняй краіне. «Мы прыйшлі да высновы, што неабходна ісці праз умацаваныя раёны, якія здольныя вытрымліваць удары авіяцыі, артылерыйскія налёты. Асноўны прынцып, які закладваецца, — аўтаномнасць вядзення баявых дзеянняў, захаванне жыццяў людзей і ўтрыманне пазіцый. Якраз такі ўмацаваны раён, яго магчымасці і прадэманстравалі кіраўніку дзяржавы», — расказаў Віктар Хрэнін. Па словах міністра, Галоўнакамандуючы ацаніў убачанае станоўча, таму далей Мінабароны будзе ісці па шляху арганізацыі такіх ліній абароны па краіне.

Віктар Хрэнін расказаў, што галоўная задача, якую ставіць Прэзідэнт перад ваеннымі — не дапусціць развязвання вайны на нашай тэрыторыі, забяспечыць мір, абарону нашай дзяржавы. «Мы не проста аб гэтым гаворым, а на справе паказваем, што мы да гэтага рыхтуемся. Мы ніякія не агрэсары, як бы ні спрабавалі нашы заходнія суседзі спекуляваць на гэтым. Мы рыхтуемся абараняцца, абараняць сваю зямлю, і нікому ні кавалачка сваёй зямлі не аддадзімо», — заявіў міністр. Ён таксама звярнуў увагу на пастаяннае ўкараненне новых узораў узбраення, абавязковых у сучасных умовах вядзення баявых дзеянняў, у прыватнасці, для супрацьстаяння ў артылерыйскай барацьбе, нападзе дронаў. «Мы працуем у цесным узаемадзеянні з ваенна-прамысловым комплексам, даводзім патрабаванні і задачы. Яны таксама навучыліся працаваць з колаў, укараняючы і распрацоўваючы менавіта тыя новыя сродкі, якія нам патрэбны», — сказаў Віктар Хрэнін.

Валерыя СЦЯЦКО

Брэсцкая вобласць.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.