Вы тут

Віцебскі абласны прафсаюз работнікаў АПК віншуе ветэранаў працы


У апошнія вераснёўскія дні людзі «залатога ўзросту» як ніколі ахутаны цеплынёй і ўвагай з боку сваіх блізкіх, сяброў і калег. У гэты час залатой восені мы не стамляемся казаць ім шчыры дзякуй за адданасць сваёй справе, багатыя на працоўныя здзяйсненні гады, жыццёвы вопыт і незгасальны аптымізм. Напярэдадні Дня пажылога чалавека Віцебская абласная прафсаюзная арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу запусціла святочны марафон у межах рэспубліканскай акцыі «Павага. Клопат. Адказнасць», каб яшчэ раз падзякаваць сваім працаўнікам, якія на працягу доўгіх гадоў складалі слаўны сельскагаспадарчы летапіс вобласці. 


Ветэранаў аграпрамысловага комплексу Аршаншчыны віталі ў сярэдняй школе №12 Оршы, у якой у верасні быў адкрыты першы ў вобласці прафсаюзны клас. Урачыстае мерапрыемства «Мае гады — маё багацце» пачалося з дэманстрацыі навучэнцамі школы работы прафарыентацыйнага класа. З віншавальным словам да ветэранаў працы звярнулася прафсаюзны лідар аграрыяў вобласці Таццяна Дзіканава. «Вашы працоўныя гады — гэта яркія старонкі ў летапісе прафсаюзнага руху вобласці. Нягледзячы на складанасць абранай вамі сельскагаспадарчай нівы, сваёй адданай працай вы заклалі моцны падмурак для сённяшняга пакалення. Дзякуючы вашаму вопыту, напрацаваным тэхналогіям, а галоўнае, жаданню быць лепшымі, аграрныя прафесіі сёння стаяць у ліку пачэсных. Жадаю вам моцнага здароўя, аптымізму, душэўнага цяпла і мірнага неба», — адзначыла Таццяна Мікалаеўна і ўручыла ветэранам падзякі і падарункі. 

Працягнуўся святочны марафон у школьным музеі «Героі і подзвігі», які на працягу не аднаго дзесяцігоддзя працуе пад надзейным кіраўніцтвам настаўніка Алены Мяцельскай. Удзельнікам мерапрыемства прапанулі вярнуцца ў бесклапотнае юнацтва, павязаўшы на шыю алыя піянерскія гальштукі, і юныя экскурсаводы правялі прысутных ваеннымі сцяжынкамі Аршаншчыны. Выказаць словы падзякі людзям «залатога ўзросту» прыехаў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі, старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач. Ён пажадаў ветэранам не губляць сваю ўнутраную маладосць, якая з’яўляецца для новага пакалення крыніцай натхнення і прыкладам жыццялюбства.

У музеі «Гісторыя Заронаўскага краю», што знаходзіцца ў Віцебскім раёне, кіраўніцтва абласнога прафсаюза работнікаў АПК ушаноўвала сваіх членаў, якія на працягу доўгіх гадоў стаялі на варце інтарэсаў працаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый вобласці. Ветэраны прафсаюзнана актыву ўсклалі кветкі ў гонар герояў-вызваліцеляў на буйнейшым воінскім мемарыяле раёна ў Заронаве, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых. У знак яднання пакаленняў на мемарыяле ўдзельнікі мерапрыемства пасадзілі маладыя туі. 

Пасля захапляльнай экскурсіі госці падарылі музею памятны аграпрамысловы падарунак, а бухгалтар абласнога прафсаюза перадала ў экспазіцыю каштоўныя прадметы сям’і: дыванок сваёй 93-гадовай бабулі і выпуск газеты «Праўда» ад 10 мая 1945 года. У цёплай атмасферы за сталом двух пакаленняў Таццяна Дзіканава ўручыла падзякі за шматгадовую працу загадчыку сацыяльна-эканамічнага аддзела Тамары Сцяпанаўне Чумаковай, галоўнаму тэхнічнаму інспектару працы Міхаілу Сяргеевічу Лабко, старшыні і загадчыку сацыяльна-эканамічнага аддзела Эме Пятроўне Александровіч, намесніку старшыні, загадчыку арганізацыйнага аддзела Маргарыце Міхайлаўне Іванчанцы. 

Маргарыта Міхайлаўна, як характарызуюць яе калегі, асоба ў прафсаюзным асяроддзі не толькі вобласці, але і краіны, легендарная. У 1986 годзе яна стала старшынёй абласнога аб’яднання «Абллён», пасля ў прафсаюзным падпарадкаванні Іванчанкі быў 21 ільнозавод. З 1989 Маргарыта Міхайлаўна пачала пісаць свой працоўны летапіс у абкаме прафсаюза работнікаў АПК, змяняліся на яе вяку старшыні, расшыраўся калектыў, але нязменным заставалася адно — мэта абараніць і падтрымаць кожнага працаўніка сельскагаспадарчых арганізацый. У гэтым, лічыць жанчына, і ёсць сакрэт высокага даверу людзей аграрнай галіны да абкама, якога яна дасягнула за 33 гады сваёй прафсаюзнай дзейнасці. За выдатную работу і высокія дасягненні ў свой час Маргарыта Міхайлаўна была ўшанавана ўсімі магчымымі прафсаюзнымі ўзнагародамі, а сёлета яе скарбонка папоўнілася яшчэ адной не менш дарагой падзякай ад маладога кіраўніцтва. 

«Кожны з вас, паважаныя ветэраны прафсаюзнага руху, — яркі прыклад упартасці і натхнення для нас, новай змены. Тое, што нават сёння, на заслужаным адпачынку, вы застаецеся побач з маладымі кадрамі, перадаючы свой вопыт і веды, каштуе дорага. Няхай у вашым доме заўсёды пануе дабрабыт, у сэрцы жыве любоў, а ў душы — радасць», — звярнулася да ветэранаў Таццяна Дзіканава. 

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.