Вы тут

Падзел нерухомасці і... інстаграм-акаўнта. Што можна, а што не ўказваць у шлюбным дагаворы, расказалі юрысты


Задача натарыуса — прадухіліць спрэчкі, у тым ліку маёмасныя, якія могуць узнікнуць нават у самай шчаслівай сям'і і паміж самымі закаханымі людзьмі. Жыццё — рэч непрадказальная, таму варта ўсё ж мець у запасе шлюбны дагавор, раяць юрысты. Ды і самі сужэнцы ўсё часцей хочуць складаць такі дакумент, дзе можна прапісаць усё, што заўгодна, ну, ці амаль усё... Здараецца, у дагавор людзі хочуць уключыць такія моманты, што і натарыусу патрэбная дапамога... адваката. Пра некаторыя акалічнасці магчымага вырашэння розных сітуацый, вядомых з практыкі, расказалі спецыялісты.


Каб усё атрымаў адзін, нельга, але... магчыма

Штогод у Беларусі заключаецца 4-4,5 тысячы шлюбных дагавораў (ШД), галоўным пунктам у якіх найчасцей становіцца нерухомасць, сумесна нажытая ў шлюбе. Аднак прадметам дагавора можа быць і транспартны сродак, правы на інтэлектуальную ўласнасць, нават ільготныя крэдыты на набыццё маёмасці для шматдзетных сямей, абазначыла Наталля БАРЫСЕНКА, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты:

— Шлюбны дагавор — дакладна зразумелыя абавязкі сужэнцаў, якія абазначаны пры наступленні пэўных умоў. Пары заключаць яго яшчэ да шлюбу ці ўжо жанатыя. Пры з'яўленні дзяцей такая прававая канструкцыя дазваляе акрэсліць максімальна шырокае кола праваадносін, у тым ліку па ўтрыманні і выхаванні дзяцей, нават пасля скасавання шлюбу.

Умовы шлюбнага дагавора не могуць супярэчыць заканадаўству, не могуць абмяжоўваць правы і здольнасці сужэнцаў, у тым ліку іх права на судовую абарону, расказала Лідзія ГРЭКАВА, натарыус Гомельскай натарыяльнай акругі.

— Наяўнасць у шлюбным дагаворы ўмоў па перадачы ўласнасці, якая нажытая агульна, толькі аднаму з сужэнцаў не вядзе да прызнання дагавора нядзейсным. Натарыус сведчыць такую здзелку і праводзіць яе прававую ацэнку: правярае змест умоў шлюбнага дагавора на адпаведнасць заканадаўству, правярае прыналежнасць маёмасці і дзяржрэгістрацыю, наяўнасць абмежаванняў і абцяжаранняў, якія маглі б перашкаджаць здзяйсненню здзелкі, а таксама іншыя акалічнасці, неабходныя для сведчання здзелкі.

Натарыус будзе раіць, каб быў нейкі баланс у маёмасных справах мужа і жонкі, аднак калі сужэнцы дамовіліся паміж сабой і настойваюць менавіта на такім падзеле, то такую здзелку па складанні ШД менавіта такога зместу натарыусы завераць, бо гэта найперш пагадненне асоб, а не юрыстаў. Задача апошніх — зрабіць так, каб дакумент адпавядаў заканадаўству і не парушаў яго.

Пісьмовая згода і высяленне... у межах населенага пункта

Часта задаюць пытанне, ці можна ўключыць ва ўмовы дагавора пункт аб тым, што распараджэнне рухомай маёмасцю магчымае з пісьмовай згоды другога сужэнца, расказала Лідзія Грэкава:

— Згодна з законам, сужэнцы маюць роўныя правы па распараджэнні, карыстанні сумесна нажытай маёмасці, калі іншае не прадугледжана шлюбным дагаворам. Таму пункт пра тое, што муж і жонка будуць распараджацца не толькі нерухомай, але і рухомай маёмасцю (са згоды адно аднаго) будзе адпавядаць патрабаванням закона і можа быць уключаны ў ШД.

У шлюбным дагаворы можна таксама прапісаць умовы аб высяленні з жылых памяшканняў. Згодна з Жыллёвым кодэксам, у шлюбным дагаворы можна замацаваць абавязак сужэнцаў пакінуць жылое памяшканне або захаваць за сабой права ўладання і карыстання ім. Гэтыя пытанні рэгулююцца пагадненнем бакоў і па іх жаданні ўносяцца ў шлюбны дагавор, абазначыла натарыус:

— Аднак ёсць некаторыя абмежаванні. Напрыклад, высяленне з жылля, якое набыта з дзяржпадтрымкай, магчымае толькі ў межах населенага пункта ў жыллё, якое належыць асобе, якая высяляе члена (або былога члена) сям'і або належыць асобе, якую намерваюцца выселіць з памяшкання. Калі сужэнцы хочуць уключыць такія палажэнні ў шлюбны дагавор, мы тлумачым ім умовы, прадугледжаныя ў заканадаўстве, каб яны разумелі, ці магчыма гэта будзе рэалізаваць на практыцы.

Права на інтэлектуальныя здабыткі: агульныя і асабістыя

З развіццём новых тэхналогій з'яўляюцца і новыя сферы, якія сужэнцы хочуць адлюстраваць у ШД. Напрыклад, падзел інстаграм-акаўнта, нажытага ў перыяд шлюбу. Падобнай практыкі ў Беларусі пакуль не існуе.

— Найперш увогуле трэба вызначыць, якой формай маёмасці з'яўляецца інстаграм-акаўнт. Мяркую, што гэта ўсё ж аб'ект інтэлектуальнага права. У Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці, існуе норма прамога дзеяння (у сямейным кодэксе Расіі), згодна з якім выключнае права на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, якія створаны адным з сужэнцаў, належыць аўтару такіх вынікаў. То-бок расійскае заканадаўства вызначае такі здабытак выключна як асабістую маёмасць сужэнцаў, — заўважыла адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Вольга Чайкіна.

У пастанове пленума па справах аб наследаванні Вярхоўнага Суда РФ гэты пастулат знайшоў адлюстраванне і больш шырокую інтэрпрэтацыю. У прыватнасці, сказана, што «выключнае права на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, створаныя адным з сужэнцаў, не ўваходзіць у агульную маёмасць сужэнцаў. Выключнае права на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, набытае за кошт агульных даходаў сужэнцаў па дагаворах аб адчужэнні такога права, з'яўляецца іх агульнай маёмасцю», дадала Вольга Чайкіна:

— Заканадаўца дае зразумець, што калі інстаграм-акаўнт быў набыты за кошт сумесна нажытых грашовых сродкаў, то даходы, якія прыносіць акаўнт (калі ў ім змяшчаецца рэклама, маецца шмат падпісчыкаў) і якія можна манетызаваць (па аналогіі з інтэлектуальным правам), з'яўляюцца сумеснай уласнасцю. Калі ж інстаграм створаны адным з сужэнцаў, які яго вядзе, і нават у рэкламу акаўнта не ўкладвае грошы з сумесна нажытых сродкаў, такі акаўнт лічыцца асабістай маёмасцю аднаго з сужэнцаў, і даходы ад яго — таксама.

Тым не менш для Беларусі гэта яшчэ спрэчнае пытанне, ці з'яўляецца інстаграм-акаўнт інтэлектуальнай уласнасцю. І калі сужэнцы хочуць уключыць такі рэсурс у ШД, то перашкод для гэтага няма. У практыцы беларускіх адвакатаў быў выпадак, які датычыўся даменнага імя. Адміністратар дамена (муж) замацаваў за сабой права на гэтае даменнае імя, і ў шлюбным дагаворы прапісалі, што ўсе здабыткі, якія будуць звязаны, напрыклад, з адчужэннем даменнага імя, будуць належаць гэтаму сужэнцу. Падобнае рашэнне можна, пэўна, прапанаваць і адносна інстаграм-акаўнта.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».