Вы тут

Блакітная дзірка, рытуальныя калясніцы, смерць Клеапатры


Выявілі блакітную дзірку глыбінёй 274 метры

Яе знайшлі каля паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа паўвострава Юкатан у Мексіцы. Аб гэтым напісаў партал ІFL Scіence.


Навукоўцы назвалі дзірку «Там-Ха» (Taam ja'), што ў перакладзе з мовы мая азначае «блакітная вада». Упершыню яе знайшлі ў верасні 2021 года, але даследаванні апублікавалі толькі ў лютым 2023 года.

Плошча паверхні падводнай пячоры складае 13 690 квадратных метраў, глыбіня — 274 метры. Цяпер «Там-Ха» з'яўляецца другой па велічыні глыбокай дзіркай у свеце. На першым месцы — 300-метровая, якая знаходзіцца ў кітайскім Санша-Юнлэ.

Навукоўцы плануюць вывучыць арганізмы, якія насяляюць пячору, а таксама геалогію дзіркі, што, магчыма, дасць інфармацыю аб навакольным асяроддзі тысячы гадоў назад.


Рытуальныя калясніцы

Іх з запрэжанымі коньмі раскапалі ў Кітаі

Пры раскопках у правінцыі Ганьсу археолагі выявілі буйную яму, дзе знаходзілася пяць калясніц. Чатыры з іх былі запрэжаны парамі дарослых коней, прынесеных у ахвяру ва ўзросце сямі-дзевяці гадоў.

Пад гэтымі калясніцамі даследчыкі знайшлі пахаванні сямі чалавек, зробленых у І тысячагоддзі да нашай эры — у самым фінале бронзавага стагоддзя. Пра гэта паведамляецца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Antіquіty.

Пад запрэжанымі калясніцамі археолагі выявілі неглыбокія магілы сямі чалавек, якіх пахавалі ў драўляных трунах. Тыпалагічны аналіз выяўленых артэфактаў дазволіў датаваць гэты аб'ект VІІ—VІ стагоддзямі да нашай эры. Радыёвугляроднае датаванне ўказала на сярэдзіну І тысячагоддзя да нашай эры.

Затым палеазаолагі вывучылі астанкі коней. Усе асобіны, пол і ўзрост якіх удалося вызначыць, аказаліся дарослымі самцамі, якія пражылі ад сямі да дзевяці гадоў. На іх зубах і касцях навукоўцы выявілі анамаліі, якія дазволілі заключыць, што ўсе яны выкарыстоўваліся ў якасці цяглавых жывёл. Цалкам магчыма, што знойдзеныя коні з юнага ўзросту рыхтаваліся для каляснічнай язды. А ў самым росквіце сіл іх адабралі для рытуальнага пахавання разам з памерлымі людзьмі.


Кобра тут ні пры чым?

Гісторыкі раскрылі рэальную прычыну смерці Клеапатры.

Крыніцы называюць розныя «прылады» смерці апошняй царыцы эліністычнага Егіпта з македонскай дынастыі Пталемеяў. Клеапатра — адна з самых велічных персон антычнай гісторыі. Вакол яе імя да гэтага часу шмат спрэчак. Пытанні выклікае і смерць кіраўніцы, паколькі адзіная прычына да гэтага часу не ўстаноўлена.

Некаторыя сцвярджаюць, што яна здзейсніла самагубства, папрасіўшы прынесці ў яе пакоі атрутную змяю, а іншыя перакананыя, што ўсяму віной дзеянне опіуму і аканіту.

Гісторыкі сцвярджаюць, што легендарная царыца наклала на сябе рукі ў 30 годзе да нашай эры ў горадзе Александрыя. Тады ёй было 39 гадоў. У крыніцах можна знайсці інфармацыю аб тым, што прычынай самагубства магло быць паражэнне, нанесенае рымлянамі яе войскам. Згодна з працамі антычных гісторыкаў Плутарха, Страбона і Дыёна Касія, Клеапатра памерла ад укусу кобры.

Пакоі Клеапатры старанна ахоўвалі, таму ўнесці туды атрутную змяю было вельмі складана. У працах Плутарха сказана, што дапамог ёй у гэтай справе селянін, які з'явіўся да яе дзвярэй з кошыкам. Вартавыя спыталі, што ён нясе. Адкрыўшы кошык і рассунуўшы лісце, ён паказаў гаршчок, поўны саспелых смокваў. Салдаты паглядзелі, якія яны буйныя і прыгожыя, і селянін, усміхнуўшыся, прапанаваў ім пакаштаваць. Тады яны прапусцілі яго, адкінуўшы ўсякія падазрэнні. Аказалася, пад смоквамі была кобра. Кошык з садавіной паставілі ў пакоях царыцы, бо яна сама распарадзілася зрабіць усё так, каб змяя ўкусіла яе ў нечаканы момант. Па іншай версіі кобру трымалі ў закрытай ёмістасці для вады, а Клеапатра яе выманьвала і спецыяльна падставіла руку для ўкусу.

Ёсць версія, што прычынай смерці царыцы стаў не яд змяі, а сумесь з опіуму і раслін балігалоў і аканіт. Да такой высновы прыйшлі нямецкія вучоныя, якія прааналізавалі асаблівасці змяіных укусаў, а таксама архіўныя дакументы таго часу.

Нагадаем, у сеціве паказалі, як насамрэч выглядала царыца Клеапатра. Аказалася, яна не была такім ідэалам прыгажосці, як яе прадстаўляюць у гістарычных фільмах. У кіраўніцы была грубая знешнасць, а вось зачароўвала мужчын яна сваім розумам і харызмай.


Калі лёд сыходзіць з-пад лап...

Белыя мядзведзі могуць вымерці да 2100 года

Лёду, на якім яны могуць паляваць, становіцца ўсё менш з-за глабальнага пацяплення. Белыя мядзведзі поўнасцю знікнуць да канца стагоддзя, калі выкіды парніковых газаў будуць адбывацца ў такіх аб'ёмах, як цяпер.

Як піша Newsweek, сёння гэтыя жывёлы жывуць на тэрыторыі пяці краін паблізу Арктыкі: у ЗША, Канадзе, Расіі, Грэнландыі і Нарвегіі. Але глабальнае пацяпленне прыводзіць да скарачэння колькасці лёду на Паўночным Полюсе. Таму белыя мядзведзі губляюць арэолы свайго пражывання і перабіраюцца на сушу, дзе ім не хапае харчавання.

Белыя мядзведзі здольныя паляваць толькі з паверхні марскога лёду. На кантыненце няма такой ежы, якая магла б даць жывёлам патрэбную колькасць калорый. Але цёплыя тэмпературы скарачаюць перыяды, на працягу якіх мядзведзі могуць паляваць і запасацца тлушчамі.

«Працягласць часу, на працягу якога яны могуць недаядаць, залежыць ад таго, наколькі тоўстымі мядзведзі змогуць стаць за больш кароткія перыяды. Таму ўся справа ў балансе энергіі», — растлумачыў адзін з аўтараў новага даследавання Стывен Амстрап арганізацыі Polar Bears Іnternatіonal.

Ён дадаў, што ў 2010 годзе разам з калегамі спрагназаваў страту дзвюх трацін папуляцыі белых мядзведзяў на Зямлі да сярэдзіны стагоддзя. Але, як аказалася, гэтыя прагнозы былі занадта аптымістычныя.

«Мы ведаем, што за некалькі дзесяцігоддзяў глабальныя тэмпературы пераваляць за тыя, з якімі белыя мядзведзі мелі справу за ўсю гісторыю сваёй эвалюцыі. Гэта азначае, што да канца стагоддзя мы можам аказацца ў свеце без белых мядзведзяў», — сказаў Амстрап.


Антымікробны эфект

Палімеры абароняць ежу ад бактэрый і грыбкоў

Расійскія навукоўцы стварылі новыя прэпараты для апрацоўкі паверхняў, якія дазволяць змагацца з устойлівымі мікробамі. У першую чаргу распрацоўка прызначана для бальніц, дзе часам выяўляюць бактэрыі, якія выклікаюць небяспечныя інфекцыі. Пра гэта паведамляюць «Известия».

Навукоўцы Федэральнага навуковага цэнтра харчовых сістэм імя В. М. Гарбатава РАН сумесна з супрацоўнікамі хімічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава распрацавалі новыя саставы для апрацоўкі сцен вытворчых, складскіх і іншых памяшканняў прадпрыемстваў харчовай прамысловасці і бальніц. Калі нанесці прэпарат на паверхні, мікробы гінуць і іх новых супольнасцяў не з'яўляецца.

Прэпараты распрацавалі на аснове адмысловых палімераў з антымікробнымі ўласцівасцямі — яны здольныя знішчаць бактэрыі, якія кантактуюць з імі.

«У рэцэптурах — водарастваральныя палімеры, гэта значыць, у якасці растваральніка выкарыстоўваецца вада, што робіць працэс нанясення працэдурай, якая адпавядае ўсім экалагічным патрабаванням», — распавяла «Известиям» намеснік дырэктара Федэральнага навуковага цэнтра харчовых сістэм імя В. М. Гарбатава Анастасія Сямёнава.

Паводле яе слоў, палімеры бяспечныя для людзей і не запальваюцца, нетаксічныя, пасля іх нанясення на сцены і столі памяшканне не трэба праветрываць.

Распрацоўшчыкі падкрэсліваюць, што ў новых саставах няма антыбіётыкаў ці іншых лекаў, да якіх большасць мікраарганізмаў могуць стаць устойлівыя.

Загадчык кафедры высокамалекулярных злучэнняў МДУ імя М. В. Ламаносава Аляксандр Яраславаў звярнуў увагу на прастату нанясення новага рэчыва. Паводле яго слоў, паверхню не трэба чысціць ад водарастваральных соляў, тлушчаў, алеяў, іржы і затым сушыць, як пры выкарыстанні іншых прэпаратаў.

Распрацоўка можа быць запатрабавана на харчовых прадпрыемствах, падзялілася меркаваннем загадчыца кафедры «Прамысловы дызайн, тэхналогія ўпакоўкі і экспертыза» Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых вытворчасцяў Ірына Кірш.

Аднак матэрыял патрабуе праверкі па вызначэнні тэрміну дзеяння палімера ў прамысловых умовах, гэта значыць, колькі ён будзе захоўваць антымікробны эфект, падкрэсліла Ірына Кірш.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.