Мерапрыемства ў беларускай сталіцы аб’яднала кіраўнікоў Выканаўчага камітэта РСС, прадстаўнікоў рэгіянальнага аддзялення Міжнароднага саюза электрасувязі для краін СНД, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі нашай краіны, тэлекамунікацыйных кампаній з Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана і Кыргызстана. У фармаце відэаканферэнцыі да форума падключыліся прадстаўнікі аператараў Азербайджана, Арменіі, Таджыкістана і іншых краін. Усяго — больш за 50 экспертаў у галіне электрасувязі і сучасных тэхналогій.
Першы намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Павел Ткач падчас адкрыцця мерапрыемства адзначыў важнасць сумеснай работы і абмену вопытам для эфектыўнага развіцця лічбавай эканомікі на прасторы СНД. У прыватнасці ён заявіў:
— Дзякуючы супрацоўніцтву мы ствараем усе ўмовы для развіцця лічбавай эканомікі і інавацый у нашым рэгіёне. Электрасувязь з’яўляецца драйверам для многіх іншых галін, таму ў фокусе нашай увагі сёння знаходзяцца пытанні стварэння сучаснай інфраструктуры, укаранення новых тэхналогій і лічбавых праектаў. Не губляе актуальнасці і тэма бяспекі ў лічбавым асяроддзі.
І наша краіна тут — добры прыклад. Беларусь у лідарах па ўкараненні новых тэлекамунікацыйных тэхналогій і пабудове інфармацыйнага грамадства на ўсёй тэрыторыі. Напрыклад, ужо сёння аператар «Белтэлекам» вырашае пытанне па пракладцы валаконна-аптычных кабеляў у населеных пунктах, дзе менш за 50 дамоў.
У сваю чаргу, генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам», старшыня Савета аператараў электрасувязі і інфакамунікацый РСС Юрый Петручэня падкрэсліў, што парадак дня нацэлены на актывізацыю дзейнасці і больш цеснае ўзаемадзеянне па шырокім спектры пытанняў. У іх ліку — развіццё і эксплуатацыя сетак, спадарожнікавыя тэхналогіі, інфармацыйная бяспека, барацьба з махлярствам на сетках і іншыя тэмы. Асобны блок прысвечаны падрыхтоўцы ўдзельнікаў РСС да найбуйнейшых міжнародных форумаў па лініі Міжнароднага саюза электрасувязі.
Удзельнікі сустрэчы падзяліліся сваімі найлепшымі рашэннямі ў рэалізацыі праграм лічбавай эканомікі, абмеркавалі перспектыўныя напрамкі далейшай працы. Выпрацоўка агульных узаемавыгадных падыходаў будзе спрыяць развіццю сучасных тэхналогій на ўсёй прасторы Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі.
РСС — міжнародная арганізацыя з функцыямі міждзяржаўнага каардынуючага органа СНД у галіне электрычнай і паштовай сувязі. Дзейнасць Савета аператараў электрасувязі і інфакамунікацый РСС накіравана на ўсебаковае супрацоўніцтва, узгодненае развіццё сістэм і сродкаў сувязі дзяржаў удзельнікаў Садружнасці, укараненне новых паслуг і тэхналогій, павышэнне эфектыўнасці кіравання якасцю паслуг электрасувязі і іншае.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: БелТА
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.