Вы тут

Славуцкі: На спектакль «Жаніцьба Фігаро» трэба ісці з адкрытым сэрцам


Трупа Казанскага акадэмічнага рускага Вялікага драматычнага тэатра імя В.І. Качалава на сцэне Купалаўскага тэатра прадставіла сваю версію знакамітага спектаклю «Шалёны дзень, або Жаніцьба Фігаро».


— Існуе такі стэрэатып, што «Жаніцьба Фігаро» — лёгкі спектакль, — дзеліцца народная артыстка Татарстана Алена Рашына. — Можа, так адбываецца з-за прадстаўленага вобраза Фігаро. Але артысты Качалаўскага тэатру падчас пастаноўкі свайго спектаклю імкнуцца развеяць думкі аб яго несур’ёзнасці. Фігаро — зусім няпросты, але часцей за ўсе менавіта такім яго ўяўляюць гледачы. Мне здаецца, у нас вельмі цікава абыграны яго вобраз. Мы паказваем іншага Фігаро. Гэта дарослы мужчына, пастаталелы, які хоча ажаніцца, будуе сваё шчасце і пакутуе ад несправядлівасці. У сілу абставінаў, паколькі Фігаро — чалавек паднявольны, ён павінен супрацьстаяць жаданню графа Альмавівы займець яго нявесту. Ён паступае як сапраўдны мужчына.

З усіх талентаў Бамаршэ, здаецца, менавіта талент драматурга ўпісаў яго імя ў гісторыю. У спектаклі "Фигаро" (Ілья Славуцкі, народны артыст Татарстана) кажа: «Я напісаў п’есу, не будучы драматургам, я займаўся ўсім, быў цырульнікам і шмат кім яшчэ...». І гэта нездарма.

Падобна свайму герою, Бамаршэ змяніў нямала прафесій. Сын гадзіншчыка ў 20 гадоў зрабіў адкрыццё, якое ўчыніла рэвалюцыю ў сямейным рамястве, гуляў на многіх музычных інструментах, даваў урокі дачкам Людовіка XV, быў прыдворным музыкам, купіў сабе пасаду сакратара караля, а разам з ёю і дваранства, змяніўшы сваё простанароднае імя на арыстакратычнае «дэ Бамаршэ». 

— Звычайна «Жаніцьбу Фігаро» ставяць як «камедыйку», але п’еса значна больш глыбокая, — дапаўняе думку калегі Ілья Славуцкі. — У ёй няма нічога вясёлага. Людзі спрабуюць стварыць сваё шчасце насуперак абставінам, якія час ад часу ўзнічаюць на жыццёвым шляху. Уяўляеце, які жудасны звычай — перад тым як выйсці замуж, дзяўчыне неабходна было аддацца Графу, калі той пажадае. Гэта трагедыя. І мне хацелася б, каб гледачы гэта ўбачылі. Героі п’есы — несвабодныя людзі, слугі, яны цалкам залежаць ад сваіх гаспадароў, а тыя ў сваю чаргу могуць быць рознымі: сварлівымі, несумленнымі. Граф у пастаноўцы Бамаршэ — чалавек ветраны. Пасля прагляду такога спектаклю я раю кожнаму падумаць: хто ёсць хто. Тэатр насамрэч і створаны для таго, каб чалавек глядзеў і радаваўся, смяяўся і плакаў, а потым думаў. 

Ілья Славуцкі адзначыў, што прыходзіць на спектакль «Шалёны дзень, або Жаніцьба Фігаро» трэба з адкрытым сэрцам і добрым настроем. Гэта спектакль – свята, пастаноўкі такога кшталту яшчэ называюць тэатрам радасці. Гледачы атрымаюць сапраўднае задавальненне ад прыгажосці: касцюмаў, музыкі, гульні акцёраў, сюжэта. Трупа Качалаўскага тэатра паставілася да гэтага спектаклю з асаблівым трапятаннем. 

— Мы сыгралі ўжо пэўную колькасць спектакляў у Мінску, у тым ліку адбылася і прэм’ера «Жаніцьбы Фігаро» на сцэне Купалаўскага тэатра, — расказвае Алена Рашына. — Шчыра кажучы, прыём беларускай публікі нас уразіў. Гледачы вельмі адкрытыя, эмацыянальныя. Мне ўвогуле здаецца, няма дрэннага гледача. Прынамсі, я з такімі не сутыкалася. Нам вельмі падабаецца, што беларускія гледачы адразу ўключаюцца «у гульню».

Мне падаецца, што акцёры Качалаўскага тэатра незвычайна прачыталі гэтую п’есу. Аказалася, што не такая ўжо яна і лёгкая і павярхоўная, цікавыя і складаныя думкі самога аўтара ўвасоблены ў рэпліках акцёраў.

Ілья Славуцкі засяродзіў асаблівую ўвагу на беларускага гледача. 

— Па маіх адчуваннях, людзі тут вельмі спагадныя, адкрытыя, спакойныя. Мінскія ветлівыя жыхары пакідаюць прыемныя адчуванні ў маім сэрцы. Мы даўно хацелі прыехаць да вас, вось гэта і адбылося. Нашы гастролі працягнуцца да 26 верасня, то-бок ёсць яшчэ час нам з вамі сустрэцца.

Напісаная ў 1784 годзе камедыя «Шалёны дзень, або Жаніцьба Фігаро» мела ашаламляльны поспех і сёння пастаўлена на сцэнах многіх тэатраў па ўсім свеце. Беларускаму гледачу трупа Казанскага акадэмічнага рускага Вялікага драматычнага тэатра імя В.І. Качалава прадставіла сваю пастаноўку па п’есе Бамаршэ двойчы: 12 і 19 верасня.

П’еса стварыла аўтару сусветную славу на стагоддзі наперад. Дарэчы, яна была неаднаразова забаронена да паказу, таму П’ер-Огюстэн Каран дэ Бамаршэ, французскі драматург, абраў месцам дзеяння Іспанію, аднак у п’есе высмеяў заганы Францыі таго часу і вывеў на памосткі новага героя часу — Фігаро, чыё імя сёння сусветнавядома.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.