Вы тут

«...Пчол не падманеш: у нядобрых людзей яны проста не прыжываюцца»


«Усе як быццам выжылі, але ніхто не ведае, колькі страцілі сіл і свайго здароўя...»

З многімі (ды што там, амаль усімі) наведвальнікамі бібліятэкі ў нас цёплыя даверлівыя адносіны. Мы рады сустракаць нашых чытачоў, рады прапанаваць цікавую кнігу альбо часопіс, распытаць пра ўражанні і нават выслухаць. Марыя Рыгораўна Перашчук расказала аб тым, што давялося перажыць яе бабулі Софіі Сямёнаўне Навумік.


Так склалася, што яна, маладая і прыгожая, замуж выйшла за чалавека, які быў на 26 гадоў старэйшы за яе, у шлюбе нарадзіла чацвёра дзяцей — двух хлопчыкаў, Рыгора ды Івана, і дзвюх дзяўчынак — Марыю ды Надзейку.

Жыла сям'я так, як іншыя ў вёсцы: з мазаля, што называецца. Трымалі жывёлу, абраблялі зямлю, на балоце збіралі журавіны, у лесе — грыбы. Вельмі шмат працавалі. Да таго ж гаспадар Мікалай Дзям'янавіч Навумік быў мясцовым актывістам. Калі сталі стварацца калгасы, падаў прыклад іншым: напісаў заяву і гэтым учынкам, можна сказаць, увайшоў у гісторыю вялікай вёскі Хатынічы — як стваральнік мясцовай калектыўнай гаспадаркі, як старшыня сельскага Савета...

Займаючы гэтую пасаду, можна, як вядома, нажыць не толькі сяброў-аднадумцаў, але і ворагаў. Якраз тыя, калі пачалася вайна, данеслі немцам на актывіста.

На шчасце, Мікалай Дзям'янавіч паспеў тады збегчы — схавацца ў лесе. Малую Надзейку прытуліла суседка Пелагея Пічыц, а вось жонка яго з трыма дзецьмі і двума братамі трапіла ў палон да фашыстаў.

Хадзілі чуткі, што іх расстраляюць, і жанчына маліла Бога каб выратаваў хоць бы дзяцей... Калі выводзілі на вуліцу, ногі, як расказвала, адмаўляліся ісці, вочы з-за слёз амаль нічога не бачылі. Хлопчыкі стараліся трымацца, як мужчыны, а вось Марыйка туліліся да матулі, шукаючы, чакаючы паратунку, а тая нічога не магла зрабіць...

Гэты жах крыху адступіў, калі стала вядома, што расстрэлу не будзе: сям'ю адпраўляюць у Германію. Софія Сямёнаўна здагадвалася, што нічога добрага іх не чакае і там, але ж яны пакуль заставаліся жывымі і разам.

...Прадчуванні не падманулі: сям'я апынулася ў адным з працоўных лагераў у горад Кіль. Як потым стала вядома, немцы трымалі там каля 5000 чалавек з розных рэспублік Савецкага Саюза, з Польшчы і ставіліся да іх горш, чым да скаціны. Да месца работы нявольнікі хадзілі часам за дзесяць кіламетраў і працавалі потым па дзесяць гадзін.

У самім лагеры будавалі новыя баракі і рамантавалі дарогі, расчышчалі завалы ў горадзе, нарыхтоўвалі дровы... А кармілі пры гэтым — абы не гінулі з голаду (каля 600 чалавек усё роўна памерла). Той, хто не працаваў або хварэў, ежу не атрымліваў наогул.

З такіх вось была Марыйка, дачка Софіі Сямёнаўны, якая выжыла (свет не без добрых людзей!) дзякуючы маладзенькай немцы. Тая, працуючы на кухні, падкормлівала дзяўчынку ўпотай.

...Пасля вызвалення Софія Сямёнаўна з дзецьмі дабралася дамоў у вёску Хатынічы. Ужо там даведалася, што яе муж з дачкой Надзеяй, пакуль не мінула небяспека, жыў у лесе ў зямлянцы.

Сям'я нарэшце ўз'ядналася, усе як быццам выжылі, але ж ніхто не ведае, колькі страцілі сіл і свайго здароўя, колькі нацярпеліся страху!

...У мірны час унучцы Софіі Сямёнаўны, таксама Марыйцы, давялося трапіць у горад Кіль, наведаць той лагер, убачыць баракі, дзе кожны куток быў напоўнены горам, паліты слязамі тысяч вязняў.

І яе любімай бабулі.

Што пра дзядулю, дык сёння ўжо праўнук яго Генадзь Аляксандравіч Перашчук працуе старшынёй Хатыніцкага сельскага Савета.

Таццяна МАЛЯЎКА

г. Ганцавічы.


«...Пчол не падманеш: у нядобрых людзей яны проста не прыжываюцца»

Выбар прафесіі — справа не з лёгкіх: многія, пакуль знойдуць занятак даспадобы, чаго не паспытаюць, колькі гузоў не наб'юць. Івану Уладзіміравічу Макарэвічу з вёскі Каменны Барок з гэтым пашчасціла: і дзед яго, і бацька, і брат (а цяпер ужо і сын) захопленыя пчалярствам і пчоламі.

Калі нехта думае, што з імі ўсё проста — вуллі з рамкамі паставіў ды збірай на продаж мядок, то вельмі памыляецца. Пчолы патрабуюць да сябе разумнай увагі і клопату, цярпення і смеласці. За іх (не іначай!) яны гатовыя аддзякаваць гаспадару самым карысным і каштоўным прадуктам, бо на пчальніку і сапраўды хто дбае, той і мае.

У набытках Івана Уладзіміравіча — дыхтоўны дом з усімі выгодамі, прыгожай мэбляй, дыванамі, карцінамі (яшчэ і вышыванымі яго гаспадыняй)... З цудоўнай лазняй на падворку, з месцам для паляўнічых сабак і чатырох дзясяткаў курэй.

Вакол сялібы таксама рэдкая прыгажосць, ідэальныя чысціня і парадак. Нездарма на леташнім абласным конкурсе на найлепшы ветэранскі падворак сядзіба Макарэвічаў атрымала дыплом другой ступені...

Што яшчэ характэрна, уладальнікі амаль 200 пчаліных сем'яў не трымаюць на сваім прысядзібным участку ніводнага пчалінага дамка. «Па-першае, не хочацца ствараць дыскамфорт для сваіх суседзяў, — тлумачыць гаспадар, — а па-другое, вуллі ў нас выстаўлены на платформы. З імі мы пераязджаем на ўзлескі, на палі, засеяныя рапсам, фацэліяй, грэчкай... У мёдзе тады больш пажыўных рэчываў, лепшы смак».

Праўда, апошнім часам, як адзначае Іван Уладзіміравіч, нават на вось гэтакі, высакаякасны, прадукт не заўсёды знаходзяцца пакупнікі. Таму сям'я Макарэвічаў спецыялізуецца яшчэ і на развядзенні пчаліных матак, якіх потым прапануе пчалаводам-аматарам. Будучы адным з іх, я таксама скарысталася магчымасцю, набыла для сваёй невялічкай пасекі... А потым — яшчэ — і пажартавала, што Макарэвічы (асабліва старэйшы) маглі б прадаваць і веды-парады, бо калі ўзнікаюць праблемы з пчоламі, у коле сяброў па захапленні толькі і чуваць: «трэба параіцца з Макарэвічам», «трэба спытаць...», «трэба папрасіць...»

Што важна, Іван Уладзіміравіч нікому не адмаўляе, бо ў сям'і яго бацькоў не было такой звычкі: усе разам — восем дзяцей — садзіліся есці за доўгі самаробны стол, усе разам, дружна ішлі працаваць і адзін аднаго выручаць, бо ў гаспадарцы, апроч пчол, каго толькі не было: каровы, коні, свінні, гусі, куры... Усё трэба было дагледзець, усіх пракарміць.

Пасля школы Іван трапіў на курсы пчаляроў у Смілавічы, па спецыяльнасці папрацаваў у адной з гаспадарак на Любаншчыне. Да сёння з гонарам і цеплынёй успамінае, як тады на іх пчальнік завітаў сам Пётр Міронавіч Машэраў...

Але ж стала хварэць маці, і ён вярнуўся дамоў, на радзіму. Тут ажаніўся са сваёй аднакласніцай, выгадаваў з ёй дваіх дзяцей.

— Мой Іван — цудоўны чалавек! Ва ўсіх адносінах, — са шчырай цеплынёй кажа пра мужа Галіна Мікалаеўна.

Не скупіцца на пахвалу і муж: прызнаецца, што яму вельмі пашчасціла ў жыцці, што жонка ў яго добрая.

...Не бракуе дабрыні і самому Івану Уладзіміравічу, што, відаць, заканамерна, бо пчол жа не падманеш: у нядобрых людзей яны проста не прыжываюцца.

Ніна БУРКО

Бярэзінскі раён.


Першая зарплата

Людзі праўду кажуць: «Дзетак гадаваць — не курак пасклікаць». Ды яшчэ і без бацькі...

Тася засталася адна, калі сыну было дзесяць, а дачушцы — шэсць. Выпрабаванне, згадзіцеся, не з лёгкіх, але гэта жанчына несла свой крыж. Дзеці раслі.

Дзеці тым часам раслі, і яны ўжо разам з сынам вырашалі, што спачатку трэба скончыць каледж, атрымаць спецыяльнасць. Потым, калі прыйдзецца плаціць за вышэйшую адукацыю, да мамінай зарплаты прыплюсуецца сынава, ім будзе лягчэй.

Усё ішло па гэтым плане: Саша скончыў дзевяць класаў і падрыхтоўчыя курсы, паступіў у каледж, мог жыць у інтэрнаце, але ж вырашыў пасля заняткаў прыязджаць дамоў, дзе можна было сталавацца. Больш за тое — ён знайшоў сабе падпрацоўку: пасля заняткаў так старанна прыбіраў некалькі невялічкіх кабінетаў, што іх гаспадыні сталі пакідаць яму «чаявыя»: то гарбату з бутэрбродамі, то нават кавалак торта. А калі да іх яшчэ і зарплату...

Можна ўявіць, як гэты хлапчук радаваўся, атрымаўшы свае першыя грошы, як ён сам вырашыў абмяняць рублі на долары, як потым зайшоў у найбліжэйшае аддзяленне ашчаднага банка, як стаяў у чарзе, час ад часу гледзячы на гадзіннік, каб не спазніцца на аўтобус...

Нечыя нядобрыя вочы, мусіць, заўважылі яго хваляванне: двое маладых мужчын падышлі, прапанавалі абмяняць грошы без чаргі.

Утрох яны выйшлі на вуліцу — Саша аддаў свой заробак, тыя двое... у міг вока рванулі наўцёкі.

Што юнак адчуваў тады — таямніца за сямю пячаткамі, але ж па тэлефоне ён сказаў спакойна: «Мама, грошы я атрымаў, але іх у мяне ужо няма».

Тася ўсё зразумела. Як мага спакайней спытала: «Сынок, а з табою ці ўсё ў парадку?.. Усё? Тады не хвалюйся за грошы! Яны — ты ж ведаеш — справа нажыўная. Прыязджай дадому...»

Паклаўшы слухаўку, жанчына горка заплакала, з яе вуснаў гатовыя былі сарвацца самыя страшныя пракляцці. Але ж яна стрымалася: падышла да абразоў, папрасіла: «Божа, прабач гэтых людзей! Сам распарадзіся нашымі грашыма!»

На душы пасля таго стала спакайней, Тася прыгатавала вячэру. Калі прыехаў сын, яны моўчкі абняліся...

А далей усё пайшло па звычным раскладзе.

Саша, пасля каледжа, з чырвоным дыпломам скончыў ВНУ, займаецца любімай справай і заўсёды стараецца разумець і падтрымліваць іншых. Так як рабіла і робіць яго матуля.

Наталля СІВАК

в. Заполле, Чэрвеньскі раён.


Ёсць логіка...

Апошнім часам у нашай сям'і было шмат непрыемнасцяў з хатнімі гадаванцамі.

Спачатку ў адчыненую фортку вылецеў папугай, і знайсці ды вярнуць яго, на жаль, не ўдалося (трохгадоваму сыну прыйшлося сказаць, што Кеша ў прабабулі ў вёсцы). Потым высветлілася, што ў дзіцяці алергія на поўсць, і туды ж «пераехала» падоранае нам кацяня, а ўрэшце — і памерлая рыбка.

Не так даўно за вячэрай мы гаварылі пра тое, што добра было б на тыдзень махнуць у вёску. Сын сказаў, што ён з намі не паедзе, бо адтуль ніхто не вяртаецца.

А. НЯХАЙ

г. Магілёў.


Фота слова Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Сёння над палубай жоўтыя ветразі —

Мой карабель адплывае ў верасень.

Што назаўжды пакідаю на беразе?

Росныя сцежкі ў жнівеньскім верасе,

Ў ліпеньскай ночцы — замовы, вяночкі,

Ў чэрвеньскіх ранках — расстанні ля ганку...

Ўсё, што за лета набыў, — пакідаю:

Мой карабель

з багажом не прымае.

Хай застаецца усё нажытое —

Толькі каб сябра быў побач са мною.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.