Вы тут

Як гаспадарка пад Полацкам пабудавала сваю царкву і пасадзіла сад


Раней бульбу ў прамысловых маштабах вырошчвала амаль кожнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, цяпер такіх няшмат. У паўночным рэгіёне значныя плошчы яе на Талачынскім кансервавым заводзе і ў ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна. У апошняй гаспадарцы сёлета пад другі хлеб адведзена 196 гектараў, але бульба — не адзіны напрамак, на якім спецыялізуюцца аграрыі.


Намеснік дырэктара па вытворчасці Аліна Завадская ў яблыневым садзе.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Кушлікі» — шматпрофільнае сельскагаспадарчае прадпрыемства Полацкага раёна, якое займаецца жывёлагадоўляй, вырошчвае гародніну і рэалізоўвае элітнае насенне. Дойны статак гаспадаркі налічвае 665 галоў буйной рагатай жывёлы, а агульная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў прадпрыемства — амаль 3800 гектараў. «Кушлікі» не ўваходзяць у аграхолдынг, жывуць на свае сродкі. 50 працэнтаў даходаў прадпрыемства атрымлівае ад жывёлагадоўлі, астатнія 50 — ад раслінаводства. Але расказваць пра дасягненні гэтай гаспадаркі без аповеду пра атмасферу ў калектыве і людзей немагчыма.

На працягу амаль чвэрці века выводзіць прадпрыемства на перадавыя пазіцыі дырэктар Фёдар Фёдаравіч Завадскі, разам з ім каля штурвала гаспадаркі стаіць яго жонка Аліна Канстанцінаўна, намеснік дырэктара па вытворчасці. Нягледзячы на тое, што ў прадпрыемствах вобласці сёння каля дзвюх тысяч свабодных вакансій, у «Кушліках» праблема кадравага голаду не стаіць, тут хапае і маладых механізатараў, і даярак, сярэдні ўзрост калектыву — трохі больш за 30 гадоў. Толькі за апошні год у гаспадарку прыйшлі пяць выпускнікоў, штат укамплектаваны. Для маладых спецыялістаў — інтэрнат з усімі выгодамі, аднак хацелася б мець больш камфартабельнага ведамаснага жылля. Чалавечыя кадры тут цэняцца высока, стаўку кіраўніцтва гаспадаркі робіць і на сямейныя каштоўнасці — шмат хто з працаўнікоў пераязджае ў «Кушлікі» цэлымі сем'ямі. Значную частку калектыву складаюць жанчыны: з 206 чалавек прадстаўніц прыгожага полу — 86, працоўная дысцыпліна тут на самым высокім узроўні.

На бульбе гаспадарка спецыялізуецца вельмі даўно, вось і тры бульбаўборачныя камбайны гатовыя прыступіць да ўборкі ў пачатку наступнага тыдня. Стаўку аграрыі робяць на такія сарты, як «вега», «гала», «палац», «першацвет» — яны сёлета павінны парадаваць ураджайнасцю. У прадпрыемства ёсць і сваё вялікае сховішча, дзе працуюць людзі на пераборцы круглы год. Акрамя продажу на насенне, «Кушлікі» забяспечваюць другім хлебам сеткі магазінаў «Дыяніс», «Залатая ніва». З 2017 года пачалі вырошчваць буракі, моркву і капусту на патрэбы гаспадаркі, цяпер пад гародніну адведзена дзесяць гектараў. Спонсарскую дапамогу свежай гароднінай гаспадарка аказвае мясцовай школе, царкве, Луначарскаму дому-інтэрнату і дзіцячаму садку ў Наваполацку.

Працуе пры гаспадарцы і свая сезонная сталовая. Так павялося яшчэ з даўніх часоў, што гэта адно з нямногіх прадпрыемстваў раёна, у якім сваіх працаўнікоў кормяць падчас уборачнай бясплатна, смачна і па-хатняму. Яе нязменнай загадчыцай на вясенне-асенні перыяд ужо 15 гадоў з'яўляецца табельшчыца Галіна Фёдараўна Нізюмава. «Не памятаю, чаму менавіта мне даручылі гэту пасаду. Мы, як і ўсе астатнія жанчыны ў сталовай, працуем у гаспадарцы: хто ў майстэрні, хто ў паляводстве, а вось з красавіка да лістапада ператвараемся ў кухараў. Але я паспяваю сумяшчаць работу тут і ў сваёй майстэрні. І так год за годам, мне гэта даспадобы», — расказвае загадчыца.

Шчыруюць сярод рондаляў жанчыны ўчатырох, штодзень трэба прыгатаваць каля 70 абедаў. Прапануюць сваім аграрыям самыя розныя супы, катлеты і адбіўныя, але асабліва карыстаюцца попытам дзеруны з мясам і фаршыраваныя перцы, на дэсерт прыязджаюць духмяныя булачкі. З паловы сёмай раніцы кухары гатуюць не толькі абеды, але і падвячоркі, з-за вялікай тэрытарыяльнай аддаленасці палёў гарачыя абеды працаўнікам развозяць самі аграномы, спецыялісты і кіраўніцтва прадпрыемства — адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, бо працуюць на агульны вынік. «У спякотныя жнівеньскія дні тэмпература на кухні трымалася на ўзроўні 40 градусаў, але ніхто з маіх калег не адмовіўся ад гэтай нялёгкай справы. Галоўнае — накарміць сваіх хлебаробаў смачна і ад душы, бо як той казаў «не патопаеш — не палопаеш», — усміхаецца Галіна Нізюмава.

Галоўным дасягненнем прадпрыемства, акрамя высокіх сельскагаспадарчых вынікаў, з'яўляецца клопат пра сваіх работнікаў і вяскоўцаў. У 2018 годзе маладыя спецыялісты і сем'і «Кушлікаў» разам з кіраўніцтвам пасадзілі яблыневы сад, які ўжо радуе маладымі натуральнымі яблычкамі жыхароў аграгарадка і вучняў школы. Летась быў закладзены яшчэ адзін сад з вішнямі, грушамі і яблынямі. Усё — дзеля людзей і, безумоўна, памяці, якая застанецца шамацець зялёным лісцем і праз дзесяцігоддзі.

Даўняй марай дырэктара прадпрыемства Фёдара Завадскага было пабудаваць у Кушліках сваю царкву. Праваслаўны прыход быў зарэгістраваны ў 2012 годзе, доўгі час служба ішла ў адміністрацыйным будынку прадпрыемства...

У 2019 годзе Фёдар Завадскі сустрэўся з новым кіраўніком Полацкай епархіі епіскапам Ігнаціем. Пачуўшы пра жаданне пабудаваць у Кушліках храм, епіскап абяцаў дапамагчы. А пасля да ідэі далучыліся прадстаўнікі расійскага дабрачыннага праекта, справа зрушылася. Паралельна з узвядзеннем храма пачалося будаўніцтва званіцы, спонсараў Завадскі знайшоў сам, дапамаглі калегі з сельгаспрадпрыемства. Спачатку набылі звон вагой 206 кілаграмаў, а пасля храму падарылі яшчэ пяць званоў меншага памеру — атрымалася класічная званіца. Сёння ёй кіруюць мясцовыя жыхары, якія асвоілі старадаўняе мастацтва. Штодзень у 12 гадзін над Кушлікамі раздаецца звон не толькі для прыхаджан храма, але і для тых, хто пакуль не гатовы пераступіць яго парог.

Так і жыве гэтая невялікая гаспадарка пад Полацкам, дасягаючы высокіх сельскагаспадарчых вынікаў, не забываючы пра вяршыні духоўныя.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.