Вы тут

Што абмяркоўваюць сёння на беларуска-ўзбекскім жаночым бізнес-форуме


У межах афіцыйнага візіту парламенцкай дэлегацыі Узбекістана ў нашай краіне праходзіць І Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум. У першы дзень форуму адбылося шэсць секцыйных пасяджэнняў, дзе прадстаўнікі бізнес-супольнасці дзвюх краін абмеркавалі шырокі спектр пытанняў: ад супрацоўніцтва ў прамасловасці і аграпрамысловым комплексе да партнёрства ў медыцыне і фармацэўтыцы. Перспектыўныя праекты паміж Беларуссю і Узбекістанам будуць рэалізаваны і сферах навукі, адукацыі і культуры. Вялікі ўзаемны патэнцыял бачыцца і ў турыстычнай галіне. Нашы карэспандэнты пабывалі на секцыях і даведаліся, што канкрэтна на іх абмяркоўвалася.


Супрацоўніцтва, якое адпавядае інтарэсам двух народаў

Падрыхтоўка медыцынскіх кадраў, фармпрамысловасць, вытворчасць прэпаратаў крыві

Фота: БелТА

На базе 6-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску прайшло пасяджэнне секцыі першага беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму «Медыцына і фармацэўтыка — перспектыўныя кірункі развіцця супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Узбекістан». Удзельнікі разгледзелі актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў галіне медыцыны і фармацэўтыкі, прыярытэтныя кірункі і перспектыўныя прагнозы развіцця медыцынскай навукі, дасягненні трансфузіялагічных службаў у абедзвюх краінах.

Супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана ў медыцынскай сферы ідзе не першы год. Наша краіна ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў у медыцынскіх універсітэтах для Узбекістана, ёсць напрацоўкі і дамоўленасці па вытворчасці фармпрэпаратаў і прэпаратаў крыві. Першы беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум стане наступным крокам у развіцці гэтага супрацоўніцтва.

— Перш за ўсё, чакаецца развіццё сувязяў у галіне арганізацыі аховы здароўя, вывучэння магчымасцяў аказання ўзаемнага садзеяння адзін аднаму ў галіне развіцця фармпрамысловасці, у прыватнасці вытворчасці прэпаратаў крыві, — расказаў намеснік старшыні Савета Рэспублікі Валерый Бельскі.

Акрамя таго, вядуцца перагаворы аб перайманні беларускага вопыту аказання высокатэхналагічнай дапамогі. Адным з такіх прыкладаў стала супрацоўніцтва ўзбекскага боку з МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.

— На базе гэтага цэнтра пастаянна праводзяцца семінары па абмене вопытам у сферы транспланталогіі і іншых спосабаў аказання медыцынскай дапамогі. За апошнія гады 77 грамадзянам Узбекістана была аказана медыцынская дапамога на базе МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, — паведаміў Валерый Бельскі.

Абмеркаваны і пытанні дапамогі анкахворым дзецям.

— Што датычыцца гэтага кірунку, то сёння ў Беларусі ёсць усё, што маецца ў самых развітых краінах свету, у многіх кірунках мы займаем лідзіруючыя пазіцыі, — падкрэсліў намеснік старшыні Савета Рэспублікі.

Ён дадаў, што ва Узбекістане прымаюцца меры па стварэнні навукова-практычных цэнтраў, якія будуць працаваць па тых жа кірунках, што і ў Беларусі. Выбудоўваецца сістэма медыцынскай дапамогі, пачынаючы ад пярвічнага звяна і заканчваючы буйнымі высокатэхналагічнымі цэнтрамі, дзе сканцэнтраваны навуковы патэнцыял і сучаснае абсталяванне. І напрацоўкі айчыннай медыцыны будуць карысныя ўзбекскаму боку. На пасяджэнні разгледжаны і пытанні арганізацыі сумеснай вытворчасці фармпрэпаратаў.

— Гэта і сумесная вытворчасць, і гандаль, і рэгістрацыя, у тым ліку размова ідзе не толькі пра беларускія прэпараты, але і тыя, што вырабляе Узбекістан, — іх рэгістрацыю на тэрыторыі Беларусі і вытворчасць на беларускіх фармпрадпрыемствах, — удакладніў Валерый Бельскі. — Крокі, якія былі зроблены фармпрамысловасцю Беларусі ў апошнія гады пад патранатам кіраўніка дзяржавы каласальныя, і фармбяспека Беларусі забяспечана. Абмен вопытам у гэтай сферы і, самае галоўнае, таварамі, якія выкарыстоўваюцца ў медыцынскай дапамозе людзям, асабліва важныя на фоне санкцый. Мы можам і павінны мабілізаваць наш навуковы патэнцыял для таго, каб аказваць садзейнічанне адзін аднаму ў вырашэнні задач, асабліва калі ёсць узаемная цікавасць.

Тое, што супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана ў галіне аховы здароўя адпавядае інтарэсам двух народаў, адзначыў і член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Юрый Дзяркач.

— Безумоўна, тое паспяховае супрацоўніцтва, якое наладзілася, асабліва ў апошнія гады, поўнасцю адпавядае інтарэсам нашых народаў. Гэтыя дасягненні, несумненна, рэалізаваны дзякуючы палітычнай волі лідараў нашых дзяржаў, накіраванай на ўсялякае ўмацаванне шматпланавага супрацоўніцтва абедзвюх краін, — адзначыў Юрый Дзяркач.

Паводле яго слоў, паміж установамі аховы здароўя і медыцынскай адукацыі Беларусі і Узбекістана наладжаны прамыя кантакты. Для развіцця супрацоўніцтва заключаны шэраг пагадненняў, рэалізоўваецца праграма акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў. Праходзяць стажыроўкі на базах устаноў аховы здароўя.

Як адзначыў рэктар Самаркандскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Жасур Рызаеў, за апошнія гады ў Беларусі і Узбекістане прымаюцца шырокамаштабныя меры па ўдасканаленні сістэм адукацыі, аховы здароўя, па паляпшэнні ўзроўню жыцця грамадзян. Што да аховы здароўя, ён заўважыў: узровень яго развіцця вызначаецца наяўнасцю і выкарыстаннем у лячэбных установах новых і найноўшых медыцынскіх прыбораў, сістэм і медыцынскіх тэхналогій.

— Мы сёння бачым дасягненні навукі і адукацыі, медыцыны і фармацэўтычнай галіны Беларусі. І гэта адкрывае вялікія магчымасці ў сферы супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, — сказаў Жасур Рызаеў.

Больш падрабязна пра супрацоўніцтва, якое ўжо наладжана, расказала першы намеснік міністра аховы здароўя Алена КРАТКОВА. Пачатак новаму этапу ўзаемаадносін быў пакладзены роўна пяць гадоў таму. У верасні 2018 года падпісана пагадненне паміж міністэрствамі аховы здароўя дзвюх краін. Распрацаваны і зацверджаны 2 лістапада 2018 года прэм’ер-міністрамі дзвюх краін і сёння паспяхова рэалізоўваецца План мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва.

Прыярытэтнымі з’яўляюцца чатыры кірункі, і першы — медыцынская адукацыя. Напрыклад, цеснае супрацоўніцтва наладжана паміж Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Андыжанскім дзяржаўным медыцынскім інстытутам, Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Бухарскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам. Працягваецца супрацоўніцтва паміж БелМАПА і Ташкенцкай медыцынскай акадэміяй і Ташкенцкім стаматалагічным інстытутам.

— Другі кірунак — узаемаадносіны паміж установамі аховы здароўя. У 2022 годзе ў РНПЦ «Маці і дзіця» праведзена навучанне чатырох урачоў-неанатолагаў з Узбекістана па тэматыцы «Арганізацыя аказання высокатэхналагічнай дапамогі нованароджаным ва ўмовах аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі». У 2023 годзе навучана 18 спецыялістаў з Узбекістана. Перспектыва — больш за сто супрацоўнікаў, нашых калег з Узбекістана, — адзначыла Алена Краткова.

Што датычыцца фармацэўтыкі, размова ідзе аб сумеснай вытворчасці лекавых прэпаратаў, імпарце прэпаратаў з Узбекістана і экспарце беларускіх прэпаратаў. У 2022 годзе экспарт прадукцыі арганізацый — удзельніц холдынга «Белфармпрам» ва Узбекістан склаў 1,5 мільёна долараў. У студзені — маі 2023 года ва Узбекістан экспартавана прадукцыі на суму 1,6 мільёна. Яшчэ адзін кірунак — развіццё трансфузійнай дапамогі, а таксама вытворчасць прэпаратаў з плазмы крыві.

Алена КРАВЕЦ


Беспілотнікі, біятэхналогіі, робаты-павадыры

Беларусь паказала Узбекістану свае навуковыя дасягненні

Пэўныя вынікі двухбаковага супрацоўніцтва і планы на будучыню ў галіне навукі і адукацыі абмяркоўваюць ўдзельнікі першага беларуска-щзбекскага жаночага бізнес-форуму падчас тэматычнай секцыі, якая прайшла на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Напачатку пасяджэння ўдзельнікам арганізавалі невялікую экскурсію па лабараторыях тэхнапарка і паказалі інтэлектуальныя здабыткі, створаныя юнымі вучонымі. 

А напрыканцы мерапрыемства Віцебскі дзяржуніверсітэт імя Машэрава, БНТУ, Палескі і Полацкі дзяржуніверсітэты падпісалі шэраг пагадненняў са сваімі калегамі з Узбекістана. 

У межах дакументаў будуць развівацца, у прыватнасці, сумесныя адукацыйныя праграмы з магчымасцю выдачы двайных дыпломаў.

Пункты судакранання

Удзельнікі секцыі абмяркоўваюць найважнейшыя тэмы і кірункі супрацоўніцтва ў сферы навукі і адукацыі. У навукова-тэхнічнай сферы ўжо рэалізощваецца шэраг праектаў, датычных аграрнай прамысловасці, нанатэхналогіі ў сферы фатонікі, медыцыне. Актывізацыя такіх праектаў — яшчэ адзін крок да супрацоўніцтва ў сферы навукі, а галоўнае, што гэта кансалідуе навуковыя суполкі абедзвюх краін і дае магчымасць для з’яўлення новых інавацыйных распрацовак і іх укаранення ў сферы вытворчасці Беларусі і Узбекістана, лічыць Ірына Старавойтава, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— За апошнія чатыры гады ў беларускіх ВНУ ў разы павялічылася колькасць навучэнцаў з Узбекістана. Аднак перспектывы супрацоўніцтва бачацца не толькі ў сферы вышэйшай адукацыі, але і сістэме дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі. У будучыні, магчыма, з’явяцца новыя спецыяльнасці, якія будуць цікавыя для нашых краін. Яшчэ адзін кирунак супрацоўніцтва дзяржаў — маладзёжная палітыка. Нашы краіны не проста захавалі гістарычную повязь і памяць, але і здолелі павялічыць колькасць праектаў, якія ў тым ліку ўплываюць на эканоміку нашых краін і дабрабыт людзей. Наш форум стане добрым стартам і для сумеснай работы маладзёжных парламентарыяў.

Жанчына ў нашай краіне і ў свеце — увасабленне міру і стварэння. Жанчына — гэта маці, радзіма, сям’я, дзеці, таму ў нас шмат агульных пунктаў судакранання: жыццёвых, чалавечых, важных. І калі з іх пачынаць размову, яна абавязкова скончыцца добрымі пазітыўнымі рашэннямі і далейшай работай сумеснымі намаганнямі, а прынятыя рашэнні будуць рэалізоўвацца, дадала сенатар.

На постсавецкай і нават сусветнай прасторы Беларусь зрабіла вялікі крок у многіх сферах, у тым ліку ў навуковай і адукацыйнай. Сумесную цікавасць адзін да аднаго ў гэтых галінах праяўляюць абедзве краіны, а Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк — гэта фабрыка раскрыцця талентаў, заўважыў, гаворачы пра даўняе супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана, Аляксандр Бахановіч, першы намеснік міністра адукацыі:

— Паміж універсітэтамі нашых краін заключана некалькі соцень прамых дагавораў аб супрацоўніцтве, у межах якіх адбываюцца сумесныя адукацыйныя праграмы, абмен студэнтамі і выкладчыкамі. Выконваецца і шэраг сумесных навуковых праектаў, абменьваемся аспірантамі і дактарантамі, вучонымі. У заключаных падчас работы секцыі пагадненнях прапісаны магчымасці ўзаемных стажыровак, наведванняў універсітэтаў, правядзенне сумесных навуковых канферэнцый і шэраг мерапрыемстваў у частцы выхаваўчай работы і стасункаў студэнтаў і выкладчыкаў. Мы плануем распрацоўваць бізнес-праекты і прапаноўваць іх нашай прамысловасці і прадпрыемствам рэальнай эканомікі.

 

Дзіцячыя ідэі сёння — інавацыйны прадукт заўтра

Навучэнцы тэхнапарка сёння прапаноўваюць мноства ідэй, якія ўжо цяпер можна рэалізоўваць у якасці канкрэтных праектаў і дакладных інавацыйных прадуктаў, упэўнены спецыялісты.

Сачыць за эмацыянальным станам супрацоўнікаў, каб папярэдзіць іх эмацыянальнае выгаранне, можна, напрыклад, з дапамогай сістэмы, распрацаванай адным з навучэнцаў, лічаць у тэхнапарку. Ідэя праекта ў тым, што па фота сістэма з дапамогай нейрасеткі аналізуе эмоцыі чалавека. Госці з Узбекістана прапанавалі выкарыстоўваць такую сістэму падчас дэгустацыі ў харчовай прамысловасці.

А робат-павадыр, да якога прымацавана спецыяльная палка, прапанаваны адным з вучняў лабараторыі, дзе займаюцца робататэхнікай, можа суправаджаць невідушчых людзей, бо здольны спыняцца перад перашкодай. Яшчэ адна цікавая ідэя датычыцца ўдасканальвання сістэмы ацяплення БелАЭС, аўтар якой Лізавета Статкевіч, 10-класніца з Ліды. Яна з дапамогай сур’ёзных разлікаў удасканаліла работу рэальнай цеплавой схемы на станцыі, якая дазволіць зменшыць цепластраты. Пакуль у тэорыі, але мяркуецца, што яе праект прадставяць на БелАЭС і прымуць да ведама.

— Усе разлікі робяцца датычна рэальных аб’ектаў з выкарыстаннем рэальных лічбаў і схем, і яны могуць выкарыстоўвацца на практыцы, — заўважыла Таццяна Пятроўская, старшы выкладчык кафедры прамысловай энергетыкі і цеплатэхнікі БНТУ. — Напрыклад, вучні прааналізавалі сусветны вопыт выкарыстання сонечных панэляў, узялі найлепшае, сабралі і прапанавалі нашаму прадпрыемству МАЗ для электробусаў з улікам выкарыстання ў беларускім клімаце. Часам праекты нашых вучняў больш складныя, чым дыпломныя работы студэнтаў.

Працуюць і ў лабараторыі авіякасмічных тэхналогій тэхнапарка. Частка заняткаў адбываецца на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, дзе хлопцы і дзяўчаты вывучаюць, як уладкаваны і працуюць беспілотныя лятальныя апараты. 

А ў канцы навучання ўсе яны ўмеюць кіраваць беспілотнікамі.

Ідэі і прадукты, зробленыя ўласнымі рукамі дзяцей, вельмі актуальныя і запатрабаваныя, таму што гэтыя рашэнні адразу можна прымяняць на практыцы, падзяліўся ўражаннямі ад убачанага Мацёкуб Бакоеў, акадэмічны дырэктар ташкенцкага філіяла Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін (універсітэта) МУС Расіі:

— Урад Узбекістана таксама ўдзяляе вялікую ўвагу стварэнню тэхнапаркаў ва ўсіх рэгіёнах, аднак у нас не хапае кадраў, якія маглі б рыхтаваць дзяцей. Мы будзем абавязкова супрацоўнічаць з беларускім Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам адносна атрымання вопыту методыкі, а таксама з тэхуніверсітэтамі — для наладжвання сувязі.

Практычна ўсе новыя галіны, якія ствараюцца ў Беларусі — робататэхніка, нана- і біятэхналогіі, штучны інтэлект — цікавяць узбекскі бок. Беларусы ў сваю чаргу гатовыя дзяліцца сваім вопытам і ўзаемаўзбагачаць адзін аднаго, а таксама вучыць грамадзян Узбекістана і павышаць кваліфікацыю прафесарска-выкладчыцкага складу ў беларускіх універсітэтах.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара


Будзем шыць дружна

І Беларуска-ўзбекскі жаночы форум даў прадпрыемствам лёгкай прамысловасці абедзвюх краін магутны імпульс да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва

Не сакрэт, што лёгкая прамысловасць — тая сфера, у якой у асноўным працуюць жанчыны. І спрадвеку менавіта жанчына ва ўсім свеце сімвалізуе стваральны пачатак. Добрасуседства, супрацоўніцтва, імкненне зрабіць жыццё больш камфортным і ўтульным — усё гэта ўласціва прыгожай палове чалавецтва. У гэтым яшчэ раз можна было пераканацца, наведаўшы пасяджэнне секцыі «Перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва ў сферы лёгкай прамысловасці» ў рамках І Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму.

Форум стартаваў у нашай краіне 4 верасня. Маштабнаму бізнес-мерапрыемству папярэднічала вялікая работа, якая пачалася яшчэ ў мінулым годзе.

Дамоўленасць аб правядзенні форуму была дасягнута ў ходзе сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай і старшыні Сената Олій Мажліса Узбекістана Танзілы Нарбаевай у кастрычніку 2022 года ў Самаркандзе.

За 6 месяцаў гэтага года тавараабарот паміж нашымі краінамі павялічыўся ў 1,4 раза. Аснову беларускага экспарту ва Узбекістан складаюць малочная прадукцыя, тавары з дрэва, нафтапрадукты, фармацэўтычныя прэпараты, трактары і седлавыя цягачы. У Беларусь з Узбекістана імпартуецца гародніна, садавіна, баваўняная пража, металапрадукцыя. І, вядома, асаблівай любоўю ў беларускіх грамадзян карыстаецца ўзбекскі тэкстыль.

Важна развіваць не толькі гандлёвыя адносіны, але і рэалізоўваць сумесныя праекты, ствараць сумесныя прадпрыемствы, наладжваць кааперацыйныя сувязі, падкрэсліла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец.

Стратэгія поспеху

— Плануем падпісанне кантрактаў мінімум на 2,5 млн долараў, — распавяла старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна. — Гэта кантракты як на пастаўку з Узбекістана некаторых таварных пазіцый у нашу краіну, так і на пастаўку з нашага боку ва Узбекістан тэкстыльнай прадукцыі — таго ж «Магатэкса», «Аршанскага льнокамбіната». Цешаць кантракты, якія мы заключаем па прамкааперацыі. Напрыклад, кантракт з узбекскімі партнёрамі «Світанка» і «Калінкі»: калі мы ўзаемадзейнічаем прамысловымі ўчасткамі, забяспечваючы працай адзін аднаго.

Беларуская лёгкая прамысловасць заматывавана на доўгую плённую работу з узбекскімі калегамі, падкрэсліла кіраўнік канцэрна «Беллегпрам».

— Мы сапраўды блізкія з узбекскімі асацыяцыямі, якія спецыялізуюцца на вытворчасці тэкстылю і гарбарна-абутковай прадукцыі, у нас даўнія сувязі. Так павялося, што мы дзесяцігоддзямі карыстаемся сыравіннымі магчымасцямі, паўфабрыкатамі нашых узбекскіх партнёраў і калег. Але сёння ёсць ужо прыклады менавіта вытворчай кааперацыі. Мы разумеем, што адным з моцных бакоў узбекскай лёгкай прамысловасці з’яўляецца іх працоўны патэнцыял, іх кампетэнцыі, якія яны здолелі нарасціць за апошнія пяць гадоў, і, вядома, уступаем у вытворча-інтэграцыйныя сувязі. Многія беларускія прадпрыемствы пад сваімі гандлёвымі маркамі і брэндамі, са сваімі дызайнерскімі рашэннямі і канструктарска-тэхналагічнай дакументацыяй размяшчаюць заказы на ўзбекскіх прадпрыемствах, і гэты бізнес будуецца даволі паспяхова. І Беларусі ёсць што прапанаваць узбекскай лёгкай прамысловасці. Карыстаюцца папулярнасцю нашы бавоўнаполіэфірныя тканіны, запатрабаваны ваўняныя тканіны, ільняныя. Пазіцыі нашых калег з канцэрна «Белнафтахім» па поліэфірных нітках таксама запатрабаваны сёння ў лёгкай прамысловасці Узбекістана.

Асобны пласт узаемадзеянняў — гарбарна-абутковая галіна, адзначыла Таццяна Лугіна. Паспяхова працуе сумеснае прадпрыемства, якое ў 2018 годзе адкрыў ва Узбекістане гарбарна-абутковы холдынг «Марка». У перспектыве «Марка» плануе таксама сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы аўчыны і каракульчы.

— Пунктаў росту шмат, — адзначае Таццяна Лугіна. — І галоўнае, што мы разумеем адзін аднаго з паўслова, — настолькі ў нас цесныя ўзаемаадносіны з узбекскімі партнёрамі. Таму трэба нарошчваць патэнцыял, і я ўпэўнена, што існуючы аб’ём тавараабароту і ўзаемаадносін у рамках лёгкай прамысловасці — гэта яшчэ не мяжа. Пераканана, што форум зблізіць нашы пазіцыі і дасць штуршок да нарошчвання тавараабароту, абмену кампетэнцыямі і вопытам.

Мэты і перспектывы

Работа секцыі, прысвечанай пытанням супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана ў галіне лёгкай прамысловасці, пачалася з экскурсіі ўзбекскіх гасцей у цэхі знакамітага беларускага прадпрыемства «Камволь», па выніках якой, у прыватнасці, быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж дызайн-цэнтрамі ААТ «Камволь» і Асацыяцыі «Узтэкстыльпрам». Потым прафесіяналы тэкстыльнай і гарбарнай галін абедзвюх краін, дэлегацыі ўзбекскіх прадпрыемстваў па пашыве спецадзення, бялізнавага трыкатажу, дзіцячага адзення, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, члены Маладзёжнай палаты пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь абмяркоўваюць перспектывы супрацоўніцтва ў ходзе круглага стала.

Нашы краіны — найважнейшыя стратэгічныя партнёры адна для адной, адзначалі госці. І лёгкай прамысловасці абедзвюх краін ёсць чым падзяліцца.

— З першага дня работы форуму ў нас ужо ёсць некалькі дагавораў і пагадненняў, — падкрэсліла дарадца па гендарнай роўнасці і развіццю дызайну Асацыяцыі «Узтэкстыльпрам» Камала Гулямава. Яна расказала, што за 6 апошніх гадоў тэкстыльная галіна яе краіны дабілася ўражлівых поспехаў.

— Важным нашым дасягненнем стала стапрацэнтная перапрацоўка баваўнянага валакна і паказчык экспарту тэкстыльнай прадукцыі ў 3,2 млрд долараў. Цяпер наша мэта — павялічыць штогадовы экспарт да 10 млрд долараў у 2027 годзе.

Высокіх вынікаў у апошнія гады дасягнула і абутковая галіна лёгкай прамысловасці Узбекістана.

— Калі ў 2018 годзе ў нас было каля 70 прадпрыемстваў гарбарна-абутковай галіны, то на сёння іх больш за 2 тысячы, — сказала Длабар Зуфарава, начальнік аддзела прагназавання і эканамічнага аналізу Асацыяцыі «Узчармсанаат». — Адзін з прыкладаў паспяховага супрацоўніцтва з беларускімі калегамі — адкрыццё сумеснага прадпрыемства «Узшуз». І, я думаю, гэта толькі першая ластаўка. У нас з беларускімі калегамі вельмі шмат тэм, якія можна прапрацаваць.

— За два няпоўныя гады работы прадпрыемства «Узшуз» вырабіла каля 180 тысяч пар абутку, — распавёў генеральны дырэктар ТАА "Кіруючая кампанія холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка» Мікалай Мартынаў. — У далейшым прадпрыемства выйдзе на праектныя магутнасці 570 тысяч пар абутку ў год.

Гэта прыклад узаемавыгаднага супрацоўніцтва, падкрэслівае спецыяліст. Беларускі бок перадае кампетэнцыі па тэхналогіях вытворчасці абутку, патэнцыял узбекскага боку — у сыравіннай базе і працоўных рэсурсах.

Вынікам работы секцыі «Перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы лёгкай прамысловасці» І Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму стала падпісанне шэрагу кантрактаў, а таксама пратакола аб намерах стварэння сумеснага прадпрыемства па вырабе аўчынна-футравай, каракулева-смушкавай і пушна-футравай сыравіны.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ


Супрацоўніцтва дзеля росту і ўзбагачэння

У межах Першага беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму адбылося пасяджэнне секцыі «Культура і турызм — патэнцыял узаемных кантактаў». У ходзе сустрэчы абмеркавалі ролю і месца міжнароднага турызму ў сістэме эканамічных адносін Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Узбекістан, рэалізацыю сумесных культурных праектаў у галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, спыніліся на перспектыве супрацоўніцтва ў музейнай дзейнасці.

— Гуманітарна-культурная сфера мае добрыя вынікі ўзаемнага супрацоўніцтва, — сказаў, адкрываючы секцыю, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч. — Мы прырастаем новымі цікавымі праектамі, ініцыятывамі. Паміж навучальнымі ўстановамі ў сферы культуры ў нас заключана больш за 400 пагадненняў. Мы ўзаемна пераймаем вопыт і прымяняем яго ў нашым паўсядзённым жыцці... Сёння мы гаворым пра турыстычны патэнцыял паміж нашымі краінамі, і, думаю, павінен адбыцца актыўны ўзаемны абмен поглядамі, бо і вам, і нам ёсць што прапанаваць. Упэўнены, наперадзе ў нас яшчэ шмат сумесных праектаў, якія паслужаць умацаванню нашых узаемаадносін.

Перад абмеркаваннем гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства прэзентавалі выстаўку культурнага і турыстычнага патэнцыялу Беларусі. Можна было ўбачыць палітру павільёнаў, дзе прадставілі работы рамеснікаў, рукадзельніц, пазнаёміцца з галоўнымі народнымі святамі і абрадамі, фестывалямі, дакрануцца да гісторыі, адчуўшы яе подых у дэкарацыях ваеннай экспазіцыі. А яшчэ пачуць студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

— Сімвалічна, што наша секцыя праходзіць у сценах Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Хачу адзначыць, што Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і гэтая культурная ўстанова маюць глыбокую сувязь. Таму шчыра ўдзячная за магчымасць правесці пасяджэнне секцыі на гэтай цудоўнай пляцоўцы, а таксама за ўсебаковую дапамогу ў яе падрыхтоўцы, — адзначыла член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыянальным развіцці Таццяна Абель. — Пошук новых магчымасцяў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, умацавання ўжо існуючых эканамічных і культурных сувязяў паміж Беларуссю і Узбекістанам з’яўляецца адным з ключавых кірункаў гэтага форуму. Багатая культурная і гістарычная спадчына абедзвюх краін, дзе і прыроднае багацце, і гасцінныя людзі, — тое, што можа стаць падмуркам для эфектыўнага супрацоўніцтва ў сферах культуры і турызму.

Узбекістан — краіна вялікага культурнага і турыстычнага патэнцыялу. Ташкент, Самарканд, Бухара — гарады з вялікай гісторыяй. У сваю чаргу ўзбекістанскі бок могуць зацікавіць Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Мірскі замак, Белавежская пушча і шмат іншых цікавых лакацый для адпачынку ў Беларусі.

У ходзе дыялогу абмеркавалі шмат тэм. Кацярына Дулава, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, распавядала пра супрацоўніцтва ў галіне тэатральнага і музычнага мастацтва:

— Нягледзячы на адлегласць у 4000 кіламетраў паміж Ташкентам і Мінскам, нашы народы многае аб’ядноўвае. У тым ліку пытанне захавання духоўна-гістарычнай, культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый і нацыянальнай аўтэнтычнасці. Сумесныя форумы, фестывалі, дні культуры, разнастайныя творчыя праекты — гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй і культурай нашых краін, адчуць іх самабытнасць. Творчая спадчына Вялікага тэатра Беларусі фарміравалася прадстаўнікамі розных рэспублік, для многіх з якіх наша краіна стала родным домам. Мір, узаемаразуменне, міжнацыянальная, этнакультурная, міжканфесійная згода сталі візітнай карткай Беларусі. Невыпадкова пасля Вялікай Айчыннай вайны Вялікі тэатр стаў прызнаным цэнтрам па абмене творчым вопытам для тэатраў Савецкага Саюза. Першыя творчыя кантакты з Узбекістанам адносяцца да 1952 года. Фестывалі, гастролі, сумесныя творчыя і адукацыйныя праекты — у такіх напрамках цяпер сканцэнтравана ўзаемадзеянне дзвюх нашых культурных устаноў.

Алена Клімовіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, звярнула ўвагу прысутных на тэму развіцця культурнага і падзейнага турызму на базе старажытных гістарычных цэнтраў Беларусі.

Гаварылі таксама пра экспарт адукацыйных паслуг, пра патэнцыял беларускай сталіцы і пра тое, што ўзбекістанскі бок можа прапанаваць беларускаму турысту.

— У сучасным свеце турызм з’яўляецца адной з найбольш дынамічных галін эканомікі. Патэнцыяльныя магчымасці Узбекістана дазваляюць пры належным узроўні развіцця турызму прымаць да 15 мільёнаў турыстаў у год. Аднак на сёння колькасць наведвальнікаў нашай краіны складае толькі каля 5 мільёнаў, — распавяла дырэктар і заснавальнік ААТ MUІNAK TOUR Аміна Бекжанава. — Сучасны турызм ва Узбекістане адрозніваецца разнастайнасцю відаў і форм. Ёсць экалагічны, гістарычны, спартыўны, этнічны, агратурызм, фестывалі і многія іншыя прапановы. І калі мы гаворым пра ўзаемадзеянне нашых краін у галіне турызму, то павінны разумець, якое важнае значэнне гэта мае для нашых эканомікі і культуры. Гэта спрыяе развіццю Беларусі і Узбекістана, таму нам варта выбудоўваць усебаковае супрацоўніцтва. І калі мы гаворым пра турыстычны патэнцыял паміж дзвюма краінамі, то павінен адбыцца актыўны ўзаемны абмен вопытам.

Алена ДРАПКО

Фота Лізы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.