Вы тут

Лукашэнка аб адносінах з Узбекістанам: Нямала зроблена, але ёсць куды імкнуцца


У адносінах Беларусі з Узбекістанам нямала зроблена, але ёсць куды імкнуцца.Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са Старшынёй Сената Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан Танзілой Нарбаевай.


Прэзідэнт заўважыў, што візіт узбекскай дэлегацыі ў Беларусь праходзіць у гістарычны перыяд — 30-годдзя ўстанаўлення беларуска-ўзбекскіх адносін. Па словах беларускага лідара, Узбекістан ніколі не адмаўляў Беларусі ў дапамозе. «А беларусы такія людзі, што ў даўгу ніколі не застаюцца. Усё, чым мы можам дапамагчы Узбекістану, мы зробім», — запэўніў ён. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь гатовая развіваць адносіны і дзяліцца любымі тэхналогіямі.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што візіт парламенцкай дэлегацыі Узбекістана ў Мінск праходзіць пасля важных унутрыпалітычных падзей, якія адбыліся там, — канстытуцыйнага рэферэндуму і датэрміновых выбараў Прэзідэнта. «Малайцы. Акуратна. Былі непаладкі нейкія напярэдадні, вы своечасова прыгожа адрэагавалі. Людзі на вас не пакрыўджаныя. Нашы назіральнікі там былі і бачылі, што ўсё было дастойна, вы малайцы ў гэтым плане. Нам гэта важна, таму што мы таксама ўдасканальваем свой Асноўны Закон, заканадаўства аб выбарах», — сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што ў хуткім часе ў Беларусі пройдуць выбары, адзіны дзень галасавання, стаіць задача сфарміраваць не толькі парламент, але і вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя — Усебеларускі народны сход. Таму Беларусі цікавы нядаўні вопыт правядзення электаральных кампаній ва Узбекістане. «Для нас ваша парада, на што звярнуць увагу ў цяперашняй сітуацыі, вельмі важная», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана на палях міжнародных арганізацый і рэгіянальных аб’яднанняў. Кіраўнік краіны выказаў удзячнасць за падтрымку ў пытанні паскоранага атрымання Беларуссю членства ў ШАС. «Мы вас заўсёды будзем падтрымліваць, таму што ваш курс на міралюбнасць, на дружалюбныя адносіны з суседзямі і іншымі краінамі — гэта і наш курс», — адзначыў ён.

Кажучы пра першы беларуска-узбекскі жаночы бізнес-форум, Прэзідэнт заўважыў, што прыйшоў час пераходзіць да рэгіянальнага супрацоўніцтва. Такі вопыт ужо маецца і кожны год прымяняецца падчас беларуска-расійскага форуму рэгіёнаў. «Я б вельмі хацеў, каб мы перайшлі да рэгіянальнага супрацоўніцтва, асновай якога з’яўляецца эканоміка. Для нас гэта важна. Для Узбекістана яшчэ важней з пункту гледжання тэхналогій. У гэтым плане, пачынаючы ўжо не з простага гандлю, а з кааперацыі нашых прадпрыемстваў, пераносу нашых тэхналогій да вас ва Узбекістан, для вас гэта было б вельмі цікава. Мы гатовыя ў такім напрамку абсалютна адкрыта працаваць. Вопыт пэўны ёсць, тэхналогіі ёсць, мы гатовыя абменьвацца гэтымі тэхналогіямі. Вельмі хацелася б больш цесна супрацоўнічаць з Узбекістанам, таму што ў вас ёсць шмат тавараў, якія нас цікавяць і якія нам карысныя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі і ўзбекскі народы вельмі падобныя ў галоўным — гэта вельмі працавітыя людзі, якія адчулі ў сваёй гісторыі «ўсё, што можна было адчуць». Кіраўнік дзяржавы расказаў, што доўгі час уважліва, пільна назірае за развіццём Узбекістана і лічыць, што з цяперашнім кіраўніком — Прэзідэнтам Шаўкатам Мірзіёевым — народу пашанцавала. «У вас вельмі добры Прэзідэнт. Я і ў вочы яму кажу: ты не павінен падвесці народ, які табе так давярае і верыць», — сказаў ён. — Пашанцавала ў тым плане, што ён горача хоча зрабіць для Узбекістана і ўзбекаў жыццё лепшым. Ва Узбекістана вялікая будучыня. І мая вам парада: пастарайцеся як мага даўжэй зберагчы свайго Прэзідэнта. Яму патрэбны час, каб разгарнуцца«, — параіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар расказаў, што неаднойчы бываў ва Узбекістане, прызнаўся, што яго ўразіла прырода гэтай краіны. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, яму таксама хацелася б наведаць Узбекістан зімой. «Я пастараюся вырвацца ў найбліжэйшы час, каб пабываць у вас у гарах», — адзначыў ён.

У слове ў адказ Танзіла Нарбаева падзякавала беларускаму лідару за цёплы і гасцінны прыём. Яна заўважыла, што беларускі і ўзбекскі народы яднае таксама адкрытасць і гасціннасць. «Мы, як толькі ступілі на беларускую зямлю, адчулі сябе як дома. Захопленыя чысцінёй, акуратнасцю і дарог, і гарадоў, добразычлівасцю людзей. Вы правільна сказалі, што нашы народы збліжаюць працавітасць, гасціннасць, адкрытасць. Мы пабывалі ў першы дзень на некалькіх аб’ектах і адчулі адкрытасць, цікавасць да гасцей у беларускага народа і вельмі гэтаму рады», — сказала яна. Танзіла Нарбаева перадала Аляксандру Лукашэнку прывітанне і цёплыя пажаданні ад Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева.

Валерыя СЦЯЦКО


У тэму

Беларусь і Узбекістан за пяць гадоў нарасцілі тавараабарот практычна ў тры разы

Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас сустрэчы са Старшынёй Сената Олій Мажліса Узбекістана Танзілай Нарбаевай, перадае БелТА.

«Для нас Узбекістан — ключавы партнёр у Цэнтральнай Азіі. Мы вельмі рады таму, што ўстанавіліся вельмі цёплыя адносіны на ўсіх узроўнях — на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, на міжпарламенцкім узроўні. Цяпер вельмі добры момант, каб кінуць погляд у мінулае і намеціць планы на будучыню ў святле таго, што мы адзначаем 30-годдзе дыпламатычных адносін у гэтым годзе. Нашы двухбаковыя адносіны перажываюць перыяд своеасаблівага росквіту. Пра гэта сведчаць і вельмі плённы палітычны дыялог, і ўзаемная падтрымка на міжнароднай арэне, што вельмі важна ў бягучых умовах, а таксама ўзаемны гандаль і ў цэлым гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. За пяць гадоў мы нарасцілі тавараабарот практычна ў тры разы. Гэта вельмі сур’ёзны паказчык. І бягучы год не выключэнне — мы практычна на 50 працэнтаў прыбавілі», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Ён адзначыў, што Беларусь поўнасцю кампенсавала страты ад санкцый за кошт нарошчвання супрацоўніцтва з дружалюбнымі краінамі. «І Узбекістан у гэтым шэрагу займае дастойнае месца. Мы дзякуем за ўзважаны і канструктыўны партнёрскі падыход», — дадаў прэм’ер-міністр.

Танзіла Нарбаева таксама адзначыла, што адносіны Беларусі і Узбекістана актывізаваліся, і гэтаму задаюць тон кіраўнікі дзяржаў. «Важна забяспечваць прававую аснову для рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых на вышэйшым узроўні, таму парламенцкае вымярэнне так важна. Трэба гарманізаваць нашы заканадаўствы, забяспечваць парламенцкі кантроль за рэалізацыяй дамоўленасцяў. Немалаважна для нас і рэгіянальнае супрацоўніцтва, сацыяльны кірунак. У прыярытэце эканоміка, ёсць патэнцыял для павелічэння тавараабароту», — зрабіла акцэнт яна.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.