Вы тут

Галоўны здабытак — жыццё...


...Падхапіцца ледзь не сярод ночы (чаго, жонка ўжо не пытае), ціхутка, не запальваючы святла, апрануцца, закінуць на плячо сумку з апаратурай, ступіць за дзверы — у снег, у туман... Ісці — доўга, навобмацак, не бачачы сцежкі. Стаяць — ля рэчкі альбо на знаёмым пагорку, слухаць цішыню і чакаць... Чакаць золаку, чакаць досвітку. Каб убачыць — самому, сённяшні... Каб іншым паказаць (хоць на здымках!) гэту заўсёдную таямніцу, гэта заўсёднае свята: свята нараджэння дня альбо кветкі... Вясёлкі ці вясны...


Ледзь не ўсё жыццё (маленства не ў залік) ён здымаў: сказаць прафесійна — значыць, не сказаць нічога, бо фотакарэспандэнт «Звязды» Анатоль Кляшчук аўтар больш чым 30 персанальных выстаў (прычым не толькі ў Беларусі), аўтар і суаўтар фотаальбомаў «Пад небам Беларусі», «Чарнобыль», «Чарнобыль 1986—2006. Жыць з трагедыяй», «Беларусь. Зямля песняроў», «Карагод беларускіх абрадаў», бо яго здымкі не проста друкаваліся і тым самым ўпрыгожвалі старонкі газеты: яны... працавалі. Ну сапраўды: «Кавалеры ордэнаў Салдацкай славы», «Праведнікі Народаў Свету», «Гарманісты» (гэта — толькі назвы праектаў) выхоўвалі мужнасць і самаахвярнасць, паказваліі прыгажосць чалавечай душы; звяздоўскае, «Пракаветнае» абуджала любоў да ўсяго свайго, у тым ліку мінулага, «Абрысы Айчыны» і «Жывая зямля» — замілаванне хараством прыроды...

Асобнай тэмай быў Чарнобыль. І сама трагедыя, і яе наступствы. Па словах Анатоля, калі нейкія праблемы не ўздымаюцца, не асвятляюцца ў СМІ, яны як бы не існуюць. Ну быў выбух, было бедства з вялікім перасяленнем людзей. Але з часам усё ўсталявалася, хоць якраз тады (ды і цяпер) людзі сталі цяжка хварэць. Многім (у тым ліку дзецям) патрэбна была дапамога — лекамі, абсталяваннем...

Нельга сказаць, што яе не было, — ну, вядома ж, была. Але справе пасадзейнічалі яшчэ і фотаздымкі, адмысловы альбом «Чарнобыль 1986—2006. Жыць з трагедыяй», які дапамог выдаць нямецкі фонд «Дзецям Чарнобыля». А перад гэтым Анатоль амаль як на працу ездзіў у дзіцячы анкалагічны цэнтр. Ведаў, калі малыя выстройваюцца на аналіз крыві, ведаў, калі і каго аперыруюць, калі і каго выпісваюць, скрынкамі вазіў вітаміны, якія людзі перадавалі для хворых, як мог падбадзёрваў бацькоў — яшчэ і тым, што паказваў фатаграфіі тых, хто паправіўся!..

З многімі тады пасябраваў... І ў здымках яму адмовілі толькі аднойчы: дзяўчынка з лейкеміяй, якую літаральна выцягнулі з таго свету, вырасла, выйшла замуж і — ці ж не цуд?! — нарадзіла! Ён ужо бачыў гэтыя кадры — гэтую перамогу, гімн жыццю! Але...

Назіранні і боль падштурхнулі Анатоля («сыходзіць натура!») і да стварэння альбомаў «Беларусь. Зямля песняроў», «Карагод беларускіх абрадаў» Любячы добрую музыку і літаратуру (у тым ліку творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа), наш Фігара (сёння ён там, заўтра ён тут) спяшаўся ўвекавечыць, захаваць у памяці людзей дарогі, па якіх хадзілі і ездзілі нашы слынныя песняры, камяні, на якіх сядзелі, крыніцы, з якіх, напэўна ж, пілі сцюдзёную вадзіцу, старэнькія (па цяперашнім часе) хаткі, трохсотгадовы «Ясеў ясень», ля якога Янка Купала любіў збірацца з сябрамі. Дзясяткі разоў Анатоль прыязджаў, напрыклад, да той жа авеянай легендамі Княгінінай гары, бо вельмі хацеў «злавіць» (і злавіў урэшце!) над ёю вясёлку... Селішча было па-свойму прыгожым, але фотамайстру з дапамогай здымка хацелася перадаць драму, якую тут перажыў Купала, калі ў 1902 годзе страціў бацьку, дзвюх сясцёр і брата... Данесці гэты трагізм дапамаглі цяжкія восеньскія хмары.

«Каб навучыцца танцаваць, трэба танцаваць, — казаў Анатоль, — каб навучыцца здымаць, трэба здымаць — шмат і нават адно і тое ж!» Царкву ў вёсцы Белая Царква Чашніцкага раёна ён фатаграфаваў на захадзе сонца, на ўсходзе, здымаў у дождж, у сонца... Але найлепшы ракурс убачыў зверху, падняўшыся над ёй на дэльтаплане.

...Кравец без ботаў: журналісты амаль ніколі не пішуць пра журналістаў (ну хіба на развітанне?). У адным інтэрв'ю з Анатолем было бліц-апытанне:

Любімы час года — кастрычнік.

Любімая страва — сала.

Любімая песня — «Мой родны кут, як ты мне мілы...»

Любімы занятак — два: вандраваць і чытаць.

Любімае месца — Беларусь.

Галоўны здабытак — жыццё.

Рэй Брэдберы пісаў, што кожны пасля яго павінен нешта пакінуць — сына альбо кнігу, карціну, пабудаваны дом, пашытую пару чаравікаў, нешта, да чаго пры жыцці датыкаліся твае пальцы, у чым знойдзе прыстанішча твая душа. Людзі будуць глядзець на тваё дрэва ці кветку, і ў гэту хвілінку ты будзеш жыць.

Без сумневу: людзі будуць глядзець на здымкі Анатоля, будуць захоўваць і ў спадчыну перадаваць выразкі з газеты, будуць успамінаць незабыўныя сустрэчы і размовы, будуць шкадаваць. Як шкадуем сягоння мы.

Звяздоўцы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.