Вы тут

Цэнтр кітайскай мовы адкрыўся ў Міжнародным універсітэце «МІТСО»


Размаўляць з патэнцыйнымі кліентамі на адной мове ў прамым і пераносным сэнсах, валодаць прафесійнай лексікай і ведамі па развіцці пэўнай галіны не толькі ў Беларусі, але і ў Паднябеснай. Такія задачы мае на мэце цэнтр кітайскай мовы і культуры, які ўрачыста адкрылі ў дзень ведаў у Міжнародным універсітэце «МІТСО» у сталіцы. Ініцыятыва была рэалізавана пры садзейнічанні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.


Сёння адносіны паміж Беларуссю і Кітаем дынамічна развіваюцца па ўсіх накірунках — ад прамысловасці да медыцыны. Становіцца відавочным, што вывучэння кітайскай мовы толькі для стасункаў на бытавым узроўні недастаткова. Трэба рыхтаваць спецыялістаў, якія будуць разумець сацыяльна-эканамічныя асаблівасці Кітая, традыцыі і культуру. Калі гэта, напрыклад, лагіст, то ён павінен дасканала ведаць, як развіваецца гэтая галіна не толькі ў Беларусі, але і ў Кітаі, зазначылі ва ўніверсітэце.

— Прэзідэнт шмат гаворыць пра важнасць узаемадзеяння з Кітаем, шмат кажа пра неабходнасць развіцця моладзі і стварэння ўмоў для таго, каб яна пачувала сябе камфортна, бачыла перспектывы свайго развіцця, — заўважыла падчас урачыстага адкрыцця Цэнтра Вольга Чупрыс, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — МІПСА — вельмі буйны ўніверсітэт з даўнімі традыцыямі, якія існуюць ужо амаль сто гадоў. Установа дынамічна развіваецца і знаходзіцца на вастрыі з’яў краіны і свету, і такі Цэнтр прыцягне моладзь.

Штогод ва ўніверсітэце стараюцца ўкараніць нешта новае і карыснае для навучання маладых людзей, стварыць дадатковыя магчымасці для ўсебаковага развіцця студэнтаў, заўважыў Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:

— Быць запатрабаванымі і паспяховымі ў жыцці, ісці ў нагу з часам, каб дасягаць асабістых мэт і прыносіць карысць сваёй краіне, — гэта вельмі важна для моладзі. Летась мы адкрылі ў МІПСА вельмі запатрабаваны ў студэнтаў спартыўна-аздараўленчы цэнтр. Сёння — цэнтр кітайскай мовы і культуры. Гэта неабходна, каб нашы маладыя людзі не толькі ведалі кітайскую мову, але і глыбока разумелі культуру і эканоміку гэтай краіны, далей развівалі адносіны паміж нашымі дзяржавамі. Цэнтр будзе працаваць на пастаяннай аснове, а да работы будуць прыцягваць носьбітаў кітайскай мовы. Плануюцца і стажыроўкі ў Кітаі. Сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Кітая мы будзем развіваць і пашыраць гэты праект.

Прафсаюзны ўніверсітэт цягам многіх гадоў развівае практычнае супрацоўніцтва з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі розных краін. Гэта сумесныя адукацыйныя праграмы, праграмы па абмене студэнтамі, стажыроўкі, арганізацыя і правядзенне міжнародных канферэнцый і алімпіяд.

У планах цэнтр кітайскай мовы і культуры не толькі правядзенне заняткаў. Але і падрыхтоўка да здачы міжнароднага кваліфікацыйнага іспыту, арганізацыя акадэмічнага абмену з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, якія спецыялізуюцца ў галіне кітаязнаўства. Будзе праводзіцца і падрыхтоўка і арганізацыя ўдзелу моладзі ў Сусветным студэнцкім конкурсе на веданне мовы «Мост кітайскай мовы», які быў заснаваны ў 2002-м Кітайскім дзяржаўным камітэтам па выкладанні кітайскай мовы за мяжой.

Ірына СІДАРОК

Фота дадзена Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.