Вы тут

Баіцеся пакідаць дома бацькоў адных? Выйсце ёсць — «дзіцячы садок» для пажылых людзей


Баіцеся пакідаць адных дома сваіх пажылых бацькоў? Ім сумна, не хапае зносін, а вы цэлы дзень занятыя на рабоце? Бабулям і дзядулям неабходныя нагляд і догляд, а ў вас тэрміновыя неадкладныя справы? Выйсце ёсць — «дзіцячы садок» для пажылых людзей.


Пра гэтую адносна новую паслугу я даведалася падчас наведвання дома-інтэрната «Камфортнае жыццё», што непадалёку ад Асташыцкага Гарадка. «Калі, напрыклад, дачка працуе, яна можа адвезці маму ці тату зранку да нас, а вечарам пасля работы забраць, каб не перажываць, што стары чалавек застаўся адзін дома, — распавядае дырэктар дзяржаўнай установы Юлія Дударонак. — Бабулі і дзядулі ў нас могуць знаходзіцца пад наглядам спецыялістаў да 12 гадзін у суткі днём. Дадзеная паслуга бясплатная, плаціць трэба толькі за харчаванне».

Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела сацыяльных устаноў упраўлення сацыяльных устаноў і матэрыяльна-бытавога забеспячэння пенсіянераў і інвалідаў Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Вера Падароўская, паслуга, якая больш правільна называецца «дзённае знаходжанне для пажылых людзей», аказваецца на базе дамоў-інтэрнатаў — як агульнага тыпу, так і псіханеўралагічных. Гэта як дзіцячы садок, але толькі для бабуль і дзядуль. Яго паслугамі можна карыстацца на працягу пяці дзён на тыдзень (за выключэннем выхадных і святочных дзён) з 8.00 да 20.00. Ніхто не забараняе прывезці пажылога чалавека ў дом-інтэрнат на некалькі гадзін ці на першую палову дня, ва ўсіх розныя абставіны. Адзінае, што павінна быць, — заключэнне ўрачоў, што чалавек мае патрэбу ў такой паслузе.

У «дзіцячым садку» бабулі і дзядулі могуць адпачыць, паспаць, наведаць гурткі па інтарэсах і проста пакантактаваць. Ім не будзе сумна і адзінока, бо іх акружаць клопатам і ўвагай. Акрамя таго, спецыялісты акажуць санітарна-медыцынскія паслугі (у прыватнасці, пракантралююць, каб чалавек своечасова выпіў таблетку, калі трэба, зробяць укол, дапамогуць у правядзенні гігіенічных працэдур), арганізуюць вольны час (гэта могуць быць гурткі па інтарэсах, канцэрты, нейрагімнастыка і іншае), акажуць псіхолага-сацыяльную падтрымку. Пры заключэнні дагавора ўсё гэта агаворваецца і складаецца індывідуальны пералік сацыяльных паслуг ды іншых мерапрыемстваў з улікам асаблівасцяў пажылога чалавека.

Падобная паслуга вельмі зручная для тых сталых людзей, якія не гатовыя ў дадзены момант пераязджаць у традыцыйны дом-інтэрнат, але адчуваюць цяжкасці з самаабслугоўваннем на працягу дня. Акрамя таго, яна можа стаць прамежкавым этапам паміж знаходжаннем дома і ў доме-інтэрнаце для пажылых, падрыхтуе старога чалавека да новага спосабу жыцця і новага месца паступова, без рэзкай змены абстаноўкі.

Як удакладнілі ў Камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама, паслуга пакуль, на жаль, не надта запатрабаваная. Звязана гэта, відаць, з тым, што амаль усе дамы-інтэрнаты размешчаныя за горадам. Дзецям не вельмі зручна і дорага вазіць пажылых бацькоў кожны дзень за 20-50 кіламетраў і вечарам забіраць. Таму ў якасці альтэрнатывы ў дамах-інтэрнатах аказваюцца кароткатэрміновыя сацыяльныя паслугі. Напрыклад, калі вы з'язджаеце ў водпуск, то можаце аформіць маму ці тату ў дом-інтэрнат на 14 дзён (максімум на месяц).

Яшчэ адной альтэрнатывай з'яўляецца паслуга дзённага нагляду, якая аказваецца ў Тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Як распавяла начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі і сацыяльнага абслугоўвання Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Людміла Вашчыла, дадзеная паслуга ўведзена не так даўно, з сярэдзіны 2021 года. Яна аказваецца днём на платнай аснове як у форме паўстацыянара ў самім тэрытарыльным цэнтры, так і дома (у тэрытарыяльным цэнтры на базе аддзялення дзённага знаходжання — кошт складае на сёння 75 капеек у гадзіну, дома будзе крыху даражэй — 1 рубль 16 капеек). Чалавек мае права атрымліваць такую паслугу ад 10 да 40 гадзін у тыдзень. Прызначаная яна для людзей, у якіх ёсць псіхічныя расстройствы, у прыватнасці, пачатковая стадыя дэменцыі. Гэтым людзям не патрэбная сядзелка і сацыяльны работнік, бо яны, як правіла, мабільныя, многае могуць рабіць самі. Яны маюць патрэбу менавіта ў наглядзе, суправаджэнні падчас прагулак. Бо могуць забыцца выключыць газ, своечасова прыняць таблеткі, паесці, нават заблукаць. Небяспечна пакідаць іх у кватэры адных, адпускаць у краму. Таму калі дзеці не маюць магчымасці цэлы дзень знаходзіцца побач з мамай ці татам, яны могуць скарыстацца дадзенай паслугай, і прафесійны нагляд і догляд пажылога чалавека, пакуль тыя на рабоце, будуць ажыццяўляць кваліфікаваныя спецыялісты. Для тых бабуль і дзядуль, якія карыстаюцца паслугай у форме паўстацыянара — наведваюць тэрытарыяльны цэнтр, дадаткова праводзяцца заняткі па інтарэсах.

— Паслуга маладая, таму яшчэ не такая папулярная, як іншыя, — адзначае Людміла Вашчыла, — але з кожным годам звяртаецца ўсё больш людзей. У цэлым гэтай паслугай ужо скарысталася каля 90 чалавек, з іх у паўстацыянары — дзесяць, астатнія — дома.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.