Вы тут

Сабралі гісторыі, дзе праблемы вырашыліся дзякуючы неабыякавасці парламентарыяў


«Звароты грамадзян»... Гучыць афіцыйна, фактычна без эмоцый. Але за гэтымі двума словамі — гісторыі, праблемы, пытанні асобна ўзятых людзей, якія спадзяюцца на дапамогу. Якія пішуць, тэлефануюць, прыходзяць на прыём да прадстаўнікоў улады як да апошняй інстанцыі.

Члены Савета Рэспублікі працуюць са зваротамі людзей пастаянна. Літаральна кожны тыдзень хтосьці з сенатараў праводзіць прамую лінію або асабісты прыём — і ў сталіцы, і ў рэгіёнах. Добрай практыкай стала і правядзенне Адзінага дня прыёму ў той ці іншай вобласці, калі ўвагай членаў Савета Рэспублікі ахопліваюцца ўсе раёны.

Людзі звяртаюцца, таму што вераць і давяраюць. Гэты давер узмацняецца, калі відаць рэальныя справы, рэальную дапамогу ў вырашэнні таго ці іншага пытання.

Мы сабралі некалькі гісторый з розных рэгіёнаў краіны, дзе праблемы вырашыліся дзякуючы неабыякавасці і актыўнаму ўдзелу парламентарыяў.


Анёлы-ахоўнікі для сацыяльнай установы

Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі існуе ў Касцюковічах з 2001 года. Для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ён, лічы, родны дом. Тут яны маюць магчымасць кантактаваць, развіваць свае здольнасці, вучыцца, адпачываць, спраўляць святы. На базе цэнтра створаны тры спецыяльныя класы і тры дашкольныя групы. З улікам навічка, які прыйдзе сюды 1 верасня, колькасць выхаванцаў павялічыцца да 30 дзяцей. Сёлета ўстанова атрымала магчымасць пераехаць у новы, больш камфортны і функцыянальны будынак. Гэта рэканструяваная пабудова былога дзіцячага садка па вуліцы Максіма Горкага. Цудоўна, што цяпер ёсць новыя памяшканні і тэрыторыі, дзе дзецям будзе зручна гуляць і займацца. Раней былі праблемы з абсталяваннем для спецыялізаваных пакояў, але яны ўжо цалкам вырашаныя.

— Па патрабаваннях у пакоі псіхолага медыка-педагагічнай камісіі павінна быць відэаназіранне і люстэрка Гезела, — расказвае дырэктар цэнтра Ларыса Даніловіч. — Я звярнулася да нашага сенатара Віктара Міхайлавіча Ананіча, і ён нас пачуў. Была выдзелена спонсарская дапамога ў памеры больш чым 7,5 тысячы рублёў, і мы набылі ўсё неабходнае. Падчас звароту я таксама паведаміла пра дрэнны стан шарыкавага басейна для дашкольнай групы, які ўжо амаль цалкам прыйшоў у непрыдатнасць і патрабаваў замены. Акрамя таго, у нас не было трымера, каб даглядаць тую вялікую тэрыторыю, якая ў нас з'явілася. Нас ужо папярэдзілі, што і басейн, і трымер нам перададуць на Дзень ведаў, які супаў для нас з наваселлем. І ў якасці ганаровых гасцей мы чакаем Віктара Ананіча і супрацоўнікаў «Беларусбанка».

Са старшынёй праўлення «Беларусбанка», намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктарам Ананічам установа супрацоўнічае з 2020 года. Першы раз Ларыса Даніловіч звярнулася да сенатара з просьбай дапамагчы набыць абсталяванне для сэнсарнай інтэграцыі. І дапамога не прымусіла сябе доўга чакаць.

— Нам перадалі фібераптычны душ «Светлавы дождж», праектар «Мора», шар, які свеціцца, светлавую пясочніцу, гульні на тактыльныя адчуванні і іншыя прадметы, — расказвае Ларыса Міхайлаўна. — Было вельмі прыемна, што сенатар паўдзельнічаў у жыцці нашых дзяцей і ўсё, чаго нам не хапала, мы набылі. Урачыстае адкрыццё пакоя адбылося з удзелам Віктара Міхайлавіча і супрацоўнікаў «Беларусбанка». Спонсарская дапамога была аказана ў рамках нашага праекта «Вектар дабрыні».

За апошнія тры гады пры непасрэдным удзеле сенатара Касцюковіцкі Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ператварыўся ў сучасную установу. Спонсары дапамаглі абнавіць мэблю, набылі кухню для кабінета сацыяльна-бытавой адаптацыі. А нядаўна цэнтру перадалі камп'ютары, якія былі патрэбныя навучэнцам тутэйшых спецыялізаваных класаў.

— Дзякуючы клопату Віктара Міхайлавіча мы штогод атрымліваем карысныя рэчы і падарункі, — адзначае суразмоўніца. — Сябруем і з магілёўскім абласным упраўленнем № 700 «Беларусбанка», яго супрацоўнікі таксама радуюць нас падарункамі. Хочацца сказаць шмат цёплых слоў у адрас нашых дабрадзеяў. Мы іх называем не інакш, як нашы анёлы-ахоўнікі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Ларысы ДАНІЛОВІЧ


«Так хочацца жыць у сваім доме...»

Калі я даведалася, што жыхарка Віцебска хоча падзякаваць сенатару за дапамогу ў добраўпарадкаванні мікрараёна, то перад вачыма ўзніклі новая дзіцячая пляцоўка або пешаходныя дарожкі. Аказалася, што за гісторыяй Анастасіі Шолбінай стаяць восем гадоў неразумення і страчаных надзей.

У Віцебску будуецца новы мікрараён «Арэхава» на 270 участкаў для сем'яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Такі ўчастак у 2015 годзе атрымала сям'я Анастасіі Шолбінай, у якой на той момант выхоўваліся двое дзяцей. Тады ў мікрараёне не было ніякіх камунікацый і дарог — толькі поле і балоты. Прайшло восем гадоў, сям'я Шолбіных стала шматдзетнай, але заехаць у новы дом яны не могуць, як і дзясяткі іншых сем'яў, у некаторых з якіх выхоўваюцца цяжкахворыя дзеці.

Будаўніцтва «Арэхава» раздзялілі паміж сабой чацвёра генпадрадчыкаў, напэўна, гэты факт якраз значна і запаволіў рабочы працэс: заказчык і арганізацыі не могуць дамовіцца аб канкрэтных тэрмінах выканання работ. Ні святла, ні газу, ні ацяплення, ні вады, ні дарог — за восем гадоў змяніўся толькі прыродны свет навокал участкаў: на вуліцы Анастасіі пасяліўся бабёр, на суседняй — качкі, у адну з сажалак мясцовыя аматары ціхага палявання запусцілі рыбу. Усе рамонтныя работы сям'я Анастасіі, як і суседзі, праводзіць з генератарам, які даводзіцца цягаць ад аўтамабіля да дома на сабе — у бездараж грунтавая дарога пад'ехаць да ўчасткаў не дазваляе.

Жыхары «Арэхава» на працягу доўгіх гадоў складалі індывідуальныя і калектыўныя пісьмы ў Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт, у камітэт архітэктуры і будаўніцтва, дайшлі і да галіновага міністэрства, аднак узнікалі пэўныя прычыны, чаму будаўніцтва спынялася: не было фінансавання, а калі сродкі з'яўляліся, то падрадчыкі ўжо былі занятыя на іншых аб'ектах. У лістападзе 2021 года працэс зрушыўся з мёртвага пункта, а потым зноў запаволіўся. Тэрміны выканання работ па пракладцы камунікацый пераносіліся з квартала на квартал.

«У канцы красавіка бягучага года мы звярнуліся да члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Аляксея Няверава, які праводзіў прамую тэлефонную лінію. Нас выслухалі і ўпершыню за доўгі час далі аператыўны адказ, накіраваўшы наш зварот Юрыю Дзеркачу, члену Савета Рэспублікі сёмага склікання ад Віцебскай вобласці, бо на месцы кантраляваць сітуацыю лягчэй. І, нарэшце, наша праблема пакрысе пачала вырашацца», — расказвае гераіня.

5 мая Юрый Мікалаевіч сумесна з кіраўніцтвам горада, заказчыкам і падраднымі арганізацыямі выехаў на месца ў «Арэхава». Шэраг пытанняў, якія назапасіліся за восем гадоў, стаў яшчэ большы. Высветлілася, што добраўпарадкаванне дарогі — яе адсыпанне і будаўніцтва дрэнажна-помпавай станцыі — увогуле не было аддадзена на выкананне генпадрадчыку. Сенатар даў адпаведныя ўказанні. Па факце апошняга паступлення сродкаў не былі вызначаны новыя тэрміны выканання работ, будаўнічыя арганізацыі адмаўляліся выводзіць тэхніку на палі. Пасля іх устанаўлення — а пракласці камунікацыі, акрамя святла, павінны былі да 18 жніўня — падрадчык з трох пунктаў выканаў толькі адзін на 20 працэнтаў. Чарговая сустрэча сенатара з адказнымі — і 17 жніўня ў мікрараёне зноў пачала працаваць тэхніка.

«Хочацца выказаць словы глыбокай падзякі Юрыю Мікалаевічу за тое, што ён не абмінуў нашу праблему і працягвае заставацца ў працэсе, выязджаючы з мэтай кантролю на месца, дамаўляецца з заказчыкам і падрадчыкамі, паскараючы будаўніцтва. Калі ўсё ж такі на суседняй вуліцы пачалі засыпаць дарогу, прыходзілася дамаўляцца з ДАІ. За чатыры ночы пралажылі газ — таксама ўзнікалі пэўныя складанасці з перакрываннем дарог, аднак усё вырашылася. Спадзяёмся, што да канца года ўсе камунікацыі будуць пракладзены і дарогі адсыпаны», — адзначае Анастасія.

За адной асабістай гісторыяй сям'і Шолбіных стаіць агульная праблема жыхароў усіх 270 участкаў. Людзям літаральна няма дзе жыць: пакуль сям'я гераіні жыве ў маці, на пяць чалавек прыходзіцца 30 квадратных метраў. Аднак жанчына знаходзіць у такой сітуацыі пазітыўны бок — яны не плацяць за здымнае жыллё ў адрозненне ад іншых. Так, напрыклад, іх суседзі па ўчастку, якія выхоўваюць дзяўчынку з ДЦП, вымушаныя здымаць кватэру ў горадзе, хоць у іх пабудаваны дом, у якім нельга жыць. У некаторых сем'яў, што атрымалі крэдыт на будаўніцтва з субсідыяй па Указе № 240, за восем гадоў падышоў тэрмін выплаты асноўнага доўгу, а дом так і не здадзены ў эксплуатацыю.

Нягледзячы на тое, што на ўчастку Анастасіі ўжо пракладзены камунікацыі, яна з дапамогай сенатара спадзяецца давесці працэс да канца ва ўсім мікрараёне, бо пакуль камунікацыі не будуць закальцаваныя, ні адзін дом не ўвядуць у строй. Сям'я спадзяецца, што з «глытком свежага паветра» — так жанчына характарызуе дапамогу сенатара — будаўніцтва нарэшце завершыцца, бо так хочацца жыць у сваім доме...

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з архіва гераіні


Не касметычны рамонт, а капітальны

Будынак ФАПа ў вёсцы Беразцы Пінскага раёна зусім не новы. Тут ніколі раней не было, напрыклад, вады. Яе медработнікі прыносілі з найбліжэйшага калодзежа. Цяпер сельская медыцынская ўстанова перажывае капітальны рамонт і поўнае абнаўленне. Дапамог у гэтым член Савета Рэспублікі.

— Вясной я звярнулася да нашага сенатара, дырэктара ААТ «Парахонскае» Уладзіміра Храленкі з просьбай дапамагчы зрабіць касметычны рамонт на ФАПе, — гаворыць загадчыца Парахонскай участковай бальніцы Таццяна Лаўрэнка. — Як заўсёды, Уладзімір Фёдаравіч адгукнуўся на просьбу. Былі закуплены фарба, шпалеры, іншыя матэрыялы. У выніку касметычнага рамонту будынак павінен быў пасвяжэць і папрыгажэць. Яшчэ была дамоўленасць падвесці ваду на ФАП, бо вада ў медыцынскай установе — у ліку найпершых патрэб.

Але ў маі, як вядома, у краіне прайшла вялікая нарада па актуальных пытаннях аховы здароўя, на якой кіраўнік дзяржавы асаблівую ўвагу ўдзяліў вёсцы. Было сказана, што не варта праводзіць аптымізацыю агулам, там, дзе ёсць сотня і больш чалавек, ФАПы павінны працаваць. Быў абазначаны і тэрмін навядзення парадку ў дадзенай сферы — да пачатку наступнага года.

Спецыялісты Пінскай цэнтральнай раённай паліклінікі разам з будаўнікамі, архітэктарамі, санітарнай службай і іншымі зацікаўленымі ведамствамі вывучылі стан кожнай сельскай медыцынскай установы, вызначылі фронт работы, які аказаўся надзвычай вялікім. З 39 фельчарска-акушэрскіх пунктаў раёна 36 мелі патрэбу ў рамонце, некаторыя трэба было пераносіць у іншыя памяшканні. Калі дайшла чарга да вырашэння лёсу Беразцоўскага ФАПа, як заўсёды, сенатар Храленка не застаўся ўбаку. Было прынята рашэнне правесці капітальны рамонт будынка, аб'яднаўшы намаганні цэнтральнай паліклінікі і ААТ «Парахонскае».

— Цяпер актыўна вядзецца работа, — расказвае фельчарка Беразцоўскага ФАПа Алеся Асіпенка. — Наш фельчарска-акушэрскі пункт — адзін з самых аддаленых у раёне, да Пінска ад вёскі — добрыя 50 кіламетраў. Да Парахонска, найбліжэйшай медустановы, адлегласць складае 25 кіламетраў, аўтобус ходзіць тры разы на тыдзень. Са 160 чалавек, жыхароў дзвюх вёсак — Беразцы і Маладзельчыцы, якія прыпісаныя да ФАПа, большасць складаюць пажылыя людзі. Для іх медыцынская дапамога асабліва актуальная. Мы не маглі дазволіць сабе закрыць ФАП нават на кароткі час рамонту. Таму работа ўстановы сумяшчаецца з рамонтам, які вядзецца паэтапна. Працуе будаўнічая брыгада ААТ «Парахонскае».

Прыемна бачыць, як наша медыцынская ўстанова ператвараецца на вачах, — працягвае спецыялістка. — Ужо заменены вокны і дзверы, кладзецца новая падлога, з'явіўся новы дах, вядуцца работы па адстройванні. Паколькі будынак стары, блочны, спецыялісты прызналі, што электрычнага ацяплення будзе мала. Таму вырашана пакінуць печкі, толькі падрамантаваць іх, а яшчэ ўстанавіць электрычныя батарэі-абагравальнікі ў кабінетах. Адным словам, працаваць гэтай зімой будзе максімальна камфортна. Ну і той факт, што кабінеты стануць утульнымі, светлымі, прыгожымі, дабаўляе настрою і жадання працаваць.

— Наш сенатар — гэта наша самая хуткая дапамога, — гаворыць урач Таццяна Лаўрэнка. — У склад Парахонскай участковай бальніцы ўваходзяць яшчэ паліклініка і чатыры ФАПы. Калі нешта тэрмінова патрабуецца для любой з мед- устаноў, звяртаюся да Уладзіміра Фёдаравіча. І ніколі не было адмовы. Некалькі гадоў таму з дапамогай гаспадаркі памянялі падлогу ў паліклініцы. Не так даўно ў якасці спонсарскай дапамогі сельгаспрадпрыемства набыло сучасны мікраскоп для лабараторыі. Падчас пандэміі мы мелі ўсё неабходнае дзякуючы менавіта нашым спонсарам. Ды і любы бягучы рамонт не абыходзіўся без іх дапамогі. Сведчанні сацыяльнай накіраванасці палітыкі буйнога сельгаспрадпрыемства і сенатарскага клопату — цяперашні рамонт Беразцоўскага ФАПа.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Беразцоўскага ФАПа


Не ведаючы, набыла кватэру пад знос

Гісторыя Людмілы Васільевай са Смалявіч пачалася тры гады таму. Жанчына з сям'ёй набыла кватэру, але іх ніхто не папярэдзіў, што гэты дом пойдзе пад знос:

— Мы бралі вялікі крэдыт у банку на куплю кватэры, але не ведалі, што яна пойдзе пад знос. Нам пра гэта паведаміў Смалявіцкі райвыканкам, калі кватэра ўжо была набытая. Я звярталася ў райвыканкам, але пытанне не вырашалася. Пасля ўжо пачала пісаць звароты ў розныя інстанцыі. Але зноў жа нічога не змянілася. Тады я запісалася на прыём да старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяны Рунец. І дзіва: пытанне вырашылася! Намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама таксама прысутнічаў на гэтай гутарцы. У снежні нам выплацілі кампенсацыю, таму змагла пагасіць крэдыт у банку. Замест зношанага жылля далі арэнднае. Я вельмі ўдзячная Таццяне Аркадзеўне за аказаную дапамогу, пабольш бы такіх сенатараў!

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.