Вы тут

Як з мясцовай легенды зрабіць турыстычны брэнд


Загадкавыя агеньчыкі на старажытных курганах, цені волатаў, містычныя здані каля разбураных вадзяных млыноў, велізарныя змеі, што, кажуць, да нашых дзён жывуць у самых глыбокіх беларускіх азёрах... Гэта проста казкі і легенды, што ўзніклі дзякуючы першым спробам нашых продкаў растлумачыць невядомыя з'явы навакольнага свету? Ці ўсё ж Балотнік, Ваўкалак, Гаёўка, Цмок — больш, чым персанажы прымітыўных вераванняў? Наблізіцца да ісціны прапанавалі арганізатары ІV Міжнароднага міфалагічнага фестывалю «Шлях Цмока», што прайшоў нядаўна ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.


Месца для правядзення мерапрыемства таксама падабралі адметнае — мястэчка Дамжарыцы (Лепельскі раён), што з усіх бакоў акаляе магутная Бярэзінская пушча. Тут, сярод высокіх соснаў і трапяткіх бярозак, на цэнтральнай плошчы каля Музея прыроды размясцілася дзённая сцэна, дзе ў магічны час 13.33 (у нумералогіі сума гэтых лічбаў сімвалізуе адзінства розуму, душы і цела) адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю.

А распачаўся ён з шэсця Палевіка, Лесавіка, Валасяніка ды іншых міфалагічных істот (дарэчы, кожную з іх потым караценька прадставілі на сцэне) і ўдзельнікаў розных гуртоў і ансамбляў, што таксама далучыліся да падзеі: шаманскай этнастудыі «Кетры», беларускага лялечнага тэатра «Батлейка», клубаў рэканструктараў і інш. Апошнім «прыляцеў» уладар Лепельшчыны — вялізны чорна-чырвоны Цмок.

Пасля шэсця быў абвешчаны квэст, паводле якога для кожнай міфалагічнай істоты патрэбна было выканаць пэўнае заданне. Напрыклад у Лесавіка — выбраць ядомыя і атрутныя грыбы, Палявік прапанаваў скокі ў мяшках, а тры непадкупныя сястры Долі, што, па меркаванні нашых продкаў, адказвалі за лёс чалавека, запрашалі ўплесці ў ільняную канву кветкі і загадаць самае патаемнае жаданне. Дарэчы, славяне верылі, што чалавек мог усё ж такі ўнесці змены ў сатканае палатно жыцця дзякуючы добразычлівасці, шчырасці і павазе да іншых. Мо таму і інтэрактыўная пляцоўка беларускіх Мойраў сабрала такую велізарную колькасць наведвальнікаў. А можа, і таму што, як адзначаюць госці ранейшых фестываляў, жаданні насамрэч заўсёды збываюцца.

Далей у паркавай зоне разбілі лагер рэканструктары: грозныя воі паказвалі, як страляць з доўгага лука і біцца на мячах рознага памеру, пакуль іх прыгожыя дамы ў доўгіх ільняных сукенках гатавалі на вогнішчы ежу і займаліся звычайнымі клопатамі звычайных сярэднявечных кабет. Недалёка ад іх паставілі сапраўдны шаманскі шацёр чараўніцы з этнастудыі «Кетры»: узялі ў рукі бубны ды варган, экзатычныя трашчоткі і ханг і далі канцэрт той першабытнай музыкі, ад гукаў якой глыбока ў душы прачынаецца нешта вогненна-дзікае, вольнае, што цягне раскрыць рукі-крылы і забыцца ў танцы.

А бліжэй да Музея прыроды — зноў роднае, спрадвечнае — абаронцы лесу Гаёвы Дзед з унучкай Гаёўкай, мудрагелісты Баламуцень, Кашчэй Бессмяротны, Лесавік, Лель... Духі і прывіды, якіх паважалі і баяліся старажытныя славяне...

Апроч тэатралізаваных шоу і нумароў музычных гуртоў, гасцям прапаноўвалася таксама даведацца пра свой лёс у вушастай савы Тора, пакатацца на веласіпедах, конях і квадрацыклах, наведацца ў Лясны заапарк, схадзіць на цікавыя экскурсіі ў Музей прыроды, Музей міфаў і Музей бортніцтва. Прыняць удзел у майстар-класах ад цесляроў, каваля, ганчара і іншых народных рамеснікаў, самастойна распісаць палатняны экашопер, прыдбаць самаробныя завушніцы, пярсцёнкі, сукенкі і іншыя вырабы, паглядзець тэматычныя фільмы і выставу мастакоў, прысвечаную русалкам, ундзінам, вадзяным, пярэваратням і іншым нячысцікам, прычым частка работ была створана па апісаннях фалькларыстаў, краязнаўцаў і этнографаў.

Можна было паслухаць нават навукова-папулярныя лекцыі пра розныя таямнічыя з'явы, бо ў Доме экаасветы сабраліся знаўцы, што распавядалі пра цудадзейныя камяні, раскіданыя па ўсёй Беларусі, вогненныя шары і велізарныя касматыя постаці накшталт гімалайскіх еці, якія можна сустрэць у лясных нетрах. Пра вадзяных змеяў-цмокаў, што, па словах рыбакоў, аблюбавалі вадаёмы Гомельшчыны, пагаварылі таксама.

А ўначы гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства чакала фантастычнае фаер-шоу і незвычайны шпацыр па Сцяжынцы міфаў. Толькі ўявіце: цёмныя лясныя нетры, шэпт сонных дрэў, вухканне савы, а адзіны на групу ліхтарык пад пазнавальны маналог гіда выхоплівае скручаны выварацень або дзіўны чубаты пень. Як тут не скалануцца! А яшчэ ж можна сустрэць герояў міфаў, якія могуць нечакана схапіць за руку ці голас падаць за спінай... Такі атракцыён добра казыча нервы, але моладзі вельмі падабаецца.

Адным словам, забаўляльная праграма на любы густ. Таму кожны год мерапрыемства збірае сотні людзей не толькі з усёй Беларусі, але і іншых краін. А гэта чым не доказ паспяховасці такіх гісторыка-экалагічных праектаў.

Александрына ПАРШЫНА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У госці да Цмока і яго сяброў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.