Вы тут

У Пастаўскім раене прайшоў дзіцячы інклюзіўны фестываль «Асаблівыя, як усе»


У Пастаўскім раене прайшоў дзіцячы інклюзіўны фестываль «Асаблівыя, як усе». Сёлета ў ім узялі ўдзел каля 150 дзяцей са складанымі дыягназамі з Пастаўскага, Ушацкага, Верхнядзвінскага, Мёрскага, Глыбоцкага і Браслаўскага раёнаў.


Інклюзіўны фестываль «Асаблівыя, як усе» ўпершыню прайшоў у 2019 годзе. Яго ініцыятарам і галоўным арганізатарам з’яўляецца жыхарка Пастаўскага раёна — валанцёр і маці асаблівага дзіцяці Маргарыта Шылей. Пры падтрымцы райвыканкама яна займаецца арганізацыяй, збірае валанцёраў з іншых раёнаў, якія хацелі б дапамагчы дзецям з цяжкімі формамі інваліднасці аказацца на маштабным і запамінальным свяце.

Сёлета традыцыйным месцам збору стаў спартыўна-турыстычны комплекс «Азеркі», чацвёрты раз расчыніў свае дзверы для асаблівых дзетак і іх бацькоў, каб і тых, і другіх акунуць на некалькі гадзін у час бесклапотнага і яркага дзяцінства. За гады правядзення фестывалю колькасць удзельнікаў павялічылася ў разы, а колькасць валанцёраў і людзей, якія падтрымліваюць праект, сёння вылічваецца тысячамі. У гэтым годзе на дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства пастаўчанам прыйшлі не толькі бацькі з іншых гарадоў краіны, але і з замежжа. Фестываль — частка маштабнага сацыяльна-дабрачыннага праекта «Асаблівыя, як усе», які таксама ўключае фотапраект і дабрачынную акцыю «Сёння я чараўнік».

Для кожнага ўдзельніка — каляровы аквагрым, і ўжо потым чалавекі-павукі, прынцэсы і коцікі разбягаюцца па шматлікіх інтэрактыўных пляцоўках. Хтосьці з дзетак прыехаў на фестываль упершыню, але на дапамогу адразу прыйшлі валанцёры, якія запрашалі ў дзівосную краіну цудаў: тут можна было сабраць кампазіцыю з жывых кветак, пасядзець на матацыклы і апынуцца ў кабіне пажарнай машыны, паглядзець на шатландскую рыцарскую пяхоту. Вабілі на свае пляцоўкі лялечны тэатр, кантактны заапарк і музыкі. Асаблівы настрой удзельнікам свята дарылі казачныя персанажы, спартсмены і юныя артысты цыркавой студыі «Каскад». Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Анатоль Усенка са сваёй камандай правялі майстар-клас па футболе і ў завяршэнні фестывалю адзначылі памятнымі падарункамі асаблівых хлапчукоў і дзяўчынак. Пасля актыўных гульняў — самы час падмацавацца сапраўднай паходнай кашай і смакатой, што падрыхтавалі для дзяцей арганізацыі горада. Кожная сям’я атрымала на памяць аб фестывалі прыемныя падарункі.

Фінальным акордам свята стала пенная вечарына ад партнёраў фестывалю ТАА «Вясёлая планета». «Сын сказаў, то гэта быў самы лепшы дзень у яго жыцці. Дзякуй за атмасферу, настрой і магчымасць забыцца на клопаты. У вас крутая каманда валанцёраў», — падзялілася эмоцыямі мама асаблівага дзіцяці Наталля.

«Фестываль „Асаблівыя, як усе“ дапамагае дзецям стаць на крок бліжэйшымі да сваёй мары — хоць ненадоўга, але пабываць у бесклапотным дзяцінстве, дзе ёсць месца яркім эмоцыям і шчаслівым усмешкам. Яшчэ гэтае свята патрэбнае для таго, каб паказаць грамадству, як шмат вакол цяжка хворых дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. І як патрэбна яна дарослым — мамам і татам. Мы ўсё яшчэ сутыкаемся з непрыманнем і непаразуменнем асаблівага дзяцінства. Многія па-ранейшаму баяцца паглядзець у бок хворага дзіцяці, не кажучы пра тое, каб падысці да яго, усміхнуцца, даць магчымасць адчуць сябе сваім сярод сваіх. Асаблівыя дзеці, як усе, хочуць гуляць, забаўляцца, чагосьці дасягаць, быць у цэнтры ўвагі. Мы, арганізатары фестывалю, хочам ім у гэтым дапамагчы», — адзначыла арганізатар фестывалю Маргарыта Шылей.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Пастаўскі край»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.