Вы тут

«Гэта была мая мара»


Сёння на традыцыйнай экскурсіі ў Палацы Незалежнасці за дзень пабывала больш за паўтары сотні чалавек. У першай палове дня рэзідэнцыю кіраўніка дзяржавы наведалі прадстаўнікі прамысловасці — работнікі ААТ «Полацк-Шкловалакно» і ААТ «Магілёўхімвалакно». А ў другой палове дня ў Палацы чакалі супрацоўнікаў Аператыўнай мытні і Галоўнай ваеннай інспекцыі Узброеных Сіл.


Для паездкі ў сталіцу былі абраныя найлепшыя работнікі, моладзь і ветэраны. Ды і самі прадпрыемствы даўно сталі лідарамі ў сваіх галінах. «Полацк-Шкловалакно», якое сёлета адзначыць сваё 65-годдзе, з’яўляецца адным з вядучых вытворцаў шкловалакна і матэрыялаў на яго аснове, якія пастаўляюцца ў больш чым 50 краін свету. «Магілёўхімвалакно» — таксама сёлетні юбіляр, у лістападзе прадпрыемству 55 гадоў. Яго прадукцыя — хімічнае валакно і тэхнічныя ніці — прымяняецца ў розных галінах, у тым ліку ў лёгкай і харчовай прамысловасці.

Як і заведзена, наведвальнікі прайшліся па залах, дзе вядуцца лёсавызначальныя перагаворы і прымаюцца самыя важныя ў жыцці краіны рашэнні, уручаюцца дзяржаўныя ўзнагароды і даверчыя граматы. Напрыклад, на свае вочы ўбачылі ўсім вядомую з афіцыйнай хронікі Зялёную залу, дзе вяліся перагаворы «нармандскай чацвёркі» ў лютым 2015 года, і сфатаграфаваліся ў тых самых крэслах, дзе калісьці сядзелі Уладзімір Пуцін і Ангела Меркель. І вядома ж, наведалі музей, дзе захоўваюцца падарункі Прэзідэнту краіны і іншыя цікавыя экспанаты.

Як вядома, Палац цалкам пабудаваны сіламі беларускіх будаўнікоў і з выкарыстаннем пераважна беларускіх матэрыялаў. Таму сярод уражанняў наведвальнікаў — гонар не толькі за айчынную будаўнічую галіну і яе прафесіяналаў, але і за многія іншыя прадпрыемствы, якія зрабілі свой унёсак у стварэнне без перабольшання сімвала незалежнасці нашай краіны.

— Уражанні неверагодныя. Бярэ гонар за нашых будаўнікоў, якія змаглі пабудаваць такі Палац сусветнага ўзроўню, — падзяліўся намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях ААТ «Магілёўхімвалакно» Віталь Зянькоў. — Для нашага калектыву вялікі гонар наведаць не проста цэнтральную пляцоўку Беларусі, але і цэнтральную пляцоўку міжнароднай палітыкі. Пабываўшы ў залах, разумееш, наколькі гэта важна і што менавіта тут пішацца гісторыя.

Ёсць уклад і работнікаў самога прадпрыемства ў Палац.

— У нас працуе больш за пяць тысяч чалавек. Мы вырабляем вялікі спектр розных матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца і ў тым ліку ў будаўніцтве. Таму частка нашай работы ёсць і у Палацы Незалежнасці, — дадаў Віталь Зянькоў.

Бухгалтар гэтага ж прадпрыемства Вікторыя Мешчаракова падзялілася, што даўно хацела пабываць на такой экскурсіі, і яе мара спраўдзілася.

— Карцінка супала з рэальнасцю, але, безумоўна, маштаб уражвае. Цікава даведацца, як зараджалася гэтая пляцоўка, як працуюць залы і для якіх нагод яны выкарыстоўваюцца, якія важныя падзеі тут праходзілі, — адзначыла суразмоўніца.

Яна звярнула ўвагу на нацыянальны каларыт Палаца Незалежнасці.

— Адчуваецца наш беларускі каларыт. Гэта наш галоўны культурны набытак, і ён цалкам адлюстроўвае нашу нацыю. Зрабіла шмат фотаздымкаў, відэа — буду паказваць сваім сябрам, блізкім, калегам на рабоце, каб яны таксама адчулі тую атмасферу, — расказала Вікторыя.

На тое, што кожны элемент Палаца адлюстроўвае багацце, духоўную і культурную спадчыну беларускага народа, звярнула ўвагу і інжынер па каштарыснай рабоце ААТ «Полацк-Шкловалакно» Алена Круглікава.

— Я першы раз у Палацы Незалежнасці. Гэта была мая мара. Шматграннасць талентаў беларусаў, работа якіх прадстаўлена ў палацы, не мае меж. Кожны элемент адлюстроўвае багацце духоўна-культурнай спадчыны беларускага народа, уражваюць архітэктурна-будаўнічыя рашэнні нашых архітэктараў. Узнікаюць словы падзякі ў адрас нашага Прэзідэнта за тое, што кожны чалавек, кожны грамадзянін нашай краіны можа дакрануцца да гісторыі. Мне як прадстаўніку моладзі вельмі прыемна, што я магу тут знаходзіцца, гэта для мяне вялікі гонар.

Алена Круглікава дадала, што працуе ў Маладзёжным савеце пры раённым Савеце дэпутатаў. «Мы цесна камунікуем з Маладзёжным парламентам пры Нацыянальным сходзе Беларусі, часта прыязджаем у Мінск», — адзначыла яна, дадаўшы, што абмен вопытам і пераемнасць пакаленняў вельмі важныя, і прыемна, што ўдзел моладзі, якая павінна набірацца досведу, у палітыцы знаходзіць падтрымку Прэзідэнта нашай краіны.

Алена КРАВЕЦ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.