Вы тут

Знаёмімся з перадавікамі «СГЦ «Задняпроўскі» ААТ «Аршанскі КХП»


Хлебаробы Аршанскага раёна актыўнымі тэмпамі кладуць у засекі тысячу за тысячай тон золата палёў. Усяго ў рэгіёне пад збожжавыя і зернебабовыя культуры адведзена амаль 30 тысяч гектараў і ўжо ўбрана 57 працэнтаў плошчаў. Сярэдняя ўраджайнасць у раёне ў гэтым годзе склала 31,2 цэнтнера з гектара. Адным з вядучых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Аршаншчыны з'яўляецца філіял «СГЦ «Задняпроўскі» ААТ «Аршанскі КХП», з перадавікамі якога мы знаёмімся сёння.


Філіял «Селекцыйна-гібрыдны цэнтр «Задняпроўскі» Адкрытага акцыянернага таварыства «Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў» на сёння асвоіў больш за 58 працэнтаў з запланаваных 5659 гектараў, адведзеных пад збожжавы клін. Ва ўмовах нялёгкага надвор'я, якое сёлета значна знізіла ўраджайнасць ва ўсім паўночным рэгіёне, аграрыі атрымліваюць 26,3 цэнтнера з гектара, ужо намалочана амаль сем тысяч тон хлебнага золата. Нягледзячы на тое, што гэтае жніво па намалоце значна адрозніваецца ад мінулага, перадавікі ў гаспадарцы застаюцца нязменнымі.

Застаць за адпачынкам Віктара Сямёнавіча Гарбачэўскага амаль немагчыма: кіроўца на МАЗе з ярка-аранжавымі бартамі стаяць на месцы не прывык. Яго машына пад надзейным кіраўніцтвам прафесіянала ўдала віруе па бяскрайніх залатых нівах, прымаючы ў камбайнаў налітае збожжа.

Віктар Сямёнавіч — мясцовы, у сельскую гаспадарку прыйшоў, як і шмат хто з калег, адразу пасля школы. Па-іншаму было немагчыма: і бацька, і дзед Гарбачэўскага ўсё жыццё працавалі ў гэтай сферы, прывіваючы Віктару працавітасць і ўпартасць у справе. Давялося яшчэ юнаку тады паспрабаваць сябе і на трактары, і на камбайне: адмалаціў амаль 20 сезонаў. Ужо ў сталым узросце змяніў пасаду камбайнера на кіроўцу машыны — гады бяруць сваё. Ужо больш за 10 гадоў ён працуе ў «Задняпроўскім» — з тых часоў, калі гаспадарку злучылі з саўгасам «Днепр». Усяго сельскагаспадарчы стаж Віктара Сямёнавіча — 30 гадоў з хвосцікам.

Кожны сезон мужчына выходзіць перадавіком, неаднойчы Гарбачэўскага ўшаноўвалі на абласных «Дажынках», аднак ён сваімі дасягненнямі хваліцца не любіць, расказвае, што ўсё атрымліваецца нечакана. «Мая задача простая — акуратна перавезці збожжа ў зернясховішча. А вось наколькі многа яго будзе, парадуе ўраджайнасць і надвор'е — гэта справа выпадковая. Галоўнае — працаваць сумленна, тады і вынікі будуць», — дзеліцца кіроўца.

У гэтым годзе ён адзіны ў раёне перасягнуў мяжу ў тры тысячы тон перавезенага збожжа — канкурэнцыю не толькі ў гаспадарцы, але і ў цэлым раёне мужчыну не склаў ніхто. Кіраўніцтва «Задняпроўскага», як і шматлікія калегі Гарбачэўскага, верыць, што да канца жніва мяжа ў 4 тысячы тон будзе ім узята.

За высокімі дасягненнямі сталых калег у філіяле паспявае і маладое пакаленне. Маладзёжныя экіпажы бяруць пакуль што тысячныя вяршыні, сярод іх — малады перадавік Вадзім Лабуцін. Ён ужо каторы год атрымлівае новую тысячную зорачку на лабавое шкло айчыннага камбайна Palesse, на якім працуе чацвёрты сезон.

Вадзім пайшоў у сельскую гаспадарку не па дынастыі, а сам, па асабістым жаданні — хлопец з дзяцінства марыў працаваць на камбайне. Ён першы ў сям'і, хто абраў для сябе гэту нялёгкую прафесію. Пасля школы атрымаў спецыяльнасць у Дубровенскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы і ўжо амаль 10 гадоў шчыруе ў «Задняпроўскім». Гэтае жніво шостае ў прафесійнай біяграфіі Вадзіма, практычна кожны год ён стабільна намалочвае тысячу тон, а вось планку ў дзве тысячы пакуль узяць не змог — максімальна рабіў 1700, але ўсё яшчэ наперадзе, тым больш што сіл і запалу ў маладога хлопца хапае. Падтрымлівае і натхняе камбайнера не толькі дома, але і на працы жонка Марыя, якая таксама працуе ў філіяле.

Вадзім і Марыя пазнаёміліся, як яны любяць жартаваць, непасрэдна ў полі, калі пачыналіся вясеннія палявыя работы. «Я тады была ў паляводстве, і Вадзім дапамагаў мне з мяшкамі насення. Загарэлася каханне, як сустрэліся тады на полі, так і дагэтуль яго пакінуць не можам, але ўжо з-за працоўных абавязкаў», — усміхаецца Марыя. Дзяўчына па прафесіі майстар азелянення, але лёс вырашыла звязаць з сельскай гаспадаркай: працавала ў паляводстве, а пасля перавялася ў кладаўшчыкі. Цяпер яна вядзе ўлік прывезенага ў зернясховішча збожжа, узважвае машыны, кантралюе работу зернесушыльнага комплексу.

Маладая пара жыве ў вёсцы Крапіўна ў доме, які выдзеліла сям'і прадпрыемства. Асабістую гаспадарку пакуль не трымаюць — няма калі, тым больш што Вадзім і Марыя працуюць ад відна да відна. Падчас нашай сустрэчы ў полі у Лабуціных ішоў 30-ы дзень без выхадных. «Нічога, мы людзі вясковыя, звыклыя. Кожны ўсведамляе, што цяпер трэба хапаць кожную пагодлівую хвіліну, каб убраць з поля хлеб. Адпачнём зімой», — усміхаецца Вадзім. У вольны час пара захапляецца рыбалкай, прычым Маша па ўловах не саступае мужу.

Павіншаваць перадавікоў з новымі ў гэтым сезоне хлебнымі вяршынямі акурат на полі прыехалі прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Вольга Нікіценкава, намеснік генеральнага дырэктара па арганізацыйна-кадравай, ідэалагічнай рабоце і рэжыме ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат» Ніна Карпалава і прадстаўнікі філіяла «СГЦ «Задняпроўскі» ААТ «Аршанскі КХП».

«Сваёй штодзённай нястомнай працай вы забяспечваеце харчовую бяспеку нашай краіны. Прафесія хлебароба — адна з самых пачэсных і цяжкіх, шчыры вам дзякуй за стараннасць і адданасць прафесіі. Хочацца пажадаць вам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і новых працоўных перамог», — звярнуліся да аграрыяў Вольга Нікіценкава і Ніна Карпалава, уручыўшы падарункі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.