Вы тут

Што трэба есці і як гэта правільна рабіць. Прадукты неабходныя для здароўя зубоў


Усім вядома, што салодкае дрэнна ўплывае на зубы, чырвонае віно пакідае плямы на зубной эмалі. А вось якія прадукты дапамогуць зубам заставацца дужымі, прыгожымі і здаровымі? Пра тое, што трэба есці і як гэта правільна рабіць, каб зубы заставаліся здаровымі, расказала ўрач-стаматолаг-тэрапеўт 10-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі Анастасія Гунько.


Здаровае харчаванне забяспечвае нам паўнацэнную жыццядзейнасць і нават садзейнічае прафілактыцы такіх захворванняў, як дыябет, хваробы сэрца, інсульт і рак. Штодзённы рацыён здаровага харчавання складаецца са злакаў, гародніны, збожжавых, бабовых, садавіны, мяса, яйкаў, рыбы, малочных прадуктаў і правільных тлушчаў. Аптымальныя суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў у дарослых — 1:1:4.

— На сёння даказана вялікая роля правільнага харчавання і ў прафілактыцы ўзнікнення карыесу зубоў і запаленчых захворванняў поласці рота. Тканкі поласці — дзясна, зубы, язык, слізістая абалонка шчок — з’яўляюцца органамі-мішэнямі, высока адчувальнымі да недахопу пажыўных рэчываў у арганізме, — кажа стаматолаг.

Напрыклад, дэфіцыт бялкоў у дзяцей у перыяд развіцця зубоў прыводзіць да памяншэння іх памеру і масы, парушэння структуры эмалі, дэгенерацыі злучальнай тканкі дзясны і перыядантальнай звязкі, запаволення гаення ран і атрафіі эпітэлію языка. Залішняе спажыванне вугляводаў, асабліва простых, прыводзіць да павышанай успрымальнасці зубоў да карыесу.

У склад эмалі ўваходзіць каля 40 элементаў табліцы Мендзялеева, але асноўныя з іх кальцый, фосфар, фтор. Істотную ролю ў развіцці стаматалагічных захворванняў адыгрывае недастатковае паступленне кальцыю, які з’яўляецца мінеральнай асновай зубоў. Прычым важным паказчыкам стану эмалі з’яўляецца не толькі колькаснае паступленне ў арганізм гэтага мінеральнага кампанента, але і яго суадносіны з фосфарам, зніжэнне якога праяўляецца дэмінералізацыяй і пашкоджаннем тканак зуба. І, наадварот, чым вышэйшыя даныя суадносіны ў эмалі, тым больш яна ўстойлівая да неспрыяльнага дзеяння кіслот.

— Фтор валодае супрацькарыёзным дзеяннем, што тлумачыцца ўтварэннем у эмалі рэзістэнтных структур да дзеяння кіслот і прыгнечаннем кіслотаўтварэння мікраарганізмамі зубной эмалі. Пры ўтрыманні фтору ў пітной вадзе ў колькасці менш за 0,5 мг/л развіваецца яго недастатковасць, якая небяспечная павышанай захваральнасцю на карыес у насельніцтва. А лішак фтору праяўляецца крохкасцю зубоў і плямістасцю эмалі, якая называецца флюароз, — тлумачыць Анастасія Гунько.

Крыніцамі паступлення ў арганізм вышэйзгаданых мінеральных рэчываў з’яўляюцца наступныя прадукты:

  • кальцый — малако і малочныя прадукты, арэхі, зеляніна, рыба;
  • фосфар — гэтак жа малочныя прадукты, асабліва сыры, яйкі, бабовыя, мяса, рыба, ікра і хлебапрадукты;
  • фтор — марская рыба, хлеб з мукі грубага памолу, арэхі, чай, мінеральная вада. Як правіла, 2/3 фтору засвойваецца з вады.

Вітаміны, якія ўдзельнічаюць у прафілактыцы захворванняў поласці рота, можна атрымаць з наступнымі прадуктамі харчавання:

  • вітамін С — прадукты расліннага паходжання: садавіна, ягады, гародніна;
  • вітамін В1 — хлеб, збожжавыя, бульба;
  • вітамін В2 — дрожджы, яечны бялок, малако, мяса, рыба, печань, ныркі;
  • вітамін В12 — прадукты жывёльнага паходжання: печань, ныркі, свежае мяса, яечны жаўток, малако;
  • вітамін К — печань жывёл і агародніна (капуста, шпінат, таматы, кавун, зеляніна);
  • вітамін D — рыбін тлушч, печань рыб, ікра, чырвоная рыба, яйкі, малако, смятана.

У сучаснага чалавека самаачышчэнне поласці рота адбываецца не цалкам, бо значная частка нашай ежы мяккая, лёгка прыліпае і назапашваецца ў роце. Да прадуктаў, якія можна выкарыстоўваць для самаачышчэння, адносіцца ўся цвёрдая агародніна і садавіна: яблыкі, радыска, морква.

— Шматлікімі даследаваннямі дакладна даказана наяўнасць прамой сувязі паміж спажываннем цукру і ростам карыесу. Бо рэшткі ежы, якая ўтрымлівае простыя вугляводы, маюць уласцівасць затрымлівацца ў поласці рота, прыліпаючы да паверхняў зубоў, і расшчапляцца да арганічных кіслот (малочнай і піравінаграднай), спрыяючы, такім чынам, растварэнню эмалі і развіццю карыесу. Каб гэтага пазбегнуць, мэтазгодна зменшыць частату спажывання вугляводаў, як і час знаходжання вугляводаў у поласці рота. Карысна будзе не ўжываць салодкае на ноч і не пакідаць яго апошняй стравай пры прыёме ежы, не есці салодкае паміж прыёмамі ежы. Але калі парушана якое-небудзь з правіл, неабходна пачысціць зубы ці прапаласкаць рот. Гэтыя рэкамендацыі не ўяўляюць складанасцяў і не патрабуюць матэрыяльных затрат, у сувязі з чым аптымальныя для людзей любога ўзросту, — рэзюмуе ўрач.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.