Вы тут

Як зберагчы спіну ад траўмаў?


На думку спецыялістаў, падчас работы на прысядзібным участку існуе некалькі фактараў рызыкі, якія шкодзяць пазваночніку і суставам. Пастарайцеся іх пазбягаць.


Празмерныя нагрузкі

Клопатаў на ўчастку заўсёды шмат, і хочацца акультурыць яго як мага хутчэй, таму мы бяромся за справу заўзята, з энтузіязмам, працуем ударна і падоўгу. У гэтым не было б нічога страшнага, каб такая нагрузка была для нас звыклай. Але, на жаль, большасць сучасных людзей рухаецца мала, асабліва ў халодную пару года, таму мышцы часцей за ўсё бываюць «не ў форме». Перагрузка на такім фоне хутка прыводзіць да траўмаў, прастрэлаў, абвастрэння астэахандрозу.

Як правільна?

Правільна разлічвайце свае сілы і рабіце ўсё паступова. Кожны дзень пачынайце з якой-небудзь лёгкай справы, і толькі выканаўшы яе, пераходзьце да больш складанай. Па сутнасці, тое ж самае мы робім на фітнес-трэніроўках: спачатку праводзім размінку, каб мышцы набылі эластычнасць, актывізавалася работа дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэм, і толькі затым пераходзім да больш актыўных або складаных практыкаванняў.

Абавязкова чаргуйце работу і адпачынак. Нават калі зрабіць сёння трэба вельмі шмат, знайдзіце час на тое, каб спакойна пасядзець, прагуляцца ў спакойным тэмпе або прылегчы на гадзінку ў сярэдзіне дня.

Нефізіялагічныя позы

У большасці выпадкаў людзі працуюць на градках, сагнуўшыся ў тры пагібелі. Для пазваночніка гэта вельмі нефізіялагічна. У норме ў паясніцы ў нас ёсць невялікі прагін наперад. Калі мы згінаемся, гэтая частка пазваночніка, наадварот, пачынае вытыркацца назад. Да доўгага знаходжання ў такім становішчы не прыстасаваныя ні мышцы спіны, ні міжпазваночныя дыскі. Так што вынікам можа стаць абвастрэнне астэахандрозу, мышачны заціск і, як вынік, боль у спіне.

Як правільна?

Калі займацца праполкай вам трэба доўга, лепш за ўсё ўстаць для гэтага на карачкі, папярэдне надзеўшы накаленнікі. Для пазваночніка будзе не так шкодна, бо яго выгіны застаюцца натуральнымі, а нагрузка пераразмяркоўваецца на ўсё цела. Але нават у такім выпадку абавязкова чаргуйце пасіўныя заняткі з тымі, што патрабуюць большай рухавасці, даюць магчымасць разагнуць і разварушыць спіну. Абавязкова падбірайце даўжыню дзяржанняў рыдлёўкі, матыкі і іншых падобных прылад адпаведна свайму росту — гэта дазволіць вам не нахіляцца лішні раз і паберагчы пазваночнік.

Некамфортны сон

На лецішча мы часта адпраўляем тое, што ўжо не падыходзіць для гарадской кватэры: паношанае адзенне, якое страціла таварны выгляд, посуд і, вядома, старую мэблю. Апошняя можа саслужыць нам вельмі дрэнную службу.

Днём, калі мы працуем, міжпазваночныя дыскі адчуваюць павышаную нагрузку, таму губляюць частку вільгаці, становяцца больш плоскімі і менш пругкімі. Уначы, калі мы ляжым, яны, па задумцы прыроды, павінны натуральным чынам аднаўляцца. Аднак калі цела пры гэтым знаходзіцца ў нязручным становішчы, тое не адбываецца. Праціснутыя канапы і мяккія пярыны, якія людзі часта «высылаюць» на дачу, павялічваюць нагрузку на спіну, і міжпазваночныя дыскі хутчэй зношваюцца.

Як правільна?

Не эканомце на начным адпачынку. На лецішчы, як і ў гарадской кватэры, павінен быць зручны ложак, лепш за ўсё з артапедычным матрацам, які дазволіць расслабіцца стомленай за дзень спіне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.