У горадзе над Сожам II Агульнагарадскі баль сабраў аматараў класічнай танцавальнай культуры з Гомеля, Мінска і Бабруйска. Так, Гомель працягвае традыцыю свецкіх раутаў у гонар гадавіны свайго заснавання. Летась I Агульнагарадскі баль прайшоў у знакавым гістарычным месцы — каля Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Тады у танцах на набярэжнай Сожа закружылі звыш 30 пар. Цяпер жа ў гонар 881-га Дня нараджэння, які горад адзначыць у верасні, баль аб’яднаў ужо звыш 50 пар. З-за дажджу свята прайшло не пад адкрытым небам, а на паркеце залы Гомельскай абласной філармоніі.
«Працерці рукой люстэрка» ў рытме «Пырскаў шампанскага»... На танцавальным слэнгу аб дэталях выканання розных па могуць шмат расказаць дамы і кавалеры. У бальную карту удзельнікаў гомельскага свецкага рауту арганізатары ўпісалі 15 танцаў: вальс знаёмстваў, марш «Карусель», полька-тройка, падэграс, танга «Пырскі шампанскага», рускі вальс, французская кадрыль і іншыя.
Пачаўся баль традыцыйна з паланэза — танца-шэсця, дзякуючы ўмеранаму тэмпу якога пары найлепшым чынам прадстаўляюць сябе і свае ўборы.
— Каля трохсот рублёў абышлося маё ўбранне. Можна зэканоміць, калі самому зрабіць прычоску і макіяж, — падзялілася распарадчыца сёлетняга балю Святлана Скоблік. — У мяне ўжо калекцыя нарадаў для выступленняў, можна шыць на заказ ці проста купіць у краме.
Святлана Скоблік, дарэчы, кіраўнік клубнага аб’яднання «Натхненне» Гомельскага гарадскога цэнтра культуры. Прадстаўнікі клубных аб’яднанняў бальнага гісторыка-бытавога танца гэтай ўстановы якраз і ўвайшлі ў асноўны склад удзельнікаў балю.
Аднак нараўне з танцорамі клубных аб’яднанняў свае выдатныя дасягненні ў бальнай справе прадэманстравалі і гомельскія школьнікі. На балю выступілі дзевяць пар аб’яднання па інтарэсах «Вальс і не толькі» Гомельскай сярэдняй школы № 47. Каторы год старшакласнікі здзіўляюць імкненнем да захавання традыцыі баляў не толькі ў Гомелі, але і ў іншых рэгіёнах краіны.
— Акрамя таго, што займаемся ў сябе ў школе, мы танцуем на балях па ўсёй краіне, удзельнічаем у праекце «Балы па замках Беларусі». У нашым складзе — каля 70 дзяцей. Гэта вучні 9-11 класаў нашай школы і выпускнікі, якія працягваюць заняткі бальнай культурай, — адзначыла настаўнік хіміі і біялогіі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Вальс і не толькі» сярэдняй школы № 47 Гомеля Аляксандра Марозава.
Педагог звярнула ўвагу, што пары іх гуртка не робяць складаных аўтэнтычных гарнітураў. Фішка нараў юных удзельніц балю — акуратнае дэкальтэ.
— Мы з дзяўчатамі адмовіліся ад крыналінаў, ад аўтэнтычнасці бальных убораў срэбнага стагоддзя, у карысць дзявочых сукенак у падлогу далікатных тонаў. Вучым і выконваем каля 30 нумароў, — дадала Аляксандра Марозава.
Упершыню спецыяльна на баль у Гомель з Мінску прыехалі Настасся Гушчо і Андрэй Шчаглоўскі. Пара прадстаўляе аматарскі калектыў танца «Мінская зорка».
— Больш 12 гадоў займалася харэаграфіяй, калі скончыла школу, зразумела, што вельмі сумую па танцах. Наш калектыў аб’ядноўвае людзей, якія хочуць ствараць свой карысны вольны час самі. У нас зараз займаюцца танцамі аматары бальнай культуры ад 22 да 65 гадоў. Праз танцавальны рух мы вывучаем этыкет, працуем мэтанакіравана над сваёй вытанчанай гаворкай, — распавяла госця з Мінску Настасся Гушчо.
Дзяўчына падзялілася, што захапленне бальнай культурай памылкова лічыць дарагім задавальненнем.
— Не купляю дарагія бальныя ўборы, а прытрымліваюся стыльнай класікі. Гэта таксама такая наўмысная ідэя — даваць магчымасць «бальнай» сукенцы пражыць у далейшым паўсядзённым жыцці, напаўняць яго прыгажосцю, — матывуе ўдзельніца аматарскага калектыву танца «Мінская зорка».
Увогуле на паркеце залы Гомельскай абласной філармоніі выступілі каля 150 ўдзельнікаў з Гомеля і Мінска, Бабруйска.
— Наша бальная праграма разлічана як на пары, так і на тых дам і кавалераў, хто прыйшоў адзін. Асноўны склад ўдзельнікаў — падрыхтаваныя танцоры, удзельнічаюць не першы раз, ведаюць танцы. Але калі чалавек прыйшоў першы раз, гэта не значыць, што не зможа таксама выйсці на паркет. Можна паўдзельнічаць у «Свецкім ручайку», калі парам неабходна праз рукі прапускаць танцуючых. Але ёсць у праграме і паказальныя танцы, складаныя для выканання, іх бяруць толькі падрыхтаваныя ўдзельнікі, — патлумачыла мастацкі кіраўнік Гомельскага гарадскога цэнтра культуры Зоя Мальчук.
Арганізатары пабудавалі танцавальныя блокі такім чынам, каб яны перамяжоўваліся з паэтычнымі і вакальнымі выступленнямі — гучалі музычныя кампазіцыі ў выкананні салістаў гарадскога цэнтра культуры і лаўрэатаў міжнародных конкурсаў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.