Вы тут

Іншага варыянту, як біцца да канца, у каманды не было


«Дзякуй, хлопцы, за гульню», — з такімі думкамі з брэсцкага Палаца спорту «Вікторыя» імя А. П. Мяшкова выходзіў кожны, хто падтрымліваў беларускую каманду ў фінале турніру па гандболе ІІ Гульняў краін СНД. Фінал паміж камандамі Беларусі і Расіі ўсе запомняць надоўга. Такія матчы — найлепшае тлумачэнне агульнай любові да спорту. Такія матчы дораць непаўторныя і незабыўныя эмоцыі. У такія імгненні ні журналісцкая аб'ектыўнасць, ні ўзровень спаборніцтваў, ні ўзрост каманды, ні позні час, ні нейкія ўласныя хваляванні — нічога не мае значэння. Такія матчы здараюцца нячаста. І гэты яны бясцэнныя для каманды і незабыўныя для гледачоў.


Фота: БелТА

Яшчэ да старту Гульняў трэнер мужчынскай зборнай Дзмітрый Нікуленкаў адзначаў, што зборная Беларусі, якую склалі гульцы 2004 года нараджэння, вельмі мэтанакіраваныя і ўпартыя хлопцы, гатовыя «паркет грызці, каб даказаць сваю сілу». Хлопцы пацвердзілі яго словы ў фінальнай гульні супраць каманды Расіі. З першых секундаў матча спартсмены сталі паказваць дарослую гульню. Беларусы адразу навязалі сапернікам упартую барацьбу, але і тыя не разгубіліся. Стала зразумела — адступаць у гэтым матчы не збіраецца ніхто. Лічбы на табло адрозніваліся на адзін, максімум два мячы. Першы тайм скончыўся з вынікам 17:14 на карысць беларусаў. Беларусы вялі і ў пачатку другога тайма. Самыя аптымістычныя заўзятары, напэўна, з палёгкай уздыхнулі, маўляў, пераламалі ход гульні. Але радавацца было рана, нават вельмі рана. Калі расійскія гандабалісты зраўнялі вынік 21:21, потым 22:22 атмасфера накалілася. Затым расіяне выйшлі наперад — 23:23. А затым лічбы на табло ледзь паспявалі мяняцца то ў адзін, то ў другі бок. За тры хвіліны да канца матча — 28:29 на карысць расіян. За паўтары хвіліны — 30:29 на карысць беларусаў. На апошняй секундзе расіяне зраўнялі вынік — 30:30. Імгненні агульнай разгубленасці... і гульня перайшла ў дадатковы час. За дзесяць хвілін авертайма гледачы адчулі, што такое гушкацца на эмацыянальных арэлях: забілі беларусам і адразу забілі беларусы, ізноў забілі беларусам... Апошняе слова засталося за гаспадарамі. На табло 38:37 — і зборная Беларусі становіцца чэмпіёнам ІІ Гульняў краін СНД.

«У дадатковы час я выпіў некалькі таблетак валідолу, пра асноўны час і казаць не буду. Гэта быў выключны матч. Я рады і за расійскую каманду, і шчаслівы за нашу. Каманды былі роўныя і ў кожным матчы паказвалі ўпартую гульню, усё вырашаў адзін мяч. І гэта зрабіла спаборніцтвы па гандболе вельмі напружанымі. Хлопцы таленавітыя, яны з году ў год набіраюць і фізічную, і тэхнічную форму. У іх добрая будучыня», — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў.

«На пляцоўцы мы ўбачылі сапраўдную страсць, сапраўдную барацьбу. Гэта быў дзівосны матч. Многім патрэбен быў валідол. Хлопцы паказалі характар. Мы ўсе вельмі задаволеныя гэтай перамогай. Я вельмі задаволены, што ў нас ёсць такі рэзерв. Хлопцам, вядома, трэба шмат працаваць, у зборнай сур'ёзная канкурэнцыя. Але гэта нашая дастойная змена», — падзяліўся ўражаннямі галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Юрый Шаўцоў.

Старшы трэнер каманды-пераможцы Сяргей Шыловіч расказаў, што іншага варыянту, як біцца да канца, у каманды не было. Таму хлопцы праявілі характар і дабіліся свайго. «Вялізарны дзякуй брэсцкай публіцы, дзякуй кожнаму за падтрымку. Можа быць, балельшчыкі якраз і былі тым апошнім голам, які нам быў патрэбны, каб стаць чэмпіёнамі», — падкрэсліў ён.

Моладзь таксама не падвяла

Падтрымка гледачоў сапраўды была неверагодная. Было б цікава падлічыць, колькі людзей на трыбунах тым вечарам сарвала галасы. Ну а як можа быць інакш у гандбольнай сталіцы? Такая падтрымка пайшла на карысць і малодшай камандзе «Беларусь-2», якая ў матчы за «бронзу» сустрэлася з камандай Узбекістана. Гэтую зборную склалі гандбалісты 2006-га года нараджэння. Няглзедзячы на тое, што беларусы маладзейшыя, яны змаглі навязаць сапернікам упартую барацьбу. Вынік матча — 40:39 — вырашыўся літаральна на апошніх секундах. Гледачы паспелі добра стрэсануць, калі беларусы амаль не ўпусцілі перамогу. Але яны не ўпусцілі. Як пажартаваў трэнер каманды Сяргей Кастрама, самі спартсмены стрэсануць не паспелі.

«У любым турніры заўжды хочацца перамагчы. Хлопцы разумелі, што яны маладзейшыя, таму яны самі сабе пазначылі, з нашай, вядома, падказкай, што такія гульні дадуць ім рост у майстэрстве. Яны дамовіліся, што будуць гуляць да канца і з поўнай самааддачай, а там ужо як атрымаецца. У першых матчах хлопцы змагаліся на 120 працэнтаў, але там узровень майстэрства сапернікаў быў вышэйшы, таму і прайгралі. За трэцяе месца таксама была няпростая гульня. Узбекі — цяжкая каманда: складаная, хітрая. Але хлопцы вылажыліся на 120 працэнтаў і перамогу яны поўнасцю заслугоўваюць. І хлопцы атрымалі вялізны вопыт», — падзяліўся ўражаннямі трэнер Сяргей Кастрама. Ён расказаў, што ў будучым сезоне каманда будзе ўдзельнічаць у суперлізе чэмпіяната Беларусі, будзе спаборнічаць з «БГК-Мяшкоў», «СКА-Мінск», іншымі дарослымі камандамі і тым самым набірацца досведу. Сяргей Кастрама таксама заўважыў, што на ІІІ Гульнях краін СНД менавіта гэтая каманда складзе аснову зборнай Беларусі. «І тады паглядзім, дапамагла ім тая «бронза» ці не», — падкрэсліў трэнер.

Па выніках гандбольнага турніру вызначылі найлепшых гульцоў па амплуа. Не трапіць у спіс найлепшых чэмпіёны і бронзавыя прызёры не маглі. Аляксей Шэпяленка (Беларусь-2004) прызнаны найлепшыя правым крайнім. Яго таварыш па камандзе Цімафей Баранчык — найлепшы разыгрываючы. Мацвей Лявонаў з каманды Беларусь-2006 прызнаны найлепшым левым паўсярэднім. А найлепшым гульцом турніру стаў Аляксей Ярмакоў (Беларусь-2004).

«Я добра ведаю малодшую каманду. Яны перамаглі старэйшых сапернікаў з Узбекістана, у першую чаргу, на валявых якасцях. Яны паказалі, што ўмеюць біцца на пляцоўцы. І гэта дапаможа ім у будучым», — заўважыў Уладзімір Канаплёў. Аднак нават у самых выдатных спаборніцтваў ёсць недахопы. Як звярнуў увагу старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў, вялікае ўпушчэнне ў тым, што не было тэлевізійнай трансляцыі гандбольных матчаў. «Такія гульні грэх не паказаць па тэлебачанні, асабліва цяпер, калі мы ўсюды заблакіраваныя», — упэўнены Уладзімір Канаплёў.

«Сярэбраныя» дзяўчаты

Як заўважыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка на цырымоніі ўзнагароджання, пасля такіх матчаў брэсцкім гандбольным секцыям варта чакаць ахвотных навучыцца гуляць у гандбол. У тым ліку і дзяўчат. Жаночая зборная Беларусі зрабіла для гэтага ўсё. Дзяўчаты таксама «далі агню». Яны дайшлі да фіналу, дзе сустрэліся з камандай Расіі. На жаль, з вынікам 28:34 саступілі і сталі сярэбранымі прызёрамі ІІ Гульняў краін СНД. Па ходу ўсяго турніру барацьба паміж беларускамі і расіянкамі была напружанай. І няхай у беларускай каманды не атрымалася перамагчы ў двух матчах, дзяўчаты выглядалі вельмі дастойна. «Калі браць канкрэтныя гульні з расіянкамі, у мяне няма ні найменшай думкі кагосьці папракнуць. Барацьба была на працягу ўсіх 60 хвілін у абодвух матчах, змагаліся за кожны мяч. Кожная аддавалася гульні, рабілі магчымае і немагчымае для перамогі», — адзначыў Уладзімір Канаплёў. Увайшлі беларускі і ў спіс найлепшых гульцоў турніру. Ульяна Петрачкова прызнана найлепшай правай паўсярэдняй, Анастасія Макаранка — найлепшы варатар. Паліна Булава — найлепшая левая паўсярэдняя.

Брэсцкі Палац спорту «Вікторыя» бачыў мноства выдатных матчаў, напружанай гандбольнай барацьбы. ІІ Гульні краін СНД такі спіс дапоўнілі. І аспрэчыць гэта можа толькі той, хто не прысутнічаў на трыбунах «Вікторыі».

Валерыя СЦЯЦКО

г. Брэст

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.