Вы тут

Лукашэнка прапануе Бразіліі вызначыць дарожную карту развіцця адносін


Прэзідэнт наша краіны абмеркаваў з кіраўніком дыпламатычнай місіі дарожную карту і кірункі далейшых узаемаадносін паміж дзяржавамі. Таксама Аляксандр Лукашэнка запрасіў свайго бразільскага калегу Лулу да Сілву ў Беларусь. 


«Мы яго чакаем у Беларусі» 

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на важнасці сустрэчы з паслом — як для Беларусі, так і для Бразіліі. Ацэньваючы беларуска-бразільскія адносіны, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яны могуць быць значна лепшымі. «І ў палітычных адносінах, але перш за ўсё ў эканамічных, гандлёва-эканамічных, — удакладніў ён. — Гандлёва-эканамічныя адносіны — гэта аснова, базіс любых адносін. Калі ў нас будзе ў матэрыяльных адносінах моцная зацікаўленасць, звязка пэўная, тады выбудуюцца і палітычныя, і дыпламатычныя адносіны. Як пасол вы гэта не горш за мяне разумееце». 

Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка і Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл дамовіліся аб канкрэтных кірунках беларуска-бразільскага супрацоўніцтва, якія выведуць адносіны паміж Беларуссю і Бразіліяй на больш высокі ўзровень. У сувязі з гэтым беларускі лідар агучыў шэраг прапаноў. 

«Думаю, што вы і да ўрада, свайго парламента і перш за ўсё Прэзідэнта Бразіліі Лулы да Сілвы давядзеце мае прапановы, — пведаміў ён. — Я вас вельмі прашу, як адна з асноўных прапаноў — накіраваць сігнал свайму Прэзідэнту, што мы яго чакаем у Беларусі. У любы зручны час для яго. Лепш зімой, для таго, каб ён убачыў нашу зімнюю прыроду. І мы маглі б падчас яго візіту канчаткова вызначыць тую дарожную карту або план нашых узаемаадносін. Яшчэ раз падкрэсліваю: беларускае кіраўніцтва ў гэтым вельмі зацікаўлена». 

У Бразіліі цэняць адносіны з Беларуссю

У сваю чаргу, кіраўнік дыпламатычнай місіі заўважыў, што для яго вялікі гонар знаходзіцца на гэтай сустрэчы і мець магчымасць перадаць прэзідэнту сваёй краіны запрашэнне ад беларускага калегі наведаць Беларусь для таго, каб абмеркаваць дарожную карту далейшага супрацоўніцтва. 

«Мы ў Бразіліі вельмі цэнім адносіны з вашай краінай, а таксама цэнім тую работу, якая сёння праводзіцца ў вашай краіне, — падкрэсліў пасол. — Мы разумеем далікатнасць сітуацыі, якая сёння склалася ў вашым рэгіёне. Мы таксама бачым супрацьстаянне, якое сёння адбываецца паміж Расіяй і заходнімі дзяржавамі. Бразілія гатова прымаць удзел у дыялогу, і мы таксама бачым вас як чалавека, які не толькі вельмі добра разбіраецца ў сітуацыі, якая склалася, але і які можа прымаць удзел у гэтым дыялогу і садзейнічаць вырашэнню сітуацыі. Прэзідэнт Бразіліі, я ўпэўнены, з вялікай удзячнасцю ўспрыме ваша запрашэнне, прыме яго, бо ён ведае, як сёння важна абмеркаваць з вамі вырашэнне той сітуацыі, якая склалася. Мы разумеем, што стаіць на коне. Намі прызначаны спецыяльны пасланнік — міністр, які ад Бразіліі прымае ўдзел у дыялогу». 

Пасол Бразіліі ў Беларусі перакананы, што дыялог адбудзецца. «Упэўнены, што дыялог патрабуе агульнай волі, агульнага імкнення да знаходжання гэтага дыялогу», — удакладніў ён і выказаў спадзяванне, што і Аляксандр Лукашэнка, і Прэзідэнт Бразіліі змогуць прыняць актыўны ўдзел у гэтым працэсе. 

Бразілія традыцыйна ўваходзіць у топ-10 гандлёвых партнёраў Беларусі. Летась тавараабарот паміж краінамі склаў 358,1 млн. долараў ЗША, экспарт — 253,9 млн. долараў, імпарт — 104,2 млн. долараў. За першае паўгоддзе 2023 года гандаль таварамі склаў 393,4 млн. долараў, экспарт — 331,5 млн. долараў, імпарт — 61,9 млн. долараў. Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту з’яўляюцца калійныя ўгнаенні, інсектыцыды, фунгіцыды, гербіцыды і сродкі дэзінфекцыі. Паміж краінамі наладжана супрацоўніцтва і ў гуманітарнай сферы. У Беларусі праходзяць навучанне студэнты з Бразіліі. Плённым з’яўляецца і ўзаемадзеянне ў спартыўнай сферы. 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА


У тэму

У размове з журналістамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл адзначыў, што ў ходзе сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі абмяркоўваліся важныя аспекты двухбаковага ўзаемадзеяння. «Мы жывём у дастаткова складаны час, калі накладзены вялікія санкцыі, тым не менш, многае было зроблена і сказана для таго, каб іх пераадолець і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі паглыбіць», — звярнуў увагу ён. 

Кіраўнік дыпламатычнай місіі расказаў, што падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, у прыватнасці, закраналася ўзаемадзеянне дзвюх краін у сферы сельскай гаспадаркі, магчымасці паставак беларускіх трактараў у Бразілію. Акрамя таго, па словах пасла, абмяркоўваліся пытанні аднаўлення аб’ёмаў паставак калійных угнаенняў у Бразілію. «Як вядома, Бразілія з’яўляецца вельмі буйным вытворцам прадуктаў для свету і ў свой час Беларусь пастаўляла да 20% усіх калійных угнаенняў, якія спажывала наша краіна, — заўважыў ён. — У сваю чаргу, Бразілія магла б пастаўляць прадукты з какоса для вытворчасці шакалада, у прыватнасці, для вашага прадпрыемства «Камунарка». 

Пасол расказаў, што падчас сустрэчы таксама было абмеркавана ўзаемадзеянне дзвюх краін у галіне адукацыі. Дэлегацыя з Бразіліі, якую ўзначальваюць прадстаўнікі навуковых колаў гэтай краіны, плануюць наведаць Беларусь для падпісання мемарандуму аб узаемадзеянні з трыма беларускімі ВНУ. Акрамя таго, у размове з кіраўніком нашай дзяржавы закраналіся пытанні куплі Беларуссю бразільскіх самалётаў Embraer для патрэб авіякампаніі «Белавія».

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.