Вы тут

У НАК Беларусі абмеркавалі супрацоўніцтва ў спартыўнай сферы СНД


У штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь прайшло пасяджэнне савета па фізічнай культуры і спорце ўдзельнікаў Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне фізічнай культуры і спорту дзяржаў СНД. Яго галоўнай тэмай стала супрацоўніцтва ў спартыўнай сферы на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 


Фота: тэлеграм-канал Міністэрства спорту і турызму

А яно Гульнямі краін СНД не абмяжоўваецца. Адпрацоўваецца пытанне аб правядзенні Кубкаў краін СНД па асобных відах спорту, спаборніцтвы сярод студэнтаў. На апошнім пасяджэнні кіраўнікоў урадаў краін—удзельніц СНД абмяркоўвалася правядзенне спартакіяды сярод дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Як расказаў журналістам намеснік генеральнага сакратара СНД Леанід Анфімаў, плануецца пашыраць каляндар спаборніцтваў па асобных відах спорту. Паколькі Гульні краін СНД праводзяцца раз у два гады, правядзенне такіх спаборніцтваў дасць магчымасць запоўніць спартыўны каляндар на прасторы СНД.

Сёння на ўсіх спартыўных нарадах і пасяджэннях у паветры лунае тэма санкцый у дачыненні да беларускага і расійскага спорту. «Той факт, што ў ІІ Гульнях краін СНД удзельнічаюць 20 краін, гаворыць аб тым, што ізаляцыя не адбылася і блакада прарваная ўдзелам спартсменаў у Гульнях. І гэта першая ластаўка, якая пацвярджае, што Беларусь і Расія не апынуліся ў ізаляцыі і прызнаныя міжнароднай супольнасцю. Каб гэта паказаць, неабавязкова рабіць гучныя заявы. Удзел краін СНД у спартыўных Гульнях і ёсць таму пацвярджэнне. Калі мы рыхтаваліся да Гульняў, галоўнай асцярогай было не тое, як мы правядзём гэты форум, а ці не будзе ціск, які аказваецца на Беларусь і Расію, кіраўніцтвам да дзеяння для краін СНД. Сапраўды, мы асцерагаліся, што многія краіны не выставяць каманды. Але гэтага не адбылося. І правядзенне Гульняў краін СНД у такім фармаце, які мы сёння бачым, лішні раз даказала, што патугі нашых нядобразычліўцаў не адбыліся», — сказаў Леанід Анфімаў.

Намеснік генеральнага сакратара СНД расказаў, што рашэнне аб адкрытым фармаце Гульняў было прынята, калі распрацоўваўся рэгламент яшчэ падчас падрыхтоўкі да І Гульняў, якія прайшлі ў 2021 годзе ў Казані. Але ўжо тады было падкрэслена, што Гульні краін СНД ні ў якім разе не павінны стаць заменай Алімпійскім гульням. «Добрая воля савета і ўсіх краін—удзельніц СНД, структур, што задзейнічаны ў арганізацыі Гульняў, дала свой плён і ў Беларусь прыехала больш за дзесяць краін, якія не з’яўляюцца ўдзельніцамі Садружнасці. І гэта будзе сігналам і для іншых краін, стымулам паўдзельнічаць у наступных Гульнях краін СНД у Азербайджане», — дадаў Леанід Анфімаў.

Намеснік міністра спорту Азербайджана Мар’яна Васільева пацвердзіла, што ІІІ Гульні краін СНД, якія пройдуць у 2025 годзе ў Азербайджане, будуць мець адкрыты фармат. «Нізкі паклон беларускім калегам за такі высокі ўзровень арганізацыі Гульняў. Мы ведалі, што беларусы — вельмі гасцінны народ, і на Гульнях мы яшчэ раз у гэтым упэўніліся. Ідэя Гульняў краін СНД у тым, што гэта Гульні ў першую чаргу для маладых спартсменаў. Але мы ўбачылі невялікую змену ў фармаце і, магчыма, мы таксама будзем пераймаць гэты досвед і даваць удзельнічаць у Гульнях і дарослым спартсменам. Трэція Гульні краін СНД пройдуць у горадзе Гянджа, гэта другі па велічыні горад пасля сталіцы Баку, там будуецца новы спартыўны комплекс. Нам вельмі спадабалася ідэя аб правядзенні спаборніцтваў у рэгіёнах, і мы таксама будзем тое працягваць», — расказала яна.

Па словах Аляксея Марозава, намесніка міністра спорту Расійскай Федэрацыі, для расійскіх спартсменаў ІІ Гульні краін СНД — вельмі важны этап. Асабліва для лёгкаатлетаў, якія амаль сем гадоў не ўдзельнічалі ў буйных міжнародных стартах. «У многіх дысцыплінах змяніліся пакаленні і для маладых спартсменаў гэта першая буйная спартыўная падзея. Для іх гэта вельмі ганаровы і вельмі важны старт», — сказаў ён.

Першы намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дараховіч падкрэсліў, што для арганізатараў самае галоўнае, каб «кожны, хто прыехаў да нас, быў не проста задаволены, а шчаслівы». «І мы бачым шчаслівыя твары, для нас гэта галоўнае. Вядома, мы шчыра радыя не толькі сваім перамогам, але і перамогам сваіх таварышаў і мы ўпэўненыя, што гэтыя прыгожая барацьба і яркія эмоцыі надоўга застануцца ў памяці ва ўсіх. Калі ласка, хацелася б, каб нашы госці пабывалі на ўсіх спартыўных аб’ектах», — сказаў ён.

Аляксандр Дараховіч выказаў упэўненасць, што найбольшую цікавасць у публікі будуць выклікаць віды спорту, у якіх будуць выступаць дарослыя спартсмены. Па яго словах, чакаецца аншлаг у пляжным футболе. «Наша задача, каб усе 20 відаў спорту карысталіся шалёнай папулярнасцю і для спартсменаў была падтрымка балельшчыкаў. Хацелася б, каб наш найбліжэйшы рэзерв адчуваў гэтую атмасферу і ўстанаўліваў рэкорды», — падсумаваў першы намеснік міністра.


Сваімі думкамі наконт значэння Гульняў краін СНД для ўмацавання партнёрскіх сувязяў паміж краінамі і будучыні праекта падзяліліся міністры спорту. Кіраўнікі ведамстваў сустрэліся з журналістамі падчас прэс-канферэнцыі.

Міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук расказаў, што пры падрыхтоўцы да ІІ Гульняў краін СНД фармат спаборніцтваў доўга абмяркоўваўся з калегамі з іншых краін—удзельніц СНД. І рашэнне аб адкрытым фармаце было прынята сумесна. «Маючы спартыўную інфраструктуру ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, мы прапанавалі павялічыць колькасць відаў спорту, колькасць спартсменаў з-за гэтага павялічылася — 2225 атлетаў сёння зарэгістравана ў нашай акрэдытацыйнай сістэме. І мы хочам, каб наступныя Гульні ў 2025 годзе ў Азербайджане прайшлі яшчэ больш яскрава, прыгожа і маляўніча, — сказаў Сяргей Кавальчук. — Сёння спорт — гэта сіла, якая аб’ядноўвае людзей. Гэта той від дзейнасці, дзе можна атрымаць масу станоўчых эмоцый. Мы бачым, як сёння развіваецца свет, і, на жаль, не ва ўсіх відах спорту можна атрымаць станоўчыя эмоцыі. А на спартыўных пляцоўках нашы гледачы радуюцца перамогам сваіх спартсменаў, засмучаюцца з нагоды іх пройгрышаў».

Сяргей Кавальчук расказаў, што цікавасць да Гульняў краін СНД праяўлялі і краіны Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Але калі пачалася акрэдытацыя на Гульні, у многіх краін ужо былі спланаваны календары правядзення спаборніцтваў на год.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.