Сотні чалавек з усіх рэгіёнаў краіны сабраліся на заходнім беразе Цнянскага вадасховішча ў мінулую суботу. Там адбылося ўрачыстае адкрыццё новага Lakesіde-парку. Сярод ганаровых гасцей — старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў, кіраўнік інвестыцыйнай кампаніі спадар Махамед Алабар. Карэспандэнт «Звязды» таксама прагуляўся па парку, асабісты вердыкт — атрымалася прыгожа, якасна, з душой.
У дзень адкрыцця лакацыі для мінчан і гасцей горада падрыхтавалі вялікую забаўляльную праграму. Людзей было шмат. Многія прыходзілі з дзецьмі. Хтосьці адпачываў на пляжы, хтосьці абыходзіў фотазоны, а большая частка гасцей вырашыла прайсці квэст і, набраўшы патрэбную колькасць балаў, атрымаць прыгожы падарунак — беласнежнага мядзведзя. На сцэне публіку забаўляў вядучы, на фуд-зоне пахла шашлыкамі, а дзіцячая пляцоўка са шматлікім гульнявым абсталяваннем стала цэнтрам прыцягнення юных гасцей. Таксама можна было паглядзець выступленні кавер-бэндаў і святочны феерверк каля вады, які расфарбаў неба ў 22.30.
— Вельмі прыемна, што сёння мы прысутнічаем на сапраўды добрай падзеі — адкрыцці новага парку, які, вядома ж, стане ўпрыгажэннем гэтай тэрыторыі, — сказаў падчас урачыстага адкрыцця старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, — Тут вельмі прыгожая прырода, якая патрабавала прыкласці руку для таго, каб стварыць добрыя ўмовы для адпачынку як дарослых, так і дзяцей. І, вядома, людзі атрымаюць шмат задавальнення, таму што тут усё створана для чалавека. Для горада важна, калі будуюцца паркі, таму што горад — гэта заўсёды шмат машын, дамоў і асфальту. Але кожнаму чалавеку хочацца пабыць каля вады, сярод зеляніны, на прыродзе. І я ўпэўнены, што гэты парк стане яшчэ адным зялёным упрыгажэннем, жамчужынай нашай сталіцы.
Мэр горада нагадаў, што Махамед Алабар з'яўляецца інвестарам вельмі сур'ёзнага і значнага праекта для горада Мінска.
— Спадар Алабар — гэта чалавек, які думае пра будучыню, — адзначыў мэр. — Хацелася б падзякаваць яму за тое, што рэалізацыю інвестпраекта ён пачаў з будаўніцтва вось такога выдатнага парку. Ужо ідзе будаўніцтва выставачнага цэнтра, іншых аб'ектаў, жылля, якія будуць прывабныя для нашай краіны. Я рады, што ў горадзе з'явіўся такі цікавы аб'ект. Пры яго будаўніцтве выкарыстоўваліся самыя сучасныя тэхналогіі і адначасова творчы падыход. Многія беларускія скульптары змаглі рэалізаваць свае ідэі, якія мы тут бачым. Атрымаўся ўдалы сімбіёз творчых ідэй і іх рэалізацыя.
Бізнесмен прызнаўся, што яму прыемна бачыць эмацыянальную рэакцыю людзей у гэты дзень.
— Парк пабудаваны для вас, вашых дзяцей, — звярнуўся да публікі кіраўнік інвестыцыйнай кампаніі спадар Махамед Алабар. — Гэтая зона адпачынку новая, яна будзе развівацца. Вы не будзеце тут сумаваць.
Інвестар займаецца бізнесам 35 гадоў у больш чым 50 краінах.
— Асаблівую ўвагу ў рабоце аддаю якасці жыцця людзей, навакольнай прасторы. Таму ў гэтым парку мы пастараліся стварыць максімальна камфортнае асяроддзе для вас. Хачу падзякаваць мэру горада і вашаму Прэзідэнту за падтрымку праекта, — падкрэсліў спадар Алабар.
Галоўная адметнасць парку — 17 скульптур, гэта работы беларускіх майстроў. Над кожнай працавалі вельмі доўга і карпатліва.
Lakesіde арганічна спалучае прыгажосць прыроды, мастацтва і дасягненні сучаснасці. Для заняткаў спортам тут прадугледжаны спецыяльныя пляцоўкі, бегавыя і веладарожкі. Аматараў спакойнага адпачынку пацешаць уладкаваныя набярэжная і пляж. Ёсць тут і пірс для рыбалкі, і амфітэатр. Словам, усё, што трэба для добрага баўлення часу.
— У парку створаны ўсе ўмовы для адпачынку. Можна смачна паесці, пазаймацца спортам. Жыву недалёка, таму буду тут бываць часта, — падзяліўся мінчанін
Мікалай.
— Вельмі крутая інфраструктура! Жывая, зялёная, усё на вышэйшым узроўні! Галоўнае, што маім дзецям падабаецца, — адзначыла Крысціна.
— Цудоўны пляж, пабольш бы такіх... Добрае месца для прагулкі, бегу. Найлепшае месца, каб правесці дзень на адкрытым паветры з сям'ёй, — лічыць Іван.
Мяркуючы па колькасці наведвальнікаў, якія прыйшлі на адкрыццё новай зоны адпачынку, можна лічыць, што парк ужо папулярны, а свята атрымалася.
Як вядома, у паўночнай частцы сталіцы будуецца шматфункцыянальны комплекс «Паўночны бераг», які плануюць цалкам уладкаваць да 2040 года. Ён разгорнецца на шасці мільёнах квадратных метраў. Тут пабудуюць жылыя дамы з усёй неабходнай інжынернай і транспартнай інфраструктурай, выставачны цэнтр і сацыяльныя аб'екты. Пакуль тэрыторыю Цнянкі змяніў толькі атмасферны парк, але побач ужо відаць абрысы шматпавярховікаў.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота аўтара
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.