Вы тут

«Яны гатовыя грызці паркет, каб даказаць сваю сілу»


Знакамітыя гульцы знакамітай каманды «СКА-Мінск» Дзмітрый Нікуленкаў, Іван Броўка, Сяргей Шыловіч ізноў сабраліся разам на гандбольнай пляцоўцы. Але не для таго, каб парадаваць балельшчыкаў класным матчам. Хоць гэта як паглядзець. Сёння гандбалісты, якія пасля заканчэння спартыўнай кар'еры сталі трэнерамі, рыхтуюць мужчынскую каманду да ІІ Гульняў краін СНД.


Фота прэс-службы «СКА-Мінск».

«Я не магу сказаць, ці лічаць хлопцы нас прыкладам. Але ж яны раслі на нашых гульнях. Зрэшты, гэта не важна. Мне важна тое, як яны падыходзяць да трэніровак, як яны разумеюць гульню. А на каго арыентавацца — асабістая справа кожнага. Каманда выканала велізарную работу. Мусіць, ім было цяжка, але яны ўсё вытрымалі. Іх падрыхтоўка, іх матывацыя дазваляюць ім дастойна выглядаць на міжнародных стартах, якіх цяпер, на жаль, вельмі мала», — адзначае Дзмітрый Нікуленкаў. Менавіта ён адказвае за падрыхтоўку каманды да ІІ Гульняў краін СНД. Аснову зборнай «Беларусь-1» складаюць гульцы каманды БДУФК-СКА-РДВАР 2004 года нараджэння, якую трэніруе Сяргей Шыловіч. У сезоне 2022/2023 каманда прабілася ў «фінал чатырох» Кубка Беларусі і спынілася за крок ад п'едэстала ў чэмпіянаце краіны. Нядрэнны задзел на будучыню.

«Каманда цэлы сезон гуляла ў чэмпіянаце краіны і ў прынцыпе паказала сябе вельмі дастойна. Мы пайшлі на гэта мэтанакіравана, бо спадзяваліся, што будзем гуляць у еўрапейскіх матчах, і хацелі, каб каманда была «згуляная», каб не было праблем з падрыхтоўкай. Але еўрапейскіх гульняў у нас няма, ёсць гульні садружнасці. І гэта таксама вельмі нядрэнна», — падкрэслівае Дзмітрый Нікуленкаў.

За медалі ІІ Гульняў краін СНД будзе змагацца і каманда «Беларусь-2», якую склалі гульцы 2006 года нараджэння, паводле слоў Дзмітрыя Нікуленкава, вельмі таленавітыя. Але ўсё ж такі розніца паміж спартсменамі васямнаццаці і шаснаццаці гадоў істотная. Таму асноўныя спадзяванні ўскладзены на каманду «Беларусь-1» (але трымаем у галаве, што непрадказальныя павароты ў спорце не рэдкасць).

«Хлопцаў з каманды БДУФК-СКА-РДВАР я ведаю вельмі даўно. Вельмі цікава назіраць за тым, як яны растуць. Гэтая каманда цікавая тым, што ў ёй няма вялізных талентаў, але ёсць вялікае жаданне. Мяне вельмі радуе іх падыход да работы, таму што таленавітых гульцоў я люблю крыху менш, чым працаздольных. У гэтай камандзе працаздольныя ўсё. Яны гатовыя грызці паркет, каб даказаць сваю сілу. За 20 гадоў у гандболе я першы раз бачу гульцоў, якім не трэба рабіць заўвагі, не лічачы дробных указанняў. Яны выкладваюцца на сто працэнтаў, іх працаздольнасць уражвае. Хлопцы яшчэ зусім маладыя, і, каб прабіцца наверх, ім трэба працаваць да сёмага поту. Яны гэта цудоўна разумеюць і менавіта так працуюць. Таму я нават персанальна кагосьці з іх вылучыць не магу. Для мяне каштоўны менавіта камандны вынік. Ёсць людзі, якія не забіваюць ніводнага гола, але робяць цэлую кучу чарнавой работы. Для мяне важны калектыў. І ў гэтым калектыве кожны гулец ведае, што ён павінен зрабіць, і робіць гэта», — распавядае Дзмітрый Нікуленкаў.

Паводле яго слоў, вельмі складана рабіць прагнозы на Гульні, таму што з-за адсутнасці міжнароднай практыкі нельга аб'ектыўна ацаніць, на якім узроўні знаходзіцца наша каманда.

«З камандай Расіі «Беларусь-2» гуляла паўтара года таму, нашы хлопцы выйгралі. Але я лічу, што ім трэба як мага хутчэй забыцца на тыя гульні. Калі жыць мінулымі перамогамі, нічога не атрымаецца ў сучаснасці. Пакуль я не магу сказаць, хто з камандаў складае для нас найбольшую небяспеку. Мы гэта адчуем на самім турніры. Так, у такіх умовах спартсменам цяжка рыхтавацца. Але затое гледачам гарантаваная інтрыга», — адзначае Дзмітрый Нікуленкаў. У якім стане насамрэч знаходзяцца гандбалісты, пакажуць толькі матчы. «Кожны год выступаючы на міжнародных стартах, спаборнічаючы з камандамі з розных краін, мы выразна бачылі, чаго нам не хапае — абароны, кідкоў ззаду, фізічнай падрыхтоўкі ці яшчэ чагосьці. Цяпер мы быццам бы спрабуем нешта нівеліраваць, але мы не можам ацаніць, на якім узроўні сапернікі, таму што мы не сустракаліся з імі на пляцоўцы», — тлумачыць Дзмітрый Нікуленкаў.

У сувязі з гэтым і будучыню беларускага гандбола, яго ўзровень пасля вяртання на міжнародны ўзровень прагназаваць складана. «Я не разумею, дзе мы будзем гуляць, калі вернемся, хто будзе нашымі сапернікамі. Так, наша работа не спынялася, у шматлікіх клубах вядзецца актыўная работа з моладдзю. Але пакуль мы не гуляем з сапернікамі з розных краін — мы не бачым свой рэальны ўзровень. Мы можам абгуляць расіян ці расіяне абгуляюць нас. Парадуемся гэтаму поспеху або засмуцімся паражэнню. Але гэта таксама не аб'ектыўны паказчык. Бо мы не ведаем, на якім узроўні насамрэч знаходзяцца і расіяне. Свой рэальны ўзровень мы ўбачым, толькі калі вернемся на міжнародную пляцоўку. І ўжо тады будзем выбудоўваць работу. Гэта калі казаць аб клубах і аб юніёрскіх зборных. Нацыянальнай зборнай крыху прасцей, таму што дастаткова шмат гульцоў выступае ў добрых, у тым ліку і замежных, клубах, і ў іх ёсць практыка», — тлумачыць Дзмітрый Нікуленкаў.

Спаборніцтвы па гандболе ў рамках ІІ Гульняў краін СНД пройдуць у Брэсце. Турнір прыме ўніверсальны спартыўны комплекс для гульнявых відаў спорту «Вікторыя». Прымаць буйныя спаборніцтвы гэтаму спартыўнаму аб'екту не ў навіну — тут праходзілі фінал SЕНА-лігі, чэмпіянаты і кубкі краіны, Балтыйскія юнацкія гульні, мноства іншых мерапрыемстваў. «Вікторыя» — дамашняя арэна гандбольнага клуба «Мяшкоў Брэст», 14-разовага чэмпіёна Беларусі, а сёлета яшчэ і пераможцы SЕНА-лігі. Дзякуючы гэтаму клубу ў Брэсце настолькі любяць і паважаюць гандбол, што нават лічаць горад над Бугам гандбольнай сталіцай Беларусі. Таму ў жніўні на трыбунах комплексу пуста быць не павінна. У гэтым упэўнены і Дзмітрый Нікуленкаў: «БДУФК-СКА-РДВАР выступала на пляцоўцы «Вікторыі». Каманду ў горадзе палюбілі, мы пачулі шмат цёплых слоў у свой адрас. І тое, што каманда гуляе ў Брэсце, гэта вельмі крута. Мы ведаем, які балельшчык у Брэсце, і я думаю, што на маладзёжную зборную людзі прыйдуць. Мы гуляем дома, і план-мінімум у нас просты — першае месца».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.