Вы тут

Перагаворы з Пуціным, Валаам і нефармальная сустрэча. Вынікі звышнасычанай камандзіроўкі Лукашэнкі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня завяршыў рабочы візіт у Расію, куды адправіўся яшчэ 22 ліпеня. У матэрыяле БелТА аб звышнасычаным графіку кіраўніка дзяржавы, падрабязнасцях і выніках прэзідэнцкай камандзіроўкі.


Гэтыя дні ўмясцілі ў сябе як афіцыйныя перагаворы кіраўнікоў дзяржаў, так і нефармальную сустрэчу, сумеснае наведванне славутых мясцін у Кранштаце і манастыра на востраве Валаам.

Зрэшты, дзелавая размова ў Аляксандра Лукашэнкі адбылася не толькі з яго расійскім калегам. Работа кіраўніка дзяржавы пачалася з першых мінут на братэрскай расійскай зямлі. У аэрапорце яго сустракалі губернатары Ленінградскай вобласці і Санкт-Пецярбурга. З кожным адбылася кароткая, але прадметная размова. Тым больш што рабочых пытанняў нямала. Дарэчы, на мінулым тыдні на нарадзе ў Прэзідэнта ў Мінску якраз разглядалася пытанне выкарыстання расійскіх партоў і развіцця айчыннай партовай інфраструктуры для перавалкі грузаў. І паўночная сталіца Расіі якраз з’яўляецца асноўным хабам для Беларусі ў гэтым пытанні.

Чаму вырашылі сустрэцца ў нядзелю

Праведзеная сустрэча лідараў дзвюх краін планавалася загадзя, і няма нічога надзвычайнага або нейкай канспіралогіі ў тым, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін вырашылі сустрэцца менавіта ў нядзелю, 23 ліпеня. Так было зручна і так склаліся графікі прэзідэнтаў.

«Аляксандр Рыгоравіч, як і дамаўляліся, сустракаемся сёння...», — сказаў у пачатку сустрэчы расійскі лідар.

Прэзідэнт Беларусі на гэта заўважыў: «Паўгода таму дамовіліся».

«Гэта праўда. Даўно дамаўляліся, — пагадзіўся Уладзімір Пуцін. — Сустракаемся сёння ў Пецярбургу. Надвор’е добрае, сёння нядзельны дзень, але ў нас заўсёды ёсць, пра што пагаварыць».

Адразу ў пачатку перагавораў кіраўнікі дзяржаў таксама паведамілі аб сваім намеры не абмяжоўвацца адным днём, а сумесна папрацаваць і 24 ліпеня, каб грунтоўна разгледзець увесь комплекс пытанняў.

Цікавы момант — на перагаворы ў Канстанцінаўскі палац Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прыехалі разам. За рулём быў Прэзідэнт Расіі, і ён заехаў за кіраўніком беларускай дзяржавы. Гэты фармат для кіраўнікоў дзяржаў не новы, такое яны практыкавалі і раней. Напрыклад, у кастрычніку 2018 года Аляксандр Лукашэнка запрасіў Уладзіміра Пуціна на сваю малую радзіму, у аграгарадок Александрыя Шклоўскага раёна. Замест традыцыйнага для кіраўнікоў дзяржаў аўто прадстаўніцкага класа тады быў выбраны мадэрнізаваны аўтамабіль ГАЗ-69 60-х гадоў выпуску. За рулём быў Аляксандр Лукашэнка.

Што абмяркоўвалі Прэзідэнты

Адкрытая частка перагавораў кіраўнікоў дзяржаў 23 ліпеня прагучала гучна і шырока абмяркоўваецца да гэтага часу.

«У пачатку гутаркі я хацеў бы адзначыць, што ўсе нашы планы рэалізуюцца, прычым нават лепшымі тэмпамі, чым мы з вамі чакалі, — падкрэсліў расійскі лідар. — У нас цалкам і поўнасцю ўсе планы рэалізуюцца на прадмет будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, мы рухаемся ўпэўнена па гэтых напрамках. Расце тавараабарот. Усё ў нас рухаецца як мінімум, сціпла скажам, здавальняюча. Пагаворым, вядома, і наконт пытанняў бяспекі ў рэгіёне».

Аляксандр Лукашэнка ў сваім уступным слове закрануў многія пытанні, уключаючы ход спецыяльнай ваеннай аперацыі і поспехі расійскіх ваенных, правал украінскага контрнаступлення і ўзмацненне ваеннай актыўнасці НАТА ў Польшчы, планы Захаду расчляніць Украіну на часткі. Адной з самых гучных і абмяркоўваемых заяў стаў расказ аб «турыстычных» імкненнях вагнераўцаў, якія былі б не супраць «схадзіць на экскурсію» ў Варшаву і Жэшаў.

Яшчэ адна важная тэма — планы па развіцці эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў даручыць урадам дзвюх краін прадумаць адпаведны план на перспектыву. «Сутнасць — апора на ўласныя сілы. Не будзем мы прагінацца ні пад каго. Мазгоў хапае. Рэсурсаў больш, чым дастаткова. І трэба выбудаваць план развіцця нашай Айчыны. Як я гавару: дзве дзяржавы, адна Айчына. І мы гэта можам зрабіць. Але асноўныя сілы тут, у Расіі, з даўніх часоў. І калі нашы ўрады выпрацуюць такі план, гэта будзе нядрэнна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Эканоміка — гэта аснова. Будзе эканоміка — усё астатняе мы вырашым», — падкрэсліў беларускі лідар.

Чым важна нефармальная частка сустрэчы

Парадак дня афіцыйнай часткі сустрэчы быў вялікі, але прадаўжаўся параўнальна нядоўга. Даволі хутка прэзідэнты перайшлі да нефармальнай часткі. У наш час менавіта ў такім фармаце абмяркоўваюцца самыя сур’ёзныя пытанні. І гэта быў самы важны складнік паездкі.

Лідары краін сустракаліся ў другой палавіне дня ў нядзелю, у панядзелак, сумясціўшы гэта з паездкай на Валаам, і нават раніцай у аўторак, 25 ліпеня, да адлёту Аляксандра Лукашэнкі.

Па селектары на сувязі былі службовыя асобы, адказныя за розныя напрамкі. Гэта таксама звычайная практыка. Але ў асноўным прэзідэнты размаўлялі сам-насам.

Дзе пабывалі прэзідэнты

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сумесна пабывалі адразу на двух астравах. У нядзелю пасля афіцыйнай часткі перагавораў яны прыехалі ў Кранштат, які, як вядома, размешчаны на востраве Котлін ва ўсходняй частцы Фінскага заліва, прыблізна за 30 км ад цэнтра Санкт-Пецярбурга.

Заехаць у Кранштат прапанаваў Прэзідэнт Расіі. Гэты пункт праграмы з’явіўся за некалькі дзён да візіту.

Кіраўнікі дзяржаў спачатку прыехалі ў музейна-гістарычны парк «Востраў фартоў». Там ім паказалі галоўны музейны экспанат — першую савецкую атамную падлодку К-3 «Ленінскі камсамол». У будынак Музея ваенна-марской славы ў Кранштаце яе даставілі з Мурманскай вобласці восенню 2022 года.

Яшчэ адным пунктам сумеснай нефармальнай праграмы прэзідэнтаў стала наведванне ў Кранштаце Стаўрапігіяльнага Марскога сабора, вядомага таксама як Марскі сабор свяціцеля Мікалая Цудатворца. Гэты праваслаўны храм — апошні і самы вялікі з марскіх сабораў, пабудаваных у час Расійскай імперыі. Ён узводзіўся ў 1903-1913 гадах. З мая 2013 года лічыцца галоўным храмам Ваенна-марскога флоту Расіі.

Кранштат — месца, вядома вельмі сімвалічнае. А Музей ваенна-марской славы часткова хоць яшчэ і ў працэсе будаўніцтва, але, гавораць, Аляксандру Лукашэнку вельмі спадабаўся.

На наступны дзень прэзідэнты разам наведалі Спаса-Праабражэнскі Валаамскі мужчынскі манастыр, размешчаны на востраве Валаам (Ладажскае возера) у Карэліі. У саборы яны пакланіліся мошчам прападобных Сергія і Германа — заснавальнікаў манастыра.

Кіраўнікі дзяржаў таксама наведалі Свята-Уладзімірскі скіт, дзе размешчана Уладзімірская царква.

Папярэдні раз кіраўнікі дзяржаў бывалі на Валааме ў ліпені 2019 года.

Валаамскі манастыр — адзін з самых шануемых у Расіі. Штогод яго наведваюць больш як 100 тыс. паломнікаў і турыстаў.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.