Вы тут

Патрыятычныя мерапрыемствы, інавацыі, грамадска карысная праца


Патрыятычныя мерапрыемствы + інавацыі

Па ўсім Казахстане на сёння дзейнічае больш за 8,6 тысячы ваенна-патрыятычных арганізацый. Іх наведвае звыш 260 тысяч юнакоў і дзяўчат, перадае карэспандэнт МІА «Казінфарм».

У тым ліку гэта ваенна-патрыятычныя клубы (7053), куды ходзяць 227 тысяч юнакоў і дзяўчат, класы «Жас сарбаз» (1231) з ахопам 27 тысяч навучэнцаў, гурткі Smart sarbaz (388) наведваюць 6437 маладых людзей. У гуртках Smart sarbaz, апроч патрыятычных мерапрыемстваў, дзеці асвойваюць інавацыі і рэалізоўваюць свае тэхнічныя ідэі.

Таксама для ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі на рэгулярнай аснове ў Казахстане штогод у перыяд прызыўной кампаніі праводзіцца акцыя «Айбынды ?скер». А таксама ладзяцца конкурсы сярод ваенных спецыялістаў «?скер тарланы» на найлепшага танкіста, лётчыка, разведчыка, сапёра, арганізоўваюцца фестывалі салдацкай песні «Сарбаз сахнасы», ваенна-патрыятычнай песні «Жас сарбаз».

Сёлета ў перыяд з 17 да 23 чэрвеня ў навучальным цэнтры «Спаск» Узброеных сіл плануецца правядзенне рэспубліканскага ваенна-патрыятычнага збору моладзі «Айбын».


Школьнікі і абавязковая грамадска карысная праца

Група дэпутатаў унесла ў Дзярждуму папраўкі ў федэральны закон «Аб адукацыі», якія замацоўваюць абавязковы ўдзел школьнікаў у грамадска карыснай працы. Пра гэта са спасылкай на старшыню камітэта Дзярждумы па асвеце і аднаго з аўтараў законапраекта Вольгу Казакову паведамляе РІА «Навіны».

«Прапануецца скарэкціраваць паняцце «выхаванне», дапоўніўшы яго складнікам, накіраваным на фарміраванне ў навучэнцаў працавітасці, адказнага стаўлення да працы і яе вынікаў. Таксама прапануецца дапоўніць прынцыпы дзяржаўнай палітыкі і прававога рэгулявання адносін у сферы адукацыі адзінствам навучання і выхавання», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да дакумента з агаворкай аб тым, што ўдзел у грамадска карыснай працы, прадугледжанай адукацыйнай праграмай, будзе праходзіць з улікам узроставых і псіхафізічных асаблівасцяў.

Таксама ў папраўках прапануецца прыбраць норму аб забароне прыцягнення вучняў без іх згоды і непаўналетніх без згоды іх бацькоў да працы, не прадугледжанай адукацыйнай праграмай.

«Гэтым законам мы прапануем разглядаць вучня не як назіральніка за работай іншых, а як стваральніка. Такім чынам ужо ў школе фарміруем пачуццё асабістага дачынення да справы і адказнасці за яе вынік: сёння — ў выглядзе простых бытавых навыкаў, такіх як уменне навесці парадак, чысціню ў класе, у школе. А заўтра гэты ж вучань ужо будзе шанаваць вынікі сваёй працы ў абранай прафесіі і з павагай ставіцца да працы тых, хто побач».

Вольга Казакова дадала, што «яшчэ адна навела законапраекта датычыцца абавязковасці ўдзелу вучняў у грамадска карыснай працы: высадка дрэў, кветак на прышкольнай тэрыторыі, удзел у афармленні класа або школьнай пляцоўкі да мерапрыемства, дапамога ў бібліятэцы, у музеі». Паводле яе слоў, пытанні захавання чысціні і парадку ў адукацыйных арганізацыях не павінны залежаць ад жадання або нежадання каго-небудзь. «Гэта элемент адзінай адукацыйнай і выхаваўчай прасторы. Пры гэтым абавязкова будзе ўлічвацца ўзрост і асаблівасці здароўя», — дадала яна.

Аўтары ініцыятывы ўпэўненыя, што прыняцце такога закона створыць аснову для ўдасканалення школьнай праграмы па працы. «Урок працы павінен так і называцца — «Урок працы» і прадугледжваць менавіта фарміраванне зразумелых, простых навыкаў, якія спатрэбяцца ў жыцці, у быце, у сям'і, прафесіі», — адзначыла Вольга Казакова.


Дапамагчы моладзі пасля разрыву адносін

Міністэрства сацыяльнага развіцця Новай Зеландыі сабралася выдзеліць чатыры мільёны долараў для падтрымкі падлеткаў, якія перажылі расстанне. Аб гэтым піша CNN.

Частка сродкаў пойдзе на арганізацыю работы службы падтрымкі па тэлефоне і электроннай пошце. Апошнім зоймецца арганізацыя Youthlіne, якая ўжо аказвае псіхалагічную дапамогу маладым людзям ад 12 да 24 гадоў.

Міністэрства правяло апытанне сярод падлеткаў, у якім узялі ўдзел 1200 чалавек. Аказалася, што каля 68 працэнтаў апытаных мела патрэбу ў спецыялізаванай падтрымцы пасля разрыву адносін.

На думку намесніка кіраўніка міністэрства Прыянчы Радхакрышнан, такая падтрымка дапаможа падлеткам навучыцца правільна выбудоўваць стасункі.

Кампанія атрымала назву Love Better, а яе слоган абвяшчае — «Валодай пачуццямі».

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.