Вы тут

У Купалаўскім тэатры адбылася прэм'ера «Казкі аб мёртвай царэўне...»


Улетку Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы вырашыў парадаваць юнага гледача прэм’ерай «Казкі аб мёртвай царэўне...». Атрымаўся яркі, уражальны спектакль, дзе дабро перамагае зло, а ўзаемадапамога і стойкасць з’яўляюцца найвышэйшымі каштоўнасцямі... 


Адразу варта адзначыць, што гэты спектакль не з’яўляецца рэмейкам ці казкай на новы лад. Рэжысёр-пастаноўшчык Павел Марыніч спрабаваў захаваць твор Пушкіна з мінімальнымі новаўвядзеннямі. Арыгінальным застаўся і тэкст у прыгожым перакладзе на беларускую мову. Цікава, што ў пачатку і ў канцы казкі з’яўляецца Аляксандр Сяргеевіч уласнай персонай з кнігай казак. Асноўнае адрозненне ад арыгінала ў тым, што колькасць асілкаў была скарочана да трох малайцоў, аднак гэта ніяк не адбілася на якасці казкі і перадачы асноўнай думкі твора.

На спектаклі стаіць узроставае абмежаванне 6+, а рэжысёр запэўнівае, што дарослым яна таксама будзе цікава. У самой казцы падымаецца шмат розных тэм, над якімі можна разважаць у любым узросце. Яна аб каханні і ўзаемадапамозе, аб мужнасці і адносінах бацькоў і дзяцей, аб зайздрасці і злосці.

Павел Марыніч разам з мастаком-пастаноўшчыкам Іллёй Падкапаевым стварылі вельмі дынамічную, музычную, чарадзейную і нават трохі страшную «Казку аб мёртвай царэўне...»

Рэжысёр прыўнёс сюды тэатр ценяў, з дапамогай якога гледачы могуць убачыць усе чароўныя ператварэнні на ўласныя вочы.

— Мне заўсёды цікава, што адбываецца там, за кулісамі, — дзеліцца Павел Марыніч. — Мачыха магла сказаць «Ці мне не жыць, ці царэўну загубіць» і сысці са сцэны, але не. Яна сыходзіць за вітражнае акно, зачароўвае яблык і ператвараецца ў старую. Дзеці ўсё бачаць і разумеюць, што гэта не старонні чалавек выйшаў, а сама мачыха.

Па яго словах, тэхнічна гэта вельмі складаная казка. Два светлавых пераходы ў хвіліну, да таго ж яшчэ пастаянныя апусканні і падніманні дэкарацый. Адмысловага прафесіяналізму патрабуе і ігра ў тэатры ценяў. Пластыка павінна быць на вельмі высокім узроўні, каб глядач зразумеў, што артыст імкнецца адлюстраваць.

Але якія ж уражанні пакідае спектакль? Пасля ўсіх выпрабаванняў, праз якія праходзяць героі казкі, вельмі радасна, што ўсё заканчваецца хэпі-эндам. Ды ці магло быць інакш: дабро ж у выніку заўсёды перамагае зло. Да таго ж падумаць ёсць над чым. Нездарма ж Аляксандр Сяргеевіч некалі пісаў: «Казка лжэ, ды ў ёй намёк! Добрым малайцам урок».

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.