Вы тут

Прытрымлівайцеся правіл бяспекі пры купанні і сачыце за дзецьмі


Кожны купальны сезон сумная статыстыка ахвяр вады, на жаль, папаўняецца. Не стала выключэннем і гэтае лета. У перыяд з 1 чэрвеня да раніцы 4 ліпеня ў вадаёмах краіны патанулі 57 чалавек, сярод іх — шасцёра дзяцей...


Дзе былі дарослыя?

Адзін з трагічных выпадкаў здарыўся ў Магілёве. У рацэ Днепр патануў хлопчык 2014 года нараджэння. Як потым высветлілася, кампанія дзяцей, сярод якіх былі два браты, купалася ў заліве і каталася на імправізаваным драўляным плыце. Дарослых побач з дзецьмі не было. Калі малодшы з братоў упаў з плыта ў ваду і пачаў тануць, старэйшы, не здолеўшы аказаць яму дапамогу, выйшаў на бераг і набраў нумар ратавальнікаў. Астатнія дзеці, якія купаліся з імі, уцяклі. Вадалазы пажарнага аварыйна-ратавальнага атрада Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС выцягнулі пацярпелага хлопчыка з вады і перадалі ўрачам хуткай медыцынскай дапамогі. Школьніка шпіталізавалі ў абласную дзіцячую бальніцу, дзе ўрачы некалькі гадзін змагаліся за яго жыццё. На жаль, выратаваць дзіця не ўдалося.

Днямі раней трагедыя адбылася і ў Гомельскай вобласці. Дзяўчынка 2008 года знаходзілася на адпачынку з маці на беразе ракі. Раніцай 18 чэрвеня ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што дзіця прапала. Першапачатковыя пошукі не прынеслі выніку. Цела дзяўчынкі было знойдзена мясцовымі жыхарамі ў рацэ толькі праз некалькі дзён пасля трагедыі.

Патанулага падлетка вадалазы шукалі і ў кар'еры ў Полацку. Як удалося высветліць, у адзін з чэрвеньскіх вечароў двое непаўналетніх накіраваліся да кар'ера для адпачынку. Пасля распіцця спіртных напояў адзін з іх вырашыў пакупацца. Пасля таго, як хлопец знік з поля зроку свайго сябра, той кінуўся яго шукаць. Пасля няўдалых пошукаў падлетак звярнуўся ў МНС. Ратавальнікі выявілі цела хлопца 2006 года нараджэння на адлегласці сямі метраў ад берага, на глыбіні 2,5 метра. Месца, у якім купаўся загінулы, не абсталявана для адпачынку.

Выязджалі ратавальнікі і на паведамленне аб патанулым хлопчыку ў рацэ Прыпяць у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах выцягнулі на бераг шасцікласніка мясцовай школы. Як потым было ўстаноўлена, ідучы да неабсталяванага месца для купання ўздоўж берага па вадзе, падлетак 2010 года нараджэння ўступіў у падводную яму — яго стала выносіць плынню. Выратаваць дзіця не паспелі.

Трагічным стаў адпачынак і для адной з траіх сябровак, якія бавілі час на гарадскім пляжы ў Паставах. Калі дзве дзяўчынкі далучыліся да групы падлеткаў, якія купаліся на большай глыбіні вады і далей ад берага, пацярпелая знаходзілася каля берага. Праз некаторы час, калі дзве дзяўчынкі і група падлеткаў, з якімі яны купаліся, вырашылі выйсці на бераг, то ўчапіліся за нешта нагой. Адзін з падлеткаў папрасіў у супрацоўніка Таварыства ратавання на водах маску і нырнуў у ваду, дзе ўбачыў цела дзяўчынкі, якая засталася чакаць сваіх сябровак каля берага. Супрацоўнікі таварыства выцягнулі дзяўчынку з вады. Яна ўжо была без прыкмет жыцця.

Жудасны выпадак адбыўся ў Мінскім раёне. Амаль двухгадовая дзяўчынка патанула ў зборным басейне, глыбіня якога была меншай за метр. Як высветлілася, пакуль бацькі дзіцяці працавалі на ўчастку свайго прыватнага дома, дзяўчынка самастойна гуляла па двары без нагляду. А да бяды, як кажуць, шмат не трэба. Чаму малое дзіця знаходзілася без нагляду дарослых, разбіраюцца праваахоўныя органы.

— Як правіла, дзеці не шукаюць небяспеку, яны гуляюць, у тым ліку каля вадаёмаў, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Таму, каб пазбегнуць бяды, пэўнага інцыдэнту, неабходна пастаянна іх суправаджаць. Пры гэтым бацькі, іншыя дарослыя, якія адказваюць за дзяцей, павінны патлумачыць, якія небяспекі могуць іх чакаць. Калі дзіця зусім малое, неабходна трымаць яго на адлегласці выцягнутай рукі. Што датычыцца вады, то тут увогуле лепш трымаць дзіця за руку. Катэгарычна забараняецца злоўжываць спіртнымі напоямі, калі адпачываеце разам з дзецьмі каля вадаёма. Не бярыце дзяцей на возера або рэчку ў начны час. І, самае галоўнае, бацькам варта навучыць дзіця плаваць, каб у яго былі элементарныя навыкі паводзін на вадзе.

Другі шанц на жыццё

Як заўважае афіцыйны прадстаўнік МНС, нягледзячы на тое, што ў краіне функцыянуе каля 500 абсталяваных для купання пляжаў, некаторыя аддаюць перавагу адпачынку ў адзіноце або забароненым месцам для купання. «Ратавальнікі наведваюць і гэтыя месцы, аднак прадугледзець усё немагчыма, — падкрэслівае Яўген Бараноўскі. — У першую чаргу, кожны сам павінен прадбачыць пэўныя моманты, каб гарантаваць бяспеку сабе і сваім блізкім».

Для таго каб пазбегнуць трагедыі на вадзе, варта купацца толькі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, на абсталяваных пляжах, дзе ў выпадку няшчаснага выпадку можна разлічваць на дапамогу ратавальнікаў. Катэгарычна забараняецца купацца ў стане алкагольнага ап'янення. Не заплывайце за буйкі і іншыя агароджы, устаноўленыя ў месцах для купання. Не дапускайце свавольства на вадзе і не палохайце іншых. Не падавайце лжывых сігналаў бедства. Не рэкамендуецца купацца аднаму ў вячэрні і начны час. І яшчэ раз: не пакідайце дзяцей без нагляду!

Дзякуючы ратавальнікам і супрацоўнікам Таварыства ратавання на водах, з пачатку купальнага сезона выратавана 50 чалавек, у тым ліку 17 дзяцей. Днямі супрацоўнікі таварыства аказалі дапамогу чацвярым рыбакам на возеры Лукомскае. Ранішняя рыбалка ледзь не скончылася трагедыяй для кампаніі з двух хлопцаў і дзвюх дзяўчат, якія рыбачылі на гумавай лодцы з маторам. З-за хвалі і ветру лодка перакулілася — усе чацвёра апынуліся ў вадзе. На ўсіх былі надзеты выратавальныя камізэлькі, рыбакі змаглі ўзлезці на перакуленую лодку. У аднаго з хлопцаў у кішэні застаўся мабільны тэлефон, з якога яны патэлефанавалі ў службу ратавання. Супрацоўнікі МНС аператыўна перадалі інфармацыю на ратавальную станцыю Таварыства ратавання на водах, якая дыслацыруецца на возеры.

Ратавальнік Валерый Бартноўскі ў начны час дзяжурыў адзін. Пасля атрымання паведамлення аб здарэнні мужчына неадкладна выехаў да месца. На адлегласці каля двух кіламетраў ад берага ён убачыў чатырох чалавек, якія сядзелі на лодцы, якая перакулілася. Выратаваныя разам з лодкай былі дастаўлены на бераг. Маладыя людзі змерзлі, аднак медыцынская дапамога ім не спатрэбілася.

Нядаўна супрацоўнікі таварыства дапамаглі бяспечна дабрацца да берага і жанчыне з дзіцем. Маці разам з сынам плавала на катамаране на возеры Лукомскае ў раёне вёскі Стоўбцы Чашніцкага раёна. З-за моцнай плыні самастойна даплысці да берага яны не змаглі. Ратавальнікі, да якіх па тэлефоне звярнулася жанчына, аператыўна перадалі інфармацыю супрацоўнікам Таварыства ратавання на водах. Супрацоўнікі таварыства на дапамогу прыплылі на катары. Жанчыну і яе сына 2015 года нараджэння ратавальнікі ўзялі на борт катара, замацавалі катамаран і ўсіх даставілі на бераг. У медыцынскай дапамозе выратаваныя не мелі патрэбы.

Часам на дапамогу тым, хто тоне, прыходзяць відавочцы. Так, днямі жанчына, якая адпачывала на адным з брэсцкіх пляжаў, выратавала дзіця. Па папярэдняй інфармацыі, хлопчык 2017 года нараджэння знаходзіўся на вадаёме з мамай. Скачучы з берага, ён стукнуўся аб ваду і страціў прытомнасць.

— Мы дзяжурылі на вадаёме і пачулі крыкі: людзі клікалі на дапамогу, — расказаў ратавальнік Уладзімір Басалай. — Прыбегшы, убачылі, як жанчына спрабавала дапамагчы дзіцяці, накіроўваючыся з ім да берага. Забралі ў яе хлопчыка ў непрытомным стане. Да прыбыцця брыгады хуткай медыцынскай дапамогі я і калегі Аляксандр Фаменка, Сяргей Кавальчук праводзілі сардэчна-лёгачную рэанімацыю — хлопчык прыйшоў у сябе.

Дзіця перадалі медыкам: яго шпіталізавалі ва ўстанову аховы здароўя. Словам, месца здарэння для купання не абсталявана. Аб гэтым сведчыць і ўказальная таблічка «Купанне забаронена», аднак людзі чамусьці не бачаць яе або не хочуць бачыць.


Калі вы бачыце, што нехта тоне:

  • паклічце на дапамогу іншых людзей або супрацоўнікаў Таварыства ратавання на водах, калі яны ёсць побач;
  • патэлефануйце ў МНС (па нумарах 101 або 112) і выклічце хуткую дапамогу (па тэлефоне 103);
  • кіньце таму, хто тоне, ратавальны круг або доўгую вяроўку з вузлом на канцы (калі яны ёсць);
  • калі маецца лодка, падплывіце да чалавека і паспрабуйце дапамагчы;
  • калі вы плаваеце добра і ўпэўнены ў сваіх сілах, паспрабуйце дабрацца да чалавека самастойна: абхапіце яго ззаду за плечы і паспрабуйце пазбегнуць спроб схапіцца за вас, якія ў паніцы будзе рабіць той, хто тоне, — і плывіце з ім назад;
  • калі чалавек знаходзіцца без прытомнасці, цягніце яго да берага, узяўшы рукой пад падбародак такім чынам, каб яго твар пастаянна знаходзіўся над паверхняй вады;
  • да прыбыцця медыкаў па магчымасці прыступіце да аказання першай дапамогі.

Вераніка КАНЮТА

Фота з сайта МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.