Вы тут

Белстат распавёў аб дасягненнях Беларусі за час суверэнітэту ў лічбах


Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева распавяла БелТА аб ключавых дасягненнях Беларусі за час суверэнітэту ў лічбах.


Па словах Іны Мядзведзевай, рэальныя наяўныя даходы і сярэднямесячная заработная плата ў Беларусі маюць тэндэнцыю да росту. «Мы сёння займаем 3-е месца сярод краін СНД па сярэднямесячнай заработнай плаце, саступаючы толькі Расіі і Казахстану. У Беларусі адсутнічае крайняя беднасць у міжнародным вызначэнні (доля насельніцтва з даходамі ніжэй за $2,15), а ўзровень малазабяспечанасці ў нацыянальным вызначэнні з 1995 года па цяперашні час знізіўся ў 10 разоў і складае 3,9%. У 2022 годзе адзначаўся самы нізкі ўзровень фактычнага беспрацоўя, разлічаны па метадалогіі МАП, — 3,6% за перыяд назіранняў з 2012 года. Узровень фактычнага беспрацоўя ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца адным з самых нізкіх не толькі сярод краін СНД, але і ў свеце», — распавяла старшыня.

Калі ў канцы 20 стагоддзя Беларусь уваходзіла ў лік краін з сярэднім узроўнем чалавечага развіцця, то апошнія 5 гадоў яна стабільна ўваходзіць у групу краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця.

Значнае дасягненне ёсць і ў пытаннях гендарнай роўнасці. «За гады суверэнітэту ў краіне сфарміравалася новае пакаленне жанчын. Калі на пачатак 90 — х гадоў сярод працуючых жанчын вышэйшую адукацыю мелі толькі 16%, то ў 2022 годзе — 41%», — адзначыла кіраўнік Белстата.

У Беларусі сёння развіта сетка лячэбна-прафілактычных арганізацый. Аказанне дапамогі насельніцтву ажыццяўляецца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. За гады незалежнасці колькасць амбулаторна-паліклінічных арганізацый павялічылася ў 1,8 раза.

Ахова здароўя Беларусі характарызуецца высокай забяспечанасцю медыцынскімі кадрамі. Калі ў 1991 годзе на 10 тыс.чалавек насельніцтва колькасць лекараў складала 39,1, то ў 2022 годзе — 59,8 чалавека. «У медыцынскую практыку ўкараняюцца новыя ўнікальныя тэхналогіі і высокатэхналагічныя ўмяшанні. У рэйтынгу краін свету па трансплантацыі Беларусь знаходзіцца на 5-м месцы па трансплантацыі почак, на 10-м месцы па трансплантацыі печані, на 11-м месцы па трансплантацыі сэрца. У нас вельмі высокія рэйтынгі па захаванні мацярынства і дзяцінства», — сказала Іна Мядзведзева.

Сацыяльная накіраванасць жыллёвай палітыкі дзяржавы выяўляецца ў тым, што пад асаблівым кантролем знаходзіцца будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў, дадала яна. «За 2013-2022 гады для гэтай катэгорыі грамадзян пабудавана 5,9 млн кв.м агульнай плошчы жылых дамоў, пры гэтым амаль 60% за апошнія 4 гады. Практычна ўсе шматкватэрныя жылыя дамы апошнія гады будуюцца ў энергаэфектыўным выкананні, што дазваляе зніжаць выдаткі на іх эксплуатацыю. Забяспечанасць насельніцтва жыллём у разліку на аднаго жыхара за гады суверэнітэту ўзрасла з 18, 4 кв.м агульнай плошчы ў 1991 годзе да 29, 4 кв. м у 2022 годзе», — прывяла лічбы старшыня. Па забяспечанасці насельніцтва жыллём Беларусь займае адно з лідзіруючых месцаў сярод краін СНД.

Таксама Іна Мядзведзева спынілася на тэме адукацыі. «У нас вельмі высокі ўзровень адукацыі, і гэта пацвярджаюць міжнародныя рэйтынгі. Праведзены намі перапіс у 2019 годзе паказаў, што ўзровень адукацыі за апошнія 10 гадоў значна вырас. Гэта сведчыць аб тым, што ў Беларусі пераважаюць высокакваліфікаваныя кадры, якія могуць працаваць якасна ва ўсіх напрамках», — падкрэсліла яна.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.