Вы тут

Ордэн пашкадавала — зберагла і чужая зямля


Ганне Дзмітрыеўне Шашковай з Гомеля — хутка 91 год. Колькі хапіла здароўя — амаль да 80-ці — яна працягвала жыць у роднай вёсцы Верхняя Алба, што ў Жлобінскім раёне. Моцна трымалі на роднай зямлі карані — на вясковых могілках пахаваны маці з бацькам. У гэтыя дні ў жанчыны туга па роднай вёсцы зусім нязносна зашчаміла сэрца — так хацелася ёй зноў вярнуцца на малую радзіму. Але Ганна Дзмітрыеўна не ходзіць. Яна плакала-прасіла сваіх дачок пакланіцца яе бацькам у той зямлі і перадаць, што яна апошняя дачакалася...


Знойдзеныя ўзнагароды цяпер захоўваюцца ў сям’і Ганны Дзмітрыеўны Шашковай.

Гэта гісторыя пра сям'ю Мядзведзевых з вёскі Верхняя Алба: бацькоў Ганны Дзмітрыеўны — Веру Цімафееўну і Дзмітрыя Рыгоравіча і іх трох сыноў, якіх маці з бацькам ў Вялікую Айчынную так і не дачакаліся з фронту.

— Трое маміных братоў пайшлі ваяваць, і ўсе трое прапалі без вестак. Ні мама, ні мы не хацелі мірыцца з фармулёўкай «лічыцца без вестак зніклым». Шукалі хоць якой-небудзь інфармацыі пра трох братоў Мядзведзевых, — тлумачаць дочкі Ганны Дзмітрыеўны — Таццяна Іванаўна Давыдзенка і Алена Іванаўна Грышачкіна.

Іх маці добра памятае, як старэйшыя браты пайшлі на фронт, хоць ёй было толькі дзевяць, як вайна пачалася. Добра памятае жанчына, і як яе маці Вера Цімафееўна Мядзведзева, хоць і не атрымала «пахаронкі» на сыноў, адчувала: хлопцы яе загінулі на полі бою.

— Старэйшы — Сямён Мядзведзеў быў 1919 года нараджэння, работнік сельскага савета ў Верхняй Албе. Пайшоў служыць у армію яшчэ да 1941-га. Сярэдні — Вячаслаў, 1921 года нараджэння, — быў паштальёнам у вёсцы — прызваўся ў 1941-м і неяк адразу страціў сувязь з роднымі, — расказвае Таццяна Давыдзенка. — Меншаму Васілю Мядзведзеву, калі пачалася вайна, было 15 гадоў. Іх бацька — Дзмітрый Рыгоравіч, 1888 года нараджэння, меў сувязь з партызанскім атрадам, перапраўляў сувязную з іх вёскі. Васіля, які заставаўся дома, немцы завезлі ў камендатуру ў райцэнтр. Тады ўсю моладзь вясковую прымушалі ісці на службу ў паліцыю. Мама расказвала, што некаторыя хлопцы пайшлі, а наш Васіль уцёк. Дабраўся да партызан і заставаўся ў атрадзе да 1943 года.

Калі савецкія войскі вызвалялі іх раён, юнак прызваўся ў Чырвоную Армію. Хутка, у баях яшчэ на тэрыторыі Беларусі, атрымаў раненне. Старэйшыя Мядзведзевы даведаліся, у якім шпіталі сын, і на падводзе паехалі яго праведаць. Пасля ранення Васіль Дзмітрыевіч зноў рвецца на фронт. Сям'я дома чакае: ганарацца, ведаюць, што літаральна за некалькі месяцаў ён атрымаў некалькі ўзнагарод. А потым цішыня... На доўгія дзясяткі гадоў.

Парушыў яе званок пошукавіка ў сельскі Савет па месцы жыхарства байца Чырвонай Арміі Васіля Мядзведзева толькі ў 2018 годзе. Прайшло 73 гады пасля яго гібелі.

— Мы чакалі гэтага званка. Спадзяваліся, бо доўгі час не здаваліся і шукалі хоць якой-небудзь інфармацыі пра братоў мамы, — тлумачыць дачка Ганны Дзмітрыеўны Таццяна Давыдзенка. — Як толькі сталі з'яўляцца ў інтэрнэце сайты па пошуку савецкіх герояў, я ўвесь час спрабавала знайсці звесткі. Шукала і праз Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Пісала запыты і пакідала свой адрас.

У 2009 годзе з Таццянай Іванаўнай звязаліся супрацоўнікі Мінскага аблвыканкама. Запрасілі на сустрэчу па захаванні памяці аб савецкіх салдатах. Так яна дазналася, што ў Германіі былі рассакрэчаны архівы нацыстаў, у якіх засталіся звесткі аб старэйшым браце Сямёне Мядзведзеве. Высветлілася, што ў 1942 годзе ён памёр у лагеры ваеннапалонных у Германіі.

Малодшы сяржант 220-га стралковага палка 4-й стралковай дывізіі  Васіль Дзмітрыевіч Мядзведзеў да гібелі паспеў даслаць дадому сваю фотакартку.

— Весткі пра сярэдняга мамінага брата Вячаслава мы таксама адшукалі. Вядома і месца яго пахавання: брацкая магіла савецкіх воінаў паблізу вёскі Нагаткіна. Цяпер гэта Старарускі раён Наўгародскай вобласці. Толькі пра малодшага — Васіля Мядзведзева так нічога знайсці не маглі, — расказваюць пляменніцы савецкіх байцоў.

Старэйшы брат-франтавік — Сямён Мядзведзеў, які ў 1941 годзе памёр у лагеры ваеннапалонных у Германіі.

Звесткі пра апошняга дзядзьку-франтавіка прыйшлі толькі пяць гадоў таму. У 2018-м астанкі савецкага салдата Васіля Мядзведзева ўзнялі падчас сумеснай пошукавай вахты германскай грамадскай арганізацыі «Таварыства па пошуку загінулых ва Усходняй Еўропе» і агульнарасійскага грамадскага руху «Пошукавы рух Расіі». Гэта міжнародная пошукавая экспедыцыя праходзіла на Зеелаўскіх вышынях у федэральнай зямлі Брандэнбург. Асобу савецкага героя ўдалося ідэнтыфікаваць па нумарах знойдзеных пры астанках узнагарод — ордэна Чырвонай Зоркі і медаля «За адвагу». Вядома, што ў канцы лютага 1945 года Васіль Мядзведзеў з Верхняй Албы быў узнагароджаны і чарговай узнагародай, але атрымаць яе так і не паспеў.

Захавалася ў сям’і Мядзведзевых фота бацькі — Дзмітрыя Мядзведзева, 1888 года нараджэння, які ў вайну перапраўляў сувязных у партызанскі атрад (на фота злева).

— Пошукавік, які з намі звязаўся, распавёў, што падчас экспедыцыі тады ўзнялі вельмі многа астанкаў савецкіх байцоў. З усіх, чые імёны атрымалася ўстанавіць, родных знайшлі толькі ў нашага Васіля Дзмітрыевіча. Мы марылі, каб памяць аб героі жыла не толькі ў нашай сям'і, але і сярод яго землякоў. Вырашылі, што наш абавязак — дабівацца, каб астанкі Васіля Дзмітрыевіча вярнуліся на Радзіму, — згадваюць нашчадкі байца.

Так, пляменніца Васіля Мядзведзева Таццяна Давыдзенка ад свайго імя звярнулася ў Міністэрства замежных спраў Беларусі.

— Напісала ліст з просьбай дапамагчы перапахаваць салдата на радзіме, і ўсё... закруцілася, — дзеліцца Таццяна Іванаўна. — Мяне папярэдзілі, што гэта будзе доўгі працэс. Але ўвесь час не гублялі з намі сувязь, падтрымлівалі. Неабходна было даказаць наша сваяцтва з героем. У гэтым вельмі дапамаглі спецыялісты са Жлобіна: знайшлі даваенны запіс у пагаспадарчай кнізе, дзе былі ўпісаны ўсе члены сям'і нашай мамы. Справа ў тым,што падчас вайны метрыкі нічые не захаваліся. Тры гады таму нам параілі звярнуцца ў тым ліку ў Міністэрства замежных спраў Расіі з просьбай пасадзейнічаць у вяртанні астанкаў загінулага ў Беларусь.

Доўгія гады не спыняла пошукі звестак аб сваіх дзядзьках — савецкіх воінах — Таццяна Іванаўна Давыдзенка. Фота газеты «Новы дзень».

У рэшце рэшт спатрэбілася амаль пяць гадоў, каб выканаць усе юрыдычныя фармальнасці і перадаць астанкі героя з Германіі на яго Радзіму. Астанкі малодшага сяржанта 220-га стралковага палка 4-й стралковай дывізіі Васіля Мядзведзева ўдалося даставіць дзякуючы падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія.

Вядома, што на пачатковым этапе ўзгаднення з германскім бокам перадачы астанкаў воіна патрабавалася прадставіць дакументальнае пацвярджэнне даты і месца нараджэння салдата. Без афармлення пасведчання аб смерці такім чынам перадача астанкаў не дазвалялася. Толькі дзякуючы намаганням пасольстваў Беларусі і Расіі ў ФРГ, а таксама падтрымцы народнага саюза Германіі па доглядзе ваенных пахаванняў у федэральнай зямлі Брандэнбург ад германскага боку ўдалося дабіцца згоды на перадачу астанкаў Васіля Дзмітрыевіча Мядзведзева без афармлення пасведчання аб смерці.

І сёлета, напярэдадні гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, на малой радзіме савецкага салдата ў вёсцы Верхняя Алба герой знайшоў вечны спачын. Яго астанкі з усімі ваеннымі ўшанаваннямі былі пахаваны ў брацкай магіле воінаў 101-га, 220-га, 470-га стралковых палкоў 730-й стралковай дывізіі 48-й арміі 1-га Беларускага фронту. Пахаваныя тут савецкія героі загінулі пры вызваленні Жлобінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Адзінаму жывому блізкаму члену сям'і перапахаванага героя — яго роднай сястры Ганне Дзмітрыеўне — перададзены тыя самыя знойдзеныя ўзнагароды брата.

Цырымонія перапахавання астанкаў Васіля Мядзведзева ў брацкай магіле ў вёсцы Верхняя Алба Жлобінскага раёна. Фота газеты «Новы дзень».

Жанчына і яе дочкі Таццяна Іванаўна і Алена Іванаўна падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу перадалі самую шчырую падзяку кіраўніцтву Жлобінскага райвыканкама і Стрэшынскага сельскага Савета за арганізацыю цырымоніі перапахавання астанкаў героя на яго малой радзіме:

— Усё было арганізавана на такім высокім узроўні, што мы не маглі стрымаць слёз удзячнасці. Сабралася на ўшанаванне надзвычай шмат моладзі. Быў арганізаваны аўтапрабег у гонар падзеі. У нашай роднай Верхняй Албе ўжо не так шмат людзей жыве. Але ўсе землякі прыйшлі праводзіць у апошні шлях Васіля Дзмітрыевіча Мядзведзева.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.