Вы тут

Вынаходніцтвы і прамысловыя ўзоры


Аўтарскае права, прамысловыя ўзоры, абмежаванне выключных правоў, стварэнне адзінага патэнтнага суда. Гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўваліся на традыцыйным штогадовым семінары, які Еўразійская патэнтная арганізацыя ладзіць у адной з дзяржаў — удзельніц ЕАЭС і які сёлета прайшоў у Нясвіжы. Удзельнікі казалі пра неабходнасць высокай якасці экспертызы заявак, якія падаюцца, абмяркоўвалі патрэбу ў канкрэтных формах узаемадзеяння экспертаў на еўразійскай прасторы паміж сабой, пытанні камерцыялізацыі інтэлектуальнай уласнасці (ІУ) і неабходнасць стварэння яе новых аб'ектаў. Закранулі і неабходнасць адысці ад існуючых бар'ераў тэрытарыяльнай аховы аб'ектаў ІУ паміж краінамі — удзельніцамі ЕАЭС, каб стварыць агульны рынак са свабодным перамяшчэннем тавараў, паслуг і капіталаў з адзіным гандлёвым знакам і адзінай карыснай мадэллю на ўсёй еўразійскай прасторы.


Канкурэнтаздольнасць — у тэхналогіях і з улікам нацыянальных інтарэсаў

Сёння складана ўявіць хаця б адну сферу жыцця, якую б ні праціналі пытанні інтэлектуальнай уласнасці, і тэхналагічны суверэнітэт зараз нельга разглядаць асобна ад іх, пераканана Лілія ГУМЕРАВА, старшыня камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу РФ па навуцы, адукацыі і культуры:

— Вельмі важна, каб нашы дзяржавы аб'ядноўваліся не толькі для абмену практыкамі і вывучэння вопыту, але і для вырашэння канкрэтных задач. Найперш камерцыялізацыі вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці, найхутчэйшага іх укаранення ў гаспадарчую дзейнасць, жыццё, перадавыя навуковыя распрацоўкі, развіццё інстытута патэнтных павераных.

На фоне сучасных выклікаў — пандэміі і санкцый — на тэрыторыі Еўразіі эканамічныя, культурныя і фінансавыя стасункі значна ўзмацніліся, і на гэта павінна адгукнуцца інтэлектуальная ўласнасць. Еўразійскія палітычныя арганізацыі ставяць задачы новай прамысловай кааперацыі, сумеснай вытворчасці, адзначыў Грыгорый ІЎЛІЕЎ, прэзідэнт Еўразійскага патэнтнага ведамства:

— Гаворка ідзе пра транспартныя калідоры, інфраструктуру. Усе гэтыя пытанні павінны вырашацца з улікам магчымасцяў інтэлектуальнай уласнасці, яе метадаў і механізмаў, таму што вырашыць глабальныя пытанні, якія будуць распаўсюджвацца на значную частку свету, можна толькі тады, калі зняты пытанні інтэлектуальнай уласнасці і калі да вырашэння эканамічных пытанняў далучана інтэлектуальная ўласнасць.

Ён падкрэсліў важнасць ІT-узаемадзеяння экспертаў у сферы інтэлектуальнай уласнасці, дадаўшы, што ўсе дасягненні, якія маюць нацыянальныя ведамствы Еўразійскай патэнтнай арганізацыі, павінны стаць дасягненнем усіх нацыянальных ведамстваў. Еўразійская патэнтная арганізацыя пры гэтым гатовая фінансаваць перадачу тэхналогій ад аднаго ведамства да другога.

Стварэнне сістэмы аховы інтэлектуальнай уласнасці — ключавы этап у развіцці міжрэгіянальных адносін, які ва ўмовах інтэграцыі Еўразійскай патэнтнай сістэмы становіцца ўсё больш запатрабаваным. Неабходна сканцэнтравацца на стварэнні новых інструментаў аховы сваіх распрацовак і ўдасканаленні ўжо існуючых. Гэта дазволіць еўразійскай сістэме быць больш эфектыўнай, лічыць старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей ШЛЫЧКОЎ:

— Ахова непасрэдна вынаходак прамысловага ўзору — формула, якая забяспечвае знешнюю і ўнутраную абарону любой тэхналогіі. Магчымасць паўнавартаснай абароны сваіх распрацовак — важны стымул для стварэння любой прадукцыі. Канкурэнтаздольнасць любой дзяржавы цяпер вызначаецца найперш узроўнем існуючых у краіне тэхналогій.

Інтэлектуальная уласнасць сёння — міжгаліновы фактар, які ахоплівае пытанні эканомікі, сацыяльнай сферы, навукі, культуры і іншых сфер, упэўнены Уладзімір РАБАВОЛАЎ, генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці:

— Беларускі бок падтрымлівае ініцыятывы Еўразійскага патэнтнага ведамства па ўдасканаленні сістэмы ІУ на тэрыторыі ЕАЭС. Вельмі важна адлюстраваць пытанні развіцця інтэграцыйных працэсаў на прасторы ЕАЭС, якія адбываюцца пад уздзеяннем знешніх фактараў. Назіраюцца сур'ёзныя геапалітычныя трансфармацыі, што закранаюць таксама і пытанні інтэлектуальнай уласнасці, якая павінна рэагаваць з улікам нацыянальных інтарэсаў краін-удзельніц і іх міжнароднымі абавязацельствамі. Трэба таксама ўлічваць пытанні ўнутранага развіцця і імпартазамяшчэння.

Камерцыялізацыя і геаграфічнае найменне

ІУ павінна стаць актывам, за які будзе змагацца бізнес, падкрэслілі ўдзельнікі семінара, абмяркоўваючы пытанні камерцыялізацыі інтэлектуальнай уласнасці. У прыватнасці, прынятыя ў Грамадзянскі кодэкс Расіі змены ўжо скіраваны на камерцыялізацыю вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці. А яшчэ ў Расіі з'явіўся новы аб'ект інтэлектуальных правоў — геаграфічнае найменне — абазначэнне, якое выкарыстоўваецца на таварах, што паходзяць з пэўнага рэгіёна і валодаюць уласцівасцямі, рэпутацыяй ці характэрнымі асаблівасцямі, то-бок гэткі рэгіянальны брэнд, падзялілася Лілія Гумерава. З іншага боку, прыйшлося пайсці на абмежаванне рэгістрацыі таварных знакаў, якія ўтрымліваюць назвы геаграфічных аб'ектаў на прадукцыі, што не мае дачынення да пэўнага рэгіёна. За апошнія тры гады ў Расіі было зарэгістравана 43 геаграфічныя найменні. У Беларусі ж дагэтуль зарэгістравана толькі тры геаграфічныя найменні: мінеральная вада «Мінская», «Лідскі квас» і «Лідскае піва». Гэтую тэму кіраўнікі беларускіх і расійскіх ведамстваў нават абмеркавалі ў межах семінара падчас асобнай рабочай сустрэчы.

— Каб бізнес быў зацікаўлены, недастаткова толькі прыняць законы, іх неабходна ўмела рэалізаваць, — заўважыла Лілія Гумерава. — Таму нацыянальныя патэнтныя ведамствы чакае вялікая работа. Для хутчэйшай інтэграцыі заканадаўстваў, магчыма, можна выкарыстаць механізм мадэльнай інтэграцыі.

Для росту колькасці патэнтаў і насычэння рынку таварамі

Удзельнікі агучылі, што колькасць патэнтаў, якія рэгіструюць вынаходнікі на свае здабыткі, у тым ліку створаныя на працоўным месцы, змяншаецца, і сітуацыю трэба мяняць. Не трэба забывацца на абарону не толькі вынаходніцтваў, але і прамысловых узораў. Гандлёвы знак і прамысловы знак — прадукты, якія дапамагаюць бізнесу і асабліва прывабныя для малых і сярэдніх вытворчасцяў, перакананы Іван БЛІЗНЕЦ, генеральны дырэктар выдавецкага дома «Інтэлектуальная ўласнасць»:

— Рэгіструючы прамысловы ўзор у межах Еўразійскага патэнтнага ведамства, мы атрымліваем магчымасць развіцця рынку інтэлектуальнай уласнасці і пастаўкі абароненых тавараў, якія вырабляем у межах ЕЭАС. Гэтым мы павінны прыцягнуць нашых вынаходнікаў і павялічыць колькасць узораў, якія рэгіструюцца. А каб еўразійскі прамысловы ўзор быў яшчэ больш прывабны для бізнесу, варта было б стварыць і «дарожныя карты» для большай прадказальнасці развіцця інстытута прамысловых узораў.

У Кіргізіі дзеля павелічэння колькасці службовых вынаходніцтваў, дарэчы, іх аўтарам павялічылі памер узнагароджання (выплата адразу 10 або 20 зарплат), а работадаўцам узнялі памер адказнасці.

На семінары, у прыватнасці, прагучала ідэя стварэння адзінага патэнтнага суда ў межах Еўразійскага патэнтнага ведамства, што дазволіць хутка і інтэнсіўна разглядаць патэнтныя спрэчкі, у тым ліку з прыцягненнем механізмаў медыяцыі.

— Ва ўмовах санкцый Расія і Беларусь былі вымушаны самастойна прымаць надзвычайныя заканадаўчыя акты, скіраваныя на легалізацыю паралельнага імпарту тавараў замежнай вытворчасці, якія крытычна важныя для ўнутранага рынку, — падзялілася Галіна ПАДРАЗЁНАК, першы намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.

Галоўнай мэтай стварэння рэгіянальнага механізму абароны і аховы правоў інтэлектуальнай уласнасці з'яўляецца фарміраванне і развіццё рынку ІУ, які стварае ўмовы для практычнага асваення і камерцыялізацыі аб'ектаў ІУ, развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва і, як вынік, павышэння канкурэнтаздольнасці тавараў вытворцаў у межах ЕАЭС.

Абмеркавалі эксперты таксама празмерную адказнасць за парушэнне выключных правоў, якая практыкуецца ў Расіі. А вось беларускі бок заўважыў, што пад уплывам санкцый у Беларусі прыменена вымушаная мера — да 31 снежня 2024 года дзейнічае спецыяльная пастанова, якая датычыцца абмежавання выключных правоў. Дзякуючы ёй Белтэлерадыёкампанія зможа забяспечыць айчыннага гледача музычным, спартыўным і іншым кантэнтам, атрымаць які ранейшым спосабам цяпер немагчыма.

У выніку, як адзначылі прысутныя, рэгіянальны семінар увабраў у сябе абмеркаванне самых розных напрамкаў развіцця інтэлектуальнай уласнасці: ад глабальных да прыкладных задач.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.