Вы тут

Арганізатары расказалі пра падрыхтоўку да ІІ Гульняў краін СНД


ІІ Гульні краін СНД яшчэ не пачаліся, але замежныя госці ўжо пазнаёміліся з гэтай падзеяй і на сабе праверылі знакамітую гасціннасць беларусаў, якую ў жніўні адчуюць усе. На гэтым тыдні напярэдадні ІІ Гульняў краін СНД праходзіць прэс-тур для замежных журналістаў. Удзел у ім прымаюць 14 чалавек з Расіі, Кітая, Азербайджана і Кыргызстана. Праз свае медыя яны прадставяць Гульні і на міжнароднай арэне. Аб дэталях падрыхтоўкі да галоўнай спартыўнай падзеі гэтага лета расказаў міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук.


Фота: БелТА

Кіраўнік спартыўнага ведамства падкрэсліў, што беларускі бок змяніў фармат правядзення Гульняў краін СНД. Першыя Гульні праходзілі ў Казані, у аднымі горадзе. У Беларусі сталіцамі форуму стануць 11 гарадоў: Мінск, Брэст, Гродна, Віцебск, Орша, Магілёў, Гомель, Жлобін, Салігорск, Барысаў, Маладзечна. Сяргей Кавальчук расказаў, што ўсе 20 відаў спорту вызначаліся калегіяльным спосабам прадстаўнікамі краін СНД. У пералік пэўных для Гульняў відаў увайшлі і нават нетыповыя для Беларусі віды — пляжны футбол і пляжны валейбол. «Запрашаем усіх у нашу краіну, каб паўдзельнічаць і атрымаць асалоду ад культуры, звычаяў, традыцый, прыроды нашай краіны, а самае галоўнае — нашай гасціннасці», — падкрэсліў міністр.

Сяргей Кавальчук таксама расказаў, што для арганізацыі Гульняў створаны трохузроўневы арганізацыйны камітэт: «Я акцэнтую ўвагу, што мы не арганізоўвалі ніякіх дырэкцый правядзення Гульняў. Міністэрства спорту і турызму сумесна з федэрацыямі, цэнтрамі алімпійскай падрыхтоўкі, рэгіёнамі, упраўленнямі спорту і турызму, прадстаўнікамі дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, цэнтрамі алімпійскага рэзерву стварылі трохузроўневы аргкамітэт. Першы ўзровень — рэспубліканскі, узначальвае яго віцэ-прэм’ер, які курыруе сацыяльную сферу, другі ўзровень — абласны, у які ўвайшлі ўсе профільныя намеснікі старшыні, трэці ўзровень — аб’ектавы, у які ўвайшлі кіраўнікі ўсіх спортаб’ектаў, дзе пройдуць гульні, узмоцненыя прадстаўнікамі Міністэрства спорту і турызму і цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі, якія маюць дастатковы вопыт арганізацыі і правядзення такіх мерапрыемстваў», — расказаў ён.

Зараз у Беларусі праходзіць заключны этап падрыхтоўкі: навядзенне парадку і глянцу на аб’ектах, брэндаванне. З 4 ліпеня, роўна за месяц, арганізатары ўступяць у актыўную фазу. «Прыязджаюць ужо прадстаўнікі краін-удзельніц. У нас працавала дэлегацыя з Узбекістана. Вы прыехалі да нас. Рыхтуюцца і цырымоніі адкрыцця і закрыцця, якія традыцыйна стануць шоу. На гэты раз мы выбралі месцам правядзення цырымоній наш самы вялікі комплекс, які змяшчае 15,6 тысяч чалавек, — «Мінск-Арэну», — дадаў Сяргей Кавальчук.

На пытанне аб гатоўнасці беларускіх атлетаў міністр спорту і турызму адзначыў, што шэраг каманд беларускай зборнай зараз знаходзіцца на вучэбна-трэніровачных зборах, іншыя на спаборніцтвах у Расіі або Беларусі. «Каманды кожнага з 20 відаў спорту рыхтуюцца да Гульняў», — запэўніў Сяргей Кавальчук.

Міністр спорту і турызму падкрэсліў, што для правядзення Гульняў будуць задзейнічаны далёка не ўсе спартыўныя аб’екты, якія арганізатары маглі і хацелі б задзейнічаць. «У нас цудоўныя спартыўныя аб’екты ў Пінску, у Кобрыне. Нават шкада, што мы не змаглі задзейнічаць іх для правядзення ІІ Гульняў краін СНД. Тут ужо відаў спорту не хапіла», — адзначыў Сяргей Кавальчук. Паводле яго слоў, ні адзін спартаб’ект арганізатарам не прыйшлося рыхтаваць спецыяльна да Гульняў.

Адметнасць ІІ Гульнях краін СНД і ў адкрытым фармаце. Па словах міністра, акрамя краін СНД удзел падцвердзілі Манголія, В’етнам, ААЭ — усяго дзевяць іншых дзяржаў. Ужо больш за 2 тыс. спартсменаў з 18 краін афіцыйна прайшлі праз акрэдытацыйную сістэму.

Гульняў краін СНД вялікія перспектывы

Чакаецца і шмат балельшчыкаў, тым больш, што прыехаць у Беларусь ім будзе вельмі проста. Як паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз, для замежных балельшчыкаў на час правядзення ІІ Гульняў краін СНД будзе ўведезены бязвізавы рэжым. Гэтая практыка ўжо апрабавана на II Еўрапейскіх гульнях і на «Славянскім базары». «На фоне агрэсіўнай палітыкі па абмежаванні камунікацый паміж людзьмі мы, наадварот, максімальна спрабуем адкрыцца для сумежных дзяржаў, паказаць, як мы жывём, запрасіць гасцей сюды», — заявіў Анатоль Глаз. Паводле яго слоў, беларускі бок хоча зрабіць свята сапраўднага спорту, дзе людзі будуць спаборнічаць і высвятляць адносіны на спартыўных арэнах. «Мы падорым свята, не азмрочанае візавымі і іншымі абмежаваннямі. Гэта яшчэ раз пацвярджае нашу гасціннасць», — лічыць прэс-сакратар МЗС. Ён падкрэсліў, што сітуацыя ў рэгіёне складаная з пункту гледжання бяспекі. Але над гэтым пытаннем сур’ёзна працуюць Дзяржаўны пагранічны камітэт і Міністэрства ўнутраных спраў. Для людзей, якія набылі білет на II Гульні краін СНД, ён будзе пацвярджальнай падставай для ўезду ў краіну.

ІІ Гульні краін СНД — падзея значная, таму ў Беларусі чакаюць і шмат замежных журналістаў. Анатоль Глаз расказаў, што Міністэрства інфармацыі праводзіць актыўную працу, каб забяспечыць максімальна камфортныя ўмовы для працы журналістаў. Ужо вядома, што ў Мінску будзе працаваць вялікі прэс-цэнтр. На ўсіх спортаб’ектах ва ўсіх гарадах будуць абсталяваны прэс-зоны, з’явяцца і спецыяльныя прэс-аташэ. «Усё будзе на высокім міжнародным узроўні. Будзе весціся прамая трансляцыя, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Усім, хто хоча далучыцца да спорту, мы дадзім такую магчымасць. Прэса ў гэтым толькі дапаможа», — адзначыў Анатоль Глаз.

На пытанне аб тым, ці стануць Гульні СНД заменай Алімпійскім, прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства адказаў, што ніякіх альтэрнатыў арганізатары ствараць не спрабуюць, але ў цяперашніх умовах можна гаварыць аб тым, што ў Гульняў краін СНД вялікія перспектывы. «Гэта ўсяго толькі Другія Гульні, а водгук ужо вялікі. З году ў год колькасць удзельнікаў расце, спаборніцтвы будуць набіраць прэстыж. У гэтым няма сумненняў. СНД займае палову кантынента», — дадаў Анатоль Глаз.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.