Вы тут

Сёння — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа


Смуткуем, памятаем, ганарымся

Брэсцкая крэпасць стала месцам маштабных мерапрыемстваў з нагоды Усенароднага Дня памяці ахвяр вайны і генацыду беларускага народа 


На гэты раз памятныя мерапрыемствы пачаліся яшчэ 20 чэрвеня, калі ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» перапахавалі астанкі абаронцаў крэпасці. За два папярэднія гады вайскоўцы 52-га асобнага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Беларусі ў ходзе раскопак на Валынскім і Кобрынскім умацаваннях крэпасці знайшлі парэшткі 10 чалавек. Імёны, на жаль, устанавіць не ўдалося. Да гэтага дня пад плітамі мемарыялу быў пахаваны прах 1038 абаронцаў крэпасці (імёны вядомыя 277 чалавек), цяпер да іх дабавілі яшчэ дзясятак невядомых воінаў. Прах урачыста аддалі зямлі, а ім аддалі апошнюю вайковую пашану. 

На наступны дзень у крэпасці таксама было шматлюдна. У 19 гадзін па традыцыі прайшла акцыя «Баявы разлік». Каля скульптурнай кампазіцыі «Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй ў бяссмерце крочаць» Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь правёў акцыю памяці. Мерапрыемства вось ужо восьмы раз ладзіцца ля сцен Брэсцкай крэпасці ў гонар герояў-пагранічнікаў, тых, хто 21 чэрвеня 1941-га года ў 19 гадзін прайшоў рытуал прызначэння на ахову дзяржаўнай граніцы — баявы разлік, які аказаўся апошнім. Бо ў першыя ж хвіліны вайны ў бой з праціўнікам уступілі байцы пагранічных нарадаў. І нягледзячы на тое, што падраздзяленням германскай арміі на захоп кожнай з застаў адводзілася гадзіна, нашы вартавыя мяжы трымаліся многія гадзіны, нават дні. Абараняліся да апошняга байца альбо апошняга патрона. 

Гэта ў іх гонар, а таксама ў гонар усіх пагранічнікаў, якія загінулі ў гады вайны, на плошчы перад помнікам героям граніцы выстройваюцца курсанты Інстытута пагранічнай службы з партрэтамі байцоў Беларускай паранічнай акругі і пачынаецца пераклічка. 

Вячаслаў Лапацін, ветэран пагранічнай службы заўсёды прыходзіць на акцыю «Баявы разлік»

—Усё жыццё прайшло на граніцы — сказаў карэспандэнту газеты Вячаслаў Аляксеевіч. — Я патомны вартавы мяжы. Мой бацька Аляксей Лапацін, Герой Савецкага Саюза, служыў у свой час начальнікам 13-й заставы 90-га Уладзіміра-Валынскага пагранічнага атрада, у 1957 годзе атрымаў Зорку героя. Брат пэўны час служыў начальнікам палітаддзела Гродзенскага пагранічнага атрады. Зараз на заставах служаць унукі. Вось гэтая пераклічка, што зараз пачнецца, аддаеццца ў маім сэрцы па-асабліваму. 

«— Начальнік 9 заставы 105-га пагранатрада Іларыён Сямёнавіч Аляксееў! 

— Кулямётчык 1-й заставы 17-га пагранатрада чырвонаармеец Міхаіл Васілевіч Андрыянаў! 

— Начальнік 9-й заставы 17-га пагранатрада герой Савецкага Саюза Андрэй Мітрафанавіч Кіжаватаў!.. 

І адказ у кожным выпадку быў аднолькавы: «Паў смерцю храбрых за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы». 

Яны засталіся навечна вартавымі мяжы, як і іх равеснікі абаронцамі крэпасці, якіх кожны год згадваюць на мітынгу-рэквіеме а чацвёртай гадзіне раніцы. Жалобнаму мерапрыемству папярэднічала выступленне камернага аркестра абласной філармоніі. Цішыню, якая тут адчуваецца па-асабліваму, калі яшчэ зусім не пяюць птушкі, пранізліва разарвалі гукі жалобнага марша Брытэна. Прагучалі таксама камерная сімфонія Шастаковіча, арыя Баха, іншыя творы класікаў. 

Да ўдзельнікаў жалобнай цырымоніі звярнуўся дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч

—22 чэрвеня — адна з самых трагічных дат у гісторыі Беларусі. Асаблівым сэнсам яна напаўняецца тут, на гераічнай зямлі Брэсцкай крэпасці, якая адной з першых прыняла бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гэты дзень 82 гады таму на нашу краіну рушыла бязлітасная армада фашыстаў, што несла гібель і рабства. Раптоўна парушыліся надзеі мільёнаў сямей, былі паламаны лёсы цэлых пакаленняў. Кожная беларуская сям’я аддае належнае памяці і ўдзячнасці тым, хто не дажыў да светлага Дня Перамогі, але верыў у яго, прымаючы няроўны бой з захопнікамі — сказаў дзярсакратар Савета бяспекі. 

Ён акцэнтаваў увагу і на тым, што ўрокі вайны вучаць нас яднанню. «Веданне гісторыі і павага да яе фарміруюць пачуццё нацыянальнага гонару, гонару за пакаленне пераможцаў. Сёння як ніколі мы павінны цаніць мір на нашай зямлі, рабіць усё магчымае для яго захавання» — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. 

На мітынгу выступіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў

—Мы бачым сёння бяспрэцэдэнтны ціск на Беларусь і Расію — эканамічны, палітычны, інфармацыйны, фактычна — ваенны. Адказам на гэта павінна быць адзінства народаў Беларусі і Расіі, адзіная пазіцыя нацыянальных лідараў. Гэта было б немагчыма, каб сувязі мільёнаў беларусаў і расіян не сталі нашымі набыткам і багаццем. Гэта было б немагчыма, каб у Беларусі і Расіі дзялілі Перамогу і памяць пра яе — сказаў Дзмітрый Мезенцаў.

Адным з самых кранальных момантаў начных мерапрыемсттваў заўсёды становіцца спусканне вянкоў па Бугу, якое праводзяць вартавыя мяжы. У памяць пра загінулых па даўняй традыцыі спускаюцца вянкі з запаленымі свечкамі на воды Заходняга Буга. Іх пранеслі і апусцілі ў раку сённяшнія вайскоўцы, равеснікі тых, што аддаў жыццё ў 41-м.

Цырымонія ўскладання кветак — таксама абавязковы рытуал ранішняга мітынгу. Да Вечнага агню і некропаля, пад плітамі якога ляжаць больш за тысячу абаронцаў крэпасці, ўсклалі кветкі кіраўнікі Брэста і вобласці, а таксама шматлікія госці мерапрыемстваў. На гэты раз ў Брэст прыбылі больш за 30 афіцыйных дэлегацый. У іх ліку дэлегацыі Дзярждумы і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Ленінградскай вобласці на чале з губернатарам Аляксандрам Драздзенка, Следчых камітэтаў Беларусі і Расіі на чале Дзмітрыем Гара і Аляксандрам Бастрыкіным, дэлегацыі рэгіёнаў Расіі, удзельнікі патрыятычных акцый. 

Мітынг завяршыўся, а на Кобрынскім умацаванні тым часам пачыналася ваенна-гістарычная рэканструкцыя. Тэатралізаваная дзея стала лагічным працягам мерапрыемстваў на плошчы Цырыманіялаў. У ёй прымалі ўдзел больш за 250 рэканструктараў з розных краін свету, былі нават прадстаўнікі далёкай Японіі. 

Дзея пачалася з карцінкі апошняга мірнага дня, калі ў крэпасці ішлі заняткі па баявой і страявой падрыхтоўцы, побач гулялі дзеці камандзіраў, на пляцоўцы ля казематаў праходзіў канцэрт, пасля яго былі танцы. А потым — грукатанне снарадаў, свіст куль, крыкі і стогны. З дапамогай фанаграм і артыстаў-рэканструктараў былі паказаны фрагменты артабстрэлу, нямецкай танкавай атакі, а таксама конратакі жменькі абаронцаў, мужнае суппрацціўленне байцоў і камандзіраў, здача ў палон раненых, жанчын і дзяцей крэпасці. Рэканструкцыя працягвалася каля гадзіны. Паглядзець на адноўленыя падзеі 41-га года сабралася каля 12 тысяч гледачоў. 

Карэспандэнт газеты папрасіла падзяліцца ўражаннямі некаторых удзельнікаў мерапрыемстваў. 

Медна Абубакарава, старшыня савета рэгіянальнага аддзялення пошукавай работы Чачэнскай Рэспублікі

— Мы з асаблівымі пачуццямі ўдзельнічаем у мерапрыемствах з нагоды дня 22 чэрвеня. На гарнізонных могілках днём раней адкрылі Алею Памяці. Апошняе стала вынікам у тым ліку і нашай пошукавай работы. Больш за дзясятак гадоў мы плённа супрацоўнічаем з калектывам мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», за што асаблівая падзяка яго дырэктару Рыгору Бысюку. Думаю, будзем актыўна супрацоўнічаць і надалей. 

Лізавета Кочатава, удзельнік патрыятычнай акцыі «Цягнік Памяці» з Белгарада

—Мы ў захапленні ад першага дня, калі наведалі Белавежскую пушчу, і сённяшняй ночы ў крэпасці. Тут былі такія шчымлівыя моманты: і музыка сяррод начной цішыні, і вянкі па вадзе, і выбухі, грукат... добра, што з фанаграмы!

Дзяўчыну дапаўняе таварыш па цягніку Нарэк Балаян

—Мне вельмі спадабалася рэканструкцыя. Гэта як кіно ўжывую.

Анатоль Дашко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў парламента Беларусі

—22 чэрвеня дзень памяці, дзень смутку. Такія мерапрыемствы праводзяцца, каб паказаць суайчыннікам ды і ўсяму свету, што мы помнім ахвяры вайны, ведам, якой цаной дастаўся мір і з усіх сілаў будзем змагацца за мір. У гэтыя дні абавязкова трэба наведваць крэпасць. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА


Белыя шары ў небе, пунсовыя гваздзікі ля мемарыяла: маладзёжная акцыя прайшла на світанні ў Гомелі

Абласная маладзёжная акцыя «Ніхто не забыты, нішто не забыта» адбылася на світанні каля брацкай магілы народных апалчэнцаў у Гомелі, перадае БелТА.​

Фота: БелТА

Акцыя каля мемарыяла героям-апалчэнцам гэтай раніцай аб’яднала дзясяткі гамяльчан розных пакаленняў. Некалькі гадоў запар гэта месца на высокім беразе Сожа, як і дзесяцігоддзі таму, збірае выпускнікоў школ і гімназій, каб успомніць мінулае і зірнуць у будучыню. Традыцыйна новыя пакаленні моладзі ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа ўшаноўваюць памяць сваіх аднагодкаў, чыё жыццё жорстка перапыніла распачатая ў чэрвені 1941 года вайна.

Патрыятычная акцыя праводзіцца пад эгідай БРСМ. Першы сакратар Гомельскага абкама БРСМ Юлія Ліпоўская нагадала, што ў Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны трэці беларус, а Гомель быў разбураны на больш чым 80%. «82 гады таму раніца гэтага дня была такой жа мірнай і светлай, а нашы аднагодкі, юнакі і дзяўчаты, сустракаючы світанак, будавалі планы на дарослае і шчаслівае жыццё. Толькі той світанак, разбуджаны выбухамі снарадаў і бомбаў, падзяліў жыццё і гісторыю на да і пасля. Усё больш аддаляе нас час ад тых страшных гадоў, але подзвігі загінуўшых у баях, смутак аб мільёнах нявінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў. І мы тут, каб ушанаваць памяць кожнага, хто цаной свайго жыцця захаваў мір на нашай зямлі, хто ніколі не спазнае радасць бацькоўства і мацярынства, хто ніколі больш не ўбачыць світанак», — падкрэсліла яна.

Гамяльчане розных пакаленняў запалілі лампадкі і ўсклалі пунсовыя гваздзікі да мемарыяла.

«Для мяне гэта важная акцыя. З дзяцінства чуў ад бацькоў, бабуль і дзядуляў пра складаны перыяд у гісторыі нашай краіны, пра тое, як важна памятаць і шанаваць подзвіг продкаў, нашага народа для нас, будучых пакаленняў. Вайна закранула кожную сям’ю. І мая прабабуля расказвала, што яе бацька быў узяты ў палон. Такія даты — важная падстава, каб сабрацца, абдумаць мінулае і запланаваць будучыню, каб не дапусціць падобнага», — расказаў чацвёртакурснік механічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Мікіта Тачылкін.

Студэнт БелДУТа Вячаслаў Дзяркачоў упэўнены, што гэтая акцыя важная ў першую чаргу для падрастаючага пакалення. Многія не ведаюць гісторыю Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. «І такія акцыі дапамагаюць выхоўваць патрыятызм. Мой прадзед Яўген Іванавіч Сняжкоў прайшоў цалкам усю вайну, пайшоў на фронт 16-гадовым падлеткам. Не абышлося без раненняў: быў паранены асколкамі гранаты. На жаль, да нашага часу ён не дажыў. І цяпер аднаўляю гісторыю яго жыцця праз успаміны бабулі», — падзяліўся малады чалавек.

Разам з моладдзю, прадстаўнікамі прадпрыемстваў і ведамстваў сустрэлі мірны світанак новага чэрвеньскага дня і ўшанавалі памяць вызваліцеляў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Сяргей Барташ, старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Пётр Кірычэнка і іншыя.

Пасля хвіліны маўчання і мітынгу ўдзельнікі акцыі спусціліся на набярэжную Сожа і запусцілі ў неба, асветленае першымі прамянямі сонца, беласнежныя паветраныя шары-галубы як сімвал міру.


У Брэсце пачаліся мерапрыемствы Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

Значная падзея адбылася сёння зранку на Гарнізонных могілках Брэста. Ва ўрачыстай абстаноўцы тут адкрылі Алею Памяці. Алея ў гонар абаронцаў Радзімы розных нацыянальнасцяў стала яшчэ адным знакам памяці і пашаны ў горадзе, які першы адчуў на сабе страшнае дыханне вайны.

Абаронцам розных нацый і народнасцяў

З прапановай увекавечыць памяць землякоў, якія загінулі падчас вайны, да гарадскіх улад звярталіся прадстаўнікі Рэспублікі Інгушэція, Чачэнскай Рэспублікі прыкладна паўтара дзясятка гадоў таму. Тады паявілася ідэя стварыць Алею Памяці. І вось добрая справа знайшла канкрэтнае ўвасабленне ў памятных плітах — інфармацыйных дошках, якія змяшчаюць звесткі аб слаўных сынах агульнай тады Айчыны, што аддалі жыцці на беларускай зямлі.

На ўрачыстае мерапрыемства сабралася шмат людзей — прадстаўнікі ўлады і дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый, вайскоўцы, ветэраны, моладзь. Імпрэза пачалася з ускладання кветак да помніка Воіну на цэнтральнай алеі, на якую прысутных запрасіў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА.

Удзельнікаў акцыі прывітаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей ЛАБАДЗІНСКІ:

— Сёння мы стаім тут схіліўшы галовы, каб ушанаваць герояў вайны і яе ахвяр, даць абяцанне перад іх светлай памяццю берагчы мір, каб перадаць дзецям і ўнукам нашу квітнеючую зямлю. Хачу падзякаваць усім, хто браў удзел у стварэнні Алеі, ва ўвекавечанні памяці, падзякаваць гасцям з Чачні і Інгушэціі за ўдзел у сённяшнім мерапрыемстве.

Генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Алег МУРАШОЎ гаварыў аб тым, што, на жаль, да гэтай пары мы не ведаем кожнага героя, кожнага абаронцу:

— І тым больш каштоўна, што робяць у Беларусі і Расіі па ўвекавечанні памяці нават праз 80 гадоў. Мы адкрылі Алею Памяці героям, якія першымі прынялі на сябе ўдар фашысцкай арміі. Сумесная работа — добры прыклад для іншых рэгіёнаў, гарадоў-пабрацімаў Брэста, трэба працягваць пошукавую работу, каб і далей ушаноўваць памяць сыноў і дачок нашых народаў.

Намеснік старшыні Народнага сходу Рэспублікі Інгушэція Руслан ПАРАЎ выказаў падзяку ўсім людзям, якія зберагаюць памяць:

— Нашы продкі ў той вайне паказалі, наколькі моцны дух савецкага чалавека. Яны тут выстаялі, яны тут перамаглі, хоць многія і не дажылі да слаўнага мая 1945-га.

Член Грамадскай палаты Расійскай Федэрацыі ад Чачэнскай Рэспублікі Іса САРДАЛАЎ таксама пачаў са слоў падзякі беларускаму народу за работу па захаванні гістарычнай памяці.

За некалькі мінут да мерапрыемства Іса Алхазуравіч расказаў карэспандэнту «Звязды», як 7 мая 2006 года ў складзе ўрадавай дэлегацыі ён быў у Брэсце і тады ўпершыню агучыў прапанову ўстанавіць памятны знак аб удзеле землякоў у абароне беларускай зямлі: «Я сустрэў тут аднадумцаў. Мы разам прайшлі пэўны шлях да ўстанаўлення памятных пліт, якія сёння можа прачытаць кожны наведвальнік, кожны госць. Мы ведаем, што крэпасць абаранялі прадстаўнікі больш як 30 народаў. І ўсіх іх мы абавязаныя помніць.

Іван Шульга, старшыня Брэсцкага абласнога грамадскага аб'яднання «Гонар і годнасць», расказаў:

— Нашу грамадскую арганізацыю ў свой час зарэгістравалі ветэраны ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, яшчэ я ўдзельнічаю ў рабоце ветэранскай арганізацыі Маскоўскага раёна Брэста. І адна, і другая грамадскія арганізацыі працуюць з моладдзю, мы часта бываем у школах, займаемся ў тым ліку інтэрнацыянальным выхаваннем. І, вядома, лічу сваім абавязкам сёння быць тут, дзе ўшаноўваюць памяць воінаў розных нацыянальнасцяў. Адсюль накіроўваюся на пагранічную заставу ў Дамачава, дзе пагранічнік Аляксей Новікаў здзейсніў подзвіг, змагаўся да апошняй кроплі крыві. Сёння яго імя носіць застава. Там мы будзем з вучнямі Дамачаўскай школы. Ім раскажу пра сённяшняе мерапрыемства на Гарнізонных могілках.

Любоў КУЛІНІНА, настаўніца брэсцкай СШ № 16, расказала, што была ўчора і на Гарнізонных могілках, і ў маладзёжным патрыятычным цэнтры: «А сёння прыйшлі з калегай пабыць на мерапрыемстве, ушанаваць памяць. Дзень 22 чэрвеня асаблівы для Брэста, тут пачыналася вайна. Не толькі нашы гераічныя абаронцы крэпасці адчулі яе ўдар, але і звычайныя жыхары — нашы прабабулі, прадзядулі, яны перажылі столькі гора. Мы ўсіх іх павінны памятаць».

Адкрыццё Алеі Памяці. Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА.

Мабільная каманда памяці

А ў поўдзень на брэсцкім вакзале сабралася шмат людзей, каб сустрэць «Цягнік Памяці». «З вялікім хваляваннем, з радасцю ўдзельнічаюць у мерапрыемстве вучні Школ міру, — сказала карэспандэнту газеты старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Лідзія РАМАНЮК. — Дзеці прыйшлі, каб павіншаваць равеснікаў, з гонарам удзельнічаць у сумесным патрыятычным праекце».

Гэты ўнікальны беларуска-расійскі праект упершыню стартаваў летась, таксама 21 чэрвеня, у Брэсце. Пасажырамі цягніка сталі дзве сотні беларускіх і расійскіх школьнікаў, цяпер да іх далучыліся равеснікі з Кыргызстана і Арменіі. Разам яны праедуць па гарадах Беларусі і Расіі. Хлопцы і дзяўчаты наведаюць памятныя мясціны, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, сустрэнуцца з ветэранамі, возьмуць удзел у тэматычных сустрэчах, убачаць многія славутасці, культурныя, гістарычныя аб'екты. А галоўнае, пазнаёмяцца, будуць шмат камунікаваць, абменьвацца думкамі і меркаваннямі.

«Цягнік Памяці» не мае аналагаў, раней нічога падобнага не праводзілася. Ідэя нарадзілася падчас адной з сустрэч кіраўнікоў верхніх палат парламентаў дзвюх краін — Старшыні Савета Федэрацыі Расіі Валянціны Матвіенкі і Старшыні Савета Рэспублікі нашай краіны Наталлі Качанавай. Кандыдаты на ўдзел у патрыятычна-асветніцкім праекце прайшлі адбор на конкурснай аснове. І вось Цягнік рушыў у дарогу другі раз.

Першы яго пасажыраў прывітаў у Брэсце член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар ЛІСКОВІЧ:

— Мы на справе бачым, як рэалізоўваецца маладзёжная палітыка ў нашых краінах. Сёння вельмі важна, што кожны з вас возьме для сябе з гэтага праекта, якія ўражанні вы атрымаеце за 18 дзён падарожжа.

Намеснік Старшыні Савета Федэрацыі РФ Канстанцін КАСАЧОЎ пажадаў школьнікам добрай дарогі і цікавых сустрэч:

— Сёлета да нашай агульнай каманды памяці дабавіліся ўдзельнікі з яшчэ дзвюх краін. На ўчарашняй прэс-канферэнцыі ў Маскве ўдзельніца мінулагодняга праекта сказала: «Вядома, я вучыла ў школе гісторыю вайны, вядома, шмат ведала пра Брэсцкую крэпасць, але толькі калі ўпершыню сышла на перон у Брэсце, адчула, што гэта было тут». Вось так і мы ўсе будзем дакранацца душой і сэрцам да гісторыі.

Цікавых, незабыўных уражанняў на брэсцкай зямлі пажадаў удзельнікам праекта намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім КРАЎЧУК.

У першыя хвіліны на пероне з карэспандэнтам газеты падзяліліся думкамі ўдзельнікі праекта. Паліна Батурля з Клецка Мінскай вобласці сказала, што яна вельмі рада ўдзельнічаць у паездцы, спадзяецца даведацца шмат новага. Кацярына Шкута з Брэста любіць падарожнічаць наогул, а такое падарожжа абяцае цікавыя сустрэчы. Ігар Кузьмін, школьнік з Ленінградскай вобласці, сказаў, што яго ў дарогу выпраўлялі мама, тата, брат з сястрой, бабуля. І ніхто з іх раней не бываў у Брэсце. Так што ён будзе дзяліцца ўражаннямі найперш з сям'ёй, потым з сябрамі, знаёмымі ў тым ліку і шляхам прамой трансляцыі.

Урачыстая цырымонія старту беларуска-расійскага праекта адбылася ў Брэсцкай крэпасці. На плошчы Цырыманіялаў да ўдзельнікаў акцыі далучыліся юнармейцы Паста Памяці. Дзеці абмяняліся сімваламі акцый, разам усклалі кветкі да Вечнага агню.

Афіцыйная частка сустрэчы «Цягніка Памяці» ў выглядзе дыялогавай пляцоўкі прайшла ў канферэнц-зале Брэсцкага аблвыканкама.

Да ўдзельнікаў праекта звярнулася Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА: «82 гады таму народы былога Савецкага Саюза аб'ядналіся для таго, каб абараніць свабоду і незалежнасць. Яны стаялі плячом да пляча! Гэта той дух і тая гісторыя, якая яднае нас. Гэта тое, што мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне і захаваць у сваіх сэрцах, каб не дапусціць паўтарэння гэтай жудаснай трагедыі».

«Сёння для вас адкрыта шмат інфармацыйных магчымасцяў. Але вы павінны ведаць сапраўдную праўду. Мы жадаем, каб вы пазналі, убачылі не з інтэрнэту, як мы жывём, захоўваючы гістарычную праўду і памяць, — сказала Наталля Качанава. — Калі казаць пра тое, што свет усё гэта разумее, — то гэта далёка не так. Зусім побач нагнятаецца істэрыя, дзе сцягваецца велізарная колькасць ваеннай тэхнікі, дзе праводзяцца натаўскія вучэнні, — усё гэта нас сур'ёзна насцярожвае. Каб не дапусціць трагедыі, мы павінны памятаць гісторыю».

Намеснік Старшыні Савета Федэрацыі Расіі Канстанцін Касачоў нагадаў прысутным, што ў праекта цудоўная будучыня, ён будзе працягвацца, збіраць новых сяброў і прыхільнікаў: «Гэтае падарожжа — яшчэ і магчымасць пачаць сапраўдную інтэрнацыянальную дружбу і ніколі больш у жыцці адзін аднаго не страчваць».

Святлана ЯСКЕВІЧ


На Буйніцкім полі далі старт міжнароднаму праекту «Дарогамі Памяці і Славы»

На Буйніцкім полі падчас акцыі «Звон смутку» далі старт міжнароднаму маладзёжнаму ваенна-патрыятычнаму праекту «Дарогамі Памяці і Славы», які сёлета аб’яднаў моладзь Магілёўскай, Смаленскай, Бранскай, Ленінградскай, Астраханскай абласцей і Хабараўскага краю, перадае БелТА.

Фота: БелТА

Урачысты старт праекту даў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. «Сімвалічна, што ў Год міру і стваральнай працы моладзь Беларусі і Расіі аб’ядналася, каб разам прайсці дарогамі памяці, па месцах баявой славы нашых герояў-пераможцаў. Дзякуючы таму, што сёлета да нас далучыліся дэлегацыі пяці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, гэты праект ператвараецца ў адну з самых маштабных і значных маладзёжных ініцыятыў Магілёўскай вобласці, — сказаў ён. — Нашы брацкія народы аб’яднаны шчырым стаўленнем да сваёй Айчыны, якое дасталася нам у спадчыну ад продкаў. Я ўпэўнены, што памяці аб мужнасці і слаўным подзвігу салдат, якія абаранялі Радзіму, і працаўнікоў, што кавалі перамогу ў тыле, адрадзілі з руін свой дом і краіну, наканавана вечнае жыццё. Няхай гэты дзень яшчэ раз нагадае, як важна берагчы мір, абараняць гістарычную праўду, як важна жыць і ствараць на сваёй зямлі. У добры шлях!»

Праект праводзіцца другі раз. Першапачаткова ён задумваўся як абласны, але хутка перарос межы рэгіёну. Як распавёў першы сакратар Магілёўскага абкама ГА «БРСМ» Аляксандр Саксонаў, у праекце ўдзельнічае больш за 60 чалавек. «У гэтым годзе наш праект атрымаў другое дыханне і стаў міжнародным. Вельмі значна і сімвалічна, што ў шлях мы адпраўляемся менавіта 22 чэрвеня з Буйніцкага поля. Бо гэта месца — сімвал сілы і доблесці, патрыятызму і смеласці ўсяго савецкага народа. Тут стаялі плячом да пляча беларусы і расіяне. А сёння ў незалежнай і квітнеючай краіне мы стаім тут жа з нашы рабятамі з Расіі і разам аддаем даніну памяці нашым продкам, схіляем галовы ў памяць пра іх, дзякуем за тое, што яны падарылі нам наша сучаснасць», — сказаў ён.

Праграма ва ўдзельнікаў праекта насычаная. На працягу 9 дзён яны наведаюць памятныя і гістарычныя месцы рэгіёна, будуць праводзіць тэматычныя сустрэчы і круглыя сталы з моладдзю, удзельнічаць у патрыятычных акцыях, мітынгах, розных актыўнасцях. «Асноўныя задачы, якія ставяцца перад праектам, — гэта захаванне гісторыі, перадача яе з пакалення ў пакаленне, аб’яднанне моладзі для будучыні, міру і стварэння, — распавёў першы сакратар. — У кожным раёне, дзе мы будзем, нам перададуць кнігі „Памяць“. Пазней мы збярэм іх разам і 3 ліпеня перададзім у будучы музей, які пабудуюць на Буйніцкім полі. Я ўпэўнены, што з кожным годам наш праект будзе расці і развівацца».

Сярод удзельніц праекта — Ганна Гарбачэўская, якая вучыцца ў Бранскім філіяле РЭУ ім. Г. В. Пляханава. «Мне патэлефанаваў мой выкладчык і прапанаваў з’ездзіць у Магілёўскую вобласць. Я была раней у Беларусі, але ў Магілёве — толькі праездам. Параілася з бацькамі, і яны сказалі, што гэта цікавая магчымасць, трэба ехаць. І вось я тут, — адзначае дзяўчына. — Такія праекты сапраўды патрэбныя моладзі. Гэта дае нам магчымасць лепш даведацца нашу гісторыю. Такія праекты не дадуць нікому магчымасці перапісаць нашу гісторыю, тыя яе старонак, што датычацца Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы такім вось ініцыятывам мы знаходзім новых сяброў, гэта збліжае моладзь Расіі і Беларусі яшчэ больш, а значыць, яшчэ больш збліжае нашы краіны».

Яшчэ адзін удзельнік праекта — Віталь Поклад з Горак. Малады чалавек працуе ў сярэдняй школе № 1 настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства. «Я першы раз далучыўся да праекта. Чуў пра яго ў мінулым годзе, стала цікава самому пабываць тут. Лічу, што патрыятызм і яго выхаванне ў моладзі — гэта правільна і трэба. Бо нам будаваць нашу краіну далей, — кажа малады чалавек. — У нас будзе насычаная і разнастайная праграма. Ужо паспелі пагутарыць з рабятамі з Расіі, усе вельмі прыемныя і прыязныя маладыя людзі. Думаю, усе разам мы не толькі правядзем цікава гэтыя 9 дзён, але і кожны пазнае нешта новае, што дапаможа ў далейшай дзейнасці. Я як настаўнік гісторыі змагу распавядаць хлопцам, ужо абапіраючыся на асабісты вопыт, падаючы ім годны прыклад. Яшчэ ў нас будзе магчымасць аб’ехаць практычна ўсе гістарычныя месцы рэгіёну, а ў далейшым, можа быць, з’ездзім куды-небудзь і са школьнікамі на экскурсіі».

Моладзь Беларусі і Расіі адправілася па маршруце. Першы пункт на карце праекта — Шклоўскі раён. Туды іх суправаджае аўтапрабег, удзельнікамі якога сталі больш за 60 адзінак транспарту.

Ініцыятарам міжнароднага маладзёжнага ваенна-патрыятычнага праекта «Дарогамі Памяці і Славы» стаў Магілёўскі абласны камітэт БРСМ пры асабістай падтрымцы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі.


Традыцыйная акцыя «Памяць» прадстаўнікоў ўніверсітэта ім. Я. Купалы будзе прысвечана Невядомаму салдату

Сёння ў Гродне прадстаўнікі ўніверсітэта ім. Я. Купалы ў 12-ы раз правядуць акцыю «Памяць» да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу Купалаўскай ВНУ.

Фота: БелТА

«З году ў год гуманітарны каледж ГрДУ ім. Я. Купалы і члены ўніверсітэта рыхтуюць маштабную тэатралізаваную пастаноўку, якая прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. У якасці ўдзельнікаў дзейства выступае моладзь — каля 200 навучэнцаў каледжа і курсантаў ваеннага факультэта. Маладых людзей падтрымлівае старэйшае пакаленне, педагогі. Дзякуючы таленту і намаганням арганізатараў удзельнікі акцыі праходзяць па знаёмых вуліцах Гродна, чуюць галасы землякоў, бачаць сапраўдны „твар вайны“. Традыцыйна ў аснову сцэнара кладуцца ўспаміны сваякоў тых абаронцаў Радзімы, якія былі звязаны менавіта з нашым рэгіёнам», — адзначылі ва ўніверсітэце.

У ВНУ падкрэсліваюць, што падрыхтаваная праграма сёлета, як і заўсёды, не пакіне абыякавай. «Словы, музыка, харэаграфічная кампазіцыя, фатаграфіі і хроніка ваенных гадоў — усё гэта стварае высокае па эмацыйным напале сцэнічнае дзеянне-рэквіем. У цішыні самай кароткай летняй ночы традыцыйна запальваюцца свечкі ў памяць аб тых, у чыё жыццё ўвайшла вайна. 12-я праграма будзе прысвечаная Невядомаму салдату», — сказалі ў прэс-службе.

Усіх жадаючых запрашаюць далучыцца да акцыі, якая пройдзе сёння ў 23 гадзіны каля Вечнага агню ў парку ім. Жылібера.


Сэрца з запаленых лампад. У Гродне прайшоў мітынг ля мемарыяла воінам беларускай пагранічнай акругі

Удзельнікі мітынгу ля мемарыяла «Загінулым, але непераможаным воінам беларускай пагранічнай акругі» выклалі вялікае сэрца з запаленых лампад у знак павагі і памяці аб бессмяротным подзвігу абаронцаў Айчыны. Пра гэта расказала БелТА афіцыйная прадстаўніца Гарадзенскай памежнай групы Надзея Масевіч.

Фота: grodnonews.by

У мітынгу-рэквіеме прынялі ўдзел жыхары абласнога цэнтра, гродзенская моладзь, прадстаўнікі мясцовай улады, пагранічнікі, вайскоўцы, прадстаўнікі праваахоўных органаў, МНС, супрацоўнікі пракуратуры і рэгіянальнай мытні.

«Спаўняецца 82 гады з дня першых баёў на дзяржаўнай мяжы ў чэрвені 1941-га, — сказаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу, камандзір Гродзенскай пагранічнай групы Аляксандр Давідзюк. — Першымі на гродзенскай зямлі на шляху ворага бясстрашна ўсталі воіны 86-га Жнівеньскага пагранічнага атрада пад камандаваннем маёра Здорнага. У сутычках з акупантамі мужна змагаліся заставы пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза лейтэнанта Віктара Усава, старэйшых лейтэнантаў Феадосія Кірычэнка, Аляксандра Сівачова, малодшага лейтэнанта Канстанціна Васільева. Яны гінулі, як героі, але не здаваліся ворагу».

Для цяперашняга пакалення пагранічнікаў самае важнае — не дапусціць падобных трагедый, шанаваць і выхоўваць моладзь на памяці аб подзвігу мільёнаў нашых суграмадзян, якія ўсталі на шляху нацызму, падкрэсліў Аляксандр Давідзюк. Асабліва гэта важна цяпер, калі не спыняюцца спробы перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых абаронцаў Радзімы, усклалі кветкі і вянкі да мемарыяла.


«Людзей сюды прыводзіць памяць»: акцыя «Звон смутку» на Буйніцкім полі сабрала 5 тыс. чалавек

Акцыя «Звон смутку» на Буйніцкім полі сабрала 5 тыс. чалавек, перадае БелТА.

Фота: БелТА

«Звон смутку» на Буйніцкім полі праходзіць у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Кожны год 22 чэрвеня ў 4.00 тут збіраюцца тысячы жыхароў Магілёва і Магілёўскага раёна рознага ўзросту. Людзі едуць сем’ямі, з калегамі і сябрамі. Сёлета тут сабралася 5 тыс. чалавек.

Сярод удзельнікаў акцыі — намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях ААТ «Бабушкіна крынка» Святлана Сташэўская. Яна прыехала сустрэць світанак на памятным месцы з калектывам прадпрыемства. «Гэтай акцыі ўжо шмат гадоў, а пачыналася яна як асабліва маладзёжная. Але ўжо ў першыя гады было ясна, нават гледзячы на наша прадпрыемства, што ў гэты журботны дзень сустракаць світанак на Буйніцкім полі прыходзілі людзі розных пакаленняў, бабулі з унукамі, прыязджалі сем’ямі. І так аказалася не толькі ў нашым калектыве, але і ва ўсім горадзе. Людзі не маглі заставацца абыякавымі, — падзялілася яна. — З кожным годам „Звон смутку“ становіцца ўсё больш значным. У 2013 годзе на базе нашага прадпрыемства праходзіў міжнародны семінар, куды з’ехаліся прадстаўнікі розных краін, у тым ліку з Украіны і Еўропы. Да 22 чэрвеня не ўсе з іх раз’ехаліся, пакінутым я прапанавала далучыцца да нас. З намі прыехалі ўкраінцы, і яны сказалі мне: „Трэба ж! У нас такога няма!“. А неўзабаве ў іх быў майдан, а цяпер ідуць баявыя дзеянні. Наша акцыя яшчэ раз паказвае, што мы ведаем, памятаем і шануем подзвіг нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ведаем і захоўваем нашу дакладную гісторыю. Мы перадаем гэта наступным пакаленням. А такія акцыі дапамагаюць прабіцца ў свядомасць людзей, адклікаюцца ў сэрцы і душы. Я звяртаю ўвагу на людзей, якія сюды прыязджаюць. Часцяком у дарослых і дзяцей наварочваюцца слёзы».

Ушанаваць памяць продкаў на Буйніцкім полі прыехалі і пашукавікі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» разам з кіраўніком гісторыкам Мікалаем Барысенкам.

«Для пошукавікаў гэта асаблівы і знакавы дзень. Таму што 1941 год для нас не толькі трагічны, але і гераічны. Мы заўсёды памятаем пра гэта, калі працуем на месцах баёў 1941 года, асабліва па абароне Магілёва. Для пошукавікаў гэты год адзін з самых інфарматыўных. У байцоў, што засталіся ляжаць у палях вакол Магілёва, звычайна маецца максімальная колькасць у знаходках імянных рэчаў, перш за ўсё медальёнаў, падпісных нейкіх рэчаў. А бо за кожным імем-гісторыя. За кожным прозвішчам-сваякі, якія дагэтуль не ведаюць, што адбылося з іх блізкім чалавекам, — падзяліўся Мікалай Барысенка. — А тое, што мы ўсе тут сёння, — гэта наш абавязак па перакананні. Ветэранаў застаецца ўсё менш, а пошукавікі застаюцца захавальнікамі памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Так блізка да вайны сёння ніхто не падышоў, як падышлі пошукавікі. Для нас аднолькава важныя 22 чэрвеня і 9 мая. У пытаннях Вялікай Айчыннай вайны трэба казаць не толькі пра перамогу, але і паказваць тыя страшныя падзеі ва ўсёй іх разнастайнасці, прытрымліваючыся праўды і гістарычнай аб’ектыўнасці».

Ускласці кветкі да мемарыяла прыйшла жыхарка аграгарадка Буйнічы Зоя Якаўлеўна Дарашчанка разам з васьмігадовай унучкай Алінай. Жанчына прынесла з сабой ружы, якія сама выгадавала. «Мы жывем у Буйнічах з 80-га года, недалёка ад гэтай святой зямлі. Не кожны год атрымліваецца прыйсці, але стараемся падтрымліваць традыцыю. Гэтым разам са мной упершыню папрасілася ўнучка. Вось і вырашылі разам да акцыі далучыцца, — распавядае жанчына. — А як тут у баку заставацца? Мяне сюды прыводзіць памяць: мой бацька ваяваў, а потым яны выходзілі з акружэння тут, у Буйнічах. Пакуль ён жывы быў, мы разам з ім сюды прыходзілі. Ён расказваў нам пра вайну. Цяпер мая чарга-я распавядаю сваім дзецям і ўнукам пра гісторыю Буйніцкага поля. Сваю гісторыю трэба памятаць, асабліва цяпер, калі свет вакол неспакойны. Вайна — гэта страшна. Нельга, каб такое паўтарылася».


Памяць ахвяр вайны і подзвігі герояў ушанавалі ў Віцебску

Віцебск далучыўся да Усебеларускай хвіліны маўчання, паведамляе БелТА.

Фота: БелТА

У дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа жыхары і госці Віцебска ўшанавалі памяць загінуўшых герояў і мірных жыхароў. Мітынг-рэквіем прайшоў каля воінскага пахавання на Успенскай гары, дзе пахаваны 16 афіцэраў Чырвонай Арміі. Сярод імёнаў, высечаных на Граніце, ёсць прозвішчы трох герояў Савецкага Саюза, у тым ліку Міная Шмырова — аднаго з самых вядомых кіраўнікоў беларускага партызанскага руху.

Ветэраны, моладзь, прадстаўнікі абласной і гарадской улады, а таксама грамадскіх аб’яднанняў усклалі вянкі і кветкі да знаёмага помніка, які сведчыць аб гераізме беларускага народа і самаадданасці жыхароў паўночнага рэгіёна. «Ад крывавых падзей той страшнай вайны нас аддзяляюць 82 гады. Віцебшчына выстаяла ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яе сыны і дочкі адважна змагаліся на фронце і ў тыле. З першых дзён вораг сустрэў нябачаны супраціў. Вобласць выгадавала 127 Герояў Савецкага Саюза. У баях пад Масквой вызначыўся наш зямляк, ураджэнец Бешанковіцкага раёна генерал-маёр Леў Даватар. У адным з баёў на Курскай дузе ўраджэнец Сенненскага раёна лётчык Аляксандр Гаравец збіў 9 варожых самалётаў. Палачанка Зінаіда Тусналобава-Марчанка вынесла з поля бою 128 параненых байцоў. Выпрабаванні загартавалі нацыянальны характар, узвысілі дух чалавека. У Год міру і стваральнай працы мы хочам быць упэўненымі, што вайна ніколі не паўторыцца на нашай зямлі. Памяць пра генацыд стукае ў сэрцы кожнага беларуса. У нашай краіне свята шануюць подзвіг герояў, перамогу савецкага народа, які зламаў хрыбет фашызму», — звярнуўся да ўдзельнікаў акцыі першы намеснік старшыні аблвыканкама Анатоль Ліневіч.

Да вайны ў Віцебскай вобласці пражывалі больш за мільён грамадзян, а пасля яе насельніцтва скарацілася да 650 тыс. Нямала населеных пунктаў паўночнага рэгіёна падзяліла лёс Хатыні, частка з іх так і не паўстала з попелу. Сёння спадчыннікі пакалення пераможцаў захоўваюць памяць пра подзвігі дзядоў і прадзедаў, не дазваляючы аддаць забыццю мужнасць і адвагу якія змагаліся з фашысцкім агрэсарам. Віцебшчына памятае, Беларусь памятае.


Дэлегацыя Мінскай вобласці прыняла ўдзел у памятнай цырымоніі ў «Хатыні»

Дэлегацыя Мінскай вобласці прыняла ўдзел у памятнай цырымоніі ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». Мерапрыемства прымеркавана да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, паведамляе БелТА.

Фота БелТА


Дэлегацыя Мінпрыроды ўсклала кветкі ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец»

Наведваць сем’ямі месцы памяці і напаміну пра вайну: мемарыяльныя комплексы «Трасцянец», «Хатынь», «Красны бераг», каб захоўваць народную памяць і перадаваць яе з пакалення ў пакаленне, заклікаў міністр прыродных рэсурсаў Андрэй Худык, ускладаючы кветкі да мемарыяльнай скульптуры «Вароты памяці» у Трасцянцы ў знак Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народу.

Члены дэлегацыі Мінпрыроды прынеслі чырвоныя ружы і гваздзікі ў знак ушанавання памяці мільёнаў знішчаных жыццяў у гады вайны. Тых, хто паў на полі бою, быў закатаваны ў фашысцкай няволі, памёр ад холаду і нягод у тыле. У Беларусі заўжды помнілі і будуць памятаць кожнага, хто стаў ахвярай тых страшных гадоў, калі на беларускай зямлі лютавалі нямецка-фашысцкія захопнікі, перакананы міністр:

— Наш край як ніякі іншы пацярпеў ад бясчынства, якое ўчынілі гэтыя нелюдзі. У той вайне савецкі народ выстаяў і выйшаў сапраўдным пераможцам. Мы верылі, што вайна больш ніколі не прыйдзе на нашы землі. Аднак сёння фашысцкая гідра ізноў уздымае свае галовы, хаваючыся за лозунгамі абароны правоў чалавека, аховы навакольнага асяроддзя, змен клімату, прасоўвання антываеннай рыторыкі, абароны правоў працоўных, свабоды слова і іншымі. У 2020-м яна паспрабавала нанесці ўдар па нашай Радзіме, адзінству беларускага народа — спадчынніка Вялікай Перамогі. Аднак спробы рэваншызму, перагляду гісторыі і прасоўвання неакаланіялізму сутыкнуліся з нашым магутным супрацьстаяннем. Дзякуючы гарачаму патрыятызму і яднанню народа вакол кіраўніка дзяржавы мы ізноў адстаялі незалежнасць і мірнае жыццё нашай краіны і яе жыхароў. І сёння мы як ніколі напоўнены рашучасцю абараняць тое, чым мы даражым і што любім.

Міністр нагадаў, што наша самая малая слабіна будзе выкарыстана супраць нас і нашых блізкіх, і гэта трэба ўсведамляць. А тое, што памятае і захоўвае наша зямля, больш ніколі не павінна паўтарыцца.

Ірына СІДАРОК

Фота прадастаўлена прэс-службай Мінпрыроды


Тэматычная экскурсія «Толькі памяць сэрца гаворыць...» у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

22 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праходзяць тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Вялікую цікавасць наведвальнікаў выклікала тэматычная экскурсія «Толькі памяць сэрца гаворыць...».

Падчас экскурсіі «ажывалі» эпізоды пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнікі музея і валанцёры ў ваеннай форме і адзенні тых далёкіх гадоў дапамагалі ўдзельнікам экскурсіі эмацыянальна адчуць дзень пачатку вайны. 

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Фота аўтара


«Памятаць і клапаціцца пра ветэранаў». Касцевіч пра святы абавязак кожнага беларуса

Міністр працы і сацыяльнай абароны ўзначальвала дэлегацыю, у якую ўвайшлі супрацоўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Яны ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўсклалі кветкі да стэлы «Мінск — горад-герой», паведамляе БелТА.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


Ускладанне ўдзельнікаў падвядзення вынікаў патрыятычнага конкурсу «Мой фільм пра вайну»

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.