Вы тут

Большасць беларусаў задаволена паслугамі дзяржаўнай медыцыны


Традыцыйна ў трэцюю нядзелю чэрвеня медыцынскія работнікі святкуюць сваё прафесійнае свята. Заўтра прымаць віншаванні ў нашай краіне будуць 55,1 тысячы ўрачоў (сярод іх 48 тысяч практыкуючых) і 124,6 тысячы сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Нацыянальны статыстычны камітэт намаляваў партрэт урача і медыцынскай сястры ў Беларусі. У прыватнасці, беларускі ўрач — гэта жанчына 42 гадоў, якая працуе па тэрапеўтычным профілі. Яе сярэдняя зарплата летась была 2306,8 рубля.


Фота: pixabay.com

Сярод урачоў пераважная большасць — жанчыны (73,9 %), мужчын адпаведна 26,1 %. Сярэдні ўзрост жанчын у гэтай прафесіі — 42,4 года, мужчын — 44,4 года. Сярод сярэдніх медыцынскіх работнікаў яшчэ больш жанчын — 95,2 %, іх сярэдні ўзрост 43,5 года. Мужчын сярод сярэдняга медыцынскага персаналу ўсяго 4,8 %, затое яны маладзейшыя — іх сярэдні ўзрост 38,5 года.

Сярод урачоў вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 15,8 %, першую — 38,5 %, другую — 22,1 %. Больш за 17,6 тысячы ўрачоў практыкуюць па тэрапеўтычным профілі, 14 тысяч — хірургі, 5,3 тысячы — стаматолагі, 4,5 тысячы — педыятры, у 6,7 тысячы — медыка-дыягнастычны профіль.

У краіне 83,5 тысячы медыцынскіх сясцёр і братоў, 10,3 тысячы фельчараў, 9,1 тысяча фельчараў-лабарантаў, 4,6 тысячы акушэрак, 3,4 тысячы рэнтген-лабарантаў, 1,8 тысячы зубных фельчараў і 1,6 тысячы зубных тэхнікаў.

На 10 тысяч беларусаў прыпадае 52 практыкуючыя ўрачы і 135 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Забяспечанасць медыкамі ў нашай краіне вышэйшая, чым у некаторых краінах Еўропы, у прыватнасці, такіх як Іспанія (45,8 урача на 10 тысяч чалавек), Германія (45,3), Балгарыя (42,8), Італія (41,3). Лідарскую пазіцыю займае нашай краіна па гэтым паказчыку і сярод краін СНД.

Забяспечанасць медыкамі крыху адрозніваецца па рэгіёнах. Найвышэйшая яна ў сталіцы, дзе на 10 тысяч мінчан прыпадае 72 урачы і 136 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. У Гродзенскай вобласці гэты паказчык складае 57 урачоў і 141 сярэдні медыцынскі работнік. А найменшым ён выглядае на Міншчыне: 38 урачоў і 118 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

Сёння медыцынскую дапамогу беларусам аказваюць 2660 амбулаторна-паліклінічных арганізацый, 585 бальніц, 119 станцый хуткай медыцынскай дапамогі. Найбольшая іх колькасць у Мінску — 662 паліклінікі і 44 бальніцы. На другім месцы Мінская вобласць — 394 паліклінікі і 113 бальніц. А вось найменшы паказчык на Магілёўшчыне — 262 паліклінікі і 59 бальніц.

Па даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, праведзенага ў 2021 годзе, задаволены і цалкам задаволены апошнім вопытам карыстання дзяржаўнымі паслугамі ў галіне аховы здароўя 88,9 % беларусаў. Прычым у сельскай мясцовасці колькасць задаволеных аказалася большай — станоўчы адказ давалі 95,2 % сяльчан і 87,1 % гарадскіх жыхароў.

Летась у Беларусі праведзена 827 236 аперацый, сярод іх 113 252 — пры дапамозе эндаскапічнай апаратуры і лапараскапічнага абсталявання. Летась зроблена 1058 аперацый па трансплантацыі, у тым ліку 350 — па перасадцы нырак, 100 — печані, 40 — сэрца. У рэйтынгу краін свету па трансплантацыі нырак Беларусь знаходзіцца на 5-м месцы, печані — 10-м, сэрца — 11-м.

Падрыхтоўку сярэдняга медыцынскага персаналу ў Беларусі вядуць 16 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, летась яны выпусцілі 4,4 тысячы спецыялістаў. Урачоў рыхтуюць 5 ВНУ, і ў 2022 годзе іх дыпломы атрымалі 3,2 тысячы дактароў.

Намінальная налічаная сярэдняя зарплата медыкаў летась склала 1377,9 рубля. Пры гэтым ва ўрачоў — 2306,8 рубля, у сярэдняга медыцынскага персаналу — 1361 рубель.

Летась прадстаўнікі 148 краін скарысталіся паслугамі беларускай медыцыны. Найчасцей гэта былі грамадзяне Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Кітая, Ізраіля і Азербайджана.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.