Вы тут

Прэм'ера оперы «Севільскі цырульнік» адбылася ў Вялікім


На вуліцы начной Севільі ў касцюме сціплага бакалаўра граф Альмавіва чакае, калі ў акне з’явіцца высакародная дзяўчына, у якую ён закаханы. Каб тытул не засланіў чалавека, граф хавае сваё імя ад прыгажуні Разіны — яна жыве пад наглядам старога апекуна... Знакамітая гісторыя пра прыгоды Фігаро французскага драматурга Бамаршэ, аўтара «Севільскага цырульніка, або Марнай засцярогі» і «Жаніцьбы Фігаро», чарговы раз паўстае на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.


Гэтым разам асабліва цікавае сцэнічнае ўвасабленне, бо працавалі над спектаклем творцы з Італіі: рэжысёр Альда Тарабэла і мастак, аўтар сцэнаграфічнага рашэння і касцюмаў Энрыка Мусеніч. Мова камічнай оперы ў дзвюх дзеях італьянская (з рускімі субцітрамі), што прыцягвае яшчэ больш увагі шырокай аўдыторыі. Тая, між іншым, крыху засумавала па лёгкіх і няхітрых сюжэтах. А менавіта такім і славіцца «Севільскі цырульнік», які быў прадстаўлены напрыканцы юбілейнага тэатральнага сезона — 6 і 7 чэрвеня. Двума прэм’ернымі спектаклямі дырыжыраваў Уладзімір Авадок. 

Опера-буф «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні ставіцца ў розных тэатрах свету з 1816 года. Лібрэта некалі напісаў Чэзарэ Стэрбіні. Дарэчы, найбольшую вядомасць яму прынёс гэты тэкст музычна-сцэнічнага твора. У Вялікім тэатры Беларусі шмат разоў звярталіся менавіта да класічнага прачытання, і прэм’ера (10-ы зварот) не стала выключэннем. Аднак рысы і дэталі, характэрныя толькі для пэўнага зваро¬ту, прымушаюць разважаць аб адметнасці і неабходнасці чарговай пастаноўкі ў айчынным тэатры. 

Дарэчы, перад падрыхтоўкай спектакля спецыяльна абвяшчалі кастынг: была неабходнасць знайсці артыстаў для выканання галоўных партый. Так сталася, некаторыя імёны будуць невядомы гледачу. Што тычыцца галоўных роляў, то графа Альмавіву ў пастаноўках Вялікага тэатра ўвасабляюць Юрый Гарадзецкі, Валерый Макараў і Андрэй Мацюшонак. Доктара Бартола іграюць Дзмітрый Капілаў і Ілья Пеўзнер. У ролі Разіны на сцэну выходзяць Таццяна Гаўрылава і Святлана Коціна. Фігаро, вынаходлівага і дасціпнага, энергічнага і жыццярадаснага, які з лёгкасцю прыдумляе інтрыгі і дабіваецца сваіх мэт, іграюць Ігар Анішчанка і Аляксей Макшанцаў. Як адзначаюць у тэатры, запрошаныя артысты (Валерый Макараў, Ігар Анішчанка, Аляксей Макшанцаў, Святлана Коціна) яшчэ ў снежні прайшлі кастынг на ўдзел у пастаноўцы — і з поспехам дэбютавалі на беларускай сцэне. 

Яшчэ да прэм’еры было вядома, што рэжысёр Альда Тарабэла патрабуе ад спевакоў-акцёраў, апроч іншага, умення і нават імкнення імправізаваць. Гэта адчуваецца — лёгкасць, нязмушанасць, з якімі арты¬сты з’яўляюцца на сцэне і камунікуюць паміж сабой, не могуць не быць заўважанымі і ацэненымі гледачом. Разам з ненапружанасцю дзеяння, надзвычай простым сюжэтам і гумарам, хоць абсалютна спецыфічным і неактуальным, спектакль здольны пакінуць толькі станоўчыя эмоцыі. А што яшчэ патрабуецца ад оперыбуфа, асновы якой закладзены так даўно і нікім не зрушаны? Іншая справа, чаму гэты жанр застаецца ў полі зроку сучасных пастаноўшчыкаў... Напамін пра камедыю масак, своеасаблівая інтэрпрэтацыя камізму, прастата сюжэта, амаль поўная адсутнасць псіхалагізму, заразлівая вясёлая музыка — мабыць, усё гэта прыцягвае і рэжысёраў, і спевакоў, і музыказнаўцаў... А яшчэ — тэма свята жыцця: у такой оперы супрацьпастаўляецца шчырае каханне маладых і тыранія карыслівай старасці. Перамога першага — сімвал гормоніі свету. 

Між тым, напрыклад, доктар мастацтвазнаўца, прафесар Ларыса Кірыліна ўпэўнена: у чыстым выглядзе жанр оперы-буфа належыць мінуламу, і любыя спробы яго актуалізаваць прыводзяць да больш ці менш трапнага дыялогу XX і XVIII стагоддзяў (гэтую думку музыказнаўца выказала ў далёкім 1995 годзе). Усё ж у эпоху свайго росквіту камічная опера расказвала найперш пра сучаснасць, паўсядзённасць, вядома, паэтызаваныя. На шчасце, у Вялікім тэатры не імкнуліся інтэрпрэтаваць класічны твор. Гэта тая ж вандроўка ў мінулае. І пакуль Фігаро тут, побач, варта спрабаваць пасябраваць. 

Яўгенія ШЫЦЬКА 

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.