Вы тут

Казачная сядзіба Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе


Недалёка ад Жлобіна, у аграгарадку Красны Бераг, знаходзіцца сядзіба Козел-Паклеўскіх. Яна падобная на казачны палац, акружаны маляўнічым  паркам.


Цудоўны будынак быў узведзены тут у 1893 годзе Вікенціем Альфонсавічам Козел-Паклеўскім. Сама ж сядзіба была пасагам яго жонкі Марыі, дачкі генерал-лейтэнанта інжынерыі Міхаіла Гатоўскага. Цікава, што гэта была ўсяго толькі 36-пакаёвая  дача.

Вікенцій шмат падарожнічаў. Падчас сваіх паездак звяртаў увагу на розныя архітэктурныя прыёмы, рабіў эскізы таго, што спадабалася. У выніку атрымаўся ўнікальны палац, які аформлены ў рэдкім арабскім стылі — альгамбра. Да таго ж кожны пакой аформлены па-рознаму. А яшчэ ўнутры палаца ёсць капліца (гаспадары былі католікамі, а навокал не было ніводнага касцёла). Дзіўна, як спалучаецца з хрысціянскім светапоглядам выкарыстанне шматлікіх абярэгаў у архітэктуры палаца. Напрыклад, самымі прыкметнымі з іх з’яўляюцца хімеры, якія жывуць на сценах будынка. 

У сядзібе была адмысловая дваранская лесвіца, па якой прыслуга не мела права хадзіць. Глядзіш на яе і не разумееш, што ў ёй такога асаблівага: звычайны шэры бетон. Аказваецца, не ўсё так проста. Гаспадары маглі дазволіць сабе і шыкоўную мармуровую лесвіцу, аднак бетон тады быў на піку папулярнасці і ацэньваўся зусім нятанна.

Пасля рэвалюцыі 1917 года маёнтак у Красным Беразе нацыяналізавалі. Тут было сельскагаспадарчае вучылішча з інтэрнатам, майстэрнямі і складамі. Гаспадары сядзібы вымушаныя былі з’ехаць.

У час Вялікай Айчыннай вайны ў Красным Беразе размяшчаліся буйны перасыльны пункт і дзіцячы донарскі канцлагер. Будынак сядзібы выкарыстоўвалі ў якасці нямецкага, а потым савецкага шпіталя.

Будынак сядзібы цудоўна захаваўся да нашых дзён. Па словах экскурсаводаў, падчас вайны немцы не кранулі плітку, ляпніну і каваныя вырабы. 

Сёння гэты сядзібна-паркавы комплекс уваходзіць у турыстычны маршрут «Залатое кола Гомельшчыны». У 2015 годзе пасля рэканструкцыі сядзіба сардэчна адчыніла свае дзверы для турыстаў. 

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.