Вы тут

Капітан Дзмітрый Калеснікаў. Ён жа... Бельскі


Больш як дваццаць гадоў таму, у жніўні 2000-га, свет скаланула жахлівая падзея: у Баранцавым моры ўзарвалася атамная падводная лодка. Яе камандзір Генадзь Лячын і большасць экіпажа загінулі адразу, у першыя хвіліны пасля выбуху, меншасць — перамясцілася ў дзявяты адсек і пачала змагацца за выжыванне.

Мільёны людзей ва ўсім свеце сачылі тады за лёсам маракоў, маліліся за іх, з нецярпеннем чакалі вестак.

Камандаванне рэштай экіпажа фактычна ўзяў на сябе капітан-лейтэнант Дзмітрый Калеснікаў. У цемры, навобмацак ён занатаваў імёны 23 падводнікаў, якія ацалелі, паведаміў: «Шанцаў, падобна, няма... Будзем спадзявацца, што хоць нехта прачытае».


Запіску і сапраўды прачыталі — пасля таго як абвугленае цела дасталі з дзявятага адсека і паднялі з дна Баранцава мора. Апроч іншага, там ёсць словы: «...отчаиваться не надо...».

За некалькі месяцаў да гібелі Дзмітрый ажаніўся з прыгажуняй Вольгай, перад выхадам на апошнія вучэнні напісаў жонцы прарочае:

А когда час придёт умирать,

Хотя мысли такие гоню,

Мне придётся тогда прошептать:

«Родная, тебя я люблю!»

Раман Калеснікаў, бацька афіцэра-падводніка, у адным з інтэрв'ю гаварыў: «Мяне суцяшае толькі тое, што ён зведаў каханне. Ён быў такі акрылены, стаў пісаць вершы...»

Думаецца, прычына таму — не толькі пачуцці. Сярод продкаў героя-падводніка, пра якіх ён нават не здагадваўся, былі літаратурна адораныя людзі са славутага мястэчка Цімкавічы, што на Капыльшчыне. Тут нарадзіўся яго дзядуля Антон Бельскі (бацька Рамана), які, у сваю чаргу, быў унукам Сільвестра Бельскага, выпускніка літаратурнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў Віленскага ўніверсітэта, дзе вучыўся ў адзін час з Адамам Міцкевічам, Ігнатам Дамейкам і іншымі філаматамі ды філарэтамі. Літаратурнымі пошукамі займаўся і дзядзька падводніка Фама Бельскі, выпускнік славутай Слуцкай гімназіі, прафесар педагогікі.

А вось Антон Бельскі (дома — Тоня, год нараджэння 1919-ы), дзядуля Дзмітрыя, абраў прафесію вайскоўца. Магчыма, таму, што сям'я тады ледзь зводзіла канцы з канцамі, а служба — гэта пэўнае матэрыяльнае забеспячэнне... Аднак, хутчэй за ўсё, на выбар паўплывала тое, што да 17 верасня 1939 года ў Цімкавічах месціўся штаб 17-га пагранічнага атрада, і дзеці, падлеткі не маглі не захапляцца прыгожай формай ды адмысловай выпраўкай кадравых афіцэраў.

Не заўжды, але ж мары збываюцца: сярод выпускнікоў Растоўскага ваеннага пяхотнага вучылішча быў і лейтэнант Бельскі. Што цікава, ён яшчэ курсантам з першага позірку закахаўся ў красуню Ніну, якая адказала яму ўзаемнасцю, стала жонкай, нарадзіла сына.

...З першых дзён Вялікай Айчыннай Антон Бельскі быў на фронце: старшы ад'ютант стралковага батальёна, камандзір 1-га батальёна, начальнік штаба брыгады. Яго стрыечны брат Георгій Яталь у сваім дзённіку пісаў: «Тоня ваяваў пад Сталінградам, быў паранены, са шпіталя збег на фронт… У 23 гады ён быў зусім белы... сівы».

Жонка Ніна Калеснікава чакала яго, пісала лісты свекрыві Фядоры Паўлаўне. Працытую хіба асобныя: «Гляджу на яго кашульку, і здаецца, што ён зойдзе ў пакой, усміхнецца і будзе казаць: «Вось скончыцца вайна, паедзем да мамы ў адпачынак, будзеш там гаспадарыць... Ён марыў пабываць дома, убачыць сваіх сяброў...» У іншым лісце: «Вельмі шкада, што Тоню не прыйшлося пабыць у любімых родных мясцінах. Прыехаць у Цімкавічы ён хацеў адразу пасля вучылішча, але гэтаму перашкодзіла вайна...»

У лістах да мамы (так нявестка звала свякроў) вельмі шмат сведчанняў пра Рому, іх маленькага сына: «Кожны дзень супакойваю сябе, што Тоня жывы, пераношу ўсе цяжкасці... А радасць толькі адна, сынок — копія Тоні: і ручкі, і вочкі, усё ў яго, нават хада... І гаспадар які: дзе што знойдзе, усё цягне дахаты. Я купіла яму казлянятка, ён яму рве траўку і носіць вадзічку».

А гэта — невялічкі фрагмент аднаго з лістоў Ніны, які ў снежні 1949-га яна даслала дзеверу (брату мужа і майму бацьку) Івану Бельскаму: «Калі вы калі-небудзь кахалі, то ведаеце, якое цяжкае расстанне. У мяне няма 50 % здароўя, у мяне няма самага дарагога ў жыцці — Тоні, які для мяне ніколі не паміраў».

...Увесну 2010-га — амаль праз семдзесят гадоў — Антон Бельскі і сапраўды падаў голас: нам, сваякам, патэлефанавалі з тэлепраграмы «Чакай мяне» і паведамілі, што хацелі б перадаць франтавы ліст, адрасаваны яго матулі.

Аказалася, скрынкі з пісьмамі савецкіх салдат і афіцэраў летам 1941-га трапілі ў рукі нацыстаў, сярод якіх быў прагматычны доктар Альштэгер. Разумеючы каштоўнасць эпісталярных дакументаў, ён адправіў іх свайму сябру ў Аўстрыю. Там яны доўга захоўваліся ў музейных фондах і ўрэшце вярнуліся назад: з 1186 лістоў — тры напісаныя Антонам Бельскім.

На жаль, ні яго маці Фядоры Паўлаўны, ні брата Івана сярод жывых ужо не было, аднак здымачная група прыязджала ў вёску Цімкавічы, зняла і паказала сюжэт, падштурхнула нашу сям'ю да пошукаў Рамана — сына Антона Бельскага.

Складанасць заключалася ў тым, што пасля 1949 года сувязь з Нінай Калеснікавай абарвалася (удава яшчэ раз выйшла замуж і, дбаючы пра лёс хлопчыка, якому ў жыцці мог пашкодзіць запіс «бацька знік без вестак», змяніла яго прозвішча на сваё — Калеснікаў, змяніла імя па бацьку)...

Але ж мы ўрэшце адшукалі Рамана! Высветлілася, што ён — капітан 1-га рангу, кандыдат ваенных навук, доўга служыў на падводных лодках, выкладаў у Вышэйшым ваенна-марскім вучылішчы. Цяпер на пенсіі, жыве ў Санкт-Пецярбургу.

Дзмітрый Калеснікаў — сын Рамана і ўнук Антона Бельскага...

Памятаю, калі ўпершыню ўбачыў фота Дзімы і прачытаў яго сціслую біяграфію, заўважыў агульнае з дзедам Антонам: абодва маладыя і чымсьці знешне падобныя, абодва капітаны, абодва моцна кахалі і жаніліся з прыгажунямі... Абодва так рана пайшлі з жыцця...

Будучы герой «Курска» нарадзіўся 10 жніўня 1973 года ў Хабараўску, скончыў гімназію і Вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча, стварыў сям'ю за чатыры месяцы да вучэнняў, з якіх, на жаль, не вярнуўся...

Цынкавую труну з целам капітан-лейтэнанта Калеснікава, пакрытую Андрэеўскім сцягам, устанавілі ў зале Адміралцейства. На развітанне з героем-падводнікам дзве гадзіны ішлі пецярбуржцы, маракі, курсанты. Пахаваны ён на Серафімаўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу. На пліце мемарыяла ў гонар загінулых членаў экіпажа «Курска» (усяго 118 чалавек) накрэслены яго словы: «...отчаиваться не надо...». Пасмяротна капітан-лейтэнант узнагароджаны ордэнам Мужнасці. Дзённік і фрагмент запіскі Калеснікава захоўваюцца ў Ваенна-марскім музеі Паўночнага флоту ў Мурманску.

Трагедыі «Курска» прысвечаны шматлікія дакументальныя і мастацкія творы, у якіх прысутнічае вобраз Дзмітрыя Калеснікава. У 2009 годзе ў Аўстраліі пастаўлена п'еса С. Яновіча «Курск», асобнымі выданнямі выйшлі кнігі «Унесенные бездной» М. Чаркашына, «Время умирать: катастрофа «Курска» Р. Мура і іншыя. Вядомы рок-гурт «ДДТ» прысвяціў афіцэру-падводніку песню «Капітан Калеснікаў».

Ён, Дзмітрый, напэўна, марыў пра ўласных дзетак, аднак лёс наканаваў яму кароткае сямейнае шчасце. У яго застаўся малодшы брат Аляксандр (1978 года нараджэння), які таксама быў афіцэрам-падводнікам, аднак пасля гібелі Дзмітрыя службу пакінуў... Мы перапісваемся з ім, дасылаем адзін аднаму фотаздымкі і сканы іншых сямейна-радавых дакументаў. Калі-небудзь, спадзяюся, убачымся ў Цімкавічах, на радзіме нашых дзядоў і прадзедаў.

Радуе і цешыць, што ў Антона Бельскага ёсць нашчадкі: унук, унучка і праўнукі: два дарослыя хлопцы ў Пяцігорску і дзве прыгажуні ў Санкт-Пецярбургу. А значыць, недарэмна ён злажыў сваю галаву ў гады ваеннага ліхалецця: жыццё працягваецца.

Алесь БЕЛЬСКІ, прафесар, доктар філалагічных навук

г. Мінск.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.