Вы тут

Кіберімунітэт ад кібератак


Доўгі час чалавецтва жыло ў каменнай эры, потым — у жалезнай, цяпер мы, як лічаць эксперты, існуем у пластыкавай рэальнасці і непазбежна імкнёмся ў лічбавае стагоддзе. Аднак, каб чалавецтва туды трапіла, яму трэба пераадолець вялізныя кіберперашкоды і атрымаць кіберімунітэт. Як перайсці ў лічбавы свет бяспечна і існаваць у ім, на сустрэчы са студэнтамі і кіраўніцтвам ВНУ Беларусі, якая была арганізавана Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры Прэзідэнце і Мінадукацыі, расказаў генеральны дырэктар таварыства «Лабараторыя Касперскага» Яўген Касперскі.


Абарона прыватнасці і кантроль анамальных паводзін

Задачы забеспячэння кібербяспекі не столькі праграмісцкія, колькі матэматычныя, навуковыя. Сучасны свет увесь час вымушаны абараняцца ад кіберпагроз, таму ўменне і разуменне, як захаваць сябе і сваю інфармацыю, вельмі важнае, падкрэсліў спікер:

— Кіберзлачыннасць становіцца ўсё больш масавай. Разам з павелічэннем колькасці разумных прылад расце і колькасць уразлівасцяў. Кожны дзень мы збіраем мільёны падазроных файлаў, з якіх штодня фіксуем каля 400 тысяч новых унікальных, раней невядомых шкодных траянскіх файлаў. Злачынцы становяцца ўсё больш прафесійнымі, яны аб'ядноўваюцца ў прафесійныя кібербанды, якія распрацоўваюць метады кібератак.

Каб апрацоўваць такі паток інфармацыі, у лабараторыі існуюць аўтаматычныя сістэмы збору інфармацыі і некалькі ўзроўняў сістэм распазнавання (у асноўным гэта машыннае навучанне) і вызначаюць, які перад імі файл: добры, кепскі, сапсаваны. Сучасная абарона ад кіберзлачынства — гэта ўжо не проста антывірус, а гэткі шматузроўневы камбайн, які абараняе ад шматлікіх пагроз, у тым ліку ахоўвае прыватнасць, расказаў Яўген Касперскі:

— Гэта кантроль уцечак інфармацыі аб вашых асабістых справах: кантроль пароляў, ідэнтыфікацыі і іншага. Часам змагацца прыходзіцца не толькі ў сеціве, але і ў рэальнасці, бо нашых экспертаў выклікаюць на затрыманне, каб яны дапамаглі разабрацца, што менавіта трэба апісваць.

Каб тэхнічна абараняць сеткі ад прафесійных хакерскіх атак, існуюць шматузроўневыя сістэмы абароны. Гэта кантроль сеціва, пошты, інтэрнэт-трафіка і анамальных паводзін у сеціве. З дапамогай апошняга, дарэчы, можна злавіць выключна складаныя кібератакі, удакладніў эксперт.

Крыптаграфічныя і імунныя сістэмы для крытычнай інфраструктуры

Хакеры пачынаюць падрываць інфраструктуру, у тым ліку крытычную. Пад пагрозай аказваюцца кампаніі, арганізацыі, бізнесы, ваенныя, дзяржавы — тыя структуры, адкуль можна сабраць шмат грошай за адзін узлом. Зламыснікі ўмудраюцца дыстанцыйна кіраваць транспартам, могуць атрымліваць доступ да канфідэнцыяльных даных і правакаваць прастоі ў вытворчасці. Заснавальнік кампаніі падкрэсліў, што катастрафічна не хапае абаронцаў у сферы бяспекі прамысловых аб'ектаў:

— Праблема абароны крытычнай інфраструктуры не вырашаецца сістэмамі бяспекі. Для гэтага неабходна імунная аперацыйня сістэма, дзе не патрэбны антывірус, — яна абаронена сама па сабе. Сама яе архітэктура гарантуе, што ўзламаць яе немагчыма, і кожны элемент сістэмы працуе ва ўласным дамене бяспекі. Нават калі хакнуць адзін яе модуль, далей кіберзлачынца прасунуцца не зможа. Сутнасць канцэпцыі кіберімунітэту ў забеспячэнні такога ўзроўню абароны, пры якім кошт кібератакі на арганізацыю перавышае суму магчымага ўрону.

Беларускі рынак цікавіць кампанію не толькі як месца для рэалізацыі сваёй прадукцыі, але і як краіна з высокакваліфікаванымі кадрамі ў галіне кібербяспекі. На сустрэчу з мэтрам інтэрнэт-бяспекі прыйшлі студэнты, якія пераважна і займаюцца распрацоўкай метадаў абароны інфармацыі, таму для іх такі досвед стаўся вельмі карысным, сведчаць яны.

— Лабараторыя Касперскага — найбольш вядомая ІT-кампанія ў сферы камп'ютарнай бяспекі, і для нас сустрэча з яе кіраўніком — вельмі важны вопыт, таму што мы можам атрымаць веды ад спецыяліста найвышэйшага класа і выкарыстаць яго ў нашым навучанні, — лічыць Антон ШКОР, студэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, спецыялізацыя якога — якраз камп'ютарная бяспека.

Па дадатковыя веды на сустрэчу прыйшоў і Багдан САЛАЎЁЎ, студэнт факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ, які лічыць, што інфармацыя павінна мець шыфраванне, таму новыя сістэмы яе абароны важныя і для студэнтаў іншых спецыяльнасцяў, а не толькі кібербяспекі.

Унікальнай і знакавай ахарактарызаваў сустрэчу кіраўніка «Лабараторыі Касперскага» са студэнтамі Юрый АРЛОВІЧ, дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ:

— На нашым факультэце мы даўно рыхтуем спецыялістаў у галіне камп'ютарнай бяспекі, якія звязаны найперш з крыптаграфічнымі метадамі абароны інфармацыі. А сёлета на факультэце адкрываецца новая спецыяльнасць — «Кібербяспека», прыярытэтная задача якой — абарона электронных і фізічных актываў прадпрыемстваў ад несанкцыянаванага электроннага доступу.

Навукоўцы плануюць развіць работу з крыптаграфічнымі сістэмамі абароны інфармацыі ў напрамак, звязаны з апрацоўкай кіберпагроз і маніторынгам кібератак. А яшчэ — працягнуць праграмы супрацоўніцтва з кампаніяй, якія распачаліся яшчэ ў 2012-м і былі звязаны з навучаннем студэнтаў у межах акадэміі Касперскага і абменам вопытам у сферы інфармацыйнай бяспекі.

Яўген Касперскі падкрэсліў, што быў бы вельмі рады супрацоўнічаць з беларускімі навукоўцамі і айцішнікамі ў сферы распрацоўкі праграм, збудаваных на аснове імуннай аперацыйнай сістэмы, бо за гэтым будучыня.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.