Вы тут

Натарыят ўзнагародзіў журналістаў напярэдадні прафесійнага свята


Пераможцы першага конкурсу «Натарыят і СМІ», абвешчанага летась Беларускай натарыяльнай палатай, атрымалі ўзнагароды з рук старшыні БНП Наталлі Барысенка акурат да свайго прафесійнага свята — Дня друку. Натарыусы штогод заахвочваюць тых, хто дапамагае ў справе прававой адукацыі беларусаў праз газеты, радыё, тэлебачанне і інтэрнэт, аднак спецыяльную ўзнагароду ўручалі ўпершыню.


Натарыус — самы блізкі чалавеку юрыст, які даступны для наведвання, бо ў краіне існуе мноства натарыяльных кантор, а ў апошнія пару гадоў у жыхароў аграгарадкоў яшчэ з’явілася магчымасць запрашаць натарыуса прыехаць адразу дадому да чалавека, таму спецыялісты сталі яшчэ бліжай да людзей. Да таго ж летась павосені была запушчана Адзіная інфармацыйная лінія натарыята, куды пачало паступаць мноства пытанняў, у тым ліку, як запрасіць аўталаўку, што рабіць, калі не прынеслі ў час пенсію... І такіх ненатарыяльных пытанняў да 40 %. І гэта яшчэ адно сведчанне неабходнасці нашай работы, упэўнена Наталля Барысенка:

— Мы заўжды адзначаем, што прававая асвета людзей і своечасовыя тлумачэнні дапамагаюць пазбегнуць многіх праблем. Атрымаць патрэбную інфармацыю можна ўва многіх установах, аднак галоўнае — атрымаць яе своечасова, і мы імкнемся так і рабіць.

Журы конкурса абвясціла галоўных пераможцаў у чатырох намінацыях. Галоўную ўзнагароду ў намінацыі «Найлепшая публікацыя» атрымала Таццяна Грэмяшкевіч, карэспандэнт газеты «Гомельская праўда». «Найлепшую праграму на радыё» стварылі вядучыя праекта «Прававы панядзелак» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё Андрэй Сініца і Настасся Акішава. Пераможца намінацыі «Найлепшая публікацыя ў сетцы Інтэрнэт» — Святлана Васілеўская, рэдактар аддзела галоўнай рэдакцыі інфармацыі «БелТА». «Найлепшы сюжэт (праграму) на тэлебачанні» стварыў творчы калектыў праграм «Вокны горада» і «Бадзёрая раніца» «Тэлерадыёкампаніі «Гродна».

Натарыят — крыху кансерватыўны інстытут, таму натарыусы павінны валодаць асаблівымі рысамі характару. Выпадковых людзей сярод іх вельмі мала, бо работа адсявае такіх людзей: не ўсе вытрымліваюць патрабаванні, якія прад’яўляюцца да гэтых спецыялістаў, заўважыла старшыня БНП:

— Магчымасць удзельнічаць у тэле- і радыёэфірах, дапамога ў падрыхтоўцы друкаваных артыкулаў дазваляе натарыусам данесці інфармацыю і раскрыцца самім. Пры гэтым трэба не «перагрузіць» матэрыялы нарматыўнымі тэрмінамі, не стаць цытатнікам, які адсылае да заканадаўчых дакументаў, а падаць інфармацыю так, каб стала зразумела любому чалавеку. Такім чынам мы ўдасканальваемся з дапамогай журналістаў. І вы дапамагаеце нам фарміраваць давер да нашай работы праз агульны ўзнёсак у рашэнне праблем звычайных людзей. А праз гэта фарміруецца і давер да дзяржаы.

Сапраўды, натарыус — своеасаблівая палачка-выручалачка, якая дапамагае людзям пазбегнуць мноства праблем, перакананы тыя, хто сутыкаўся з іх работай. Журналісты ў сваю чаргу падзякавалі за кампетэнтных спікераў БНП, якія заўжды прафесійна і вельмі аператыўна адгукаюцца на запрашэнні асвяціць пэўную праблему ці расказаць пра новаўвядзенні ў натарыяце, за адкрытасць і гатоўнасць да супрацоўніцтва.

Ірына СІДАРОК

Фота дадзена Беларускай натарыяльнай палатай.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.