Вы тут

Скарачаецца траўматызм


За апошнія 20 гадоў вытворчы траўматызм у Беларусі скараціўся ў тры разы, а смяротны — удвая. У многіх краінах сёння кіруюцца канцэпцыяй нулявога траўматызму, з 2019 года яе ўкараняюць і ў нас. Аднак па-ранейшаму ёсць галіны гаспадаркі, рызыкоўныя з пункту гледжання траўматызму. Якія прафесіі ўваходзяць у топ-5 самых небяспечных? Праз каго найчасцей адбываюцца няшчасныя выпадкі на вытворчасці? Колькі складае ўрон ад няшчасных выпадкаў на прадпрыемствах? Пра гэта расказалі спецыялісты.


Фота: pixabay.com

Ёсць нюансы

Як адзначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў, калі ўпускаюцца пытанні аховы працы, тое нярэдка заканчваецца трагедыяй. Летась пацярпелым ад нешчаслівых выпадкаў толькі кампанія «Белдзяжстрах» выплаціла 160 мільёнаў рублёў, і гэта не ўвесь урон. У калектыўных дагаворах прадпрыемстваў таксама прадугледжаны дадатковыя выплаты. У выпадку гібелі работніка — 10 сярэдніх гадавых заробкаў, або 120 зарплат, калі работнік застаўся жывы — сярэднямесячны заробак за кожны працэнт страты працаздольнасці.

Летась у краіне захавалася тэндэнцыя скарачэння вытворчага траўматызму. Колькасць пацярпелых падчас работы за год знізілася на 5 % (з 1886 чалавек у 2021 годзе да 1781 у 2022-м). Каэфіцыент частаты вытворчага траўматызму (колькасць траўміраваных на рабоце на 100 тысяч працуючых) летась знізіўся з 49 да 47,4 %. А вось колькасць загінулых на вытворчасці засталася ранейшай — 132 чалавекі. Пры гэтым пацярпелых у стане алкагольнага ап'янення летась упершыню за апошнія гады пабольшала.

— Рост агульнага траўматызму ў нецвярозым стане склаў 28 %. Калі ў 2021 годзе такіх работнікаў было 63, то ў 2022 — 81. Акрамя таго, павялічылася і колькасць загінулых работнікаў у стане алкагольнага ап'янення з 15 чалавек у 2021 годзе да 22 чалавек у 2022-м, — прывёў лічбы намеснік міністра. — Мы бачым праблематыку і будзем узмацняць работу. Сумесна з прафсаюзамі, інспекцыяй па ахове працы будзем працаваць над маніторынгам тых арганізацый, дзе летась адбыліся выпадкі гібелі работнікаў у стане алкагольнага ап'янення. Абавязкова наведаем іх, паглядзім, як у іх пабудавана работа, асаблівы ўпор зробім на арганізацыю перадзменных медыцынскіх аглядаў і пытанні захавання працоўнай дысцыпліны.

Паводле даных Белстата, летась 18,7 тысячы работнікаў з'явілася на рабоце ў стане алкагольнага ап'янення. Амаль 17 % з загінулых работнікаў было нецвярозымі, праўда, перад прыняццем Дырэктывы № 1 (у 2004-м годзе) іх было 40 %. Негатыўную тэндэнцыю павелічэння загінулых і пацярпелых работнікаў у стане алкагольнага ап'янення спецыялісты тлумачаць адменай адміністрацыйнай адказнасці за з'яўленне на рабоце ў нецвярозым выглядзе.

— Мы разлічвалі, што наймальнікі сваімі мерамі кампенсуюць адмену адміністрацыйнай адказнасці, аднак відавочна, не ўсім тое ўдалося, — адзначыў намеснік міністра.

Самымі небяспечнымі галінамі эканамічнай дзейнасці з пункту гледжання траўматызму Ігар Старавойтаў назваў прамысловасць, будаўніцтва і сельскую гаспадарку — на іх прыпадае больш за 60 % няшчасных выпадкаў. Акрамя таго, неспрыяльная сітуацыя па траўматызме ў лесанарыхтоўчай прамысловасці і энергетыцы. Намеснік міністра падкрэсліў, што ў кожнай з названых галін праводзіцца Год бяспечнай працы. Летась ён прайшоў у лясной гаспадарцы і дрэваапрацоўцы.

— Упор рабіўся на максімальнае выключэнне ручной працы ў лесанарыхтоўках. Бо вопыт сведчыць: чым больш механізаваная нарыхтоўка лесу, тым менш траўмаў. Больш як 60 % такіх работ у нас выконваецца механізаваным спосабам. За год бяспечнай працы ў галіне адбылося змяншэнне агульнага траўматызму на 23 %, са смяротным зыходам — больш чым на 60 %, — расказаў Ігар Старавойтаў.

Сёлета Год бяспечнай працы праходзіць у прамысловасці. Акцэнт робіцца на ўкараненні сістэм кіравання аховай працы. Акрамя таго, штогод практыкуецца правядзенне тыдняў нулявога траўматызму. Ва ўсіх раёнах краіны яны праходзяць двойчы на год. І гэта дае свой плён: летась у сямі раёнах траўматызм аказаўся «на нулі», у 2021-м такіх раёнаў было ўсяго тры.

Хто найчасцей траўміруецца?

Як адзначыў дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Сёміч, жанчыны на вытворчасці нашмат больш асцярожныя за мужчын. Сярод загінулых летась 92 % — моцная палова чалавецтва. Таксама летась падчас работы пацярпела сямёра непаўналетніх, двое з іх загінула.

— Перад пачаткам летняга працоўнага семестра сумесна з прафсаюзамі праводзім маніторынг усіх арганізацый, якія прымуць студэнцкія атрады, асабліва калі там будуць людзі, маладзейшыя за 18 гадоў. Наша задача — забяспечыць ім бяспечныя ўмовы працы, — падкрэсліў кіраўнік дэпартамента.

У выніку траўміравання на вытворчасці 89 чалавек летась былі прызнаныя інвалідамі, яшчэ 250 страцілі працаздольнасць без устанаўлення групы інваліднасці. Гэтым людзям дзяржава будзе штомесячна рабіць выплаты, кампенсуючы страту здароўя.

Як адзначыў Аляксандр Сёміч, высокі ўзровень траўматызму ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і прамысловасці звязаны з вялікай колькасцю крыніц павышанай небяспекі — абсталявання і механізмаў, а таксама з высокай доляй ручной працы.

— Калі агульны каэфіцыент траўматызму складае 47,4, то ў сельскай гаспадарцы ён — 149,7: у тры разы вышэйшы. Аналагічная сітуацыя ў прамысловасці і будаўніцтве, — звярнуў увагу кіраўнік дэпартамента.

Топ-5 небяспечных прафесій

Аляксандр Сёміч падкрэсліў, што важную ролю адыгрываюць самазахавальныя паводзіны самога работніка. Нярэдка той сам ігнаруе правілы бяспекі. Кожны трэці пацярпелы — ва ўзросце 51-60 гадоў, гэта значыць работнік з вялікім вопытам. Пры гэтым больш за 42 % загінулых мела стаж работы менш за год. Тут як віна наймальніка, так і недахопы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У сувязі з апошнім з работнікамі на працягу першага года іх работы вырашана праводзіць інструктажы па тэхніцы бяспекі праз больш кароткія прамежкі часу — раз на квартал.

У топ-5 самых небяспечных прафесій уваходзяць кіроўца аўтамабіля (прычым найчасцей нешчаслівыя выпадкі здараюцца не падчас руху, а падчас абслугоўвання і рамонту машыны), слесар, жывёлавод, падсобны рабочы, трактарыст. Смяротныя траўміраванні адбываюцца падчас падзенняў з вышыні і ў неабгароджаныя калодзежы і траншэі.

— Пры гэтым 20 чалавек летась траўміраваліся пры перасоўванні па роўнай паверхні — гэта значыць, па ўласнай неасцярожнасці, — звярнуў увагу Аляксандр Сёміч.

Па віне ўласнай і наймальніка

Ён прывёў аналіз выпадкаў смяротнага траўміравання работнікаў: у большасці з іх — 30 % тое адбылося па віне самога работніка. У 22 % выпадкаў — па віне наймальніка, у 23 % устаноўлена змешаная (і работніка, і наймальніка) адказнасць. У астатніх выпадках няма віны ні работніка, ні наймальніка. Такое здараецца, калі работніка, які не парушыў правілы дарожнага руху, збівае аўтамабіль або ён гіне ад удару маланкі і іншага.

— У 75 % выпадкаў са смяротным канцом прысутнічае чалавечы фактар, гэта значыць такія выпадкі могуць быць ліквідаваны, — падкрэсліў Аляксандр Сёміч.

Змяненне заканадаўства і нарматыўных дакументаў — важная частка ўдасканалення сістэмы аховы працы, паколькі адны віды вытворчасці сыходзяць у нябыт і замяняюцца зусім іншымі. Самыя рэзанансныя змены апошняга часу звязаныя з заменай малака на спецыяльную харчовую прадукцыю па жаданні работніка пры кампенсацыі працы ў шкодных умовах.

Яшчэ адной значнай зменай стала скарачэнне пераліку прафесій і вытворчасцяў, дзе нельга працаваць жанчынам. Са 181 «забаронный» пазіцыі засталося 88. Таксама летась быў пашыраны пералік работ, дзе могуць працаваць непаўналетнія ад 14 да 16 гадоў. Дадаліся такія віды дзейнасці, як рамонт кніг, мыццё аўтамабіляў і сервіроўка сталоў.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Івана Карчэўскага, сёлета плануецца ўнесці змяненні, у прыватнасці, у правілы аховы працы на аб'ектах электрасувязі і ў будаўніцтве.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.