Вы тут

У Мінску прайшло незвычайнае спаборніцтва па скалалажанні сярод падлеткаў


Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства 18 сакавіка правёў спаборніцтвы па скалалажанні сярод падлеткаў з усіх абласцей Беларусі. Пра спартыўны спосаб узаемаадносін чалавека і наваколля расказаў загадчык сектарам спартыўнага скалалажання РЦЭК Ігар Петрыкевіч. Выявілася, што такія спаборніцтвы ладзяць ужо 10 гадоў. Сам скаладром па вуліцы Лук’яновіча ў Мінску існуе 20 гадоў.


Ігар Петрыкевіч паведаміў, што скалалажанне настолькі распаўсюдзілася ў апошнія гады па ўсім свеце, што яго ўключылі ў спіс відаў спорту летняй Алімпіяды. Тым больш яшчэ ў 2016 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт ухваліў адпаведны крок, каб прывабіць маладзейшую аўдыторыю. Пры гэтым суразмоўца адзначыў, што вылучаюць тры віды скалалажання: на хуткасць і на цяжкасць. З прычыны ўласцівасцей рэльефу Беларусі зразумела, што для айчынных спартсменаў большую цікавасць уяўляюць валуны, а не скалы. Цікава і тое, што ў Беларусі статус геалагічных помнікаў прыроды мае 312 валуноў.

Петрыкевіч заўважыў, што адпаведныя спаборніцтвы ўключаюць кваліфікацыйнае кола, паўфінал і фінал. Ён таксама падкрэсліў вызначальнасць трас у іх: «Пад узрост падбіраецца 12 розных трас. Даецца дзве гадзіны, каб прайсці адпаведную трасу на 10 балаў. Калі прайсці да паловы трасы, атрымаеш восем балаў. Гэта мінімум, які патрабуецца для праходу ў паўфінал».

Рэспубліканскае спаборніцтва па скалалажанні сабрала 120 удзельнікаў з усіх куткоў краіны. У фінал выйшла па шэсць дзяўчат і юнакоў у дзвюх узроставых групах 2012–2013 і 2010–2011 гадоў нараджэння. У абодвух выпадках абсалютнымі пераможцамі ў камандным заліку сталі прадстаўнікі Мінскай вобласці. Магчыма, спрыяе набліжанасць да сталічнай спартыўнай інфраструктуры. На другім месцы размясцілася спартыўная дружына Гомельскай вобласці. Умоўную «бронзу» заваявалі падлеткі з Магілёўшчыны і Брэстчыны адпаведна.

Асвоіць лазанне па валунах магчыма ў пяці ўзроставых групах. Спецыяліст згадаў, што санітарна-эпідэміялагічныя нормы прадугледжваюць допуск дзяцей да адпаведных заняткаў з шасці гадоў. Таксама сярод станоўчых зрухаў ён назваў сёлетняе адкрыццё міжнароднага скаладрома на сталічным стадыёне «Дынама». У будучым гэта дазволіць Міністэрству спорту і турызму Рэспублікі Беларусь прыступіць да ўтварэння нацыянальнай зборнай па скалалажанні, у тым ліку і валуналазанні. 

Што тычыцца карысці здароўю, то, са слоў Петрыкевіча, для дадзенага віду спорту адсутнічаюць супрацьпаказанні на аматарскім узроўні. Бацькі прыцягваюць сваіх дзяцей да лазання па валунах для развіцця больш актыўнага руху. Петрыкевіч адзначыў павышаную зацікаўленасць у спорце бацькоў, дзеці якіх маюць хібы развіцця, такія як глухата. Заняткі аказаліся па сілах нават дзецям з паталогіямі кшталту сіндрому Даўна.

Разам з тым для падрыхтоўкі да міжнародных спаборніцтваў дагэтуль даводзіцца выязджаць у сапраўдныя горы, да прыкладу Карпаты і Каўказ. Прынамсі чакаецца ўдзел у Алімпіядзе, дзе выкарыстоўваюць пяць закрытых для старонняга вока трас павышанай складанасці. Перад кожнай трасай скалалазам даюць па пяць хвілін, каб азнаёміцца з ёй.

Застаецца пажадаць поспехаў ма­ладым спартсменам і іх трэнерам у пакарэнні валуноў як на Радзіме, так і ў міжнародных спаборніцтвах.

Уладзімір РУСАКОВІЧ

Фота з архіва РЦЭК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.