Вы тут

«Жахі Вялікай Айчыннай вайны не павінны паўтарыцца»


У медыяцэнтры Віцебскай вобласці прайшоў адкрыты анлайн-урок «Жахі Вялікай Айчыннай вайны ніколі не павінны паўтарыцца».


На сувязі са студэнтамі гістарычнага факультэта ВДУ, віцебскімі школьнікамі і членамі краязнаўчага клуба «Дзвіна» Віцебскага кадэцкага вучылішча былі пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец, кіраўнік атрада «Пошук» Ларыса Бруева, настаўнік гісторыі ВКВ Мікалай Півавар, малалетні вязень канцлагера «5-ы полк» Соф’я Шлыкава, кандыдат гістарычных навук Алеся Корсак, гісторыкі і пошукавікі.

У красавіку 2021 года была ўзбуджана крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа ў гады ВАВ. «За два гады ў рэспубліцы былі дапытаны каля 16 тысяч чалавек, 2500 — толькі ў Віцебскай вобласці. Сярод іх больш за палову — вязні лагераў смерці, іх сваякі, іншыя сведкі і відавочцы злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і калабарацыяністаў. Большасць допытаў запісана на відэа, гэта інфармацыя неацэнная. Для крымінальнага працэсу яна з’яўляецца фундаментальным доказам факту генацыду нашага народа, бо відэазапісы допытаў не пакідаюць сумневаў нават у скептыкаў і праціўнікаў, якія спрабуюць перапісаць гісторыю, адносна гістарычнай праўды пра тыя трагічныя падзеі, якія адбываліся ў гады вайны на нашай зямлі», — распавёў пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец.

На тэрыторыі паўночнага рэгіёна ў гады вайны дзейнічалі звыш 100 месцаў прымусовага ўтрымання мірных жыхароў і ваеннапалонных — фактычна лагераў смерці. Мала хто ведае, але ў вобласці карнікамі было праведзена не менш за 46 буйных вядомых і менш вядомых карных аперацый, у выніку чаго фашысты знішчылі 4200 населеных пунктаў. Многія з іх ніколі больш не ўзняліся попелу...Падчас расследавання крымінальнай справы было ўстаноўлена 26 населеных пунктаў на Віцебшчыне, якія паўтарылі вогненны лёс Хатыні. За два гады было знойдзена 67 да гэтага невядомых месцаў масавых пахаванняў.

«Галоўнай мэтай расследавання па факце генацыду беларускага народа з’яўляецца ўвекавечванне памяці ахвяр вайны. Мы павінны гэта помніць. Нягледзячы на тое, што афіцыйна крымінальная справа была ўзбуджана ў 2021 годзе, пошукавая работа вялася бесперапынна заўсёды. Ніколі не позна ўстанавіць ісціну», — падкрэсліў Ігар Уладзіміравіч.

Балючую рану на сэрцы ўсяго яўрэйскага народа пакінула Віцебскае гета. Менш, чым за паўгода, тут загінулі каля 20 тысяч чалавек. 25 ліпеня 1941 года ўсім яўрэям горада Віцебска было загадана сабрацца з асабістымі рэчамі для пераправы праз Дзвіну ў зону гета. Маста не было, а пантонны, які пабудавалі немцы, выкарыстоўваць не дазвалялася. Фашысты наўмысна перакульвалі лодкі і платы з людзьмі, многія, асабліва дзеці і старыя, патанулі. Тых, хто хацеў схапіцца за жыццё, дабівалі вёсламі і расстрэльвалі. Толькі падчас пераправы загінула каля 2000 чалавек. Умовы ў гета былі невыносныя: яўрэі жылі на руінах разбураных будынкаў, ладзілі шалашы, харчавання не было. У кастрычніку людзі пачалі гінуць па 20-30 чалавек за дзень ад голаду, а эпідэмія, якая пачалася з надыходам халадоў, падштурхнула фашыстаў масава знішчаць хворых: за некалькі дзён у лістападзе 1941-га карнікі расстралялі каля 5 тысяч чалавек. Катаванні былі неймаверныя: дзяўчат і жанчын «стэрылізавалі», яны масава паміралі ад болю і заражэння крыві. «У снежні пачалі ліквідацыю гета, яўрэяў штодзённа па 200-300 чалавек вывозілі да Ілаўскага рову, прымушалі распранацца дагала і расстрэльвалі. Дзяцей жывымі скідалі ў яму, магіла „дыхала“ і варушылася. Паверх немцы праязджалі грузавікамі. 19 снежня 1941 года было абвешчана аб поўнай ліквідацыі Віцебскага гета. Па афіцыйных дадзеных за 5 месяцаў там загінулі 20 тысяч чалавек, 9 тысяч з якіх — дзеці», — расказаў гісторык Арцемій Васілевіч.

Соф’я Аляксандраўна Шлыкава трапіла ў канцлагер «5-ы полк», калі ёй было два гады. У сям’і выхоўвалася яшчэ чацвёра дзяцей, бацька загінуў на Калінінскім фронце, старэйшы брат пайшоў у партызанскі атрад, які арганізаваў Мінай Шмыроў на Суражчыне. Маці і астатніх дзяцей немцы выгналі ў лагер, дзе яшчэ не было баракаў — жылі ў стайнях. Потым акрамя мірнага насельніцтва ў «5-ы полк» пачалі прывозіць военнапалонных. Голад, холад, цяжкая праца на чыгунцы, вельмі касіў людзей тыф. Нават туалет немцы наўмысна зрабілі так, каб палонныя гінулі больш: ён прадстаўляў сабой жэрдку над рачушкай. Хто не мог на ёй утрымацца — тануў у гэтым балоце, на паверхні заставаліся толькі валасы... Там, на тэрыторыі лагера, людзі самі хавалі памерлых і забітых. Па афіцыйных звестках у перыяд з верасня 1941 па май 1944 года ў лагеры загінула ад 80 да 100 тысяч чалавек, ён з’яўляецца другім па велічыні пасля Асвенцыма.

Вучні Ржаўскага дзіцячага сада-базавай школы Бешанковіцкага раёна падзяліліся вынікамі сваёй работы па ўвекавечванні памяці ахвяр вайны. Так, школьнікі сумесна з раённай пракуратурай рэалізуюць праект «Памяць пакаленняў», які ўяўляе сабой інтэрактыўную карту, на якую занесена інфармацыя аб ахвярах генацыду і адзначаны спаленыя вёскі на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна. Дзевяцікласніца Юлія Аршанская з сярэдняй школы № 15 горада Віцебска прэзентавала школьны музей, у фондах якога знаходзяцца 500 экспанатаў-сведкаў ваеннага ліхалецця. «Залы ў музеі тэматычна падзелены: пачатак вайны, горад пад акупацыяй, вызваленне. Мы праводзім экскурсіі, пішам даследчыя работы. Сёння гэта тэма як ніколі актуальна», — падкрэсліла школьніца.

У гэтым годзе на тэрыторыі Віцебскай вобласці запланаваны палявыя пошукавыя работы на шасці раней невядомых пахаваннях: два з іх размешчаны ў Сенненскім раёне, астатнія — у Лёзненскім, Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.