Як адзначаюць фінансавыя аналітыкі, на гэтым тыдні золата падаражэла да самага высокага ўзроўню за 13 месяцаў. Цікава, што забяспечыла яго рост?
Менавіта цяпер цэны на золата дасягнулі новых максімумаў і могуць працягваць расці, набліжаючыся да пікавых значэнняў амаль трохгадовай даўнасці. У ліку фактараў, якія спрыяюць падаражэнню каштоўнага металу, эксперты называюць глабальную эканамічную нявызначанасць і аслабленне долара.
Як паведамляецца, цэны на золата ў сярэдзіне гэтага тыдня выраслі на 2,1 % і пераадолелі адзнаку ў 2 тысячы долараў за ўнцыю ўпершыню з сакавіка 2022 года. Прычынай сталі амерыканскія звесткі за люты аб скарачэнні колькасці працоўных месцаў да самага нізкага з мая 2021 года ўзроўню. Яшчэ адна свежая статыстыка за той жа перыяд паказала, што колькасць новых заказаў на вырабленыя ў ЗША тавары падае другі месяц запар.
Акрамя таго, на рост цаны каштоўнага металу паўплывала аслабленне (на сусветных біржах) долара — зліткі сталі таннейшымі для пакупнікоў, якія валодаюць іншымі валютамі.
Цана на золата павялічылася на 12 % толькі за апошні месяц і на 25 % з таго часу, як яна дасягнула мінімуму ў лістападзе. Калі падобны рост працягнецца, то неўзабаве яна можа наблізіцца да абсалютнага рэкорду жніўня 2020 года, калі ўнцыя каштавала даражэй за 2070 долараў.
Агульнасусветная інфляцыя і непрадказальнасць эканомікі з’яўляюцца дзвюма асноўнымі прычынамі істотнага росту цаны на золата. Каштоўныя металы традыцыйна лічацца для інвестараў актывам-прыстанішчам, які можа зберагчы іх сродкі ад уздзеяння эканамічнай нявызначанасці, аднак дзяржаўныя аблігацыі з высокімі працэнтнымі стаўкамі звычайна больш прывабныя, чым золата.
Вядомы аналітык Дэвід Ленакс у сваім каментарыі Bloomberg адзначыў, што цяпер цану на золата вызначаюць асцярогі з нагоды долара, улічваючы што эканамічныя фактары не аказваюць значнай падтрымкі валюце. Паводле яго слоў, дадатковымі прычынамі з’яўляюцца фінансавыя апасенні інвестараў, у тым ліку ў сувязі з нядаўнім банкаўскім крызісам у ЗША, а таксама ростам геапалітычнай напружанасці.
Сяргей КУРКАЧ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.