Вы тут

Цікавыя гісторыі на літаратурным стартапе LitUP


Сёння на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы прайшоў фінал рэспубліканскага літаратурнага стартапа LitUP. Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел каля 200 аўтараў, якія жадаюць, каб іх рукапісы сталі кнігамі. З іх было выбрана 20 фіналістаў, яны і прэзентавалі свае творы на кніжнай выстаўцы.


Мерапрыемства пачалося са звароту намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага да ўдзельнікаў:

— Тое, што вы зрабілі, той шлях, які трэба было прайсці, гэта складаны кавалак працы. Можна было звярнуцца ў выдавецтва, атрымаць адказ «так» ці «не» і сысці. А прапрацаваць усе этапы конкурсу — гэта пэўная напруга. Вельмі хацелася б, каб яна ўвянчалася поспехам.

Аб сваіх творах, прадстаўленых на конкурс, расказвалі як вопытныя пісьменнікі, так і аўтары-пачаткоўцы. Цікава, што вядучымі мерапрыемства былі зусім не выпадковыя людзі. Год таму яны таксама з’яўляліся ўдзельнікамі стартапа, таму зусім не па чутках ведалі пра тое, што адчуваюць аўтары. 

Сярод удзельнікаў стартапа былі і аўтары Выдавецкага дома «Звязда», да таго ж, яны сталі пераможцамі. Напрыклад, Валянціна Быстрымовіч расказала аб сваёй будучай кнізе «Малако аднарога». Гэта твор для падлеткаў. Галоўныя гераіні — дзве дзяўчынкі Янка Булкіна і Галка, якія жывуць на ўскрайку Магілёва. Па словах аўтара, яны вельмі вясёлыя, добрыя, але вельмі любяць усякія прыгоды. Кніга пачынаецца з таго, што жыццё дзяўчынак мяняецца з прыходам у школу новага настаўніка французскай мовы. Іх папярэдняя настаўніца дапрацоўвала апошні год перад пенсіяй, таму клас мову ведаў слаба — яна проста так ставіла ўсім пяцёркі, і школьнікі былі задаволеныя. Але новы настаўнік зусім другога ўзроўню. Калі ён зразумеў, што ніхто ў класе не ведае французскай мовы, ён не адчаяўся, а падышоў да сітуацыі творча. Пачаў расказваць фантастычныя гісторыі пра сябе. Спачатку на рускай. Потым на рускай і французскай. У выніку да канца года клас ужо нядрэнна размаўляў на французскай мове. Валянціна Быстрымовіч адзначыла, што раздзелы ў кнізе ёсць розныя. Часам мы весялімся і смяёмся разам з дзяўчынкамі, часам ёсць моманты вельмі напружаныя, калі мы баімся за іх.

Таксама рукапіс сваёй кнігі «Апавяданні са стала» прэзентавала вядомая паэтэса, пісьменніца, перакладчыца Таццяна Дашкевіч:

—Я вельмі доўга думала над назвай, — падзялілася пісьменніца. — Як назваць кнігу апавяданняў, калі яны ўсе розныя? І аказалася, я знайшла тое, што іх аб’ядноўвае: усе яны заляжаліся ў маім стале. 

Першы расказ «Забытыя» быў напісаны ажно ў 2000 годзе. Ён пра тое, як можна забыцца на чалавека, які побач з табой увесь час. Галоўны герой нібыта забываецца на існаванне сваёй жонкі, жывучы з ёй. Калі яна памірае, ён горка шкадуе аб сваёй абыякавасці. Другая лінія ў гэтым апавяданні - тэма цкавання правінцыйнай журналісткі за веру. Аповеды ў кнізе розныя: некаторыя напісаны з гумарам, некаторыя падымаюць сур’ёзныя філасофскія пытанні. Увогуле ў рукапіс увайшло каля 25 апавяданняў. 

Пасля прэзентацыі аўтары атрымалі свае ўзнагароды. Нагадаем, што пераможцам дастаецца прыярытэтнае права на выданне сваёй кнігі ў выдавецтвах Беларусі тыражом да тысячы экзэмпляраў.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.