Вы тут

Бананы, пчаліны яд і калаген


У інтэрнэце набралі мільёны праглядаў ролікі, у якіх заходнія блогеры шаруюць твар лупінай банана і захапляюцца дзіўным эфектам. Аб карысці лупіны банана паўтараюць і навукоўцы. Каштоўнага магнію, які ўмацоўвае мембраны клетак, у ёй у два разы больш, чым у мякаці.


Вось толькі прайсці скрозь скуру і дапамагчы ёй аднавіцца гэты магній не можа, бо верхні пласт скуры — эпідэрміс — складаецца з моцна счэпленых паміж сабой клетак, функцыя якіх — абараняць глыбокія пласты скуры ад несанкцыянаванага ўварвання. Рэчыва з малюсенькімі малекуламі, якія маглі б скрозь эпідэрміс прабіцца, не можа стварыць не толькі прырода, але і навукоўцы, таму і эфектыўнасць крэмаў з антыаксідантамі і іншымі дадаткамі таксама не даказаная. Затое дэрматыт пасля бананавых масак вельмі рэальны.

Адзіны даказаны медыцынай спосаб даставіць карысныя рэчывы звонку ў глыбокія пласты скуры — рабіць ін'екцыі, тлумачаць касметолагі. Многія пра гэта ведаюць, але інтэрпрэтуюць своеасабліва. Таму расце папулярнасць працэдуры пад назвай пчалаўджальванне. Доказы гаючых уласцівасцяў яду шукалі стагоддзямі, але яны так і засталіся міфічнымі.

Пры гэтым пчаліны яд прызнаны адным з самых магутных і небяспечных алергенаў у свеце. Ад укусаў звычайных пчол у год гіне ў тры разы больш людзей, чым ад яду змей, бо, акрамя пчалінага таксіну, яд змяшчае рэчыва гістамін, якое памнажае алергічную рэакцыю. Прычым арганізм можа без наступстваў перанесці серыю ўкусаў. А фатальным можа стаць любы наступны.

У пчаліным ядзе ёсць амінакіслоты, ферменты, аднак панізіць халестэрын, пазбавіць ад рэўматызму, разгладзіць скуру ўсе гэтыя рэчывы не могуць, ды і шкода таксінаў перавешвае патэнцыяльную карысць. Пчаліны яд калі і дзейнічае, то як плацэба, за кошт сваёй рэпутацыі.

Куды больш гарантаваным спосабам разгладзіць скуру твару лічацца дабаўкі з калагенам. БАДы з гэтым рэчывам уваходзяць у топ самых прадаваных у свеце. Аднак няма ніякага сэнсу мазаць на твар крэмы з калагенам, тлумачаць касметолагі. Не праціснецца гэты бялок скрозь поры скуры, як ні ўцірай.

А вось на пілюлі і парашкі з калагенам навуковыя свяцілы ўскладаюць надзеі. Апошнія даследаванні паказалі, што калаген, які здабылі з костак, сухажылляў хатняй жывёлы або рыбы, храсткоў птушкі і асаблівым чынам апрацавалі, расклаўшы на малюсенькія амінакіслоты, трапляючы ў тонкі кішэчнік, сапраўды часткова засвойваецца арганізмам і робіць скуру шчыльнейшай і эластычнейшай, разгладжваючы зморшчыны.

Праўда, гэта не значыць, што ўсім, каму за 30, трэба старанна прымаць калаген. Навукоўцы Гарвардскай школы аховы здароўя зважаюць на тое, што большасць навуковых прац спансіраваліся вытворцамі БАДаў з калагенам. Для аб'ектыўнасці патрэбны незалежныя даследаванні і крытычная ацэнка. І такія ўжо праводзяцца. Засталося дачакацца вынікаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.